|
|
7 Сьнежня 2001
|
Беларускія лекары ў замежжы: два пакаленьні |
|
|
Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў- Воюш |
|
Удзельнікі: доктар Уладзімер Набагез (Нью-Ёрк), доктар Вітаўт Рамук (Чыкага) і доктар Сяргей Кузьняцоў (Рыга)
Па шляху доктара у лекарскіх навуках – слаўнага Францішка Скарыны, пайшлі многія нашы суродзічы на эміграцыі.
Cа старэйшага пакаленьня беларускіх выгнанцаў, якія пакінулі Бацькаўшчыну падчас Другой Усясьветнай вайны, было досыць шмат лекараў. Цэлая плеяда іх выйшла з Каталіцкага Лювэнскага ўнівэрсытэту ў Бэльгіі. Пра аднаго зь іх – доктара Барыса Рагулю з Канады, мы ўжо распавядалі раней. Сёньня госьці нашай перадачы – два ягоныя паплечнікі, якія таксама здолелі сьцьвердзіцца ў сваёй лекарскай справе і зрабілі на чужыне пасьпяховую кар’еру.
Доктар Уладзімер Набагез вучыўся разам з Барысам Рагулем у Наваградзкай беларускай гімназіі. Атрыманая там адукацыя сталася вельмі патрэбнаю ў будучым эмігранцкім жыцьці, асабліва пры авалоднаньні мовамі. Пасьля службы ў польскім войску і палону ён апынуўся ў лягеры дэпартаваных асобаў, дзе і пачаў свой шлях да лекарскай справы.
(Набагез: ) “Па вайне пачаў я студыяваць мэдыцыну ў першай мэдычнай школе, якая адчынілася ў Нямеччыне, у амэрыканскай зоне ў Марбургу.
Пазьней я пераехаў у Бэльгію і там скончыў мэдыцыну ва ўнівэрсытэце.
Цяжкавата было з моваю, па-французку трэба было вучыцца, а ў Нямеччыне было па-нямецку. Знайшоў працу каля французскай мяжы і там да канца 1955 году працаваў доктарам.
У Амэрыку я прыехаў у студзені 1956 г. Трэба ізноў было мову вучыць, я ангельскай ня ведаў. Пасьля пары гадоў інтэрнам пайшоў вучыцца ў Нью-Ёркскі ўнівэрсытэт, на мэдычнае аддзяленьне, вучыўся адзін год. Спэцыялізаваўся па ўнутраных хваробах у шпіталі ў Нью-Ёрку. Потым здаў іспыт на ліцэнзію, і ўжо працаваць было можна. Далей працаваў самастойна. Купіў свой дом, дзякуючы мэдычнай практыцы.
У мінулым годзе я атрымаў ордэн ад Амэрыканскай асацыяцыі мэдыкаў за 50-гадовую працу «дзеля дабра людзкасьці», як было сказана. Быў сябрам гэтай арганізацыі, а таксама сябрам мэдычнага аб'яднаньня ў маёй акрузе, сябрам Нью-Ёркскай мэдычнай асацыяцыі”.
(Карэспандэнт: ) “Здаецца, што і Ваш сын пайшоў па сьлядох бацькі?”
(Набагез: ) “Сын ужо пераўзышоў мяне далёка. Ён скончыў мэдыцыну, потым атрымаў хірургічную спэцыялізацыю ў Нью-Ёрку. Ён цяпер добры спэцыяліст. Улучыўся ў групу з трох хірургаў, такіх як ён супэр-спэцыялістаў, жыве ў Нью-Ёрку”.
(Карэспандэнт: ) “Побач са службовай кар'ерай, вы хіба не забываліся на грамадзкую справу, удзельнічалі ў беларускім руху?”
(Набагез: ) “Усё жыцьцё”.
І гэта сапраўды так. У складзе Рады БНР доктар Набагез працуе ад 1946 году. Ён – сталы ўдзельнік розных беларускіх імпрэзаў, адзін з актывістаў у справе дапамогі ахвярам Чарнобыльскай катастрофы.
Доктар Вітаўт Рамук, які жыве ў Чыкага, паходзіць зь Лідчыны. Пакінуць Бацькаўшчыну яго таксама прымусіла ваенная завіруха. Пасьля лягераў у Нямеччыне і заканчэньня Лювэнскага ўнівэрсітэту ён знайшоў сталую працу ў сваёй спэцыяльнасьці.
(Рамук: ) “Працаваў у дзіцячай клініцы ў Брусэлі. У 1956 г. выехаў у Амэрыку. Спачастку працаваў у шпіталях у Чыкага, у вядомым дзіцячым шпіталі, адкуль вышла шмат слаўных лекараў. Пазьней я адбыў двухгадовую стажыроўку ў Швэйцарыі, атрымаў дыплём пэдыятра. Працаваў у пэдыятрычным інстытуце і іншых шпіталях. У сваёй працы я дастаў асыстэнта-прафэсара ад Іллінойскага ўнівэрсытэта. Прыходзілі студэнты, я вёў абходы, паказваў рэдкія хваробы дзяцей, тлумачыў ім, гэта была мая прафэсарская практыка. Штогод я удзельнічаў у канвэнцыях пэдыятраў, з цэлага сьвету прыязджалі”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Вітаўт, як дзіцячага лекара, вас пэўна турбуе лёс дзяцей у Беларусі, ці сустракаліся вы зь беларускім мэдыкамі?”
(Рамук: ) “У Беларусі я быў у 1993 годзе. Спаткаліся тады з доктарам Майсеёнкам у Горадні. Спаткаўся ў анкалягічным інстытуце з доктаркай Алейнікавай, яна паказвала хворых дзяцей. Некаторыя лекі ў Гомель мы завезьлі тады. Я тут кантакты навязваў з адным лекарам у шпіталі, спэцыялістам у нуклеарнай мэдыцыне, каб яны пасылалі туды сваіх лекараў, каб дапамагалі. Потым пачалі прывозіць дзяцей, мы іх сустракалі, было іх дзесяцёра. Мы бачылі, у якім яны мізэрным стане былі”.
(Карэспандэнт: ) “Каб лепш дапамагчы гэтым дзецям, што вы параіце, на што трэба зьвярнуць большую ўвагу беларускім пэдыятрам?”
(Рамук: ) “Пажаданьне – каб педыятры часьцей выяжджалі ў заходнія краіны, набывалі больш дасьведчанасьці, каб яны стараліся кантактаваць з амэрыканскім лекарамі, якія маглі б дапамагчы, каб яны езьдзілі ў Беларусь”.
Патрэбна дадаць, што Вітаўт Рамук таксама актыўны беларускі грамадзкі дзеяч у ЗША, ён старшыня Беларускага Каардынацыйнага камітэту ў Чыкага. Разам са сваёй жонкай Верай яны нястомна працуюць дзеля падтрымкі там беларускага жыцьця.
Сяргей Кузьняцоў, доктар мэдычных навук, належыць да наступнага, маладзейшага пакаленьня, ён нарадзіўся і вырас у Рызе, ягоная маці – беларуска з Гомелю. У 1985 годзе скончыў мэдычны інстытут у Санкт-Пецярбурзе.
(Кузьняцоў: ) “Я атрымаў адукацыю – доктар прафілактычнай мэдыцыны, альбо – санітарны лекар, вярнууўся ў Рыгу. Пэўную частку ў сваім раскладзе падчас адукацыі я прысьвяціў навуковай працы. Я займаўся таксыкалёгіяй і эмбрыялёгіяй. Я працягнуў гэту працу тут і паступова гэта перайшло ў працэс эксперымэнтальнай анкалёгіі. Вось ужо амаль 10 гадоў я займаюся як навуковай працай, так і практыкай у галіне анкалёгіі. Галоўнае, што я ў сваёй працы незалежны чалавек”.
(Карэспандэнт: ) “А што, менавіта, дазваляе Вам быць незалежным?”
(Кузьняцоў: ) “Гэта прыватная навукова-дасьледчая лябараторыя, якая мне належыць, якую я змог арганізаваць 5 гадоў таму. Пяць гадоў вядуцца незалежныя досьледы ў гэтай галіне. Яна мае назву – навукова-дасьледчы фонд. Частку грошай мы маем самі – гэта мае сродкі ці сродкі, якія мы здабываем ад вытворчасьці, мы вырабляем спэцыяльны харч для анкалягічна хворых”.
(Карэспандэнт: ) “Якія сувязі маеце з навукоўцамі ў іншых краінах?”
(Кузьняцоў: ) “У першую чаргу гэта шматлікія кангрэсы, сэмінары, канфэрэнцыі, якіх зараз можа больш за дзьве сотні ў розных краінах. У замежжы я зьяўляюся сябрам больш чым дзясятку навуковых аб’яднаньняў”.
(Карэспандэнт: ) “Ад рыскіх беларусаў нам вядома, што Вы аднойчы былі ўшанаваны сярод дзясятку найлепшых анколягаў-дасьледчыкаў у сьвеце”.
(Кузьняцоў: ) “Гэта быў 1994 год, калі мы зрабілі дзьве працы, тады на вялікім кангрэсе ў Парыжы нас адзначылі, як найлепшых. Я атрымаў прэміі Міжнароднай асацыяцыі хіміятэрапіі, Асацыяцыі вірусалёгіі, таксама Міжнароднага Эўрапейскага інстытуту анкалёгі, які знаходзіцца ў Мілане, я зьяўляюся там кансультантам аддзела эпідэміялёгіі”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Сяргей, з прафэсійнага пункту гледжаньня як вы ацэньваеце сытуацыю з анкалягічнымі захворваньнямі ў Беларусі, якая пакутуе ад наступстваў Чарнобылю, горшы час ўжо мінуў, ці ўсё яшчэ наперадзе?”
(Кузьняцоў: ) “Я лічу, што першы вельмі дрэнны пэрыяд ужо скончыўся, але што чакае наперадзе, гэта цяжка прадугледзець. Ня ўсё вядома, які будзе ўплыў на нашчадкаў тых дзяцей, якія атрымалі дозу радыяцыі. Галоўнае, што цяпер трэба Беларусі – гэта прафіляктыка і маніторынг. Трэба пільна сачыць за ўсімі тымі, хто меў кантакт з радыяцыяй і хто цяпер выходзіць у свой рэпрадуктыўны ўзрост, плянуе мець дзяцей. Для Беларусі патрэбна спэцыяльнае харчаваньне для усіх – дзяцей і дарослых, патрэбны вітаміны. Гэтыя хваробы можна і трэба папярэдзіць”.
(Карэспандэнт: ) “Апрача радыяцыі, што сёньня навукоўцы ўважаюць як найбольш небясьпечным фактарам рызыкі захварэць на анкалёгію?”
(Кузьняцоў: ) “Па-першае, я бы назваў псыхаэмацыянальнае напружаньне. Калі з калегамі з многіх краін мы зьбіраемся і разглядаем усе фактары рызыкі, якія існуюць у сёньняшні час – гэта лад жыцьця, харчаваньне, ўсё больш навукоўцаў схіляюцца лічыць вядучым фактарам рызыкі – эмацыянальнае напружаньне”.
(Карэспандэнт: ) “Сп. Сяргей, вы размаўляеце з намі на добрай прыгожай беларускай мове, хаця нарадзіліся і жылі ў Латвіі, хто абудзіў у Вас гэты голас крыві, вашу беларускасьць?”
(Кузьняцоў: ) “Я ў дзяцінстве наведваў сваю бабулю, якая жыла ў Гомелі. Мая бабуля заўсёды мне чытала казкі на беларускай мове, яна купляла мне кніжкі. У падлеткавым узросьце бывае так, што нехта адчувае сябе вялікім футбалістам, ці ў кагосьці які ўплыў іншы, хтосьці цягнецца да наркотыкаў, а ў мяне быў такі наркотык, які жыў у маёй крыві – гэта беларускасьць”.
(Карэспандэнт: ) “У выніку вы хіба сталі адным з тых першых, хто распачаў адраджэньне беларускай культурнай прысутнасьці ў Латвіі?”
(Кузьняцоў: ) “Я быў першым старшынём Беларускага таварыства “Сьвітанак” у Рызе, у 1988-94 г.г. таксама я працаваў на беларускай праграме радыё ў Латвіі”.
Сваіх дзяцей – дачку і сына, доктар Кузьняцоў з дзяцінства таксама далучаў да беларускай культуры і мовы, абодва яны запісаны ў пашпартах беларусамі. На заканчэньне размовы мы спыталі ў Сяргея Кузьняцова, ці мае ён кантакты з мэдыкамі з Беларусі.
(Кузьняцоў: ) “Калі я прыяжджаў у Беларусь у 1995-1996 , я спрабаваў кантактаваць зь беларускім мэдыкамі ў Гомелі і ў Менску. Бачыце, на мяне вельмі моцнае ўражаньне было ад таго, што калі я пачынаў размаўляць па- беларуску, людзі глядзелі на мяне, як на іншаплянэцяніна. На міжнародных канфэрэнцыях заўсёды, калі я бачу навукоўца, у якога надпіс на лацкане “Беларусь”, я заўсёды падыходжу і намагаюся пагутарыць па-беларуску, і заўсёды гэты было для суразмоўцаў прыемным сюрпрызам”.
Беларускія лекары шукаюць узаемных кантактаў, стараюцца мець сувязі з калегамі ў Беларусі. Гэтыя сувязі могуць быць карыснымі як для іх прафэсійнай дасьведчанасьці так і дзеля дапамогі Бацькаўшчыне, чаго найбольш патрабуе сёньня зьнявечаная Чарнобылем краіна. Але пакуль што ў гэтай справе няма мэтанакіраванай працы. Некалі ў замежжы існавала “Аб’яднаньне беларускіх лекараў на чужыне”. Адрадзіць яго, навязаць лучнасьць з зацікаўленымі калегамі на Бацькаўшчыне – справа лекараў з новага пакаленьня эмігрантаў, якія сёньня працуюць у ЗША, Канадзе, Чэхіі, Бэльгіі, Польшчы, Нямеччыне ды іншых краінах.
|
|
|
|
|
|
|