|
Загадка маёра Ружанцова |
|
|
Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага |
|
Сёньня ў сэрыі перадачаў “Беларускае замежжа” мы адчыняем новую рубрыку: “Забытыя ймёны”, прысьвечаную малавядомым на Бацькаўшчыне дзеячам беларускай эміграцыі. Першы выпуск – “Загадка маёра Ружанцова” – прысьвечаны баявому афіцэру, паэту, навукоўцу.
Аляксандар Ружанцоў нарадзіўся ў расейскай Вязьме праз некалькі стагодзьдзяў пасьля таго, як места перастала быць беларускім. Ён скончыў расейскую гімназію, вучыўся на гістарычна-філязафічным факультэце Маскоўскага Імпэратарскага Ўнівэрсытэту, зь якога ў 1914 годзе перайшоў у Аляксееўскую Вайсковую Школу. У часе першай усясьветнай вайны ён упершыню трапіў на Беларусь, але прыйшоў туды ўжо сьведамым беларусам.
Вядомы навуковец-эмігрант Вітаўт Тумаш піша, што пра сваю краіну Ружанцоў упершыню даведаўся яшчэ ў гімназіі, але да сёньня выразна незразумела, якім чынам ён усьвядоміў сябе беларусам, і гэта першая загадка Аляксандара Ружанцова.
Пасьля заканчэньня першай усясьветнай вайны і ўдзелу ў баёх на расейска-нямецкім фронце Ружанцоў апынаецца ў Смаленску. У 1918 яго мабілізуюць у Чырвоную Армію і ставяць камандзірам палка, які вядзе баявыя дзеяньні на тэрыторыі Літвы і Беларусі. Праз год Ружанцоў пераходзіць на літоўскі бок і ў рангу маёра і ўзначальвае Беларускі Асобны баталён. Матывы гэтага ўчынку – другая загадка Аляксандара Ружанцова.
Трэцяя загадка – загадка творчасьці. Максім Гарэцкі адзначаў вершы Ружанцова, які пісаў пад псэўданімам Алесь Смаленец, як творы, моцныя думкай і арыгінальныя формай. Лёс падрыхтаванага паэтам зборніка – невядомы.
Ёсьць у жыцьцяпісе Ружанцова й іншыя загадкі. Іхная разгадка – справа часу і дасьледчыкаў, а мая справа сёньня пазнаёміць вас бліжэй з гэтым незвычайным чалавекам.
Першы мой суразмоўца – доктар Вітаўт Кіпель, дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку. Ён пазнаёміўся з Аляксандрам Ружанцовым, больш ведамым сярод эміграцыі пад падвойным прозьвішчам Ружанец-Ружанцоў, у Нью-Ёркскай бібліятэцы на пачатку 1960-ых гадоў, куды той прыяжджаў працаваць, як бібліёграф.
(Кіпель: ) “Гутаркі нашыя з Ружанцовым вяліся ў профілі: як наладзіць бібліяграфічны ўлік беларускіх друкаў на эміграцыі. Ён улажыў і выдрукаваў вельмі малым накладам некалькі паказьнікаў. Найбольш поўны паказьнік – гэта аналітычны паказьнік беларускіх друкаў Мюнхэнскага інстытуту вывучэньня СССР. Гэтаксама Ружанец-Ружанцоў выдрукаваў вельмі малым накладам аналітычны паказьнік часапісу “Веда”, які выдаваўся Беларускім (Крывіцкім) таварыствам імя Францішка Скарыны і пачаў аналітычны паказьнік друкаў БІНІМу (“Запісаў” і “Конадняў”). Для нас у БІНІМе ён быў у першую чаргу ведамы як дырэктар Літоўскай бібліяграфічнай службы ў замежжы”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Ці на гэтай пасадзе ён працягваў сваю беларускую дзейнасьць?”
(Кіпель: ) “Ружанец-Ружанцоў шмат спрычыніўся да ўвядзеньня беларускаведнага матэрыялу ў літоўскую энцыкляпэдыю. Ён таксама вёў улік таго, што друкавалася ў літоўскім друку пра Францішка Скарыну, а гэтаксама пра беларускую справу наагул, і прысылаў гэтыя дадзеныя ў БІНІМ”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А як наагул складаліся адносіны ў Ружанцова зь літоўцамі на эміграцыі?”
(Кіпель: ) “Хоць ён займаў высокую пасаду ў літоўскім інтэлектуальным істэблішмэнце ў ЗША, але ў яго былі пэўныя церці зь літоўцамі. Як выяўляецца зь ягонай карэспандэнцыі, ён адмовіўся ад сяброўства у Літоўскай каталіцкай акадэміі навук, таму што адзін з кіраўнікоў гэтай акадэміі заявіў, што сюды належаць прыроджаныя літоўцы, у той час як Ружанец-Ружанцоў увесь час уважаў сябе беларусам.
Другая такая заўвага ў ягоным лісьце ў БІНІМ ёсьць, што на наш ліст, што “вы зьяўляецеся такім стаўбом беларускай справы ў літоўскім істэблішмэнце”, ён адказвае: “Вы ахрысьцілі мяне стаўбом. Сапраўды, трэба мець мазгі стаўба, каб улезьці ў гэтую працу ў гэтым асяродзьдзі”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Такія адказы мог даваць толькі чалавек з добрым пачуцьцём гумару. Ды гэта й ня дзіўна, калі згадаць, што падрыхтаваны да друку зборнік Ружанцова складаўся пераважна з сатырычных твораў. Спадар Вітаўт, ці сам паэта пісаў нешта пра гэты рукапіс ва ўступнай анкеце для прыняцьця ў БІНІМ?”
(Кіпель: ) “Я маю свае сатырычныя вершы на ўрад і некаторых урадоўцаў БНР з 1921-26 гадоў. Магчыма, што гэтая сатыра станецца перашкодай для прыйма мяне ў лік сяброў Інстытуту. Але лічу сваім абавязкам чэсна прызнацца да аўтарства сатыраў”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Для мяне гэта гучыць так, што ён мае ўсе гэтыя творы там, у Амэрыцы, з сабой. Тады, можа быць, ёсьць сэнс шукаць частку ягонага беларускага архіву менавіта там, у Амэрыцы? Дзе б яна магла б быць?”
(Кіпель: ) “Я да гэтага прылучаюся, што я таксама як прачытаў гэтую анкету, пасьля гутаркі з табой, палічыў, што гэта недзе ўсё ж такі ёсьць. Я во ў першы раз гэта пачуў, што значыцца нехта пісаў і гэта было б вельмі цікава знайсьці, але ў анкеце гэта ёсьць, што 1921-26-х гадоў”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Гаварыў дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва ў Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель.
На пахвалу з боку Максыма Гарэцкага Аляксандар Ружанцоў адгукнуўся вершам “Расстрэл”. Пад загалоўкам было напісана: “Ахвярую Максіму Гарэцкаму”.
Мільганула маланкай ў мазгу: я памру
Й часам думка ў крывавым віру
І ў самлеўшае цела так смагла ўткнулі
Свае тварыкі гострыя кулі.
І ўпала яно, і пачуліся енкі
Каля цёмнай цаглянае сьценкі.
Раптам згасьлі ліхтарні, задыміў папяросай,
Моцна лаяўся нехта з матросаў.
На сьнягу чырванела крывавая пляма
Зачынілась жыцьцёвая брама.
Ці ня праўда – добрая паэзыя? Менавіта праз такія творы прыйшла цікавасьць да асобы маёра Ружанцова ў маладога віленскага дасьледчыка Андрэя Антонава”.
(Антонаў: ) “Некалькі гадоў таму я пераглядаў камплекты беларускіх ведамасьцяў, якія выдаваў Максім Гарэцкі, і напаткаў некалькі вершаў, падпісаных псэўданімам Алесь Смаленец. Вершы мяне ўразілі, бо вылучаліся на тле тагачаснай беларускай паэзыі тым, што яны гарманізавалі з тым жахам паваеннай Эўропы, якім былі прасякнутыя старонкі як беларускіх так і небеларускіх пэрыёдыкаў пачатку 20-ых гадоў. У гэтых вершах не было тых абавязковых рытарычных фігураў пра родныя бярозкі й родны куточак, якія былі для тагачаснай беларускай паэзыі характэрнымі. Таму я зацікавіўся гэтым аўтарам. Я заўважыў, што ў беларускіх як даведніках, так і проста публікацыях вершаў Ружанцова, вельмі шмат недакладнасьцяў. Я скаталізаваны быў Арсенем Лісам і заняўся зборам матэрыялаў”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Вы пачалі дасьледваць жыцьцё й творчасьць Ружанцова. Дзе вы знаходзіце матэрыялы?”
(Антонаў: ) “Першая крыніца – гэта бібліяграфічныя даведнікі, якія складаў сам жа Ружанцоў і ён на свае публікацыі заўсёды ўказваў. Гэта ковенскі пэрыядычны друк. Гэта архівы. Архіў бібліятэкі Акадэміі Навук, Рукапісны аддзел Нацыянальнай бібліятэкі ймя Мажвідаса, ну і Архіў Цэнтру вывучэньня эміграцыі, які знаходзіцца ў Коўне, і ў гэтым архіве найбольшая калекцыя лістоў, публікацыяў Аляксандара Ружанцова”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Што на гэты час ужо знойдзена?”
(Антонаў: ) “У першую чаргу – гэта караценькія зацемкі, артыкулы Аляксандара Ружанцова пра жыцьцё беларускіх вайсковых адзінак у Коўне. Яны да схематычнай гісторыі дадаюць водар часу, да таго ж, яны беларусам невядомыя. Некаторыя дэталі, анэкдатычныя выпадкі – тое, што ён лічыў неабходным паведаміць літоўскай публіцы. Знойдзена пара сатырычных баек на Вацлава Ластоўскага й альбомны верш, прысьвечаны Вацлаву Бэржышку. Таксама знойдзены пераклад Аляксандара Ружанцова на літоўскую мову зь беларускай. Аляксандар Ружанцоў стаў першым перакладчыкам на літоўскую мову твораў Якуба Коласа і Ядвігіна Ш. Гэтыя пераклады ў беларускай бібліяграфіі не фігуруюць”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Андрэй, вядома, што яшчэ пры жыцьці Аляксандар Ружанцоў падрыхтаваў зборнік вершаў. Ці вядома што-небудзь пра ягоны лёс?”
(Антонаў: ) “Пра ягоны лёс амаль нічога невядома, бо гэта ў казках рукапісы не гараць, а ў жыцьці паперкі ўсё ж, маюць схільнасьць губляцца. Ня думаю, што можна будзе знайсьці той зборнік”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Вядома, што Аляксандар Ружанцоў нядрэнна маляваў. Ці трапляюцца ягоныя малюнкі?”
(Антонаў: ) “Трапляюцца ягоныя малюнкі, эскізы экслібрысаў. Ён жа ўручную афармляў выданьні беларускага батальёну”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Вы вядзеце дасьледаваньне. На якія вынікі вы спадзяецеся? Што вы хочаце бачыць на канец?”
(Антонаў: ) “Папаўненьне бібліяграфіі Ружанцова зьведзенай у адно ягонай біяграфіяй, публікацыю невядомых тэкстаў”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Магчыма, невялікая кніжка?”
(Антонаў: ) “Не. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, публікацыя ў часопісе”.
26 ліпеня 1966 году у месьце Дэнвіл, штат Ілінойс, на 73 годзе жыцьця памёр беларускі паэт, кавалер баявога “Ордэна Пагоні”, маёр Беларускага асобнага баталёну Аляксандар Ружанцоў. Лёс ягонага беларускага архіву застаецца невядомым, і гэта яшчэ адна загадка гэтага незвычайнага чалавека. |
|
|
|
|