news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



11 Сьнежня 2001
 
Беларускаму Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку – 50 гадоў
 
Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага
 
Удзельнікі:
Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Адам Мальдзіс, Зьміцер Саўка, Лявон Юрэвіч

Народ жыве датуль, дакуль ягоная культура не парывае сувязі з воляй. Нават ва ўмовах няволі кожная нацыя знаходзіць шляхі да самавыяўленьня. Адзін з такіх шляхоў – культурніцкая праца ў асяродках эміграцыі. Адзін з прыкладаў – Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, скарочана БІНІМ.

Ідэя стварэньня гэтага інстытуту ўзьнікла сярод беларускай інтэлігенцыі, што апынулася па сканчэньні Другой Сусьветнай вайны ў лягерох Заходняй Нямеччыны. Пасьля пераезду ў ЗША эмігранты здолелі гэтую ідэю зрэалізаваць.

Сярод “бацькоў” гэтай навукова-дасьледчай установы былі доктар Вітаўт Тумаш, прафэсар Леў Акіншэвіч, навукоўца Мікола Дарашэвіч, старшыня рады БНР Мікола Абрамчык. Першым дырэктарам стаў епіскап а. Васіль, наступным – літаратар Янка Ліманоўскі, потым – доктар Тумаш. Дзякуючы высілкам гэтых людзей і іхных паплечнікаў беларуская культура вольна разьвівалася па-за межамі Бацькаўшчыны, якая тымчасам пакутавала пад камуністычным таталітарызмам.

Сёлета 16 сьнежня БІНІМ сьвяткуе сваё 50-годзьдзе. Ягоны цяперашні дырэктар Вітаўт Кіпель, што пераняў кіраўніцтва з 1982 году, распавядае пра асноўныя напрамкі дзейнасьці Інстытуту.

(Кіпель: ) “Накірункі дзейнасьці – навуковая распрацоўка тэмаў, якія ці то неправільна асьвятляліся на Бацькаўшчыне, ці наагул замоўчваліся, друкаваньне дасьледчых матэрыялаў. У першую чаргу было пастаўленае пытаньне пра нашу гістарычную спадчыну.
Вынікі дасьледаваньняў прадстаўляліся штогод на навуковых амэрыканскіх канфэрэнцыях. Інстытут увайшоў у кантакт з арганізацыямі, якія цікавіліся дасьледаваньнямі Ўсходняй Эўропы і на тых канфэрэнцыях якраз нашыя погляды і прэзэнтаваліся. Рыхтаваліся артыкулы, якія друкаваліся ў англамоўных часапісах, дзе прадстаўляўся чыста беларускі пагляд. БССР увогуле не была ведамай, адтуль навукоўцы не выяжджалі, іх не пушчалі. Інстытут, фактычна, быў адзінаю ўстановай, якая прадстаўляла беларускую гістарычную навуку ў заходнім сьвеце”.

(Карэспандэнт: ) “Дзеля публікацыі навуковых працаў Інстытут заснаваў сваё ўласнае выданьне – “Запісы БІНІМ”. Што гэта за выданьне?”

(Кіпель: ) “Нашы “Запісы” пачалі выходзіць у 1952 годзе, быў штоквартальнік, потым стаў гадавіком, цяпер выходзіць 25 нумар. Спачатку былі толькі беларускамоўнымі, потым пачалі ўводзіць ангельскія рэзюмэ, а цяпер друкуем і ангаламоўныя матэрыялы”.

(Карэспандэнт: ) “Сярод творчых здабыткаў Інстытута – літаратурныя зборнікі Натальлі Арсеньевай, Алеся Салаўя, Уладзімера Дудзіцкага, бібліяграфічныя выданьні “Скарыніяны” і заходніх дасьледваньняў творчасьці Купалы і Коласа. БІНІМ упершыню пачаў збор архіваў і вывучэньне гісторыі беларускай эміграцыі ў сьвеце. Да сяброў Інстытуту належаць беларусісты з розных краінаў. Сп. Вітаўт, якія сувязі вы маеце з амэрыканскім грамадзтвам?”

(Кіпель: ) “БІНІМ меў дачыненьні з сотнямі амэрыканскіх установаў, якім даваў інфармацыю пра Беларусь. Мы давалі сотні лекцыяў у амэрыканскіх установах, у калэджах. Дарэчы, рэдактарам “Запісаў” ад 17 нумара зьяўляецца прафэсар гарадзкога ўнівэрсытэта Том Бэрд.
Нашымі матэрыяламі карыстаюцца вельмі шмат”.

(Карэспандэнт: ) “А якія кантакты ў Інстытута зь Беларусьсю?”

(Кіпель: ) “За апошнія дзесяцігодзьдзі мы навязалі вельмі памысную сувязь з дасьледчымі ўстановамі ў Беларусі і тое, што мы лічым патрэбна, каб было ў Беларусі, мы дасылаем. Мы кантактуем з бібліятэкамі і рознымі архівамі”.

(Карэспандэнт: ) “Якія пляны БІНІМ на бліжэйшую будучыню?”

(Кіпель: ) “У бліжэйшых плянах – выдаць ангельска-беларускі слоўнік, кніжку пра Інстытут, матэрыялы да гісторыі беларускай літаратуры на эміграцыі. Мы апрацавалі бібліяграфію беларускага друку на эміграцыі за 200 гадоў. Калекцыя поўная беларускага друку сабраная і перададзеная Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы”.

(Карэспандэнт: ) “Адным з самых дзейсных сяброў Інстытута зьяўляецца доктар Янка Запруднік зь Нью-Ёрку. Вось ягонае меркаваньне пра значнасьць гэтай установы”.

(Запруднік: ) “Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва даў магчымасьць раскіданым па сьвеце беларускім пісьменьнікам, гісторыкам, культуролягам друкавацца, выказвацца на тэмы часта забароненыя на Бацькаўшчыне. Інстытут адначасна стымуляваў зацікаўленасьць у вывучэньні беларусаведных праблемаў”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Янка, вядома, што падобныя ўстановы мелі і іншыя дыяспары, скажам, украінская, польская, у чым ваша адметнасьць?”

(Запруднік: ) “Інстытут меў асаблівасьць тую, што дакумэнтаваў прыдушаную беларускую думку на Бацькаўшчыне. Калі параўнаць, скажам, з украінскім , то розьніца будзе хіба што ў маштабе, але характар публікацыяў і роля на эміграцыі ў дачыненьні да Бацькаўшчыны тая самая – стымуляваць паўнавартаснае абмяркоўваньне і разуменьне нацыяналных праблемаў. Польскі інстытут у часе камуністычнага рэжыму, пэўна ж, быў таксма ў падобнай ролі”.

(Карэспандэнт: ) “На Вашую думку, што не ўдалося зрабіць?”

(Запруднік: ) “Магло б быць больш перакладзена з таго, што выйшла на Захадзе. Магло быць больш перакладзена ў іншыя заходнія мовы, каб інфармацыя пра Беларусь і беларусістыку пашыралася на Захадзе. Але былі пэўныя перашкоды, перш-наперш, кадравыя. Кадры былі невялікія, цяжка было ўладжвацца матэрыяльна. Наадварот, тое, што зроблена ў гэтых умовах, я сказаў бы – гэта было вялікае дасягненьне. Заслуга Інстытута можа яшчэ не зусім выяўленая таму, што ў Беларусі ў поўным масштабе зробленае на эміграцыі ня вывучана, застаецца яшчэ шмат архіўнага матэрыялу, які нідзе не друкаваўся”.

(Карэспандэнт: ) “Для навукоўцаў зь Беларусі БІНІМ стаўся даступным толькі пад час новага беларускага адраджэньня. Доктар Адам Мальдзіс быў адным з першых, хто адкрываў для Беларусі культурныя набыткі беларускага замежжа. Упершыню ён наведаў БІНІМ у 1990 годзе, з гэтага часу пачалося шчыльнае супрацоўніцтва з Інстытутам арганізацыяў, якія ўзначальваў доктар Мальдзіс – Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і Навукова-асьветнага цэнтра імя Скарыны”.

(Мальдзіс: ) “Прадстаўнікі БІНІМу ўдзельнічалі ў міжнародных канфэрэнцыях, якія праводзіліся Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў. Іхныя матэрыялы, артыкулы друкаваліся ў нашых выданьнях. Мы падпісалі ў свой час дамову пра тое, што раз у 5 гадоў будзем рыхтаваць супаольна скарыназнаўчую бібліяграфію, што надрукаваная ў сьвеце пра спадчыну Скарыны, цяпер рыхтуецца чарговае выданьне. Мы абмяркоўвалі пляны будучага супрацоўніцтва. Беларусы і ўраджэнцы Беларусі многа зрабілі для разьвіцьця грамадзтва, культуры ЗША, ды іншых краінаў кантыненту. Па маіх падліках – недзе каля 300 знакамітых асобаў. Добра было б выдаць гэткі энцыкляпэдычны даведнік. Нам трэба было б выдаць бія-бібліяграфічны слоўнік, спэцыялізаваны – “Беларускія пісьменьнікі ў эміграцыі” ці нешта падобнае”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Адам, як Вы ацэньваеце ролю БІНІМу ў беларускай культуры?”

(Мальдзіс: ) “Роля, безумоўна, вялікая, можа быць, нават, унікальная. Там дасьледаваліся гісторыя нашай дыяспары, гісторыя эмігранцкай літаратуры, сама літаратура тады, калі такія дасьледаваньні на тэрыторыі савецкай Беларусі былі немагчымыя. Апрача таго, зроблена вялікая крыніцазнаўчая праца. Гэта арганізацыя ўсё ж грамадзкая, я добра ведаю, як цяжка шукаць сродкі шляхам зьбіраньня складкаў на чарговыя выданьні”.

(Карэспандэнт: ) “З ацэнкаю доктара Мальдзіса пагаджаецца і навукоўца-лінгвіст Зьміцер Саўка зь Менску, які пад час свайго недаўняга побыту ў ЗША амаль два гады супрацоўнічаў з БІНІМам”.

(Саўка: ) “Інстытут – абсалютна ўнікальная ўстанова. Гэта ледзь не адзіная не падкантрольная ўладам аніводнай краіны гуманітарная ўстанова, якая стараецца акумуляваць усё, што адбываецца па-за межамі Беларусі, зьвязанае зь беларускай культурай, гісторыяй, наагул, усё, што прадукуецца ў галіне беларускай думкі”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Зьміцер, як Вы цяпер ўдзельнічае ў працы БІНІМа?”

(Саўка: ) “Зараз я заканчваю працу над чарговым праектам Інстытуту – гэта выданьне чарговага выпуску “Запісаў”. У межах БІНІМаўскіх плянаў я працую над бібліяграфіяй “Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі” у супрацы з доктарам Вітаўтам Кіпелем”.

(Карэспандэнт: ) “Вы добра ведаеце праблемы БІНІМу. Як лічыце, пасьля паўстагодзьдзя актыўнай працы ці захавае ён патэнцыял на будучыню?”

(Саўка: ) “На жаль, сёньня мы мусім канстатаваць, што навуковыя сілы беларускай эміграцыі ўжо моцна вычарпаныя, новая эміграцыя пакуль што інтэлектуальна не гэтулькі магутная ды і колькасна не настолькі вялікая, каб уліць новае жыцьцё ў структуры БІНІМу. Такім чынам, дзейнасьць Інстытута зараз сканцэнтравана пераважна на выдавецкай дзейнасьці. Аднак, я маю надзею, што БІНІМ адродзіцца да ранейшай дзейнасьці, да багатага, насычанага навуковага жыцьця”.

(Карэспандэнт: ) “Пра тое, што можа падмацаваць гэтую надзею, гаворыць супрацоўнік Інстытута Лявон Юрэвіч з новага пакаленьня беларускай эміграцыі”.

(Юрэвіч: ) “Праекты, якія мы робім з навукоўцамі Беларусі. Апошнім часам – праект бібліятэчкі часапіса “Беларускі гістарычны агляд”, які выдае Генадзь Сагановіч. Сёлета выйшла дзьве кнігі, адна – “Вырваныя бачыны” пра гісторыю Саюза беларускай моладзі. Літаральна тыдзень таму вышла другая – кніга Панькова “Хроніка беларускага жыцьця на эміграцыі”, рэдактарам яе быў малады гісторык Алег Гардзіенка зь Менску”.

(Карэспандэнт: ) “Лявон Юрэвіч лічыць, што новыя сілы БІНІМу могуць надаць маладыя кадры навукоўцаў з Беларусі, што Інстытут захаваецца”.

(Юрэвіч: ) “Я перакананы, што, безумоўна, ён выжыве. Гэта адна з нешматлікіх установаў, якая існавала столькі гадоў і ёй няма чаго саромецца за сваю гісторыю. Магчыма, гэта будуць нейкія іншыя формы працы, супрацоўніцтва. Скажам, вось два праекты, да якіх я маю дачыненьне. Першы – том Антона Адамовіча, гэта як бы працяг папярэдніх традыцый БІНІМу, калі мы на сваіх матэрыялах робім кнігу. Другая кніга – выданьне, якое мусіць на пэўным этапе падвесьці рысу пад дасьледаваньнем літаратуры, гісторыі эміграцыі. І гэта мы робім па нашых матэрыялах, але зь вялікім разьлікам на дасьледчыкаў у Менску. Магчымы розныя шляхі і розныя пуцявіны супрацоўніцтва. Ня столькі будзем выдаваць тут у Нью-Ёрку, а больш будзем выдаваць кніг у Беларусі. Такая паважная інстытуцыя мусіць захавацца, з традыцыямі, з архівамі, зь веданьнем рэалій гісторыі беларускай эміграцыі”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.