|
|
24 Сьнежня 2001
|
Беларускі Каляды ў замежжы, стол на Куцьцю – працяг традыцый. |
|
|
Ганна Сурмач, Прага |
|
Удзельнікі: Міраслава Русак (Вільня), Вера Рамук (Чыкага), Галіна Вашчанка (Варшава)
Стол на Куцьцю – гэта захаваньне традыцыяў, духоўнасьці, выяўленьне нацыянальнага характару. Для эмігрантаў – гэта яшчэ і магчымасьць захаваць сваю адметнасьць на чужыне, свой успамін пра бацькоўскі дом.
Стол на Куцьцю – гэта ня толькі той час, калі сям’я зьбіраецца разам у Сьвяты вечар; сама падрыхтоўка яго стварае атмасфэру чаканьня сьвята. Рэй тут вядуць жанчыны. І мы размаўляем сёньня зь беларускімі гаспадынямі з эмігранцкіх сем’яў. Яны распавядаюць ня толькі пра тое, як гатуюць стравы на Куцьцю, як ладзіцца сама вячэра, але і дзеляцца сваім роздумам пра духоўны сэнс Калядных сьвятаў.
Міраслава Русак належыць да старэйшага пакаленьня беларускіх віленчукоў, ейныя бацькі былі сярод тых, хто трымалі некалі беларускае жыцьцё ў Вільні.
(Сурмач: ) “Сп. Міраслава, як у вас ладзіцца Куцьця, што звычайна гатуеце на стол?”
(Русак: ) “Мы прытрымліваемся старых традыцый. Я добра памятаю, як гэта рабілася пры маме. На Куцьцю зьбіраемся ўсёй сям’ёй, усе родныя. Стол накрываем сенам сухім, абрусам белым і рыхтуем дванадцаць страваў, усе посныя. Тут і рыба, тут і сялядзец, усялякія піражкі – з капустай, з макам. Вельмі ўсе любяць у нас “вушкі”.
На стале ёсьць аплаткі сьвенчаныя. Самы старэйшы бярэ гэтыя аблаткі і дзеліцца з усімі, выказваючы ім пажаданьні кожнаму. Усе ўстаюць, адзін да другога падыходзяць, жадаюць усяго добрага. Канешне, гэта ўсё пачынаецца кароткаю малітваю”.
(Сурмач: ) “Вы назвалі толькі некалькі страваў, а што яшчэ?”
(Русак: ) “Што яшчэ – кісель з журавінаў, кісель аўсяны, мак. Трэцца мак, заліваецца кіпенем-вараткам, пасьля ён астывае, дадаецца цукар і туды кідаюцца сьліжыкі. Рыхтуем кампот, грыбы”.
(Сурмач: ) “У беларускіх старадаўніх традыцыях былі якраз гэтыя самыя “вушкі”, пра якіх Вы нагадалі, як яны гатуюцца?”
(Русак: ) “Варацца грыбы – баравікі, у расол кладзем усялякія спэцыі, ён атрымліваецца наварысты, смачны. Грыбы перакручваем праз машынку, дадаем спэцыі. Пасьля раблю так, як робяцца калдуны. Цеста, як для калдуноў, развалкую і рэжу на квадраты, пасьля кладу на кожны квадрацік трошкі грыбоў і склейваю яго, атрымліваецца трохвугольнік, тады два даўжэйшыя канцы зьляпляю разам – атрымліваецца нешта падобнае да вушка”.
(Сурмач: ) “Узгаданыя Вамі “сьліжыкі” зараз прадаюцца ў віленскіх крамах, а ў Беларусі яны амаль забытыя, як яны выглядаюць?”
(Русак: ) “Гэта малыя, памерам сантымэтар на сантымэтар прыкладна, такія клёцачкі, сухія. Спачатку зь цеста робіцца такі доўгі шнурочак і рэжацца па аднаму сантымэтру, а пасьля іх выпякаюць. Тады гэтыя “сьліжыкі” кладуць у сьцюдзёны мак. Далей, як каму падабаецца, хто есьць цьвёрдзенькімі, а некаторыя любяць, як яны ўжо крышку набрыняюць, распаўзуцца, набяруць гэтага маку і стануць пульхнымі. Заўсёды ядуцца ўжо ў самым канцы, гэта апошняя страва”.
(Сурмач: ) “Спадарыня Міраслава, ці памятаеце калядныя сьвяты ў беларускай Вільні?”
(Русак: ) “Бывала елка, мы хадзілі, нават ёсьць фотаздымкі – беларускія дзеці, зьбіраліся беларусы, я бачу там і Найдзюк зь ягонай дачкою і іншыя. Гэта рабіла беларускае грамадзтва для дзяцей”.
У амэрыканскім Чыкага існуюць дзьве беларускія цэрквы, адна зь іх – уніяцкая, да яе належыць спадарства Вітаўта і Веры Рамукоў. Мы папрасілі спадарыню Веру распавесьці пра іхны стол на Куцьцю.
(Рамук: ) “Мы гатуем звычайна 12 розных ежаў, каб ушанаваць 12 апосталаў і 12 месяцаў году. Зьбіраюцца сем’і разам, радныя, блізкія, хто ёсьць. Запрашаем тых, хто ня мае сям’і. Раней сьвяткавалі ў большай грамадзе пры цэрквах. Пачынаем з куцьці, прамаўляем малітву “Ойча наш”, і гаспадар хаты дабраславіць усю сям’ю, жадае усім, каб сьвяты прайшлі добра, каб новы год прынес шчасьця, радасьці, здароўя. Запальваем сьвечку ў памяць памерлых”.
(Сурмач: ) “А якія стравы маеце на Сьвяты вечар?”
(Рамук: ) “Ёсьць селядзец у нас, вінэгрэт, рыба, супа – боршч альбо грыбны, усялякія варэнікі, кампот. Алькагольных напояў не падаецца ў Сьвяты вечар. Мы робім з маку напітак, малако з маку”.
(Сурмач: ) “Бачна, што Ваша сям’я перахоўвае беларускія традыцыя, хоць Вы яшчэ ў дзяцінстве пакінулі Радзіму?”
(Рамук: ) “Я ад свае мамы навучылася. Працягваю традыцыю сама і сваю дачку вучу, і сына. Унукі, я спадзяюся, будуць прадаўжаць тое самае”.
(Сурмач: ) “Сп. Вера, у Беларусі вядома, што ў Чыкага ладзяцца адмысловыя беларускія ялінкі, як гэта ўдаецца?”
(Рамук: ) “Тут у нас у Чыгага ёсьць гэтак званы ялінкавы фэстываль у Музэі навукі і індустрыі. Мы ўжо ад 1978 году ставілі ялінку. Мы мелі цяжкасьці, каб нам дазволілі паставіць нашу ялінку. Пяць гадоў хадзілі і глядзелі, як другія гэта робяць. Я напісала ўрэшце ліст і за два тыдні нам прышоў адказ, што нам таксама даюць месца. Пачалі думаць, як зрабіць. Наша мама казала, што трэба зрабіць нешта з саломкі. І ведаеце, калі мы ўбралі нашу ялінку, дык людзі хадзілі і падзіўляліся, казалі, што – найпрыгажэйшая ялінка. Наш Каардынацыйны камітэт у Чыкага рабіў гэтыя ялінкі да 1999 году. Мы таксама мелі мастацкія праграмы, паказвалі нашу Куцьцю. Ялінку цяпер робіць праваслаўная царква св. Юр’я ў Чыкага. Яны там маюць дзяцей, якія танчаць беларускія танцы, нават балет”.
Беларускія жанчыны на чужыне ня толькі гаспадыні ў хаце, на якіх ляжыць клопат пра стол ды ялінку, іх займае і духоўны сэнс сьвята. Тое адчулася, калі мы патэлефанавалі ў Варшаву да спадарства Зянона Пазьняка і Галіны Вашчанкі, каб спытацца, як ім сьвяткуецца на чужыне.
(Вашчанка: ) “Для мяне Каляды – сьвята, якое складаецца з дзьвюх частак, з часткі духоўнай і часткі, якую можна назваць формай – як гэта праводзіцца. Перад Калядамі найбольш стараюся думаць пра значэньне гэтага сьвята, пра значэньне нараджэньня Хрыстовага і што ён зрабіў для чалавецтва. Як бы стараюся аналізаваць сваё жыцьцё, свае ўчынкі, ачысьціцца ад усяго не зусім можа быць правільнага, ці добрага і напоўніцца дабром. Я ў гэтыя часы найбольш неяк думаю пра сэнс і свайго жыцьця, і жыцьця нашага народа, бо менавіта за мяжою па-іншаму ўспрымаецца і ацэньваецца і народ свой, і сам ты як частка гэтага народа”.
(Сурмач: ) “Пэўна ж і як гаспадыня Вы рыхтуецеся да сьвята?”
(Вашчанка: ) “Найперш, для мяне гэта сьвяточна прыбраная хата.
Што тычыцца стала, то ён павінен быць убраны белым абрусам, пад абрус кладзем сена. Абавязкова – куцьця. Я раблю звычайна ячменную. Кісель раблю з журавінаў, бульба, капуста, буракі, можна вінэгрэт, гуркі, селядзец”.
(Сурмач: ) “Вядома, што Вы з спадаром Зянонам абодва маеце добрыя галасы, ці сьпяваеце за сталом?”
(Вашчанка: ) “Калі гэта было ў Беларусі, то гэта было і сьвята песьні. На жаль, на чужыне – не сьпяваецца”.
(Сурмач: ) “Спадарыня Галіна, якія Каляды на выгнаньні Вам запомніліся?”
(Вашчанка: ) “У гэтым замежжы, тры гады таму для мяне было самае вялікае сьвята на Каляды, калі 24 сьнежня раніцай нам пазванілі, што нашыя сябры – сям’я, прыехалі ў Варшаву па справах. Мы іх запрасілі да сябе. Гэта было шчасьце – у нашым доме людзі блізкія. Калі хоць не ў Беларусі, дык каб хоць зь беларусамі”.
Сум па Бацькаўшчыне, па родных, сябрах сёньня прысутны за сьвяточным сталом амаль у кожнай беларускай сям’і, асабліва з новай эміграцыі. Галіна Вашчанка працягвае:
(Вашчанка: ) “Мне вельмі часта, калі мы гаворым, мая сьвякроўка Ганна Яўхімаўна паўтарае адну фразу. Калі мы разьвітваемся, яна мне заўсёды кажа: “Будзь добрай думкі!” І вось калі за сталом мы дзелімся аблаткамі і жадаем адзін аднаму, што нам неабходна – гэта і ёсьць той стан добрай думкі. Я пераканалася, што думка – матэрыяльная. Трэба думаць на дабро, а дабро – аптымістычнае”. |
|
|
|
|
|
|