|
|
18 Сьнежня 2001
|
Беларуская незалежная думка ў замежжы |
|
|
Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага |
|
Удзельнікі:
Юры Туронак (Польшча), Мікола Нікалаеў (Расея)
У мінулым выпуску перадачы, прысьвечаным 50-годзьдзю Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, мы гаварылі пра навуковыя дасьледваньні ў беларускім замежжы. Сёньня мы працягваем гэтую тэму.
1993 год. Росквіт новага беларускага адраджэньня. Сярод постацяў адражэнцаў доктар гісторыі з Варшавы Юры Туронак і малады дасьледчык з Санкт-Пецярбургу Мікола Нікалаеў.
Першы – аўтар кнігі “Беларусь пад нямецкай акупацыяй” пра невядомыя асьпекты палітыкі нямецкіх акупацыйных уладаў у часе Другой усясьветнай вайны.
Другі – аўтар “Палаты кнігапіснай” – дасьледваньня па гісторыі рукапіснай кнігі на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага.
Чым сёньня займаюцца гэтыя навукоўцы? Першае пытаньне да доктара Туронка.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Юры, ці прадаўжалі вы дасьледаваць гэтыя мала вывучаныя старонкі гісторыі часу акупацыі?”
(Туронак: ) “Не прадаўжаў у такім пляне, як гэта было ў той кнізе. Я заняўся гісторыяй беларускай кнігі, гэтай справе прысьвечаная вялікая частка кнігі пра Іваноўскага. Ён быў пачынальнікам кнігадрукаваньня на пачатку 20-га стагодзьдзя, заснаваў выдавецкую суполку “Загляне сонца і ў наша ваконца”, быў старшынёю Віленскага выдавецкага таварыства.
Я заняўся вывучэньнем кніжнай справы ў Заходняй Беларусі за міжваенны перыяд, 1921-39г.г. Падрыхтаваў кніжку, якая выйшла ў мінулым годзе на польскай мове ў Інстытуце славістыкі Акадэміі навук Польшчы.
Апублікаваў артыкулы пра беларускія рэлігійныя друкі. У апошнія тыдні скончыў шматгадовае дасьледаваньне, якое назваў “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем, 1939-44г.г.” пра беларускамоўныя выданьні, якія выдаваліся на тэрыторыях – Беларусь, Літва, Латвія, Беластоцкая акруга, генэрал-губэрнатарства, а таксама ў Нямеччыне і ў Пратэктараце ў Празе.
Было шмат працы, салідная разьведка ва ўсіх бібліятэках, дзе магло нешта захавацца, архівы, свае ўласныя зборы, сабраўся вялікі матэрыял. І гэта ня толькі каталёг, але і апісаньне ўмоваў, як гэта ўсё рабілася. Кніга закончаная, чакаю цяпер на выдаўца, спадзяюся на выдаўца ў Беларусі. Калі не атрымаецца, то будзем яе выдаваць у Беластоку”.
(Карэспандэнт: ) “Праца над кнігаю была толькі вашай асабістай задумаю, ці вы мелі дапамогу ад іншых?”
(Туронак: ) “Галоўным чынам асабіста. Трэба сказаць, што ўсе бібліятэкі, да якіх я зьвяртаўся, вельмі акуратна ставіліся да маіх просьбаў і дасылалі ўсё, што магчыма. Я быў у Менску ў Архіве-музэі літаратуры і мастацтва, Нацыянальным архіве. Ніхто мне не фінансаваў гэтую працу. Гэта была мая задума і ажыцьцяўленьне яе”.
(Карэспандэнт: ) “ І колькі выданьняў прадстаўляе чытачу ваша кніга, якія яны па зьместу?”
(Туронак: ) “Каля 120, усе розныя. Гэта былі школьныя падручнікі, мастацкая рэпэртуарная літаратура, рэлігійных было крыху, палітычная публіцыстыка таксама…”
(Карэспандэнт: ) “Ці ўказана там, дзе можна знайсьці гэтыя выданьні? “
(Туронак: ) “Усё запісана ў каталогу, усё паказана, дзе захоўваюцца кнігі”.
(Карэспандэнт: ) “На Вашу думку, якія з гэтых выданьняў найбольш значныя?”
(Туронак: ) “Язэпа Найдзюка кніга “Беларусь учора і сёньня”, Янкі Станкевіча некалькі цікавых кнігаў. Між іншым, мала вядома аб тым, што Янка Станкевіч быў першым беларускім дасьледчыкам, які выказаў тэорыю пра балтска-славянскі субстракт у паходжаньні беларусаў”.
(Карэспандэнт: ) “А літаратурныя зборнікі?”
(Туронак: ) “Так, Арсеньевай, Салаўя, Ларысы Геніюш”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Юры, што яшчэ хацелі б зрабіць?”
(Туронак: ) “Мару аб тым, калі знойдзецца час, каб напісаць нешта, гэта і ўспаміны, магчыма, але не толькі ўспаміны, бо і дакумэнтацыі засталося багата”.
(Карэспандэнт: ) “Вядома, вам ёсьць пра што пісаць – як пра ўласны лёс, так і пра свайго бацьку – вядомага беларускага дзеяча ў Вільні, які быў адным з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюзу, рэдактарам часапіса “Крыніца”. Але, усё ж, што да тэмы акупацыі, ці лічыце, што тут ужо ўсё дасьледавана?”
(Туронак: ) “Іншыя рэчы засталіся яшчэ не распрацаваныя, тое можна рабіць, ёсьць матэрыялы, толькі, ведаеце, я ўжо гэтага не зраблю, мне ўжо за 70 гадоў. Маю на ўвазе школьніцтва, спробы вышэйшай адукацыі. Таксама, тэма Саюзу беларускай моладзі”.
(Карэспандэнт: ) “Але ж нядаўна выйшла кніга “Вырваныя бачыны” да гісторыі СБМ?”
(Туронак: ) “Гэта вельмі цікавая кніга, але там пра Саюз беларускай моладзі” не так шмат. Яшчэ, напрыклад, тэатар вазьміце дзеля прыкладу, гэта была зьява вельмі цікавая – як у тых складаных умовах функцыянаваў тэатар, які быў на добрым узроўні”.
(Карэспандэнт: ) “Пэўна, цяпер надзея на дасьледчыкаў зь Беларусі, што прадоўжаць вашу справу?”
(Туронак: ) “Лічу, што тут бяда з гэтым. Калі яшчэ Кебіч быў прэм’ер-міністрам, у яго запыталі пра маю гэтую кніжку, ён адказаў, што не трэба ніякай іншай, мы ўжо маем гісторыю распрацаваную, зацьверджаную, устаноўленую і нічога новага не трэба. Гэткі погляд працягвае трываць і цяпер”.
(Карэспандэнт: ) “Улады Беларусі сапраўды непрыхільна паставіліся да кнігі сп. Туронка “Беларусь пад нямецкай акупацыяй”, якая пярэчыла афіцыйнай канцэпцыі гісторыі вайны, прынятай у “партызанскай” краіне, яны не хацелі дапускаць аніякай новай думкі. Тагачасны кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч адкрыта выступіў супраць згаданай кнігі. Гэта была ці не першая атака на беларускую навуковую думку пэрыяду новага адраджэньня, распачатая чыноўнікамі найвышэйшага рангу, якая пасьля перарасла ў суцэльнае змаганьне з беларускасьцю.
Мікола Нікалаеў – цяпер ужо доктар філялёгіі і супрацоўнік Расейскай нацыянальнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына на нашае пытаньне пра тое, ці па ранейшаму яго займае гісторыя старажытных кнігаў адказаў станоўча:”
(Нікалаеў: ) “Дасьледаваньнем старажытных кнігаў не пераставаў займацца. Я пачаў працаваць далей і паўстала задача – кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага, рукапісная і друкаваная кніга.Трэба было дасьледаваць кнігу, як фэномэн беларускай культуры. Гэтай працай я займаўся 8 гадоў і абараніў доктарскую дысэртацыю, тэма якой гэтак і называлася – “Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага”. Я падрыхтаваў кнігу пад такой жа назваю. У нас даўнія традыцыі вывучэньня кнігі, узгадаем акадэміка Яўхіма Карскага, “Гісторыю беларускай-крыўскай кнігі” Ластоўскага. Але, ранейшыя дасьледчыкі арыентаваліся толькі на кірылічную кнігу, а кніжная культура Беларусі, ВКЛ нашмат багацейшая, ёсьць кнігі на лацінскай мове, на польскай, нямецкай, італьянскай мовах. Вялізны масіў гэтых кніг у лацінскім абэцэдзе, лацінкай, і ў іншых мовах абсалютна быў не закрануты.
У маёй працы дамінавалі два галоўныя накірункі. Першы – апісаць гэтыя помнікі, паказаць, як яны былі ўпрыгожаныя, распавесьці пра іхны зьмест. Другі – гэта увесьці іх у кантэкст гісторыі Беларусі.
Я зрабіў больш 400 ілюстрацый, зь якіх палову людзі папросту ня бачылі. Вось такая мастацкая спадчына Беларусі. Я не ведаю, як выдаць гэтую кнігу, яна ўжо падрыхтаваная. Кніга будзе ахопліваць рукапісную кнігу, старадрукі у розных аспэктах – рэпэртуар, мастацкая аздоба, гісторыя друкарняў, скрыпторыяў”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Мікола паведаміў у нашай размове, што рабіў спробу выдаць кнігу ў адным зь дзяржаўных выдавецтваў Беларусі, але там да гэтай справы паставіліся абыякава. Навуковая вартасьць кнігі нікога не зацікавіла, хоць там ідзе гаврока пра шматлікія каштоўныя знаходкі”.
(Нікалаеў: ) “Працуючы над гэтым матэрыялам напаткаў шмат нечаканых адкрыцьцяў. Пра адно вельмі хацеў бы распавесьці – пра адкрыцьцё, якое перавярнула мае ўяўленьні пра кнігі 18 стагодзьдзя. Мы ведаем, што беларускай кнігі 18 ст. амаль няма, усяго было чатыры. Я дадаў пятую, але яна вельмі значная. Гэта кніга выдадзеная на беларускай мове ў Вільні лацінскім альфабэтам, лацінкай – “Малітвы да Божай Маці”. Там вельмі важная прадмова, там для беларускай мовы спэцыяльна літары распрацаваныя, гэта значыць, што ў Вільні – культурнай сталіцы Беларусі ўжо тады ішла сур’ёзная праца над дапасаваньнем беларускай мовы да лацінскага альфабэту”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Мікола, вядома, што гісторыяй кнігі ў Беларусі займаюцца вядомыя навукоўцы, як сталася, што пашанцавала знайсьці новае ў гэтай справе замежнаму дасьледчыку?”
(Нікалаеў: ) “Мая перавага можа быць у тым, што я ў Санкт-Пецярбургу жыву і працую. Тут нашмат больш беларускіх кніг чым у Менску. Бібліятэка, дзе я працую, вельмі багатая. Мне можна не выходзячы з працы атрымаць адсоткаў 70 рэпэртуару ВКЛ, яшчэ 10% у бібліятэцы Акадэміі навук у Санкт-Пецярбургу, у выніку мне не хапае 20% рэпэртуару, тады я еду ў Вільню, у Польшчу. У беларусаў, якія жывуць у Беларусі, сытуацыя адваротная, яны маюць адсоткаў 20, можа нават і менш, а 80-85 адсоткаў – па-за межамі Беларусі. Гэта вельмі цяжка”.
(Карэспандэнт: ) “Напэўна, вам спрыяе і магчымасьць вясьці на працы навуковую дзейнасьць?”
(Нікалаеў: ) “Не, мае гэтыя дасьледаваньні ніколі не былі плянавымі ў працы ў бібліятэцы. Я загадчык адзьдзела газэтаў і мая праца там – газэтная справа Расеі. Цяпер, як я ўжо стаў доктарам навук, мяне ўключылі ў склад навуковай рады Санкт-Пецярбургскага Ўнівэрсытэту Культуры. Там я рыхтую адну дзяўчыну, яна беларуска, да таго, каб яна напісала гісторыю газэтаў у расейскай імперыі, але на беларускіх землях”.
(Карэспандэнт: ) “Як Вы ўдзельнічае ў навуковым жыцьці непасрэдна ў Беларусі?”
(Нікалаеў: ) “Некалі запрашалі на канфэрэнцыі навуковыя, у 90-я гады. А цяпер там заглохла, мне сёньняшняя сытуацыя на Беларусі здаецца не найлепшай”.
(Карэспандэнт: ) “Але маеце сувязі з навуковымі ўстановамі?
(Нікалаеў: ) “З прыватнымі дасьледчыкамі так, маю, а з інстытутамі абсалютна няма. Там нейкія мёртвыя інстытуты цяпер”.
(Кэспандэнт: ) “Што ў Вашых творчых плянах на будучыню?”
(Нікалаеў: ) “Гісторыяй кнігі буду займацца і надалей, увагу цяпер трэба скіраваць на публікацыю крыніцаў таму, што арыгіналаў кніг у Беларусі бракуе, яны вывезены, вярнуць іх – гэта цэлая палітычная справа, патрэбна выдаць для ўсіх, паўтарыць помнік, факсімільнае выданьне. Гэтай работай я вельмі хацеў бы і буду займацца”. |
|
|
|
|
|
|