|
Пра русалак і рокераў |
У сёньняшнім выпуску перадачы гаворка пойдзе пра першае грунтоўнае дасьледаваньне сучаснай і традыцыйнай беларускай музыкі. Кніга на гэтую тэму выйшла ў штаце Аёва і ўжо мае свайго зацікаўленага чытача.
|
|
|
Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага |
|
(Сокалаў-Воюш: ) “Беларуская музыка жыве ў Злучаных Штатах столькі ж, колькі жывуць там беларусы. Яна стала гучыць у асяродках эміграцыі як у выкананьні саміх эмігрантаў, так і ў выкананьні сьпевакоў і музыкаў, што прыяжджаюць сюды зь Беларусі.
Першай ластаўкай у гэтай справе былі славутыя “Песьняры”, якія наведалі ЗША яшчэ ў 1976. На жаль, тое турнэ ня стала пачаткам цікавасьці тамтэйшай публікі да сучаснай беларускай музыкі. Няма гэтай цікавасьці й цяпер.
Па-першае, таму, што ў ЗША найбольш любяць слухаць сваю музыку; па-другое, для абуджэньня такой цікавасьці трэба добрая рэкляма, арганізацыя канцэртаў, карацей, увесь неабходны рыштунак шоў-бізнэсу і, па-трэцяе, трэба сур’ёзныя працы, грунтоўныя дасьледаваньні ў беларускай сучаснай музыцы, якія б зацікавілі хаця б прадстаўнікоў таго самага шоў-бізнэсу.
І вось, першы крок у гэтай справе, здаецца, зроблены. Пры канцы 2002 году ў ЗША выйшла кніжка доктара этнамузыкалёгіі Паўлінкі Сурвілы “Пра русалку й рок-музыкаў”.
Значнасьць гэтай падзеі ацэньвае заходні дасьледчык беларускай музыкі, кампазытар зь Вялікай Брытаніі Гай Пікарда:
(Пікарда: ) “Гэтае дасьледаваньне прыдасца для многіх людзей па-за эўрапейскай сфэрай: амэрыканцам, аўстралійцам і г.д. Частка кнігі прысьвечаная гісторыі пытаньня, што таксама вельмі важна ў выпадку такой краіны як Беларусь, якая, як Ірляндыя, ці Данія, мела цяжкасьці ў няроўным спаборніцтве зь іншымі культурамі. Аўтарка падае гістарычныя факты. Яна зьвязвае іх з мастацтвамі ды апісвае ўплывы, што зьмянялі гістарычныя лёсы Беларусі.
Канечне, гэта вельмі важны ўнёсак і ў культуру ўвогуле. Асабліва таму, што яна скіраваная на пэўную асабліва прывабную і пашыраную форму культуры – папулярную музыку”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А цяпер у нас на сувязі аўтарка кніжкі Паўлінка Сурвіла. Скажаце, Паўлінка, калі вас зацікавіла тэма беларускай рок-музыкі і чаму?”
(Сурвіла: ) “Я заўсёды вельмі цікавілася беларускай культурай, таму што бацькі мае беларусы. Яны жылі па-беларуску. У 1991 годзе я атрымала як падарунак фанаграму “Мроі”. І я пачула на гэтым дыску такую дзіўную й цікавую песьню “Аўстралійская полька”, вельмі добра зробленую з пункту гледжаньня музыкі. Тады я падумала, што знайшла сваю тэму.
Я пастаралася знайсьці спосаб паехаць на Беларусь каб вывучыць пытаньне: што робіцца ў сучаснай музыцы”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І калі атрымалася першы раз паехаць на Беларусь?”
(Сурвіла: ) “Першы раз гэта было ў 1991 годзе, разам з групай “Васілёк” зь Нью-Ёрку пад кіраўніцтвам Алы Орсы-Рамана. У 1993 годзе я атрымала даволі вялікія грошы ад арганізацыі, якая фінансуе працу ў іншых краінах. На гэтыя грошы я магла паехаць і жыць на Беларусі і на Беласточчыне амаль цэлы год. У Менску я жыла, працавала і мела дастаткова інфармацыі, каб пісаць гэтую кніжку”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Адкуль бралася гэтая інфармаыя? Якія кантакты зьявіліся ў той час і з кім найбольш?”
(Сурвіла: ) “Дзякуючы Тані Маркавец і Алене Багдановіч, мне ўдалося скантактавацца з гуртамі “Ўліс”, “Мроя”, “Новае неба”, “Крама” і “Палац”. З усімі імі я бачылася вельмі часта, добра іх пазнала і, думаю, добра іх зразумела. Яны, са свайго боку, вольна са мной гаварылі, выказвалі свае намеры і свае думкі. Гэта незвычайна, таму што гэта вельмі ненармальна, калі музыколяг мае магчымасьць так блізка супрацоўнічаць з музыкамі, якія прадстаўляюць папулярную культуру”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І вось, у выніку, зьявілася этна-музычнае дасьледваньне “Пра русалку й рок-сьпевакоў”. Што гэта за дасьледаваньне?”
(Сурвіла: ) “Я назвала гэтую кніжку “Пра русалку й рокераў”. Я хацела паказаць сумленныя адносіны, якія існуюць у Беларусі паміж сучаснай і традыцыйнай музыкай. Я павянчала гэтыя два нашыя фальклёры: рок-музыку і русалак. Трэба сказаць, што гаворачы пра папулярную музыку, заўсёды адчуваеш стрэс паміж традыцыяй і новай творчасьцю. Я гэта заўважыла, калі была ў Беларусі, дзе музыколягі й журналісты, якія вывучаюць традыцыйную народную музыку, вельмі часта дрэнна ўспрымаюць рок. Нават рок, які карыстаўся фальклёрам. Мне здаецца, што гэта зьвязана з акрэсьленьнем ролі народнай творчасьці ў часы пераходу да новых рэаліяў у жыцьці краіны. Я магла гаварыць праз прызму ідэі русалкі і рокераў пра сучасную музыку, ролю традыцыі, нават палітыку, а таксама пра ўспрыманьне року публікай”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А цяпер зазірнем у кніжку “Пра русалку...” якая мае дадатак – кампакт-дыск. Адзін з трэкаў – гэта народная песьня пра русалак:
“На граной нядзелі
Русалкі сядзелі
Ой, рана, рана,
Русалкі сядзелі…”
А цяпер наступны трэк, дзе тая самая песьня гучыць у апрацоўцы гурту “Палац”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Два пачутыя фрагмэнты прымушаюць мяне задаць яшчэ адно пытаньне спадару Пікарду. Скажыце, калі ласка, вы вядомы дасьледчык ранейшай беларускай музыкі, якая таксама несла ў сабе пэўныя фальклёрныя рысы. У дасьледаваньні Паўлінкі Сурвілы таксама шмат месца прысьвечана сучаснаму беларускаму “гарадзкому фальклёру”. Ці вы бачыце нейкую пераемнасьць гэткай тэндэнцыі ў гісторыі музыкі?”
(Пікарда: ) “Трэба мець прароцкі талент, каб акрэсьліць беларускую культуру – асабліва пасьля таго, як яна выйшла з пэўнага вельмі нэгатыўнага пэрыяду свайго існаваньня ў пэўных аспэктах. Адрозьненьне паміж “гарадзкім” і “вясковым”, зноў жа, складана ацаніць: бо гарадзкое асяродзьдзе ў Беларусі дагэтуль яшчэ ня здолела цалкам ўвабраць у свае рысы тыя характэрыстыкі, якія атаясамліваюцца зь беларускім вясковым жыцьцём, у тым ліку – мова, выкарыстаньне [фальклёрных] музычных інструмэнтаў ці мастацкіх формаў. Таму надта цяжка атрымаць ясную карціну таго, што менавіта ў галіне папулярнай музыкі… І я ня бачу вялікіх падставаў для падзелу гарадзкой беларускай культуры і вясковай беларускай культуры, бо я мяркую, што зь няпамятных часоў яны былі ўзаемназьвязаныя – як і на Захадзе, дзе ў 16-м, 15-м, 14-м стагодзьдзях пісалася музыка для імшы на мэлёдыі фальклёрных песьняў, як напрыклад “Дзікі заходні вецер” стаўся мэлёдыяй для адной ангельскай імшы ў 15-м ст. Таму, я мяркую, адрозьненьні можна акрэсьліваць паміж уплывамі і ўвабраньнем беларускіх элемэнтаў у беларускую культуру на розных асобных этапах гісторыі – гэта заўсёды было там, хаця гучала часам больш выразна, часам – ня так выразна”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Спадарыня Сурвіла, якая была ідэя ўкладзеная ў кніжку?”
(Сурвіла: ) “Я хацела паказаць, што нават калі гаворым пра сучасную нацыянальную музыку, кожны музыка мае філязофію, што ён хоча выказаць пры дапамозе музыкі. Я не хацела проста казаць, што гэтая музыка беларуская, што гэта значыць па-беларуску, што гэта значыць пра нацыяналізм, ці пра штосьці іншае. Я брала кожны гурт і кожнага музыку, як асобную справу, як асобных людзей, якія цудоўна працавалі і якія таксама паўтаралі індывідуальныя думкі: што значыць іхны рок і што значыць сьпяваць і ствараць гэты рок на Беларусі”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Як гэтую музыку ўспрымаюць у Злучаных Штатах?”
(Сурвіла: ) “Вельмі добра. Пакуль што вялікая публіка ў Амэрыцы мала ведае пра беларускі рок. Людзі, якія цікавяцца Беларусяй – ведаюць. Апрача гэтага, моцна зацікаўленая гэтай музыкай беларуская дыяспара. Таксама я ўжываю гэтую музыку ў сваіх лекцыях і студэнты заўсёды захапляюцца беларускім рокам. Гэта добрая публіка, якая мае грошы. Яны ўвесь час слухаюць музыку і, мне здаецца, я ствараю публіку для гэтай музыкі.
Я ведаю, што мае калегі ў іншых інстытутах таксама пачынаюць карыстацца прыкладамі беларускага року. І ў Вашынгтоне цяпер выкладаюць беларускі рок, у Тэхасе таксама. Гэта, можа, малыя крокі, але важныя”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Як выглядае музыка беларускіх рок-гуртоў у параўнаньні з музыкай гуртоў ЗША? Чым яны падобныя і чым не падобныя?”
(Сурвіла: ) “Беларускі рок ні ў чым ня горшы ад року краінаў Захаду, дзе ён нарадзіўся. Розьніца, на маю думку, у тым, што гэты жанр больш цікавы ў Беларусі, бо ён у сабе яднае традыцыйную народную творчасьць і ўжывае беларускую мову. Мне здаецца, што гэта нясе істотны ўплыў у эстэтыку музыкі. Гэта значыць: адкуль усе гэтыя музычныя думкі (мэлёдыі), але таксама справы, пра якія гэтыя рок-музыкі сьпяваюць. Гэта вельмі іншыя, вельмі спэцыфічныя тэмы беларускага року. А што да прафэсіяналізму, то можна сказаць, што ён у беларускіх рок-музыкаў на гэткім самым, калі не вышэйшым, узроўні, чым у амэрыканскіх”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Але, вернемся да кніжкі “Пра русалку й рокераў”. Дзе можна яе купіць?”
(Сурвіла: ) “Можна замовіць у любой кнігарні, таму што гэта – інтэрнацыянальнае выдавецтва”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І праз Інтэрнэт, напэўна?”
(Сурвіла: ) “І праз Інтэрнэт. Можна купляць праз Аmazon.com, карыстаючыся спасылкамі з сайту беларусаў Брытаніі (new book by Maria Paula Survilla, "Of Mermaids and Rock Singers”: USA, Britain, France, Germany), тады частка прыбытку йдзе ў лёнданскую Скарынаўку (бібліятэку імя Францішка Скарыны – С.С-В.). Я вельмі цешуся, што гэта магчыма”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І вось гэтая праца скончаная. Ці што-небудзь плянуецца далей у гэтым накірунку?”
(Сурвіла: ) “Я вельмі хачу зрабіць новую працу пра “Народны альбом” і “Я нарадзіўся тут”, дзе музыкі працуюць разам, каб прадукаваць канцэпт. Мне здаецца, што яны больш і больш бяруць музыку ад іншых краінаў, яны ўжываюць іншыя эстэтыкі разам зь беларускай эстэтыкай і тады музыка мае іншы ўплыў, таму што яны ўжо ведаюць што гэта значыць мець іхны голас і ўжываюць цяпер іншыя эстэтыкі, іншыя стылі, якія не беларускія і, нават, не амэрыканскія, або эўрапэйскія, але і іншых краінаў. Я вельмі хацела б у наступным годзе паехаць назад і пачаць новую працу”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І на заканчэньне, фрагмэнт яшчэ адной песьні з кнігі Паўлінкі Сурвілы “Пра русалку і рок-музыкаў”. Сьпявае Кася Камоцкая і гурт “Новае неба”.
Яны глядзяць на чырвонае неба
І спадзяюцца, што пойдзе дождж,
Яны глядзяць на засохлую глебу
І спадзяюцца, што ўзыйдзе трава,
А мы з табой пакідалі надзею,
Але яна не ўзыйшла травой,
А мы за сабой пакідалі тры словы:
Прэзыдэнт, ідзі дамоў!” |
|
|
|
|