news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Gaudeamus
    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Шматмоўе ў ХХІ ст.
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Спорт
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



24 Студзеня 2001
 
Традыцыі супраціву ў Польшчы
Гаворка пра польскую салідарнасьць, пра тое, чаму Польшча першай ва Ўсходняй Эўропе вырвалася з камуністычнай сыстэмы ды пра падабенства і адрозьненьне паміж сёньняшняй Беларусьсю й Польшчай 80-х гадоў. У перадачы гучаць думкі былой кіраўніцы польскага ўраду Ганны Сухоцкай і сурэдактара “Газэты Выборчай” Войцэха Мазярскага.
 
Аўтар і вядучы Віталь Тарас
 
(Тарас: ) “Гадоў трыццаць таму палякі жартам называлі сваю краіну “самым вольным баракам у сацыялістычным лягеры.” Савецкім людзям гэтая краіна, якая сапраўдным замежжам ніколі, бадай, і не лічылася, здавалася зусім блізкай. Найбольш папулярнымі тэлепэрсанажамі на той час былі, бадай, “пан дырэктар” ды “пані Моніка” з гумарыстычнай тэлеперадачы “Кабачек 13 стульев”, у якой гучалі рэпрызы з польскага часопісу “Шпількі” У Менску ці ня ў кожным шапіку “Саюздруку” можна было набыцькамуністычнуюTrybunu Ludu ці нават Zyce Warshawy – орган афіцыйна дазволенай дэмакратычнай партыі.

Раптам усё зьнікла – і польскія выданьні , і “кабачок” з панам дырэктарам. Гэта здарылася прыканцы 80-га году, калі выбухнуў генэральны страйк на верфі імя Ленінаў Гданьску. Страйк пры сацыялізме, увогуле, лічыўся нонсэнсам. Але нават тады ніхто не прадбачыў, што лідэр прафсаюзу “Салідарнасьць” электрык верфі Лех Валэнса неўзабаве зробіць “кароткае замыканьне” усяе камуністычнае сыстэмы, а потым стане прэзыдэнтам дэмакратычнай Польшчы.

Чаму ж менавіта ПНР сталася найбольш “слабым зьвяном” (калі карыстацца ленінскім вызначэньнем)ўсясветнай сыстэмы разьвітога сацыялізму? Вось як тлумачыць гэта сурэдактар “Gazety Wyborczej” Войцэх Мазярскі.

“Безумоўна, каталіцызм, нацыянальныя традыцыі, традыцыі супраціву, змаганьня з Расеяй адыгралі агромністую ролю. Варта зьвярнуць увагу, напрыклад, на тое, што ў часе ўсталяваньня камунізму ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе адносіны да Польшчы, скажам так, былі своеасаблівыя. Сталін з павагай ставіўся да палякаў, баяўся іх. Невыпадкова менавіта ў Польшчы захавалася гістарычная нацыянальная сымболіка.

Арол на польскім гербе быў пазбаўлены кароны, але яго самога не зьмянілі на савецкую “капусту” зь сярпом, молатам і чырвонай зоркай. Камуністы з павагай ставіліся да гісторыі польскага супраціву і салідарнасьці палякаў. І гэта працягвалася ўвесь камуністычны час. Пачынаючы ад 1956 году, камуністы ў Польшчы заўсёды былі ў стане абароны.

Ну, і відавочна, нельга абмінуць той важны момант, што Папам Рымскім стаў паляк. Гэта дало людзям адчуваньне ўпэўненасьці ў сваіх сілах. У часе першага прыезду Папы Яна Паўла 2-га ў Польшчу людзі выйшлі на вуліцы і ўбачылі, што іх шмат. Яны проста перасталі баяцца”.

Страх – галоўнае, на чым трымаецца таталітарнае грамадзтва. А яшчэ – на раз’яднанасьці людзей, калі кожны вымушаны займацца ўласным выжываньнем і ўратаваньнем сваіх блізкіх ад галечы. Заўсёды ёсьць людзі, здольныя пераступіць праз свой страх і свой уласны інтарэс. Аднак, лепшыя прадстаўнікі інтэлігенцыя ў Польшчы зрабілі нешта большае – яна ўласнымі намаганьнямі стварыла сыстэму, што дапамагла выстаяць усёй нацыі.

(Мазярскі: ) “Найважнейшым было тое, што нам удалося стварыць альтэрнатыўнае грамадзтва. Перад гэтым, за часам камунізму, людзі, якія ўваходзілі ў склад апазыцыі, былі ізаляваныя, падвяргаліся рэпрэсыям і перасьледу. Пачынаючы з 1980-га году, са стварэньня “Салідарнасьці”, мы пачулі сябе больш упэўнена. Таму што па-за сфэрай дзяржаўнага жыцьця дэ-факта зьявілася альтэрнатыўнае грамадзтваса сваімі ўласнымі інстытутамі – культурнымі, сацыяльнымі, са сваёй прэсай, незалежнымі тэатрамі, сваёй сыстэмай адукацыі. Працавалі рознага роду курсы, аказвалася дапамога сем”ям зьняволеных рабочых і г.д Фактычна, мы змаглі вырвацца па-за рамкі камуністычных структураў і жыць больш-менш нармальна й бясьпечна”.

Мой суразмоўца ведае пра тое, аб чым гаворыць, ня з кніжак, ці чужых дысэртацыяў. У свой час за сваю апазыцыйную дзейнасьць ён быў дэпартаваны з… сацыялістычнай Вугоршчыны.

(Мазярскі: ) “Я вывучаў вугорскую філялёгію і пачаў вучыцца ў 1979 годзе ў Будапэшце, дзе правёў два гады. І ў часе навучаньня завязаў кантакты з вугорскай апазыцыяй. Там адбываліся заняткі так званага “лятучага ўнівэрсытэту”, дыскусыі. Вугорская апазыцыя вырашыла выказаць сваю салідарнасьць з польскім рухам “Салідарнасьць” і зарганізавала летнюю калёнію адпачынку для дзяцей актывістаў “Салідарнасьці”. Я удзельнічаў у гэтай акцыі як перакладчык і адзін зь яе арганізатараў. І вугорская служба бясьпекі дэпартавала мяне: пасадзілі ў самалёт і выслалі ў Польшчу. Пасьля гэтага я амаль дзесяць гадоў ня меў права ўезду ў Вугоршчыну.

Дарэчы, наконт пытаньня -- што дадавала нам моцы і адчуваньне бясьпекі? Гэта вельмі характэрна. Я, будучы рэпрэсаваным і выкінутым з Вугоршчыны, тэарэтычна мусіў быць рэпрэсаваны і ў Польшчы.Але ж рэктар Вашаўскага ўнівэрсытэту прыняў мяне на вучобу, і я, ўласна, без праблем скончыў навучаньне ў Польшчы. А тым часам я быў сябрам страйкавага камітэту і займаўся “антысацыялістычнай дзейнасьцю”.

(Тарас: ) “Нельга ўзяць польскі вопыт 80-х гадоў і проста перасадзіць яго на іншую глебу – напрыклад, у Беларусь. Але ж такі ружовы погляд быў уласьцівы на пачатку 90-х як беларускай апазыцыі, гэтак і многім польскім палітыкам. (Дарэчы, цяперашні кіраўнік польскай “Салідарнасьці” Мар’ян Кшаклеўскі быў у свой час дэпартаваны ўладамі Лукашэнкі, якія моцна збаяліся ягонай агітацыі сярод менскіх рабочых.)

У Польшчы робяцца спробы больш глыбока асэнсаваць тое, што адбываецца ў Беларусі. Прыклад такога асэнсаваньня прыводзіць беларускі публіцыст Сямён Букчын, які жыве й працуе ў Варшаве.

(Букчын: ) “Надрукаваны вы ўплывовай польскай газэце “Рэчпаспаліта” артыкул вядомага публіцыста Клауса Бахмана, які ўважліва сочыць за падзеямі на Беларусі, сьведчыць пра спробу новых падыходаў і тлумачэньняў. Бахман лічыць, што прэвалюе імкнекньне тлумачыць разьвіцьцё падзеяў, пры чым ня толькі ў Беларусі, але ў Літве і ва Ўкраіне, з пункту погляду аналёгіяў з польскай грамадзкай сытуацыяй 80-х гадоў, калі актыўна дзейнічала “Салідарнасьць”. Тады быў разьвіты падпольны рух, і барацьба адбывалася на мяжы “грамадзтва-ўлада”. Увогуле лічылася, што посткамунізм ва Усходняй Эўропе – зьява пераходная, свайго роду сьцежка ад таталітарнай сыстэмы да ліберальнай рынкавай дэмакратыі. Адпаведна гэтай пазыцыі польская грамадзкая думка ўспрымала падзеі ў Беларусі праз прызму БНФ.

Расчараваньне пачалося, калі высьветлілася – у тым ліку і на першых прэзыдэнцкіх выбарах 94-га году, і на тых, якая праводзіла апазыцыя ў 99-м годзе, што большасьць грамадзтва не падтрымлівае БНФ, што побач ёсьць значная палітычная прастора, якая, дарэчы, зьмяшчае значныя групы насельніцтва са сваімі палітычнымі, сацыяльнымі ўяўленьнямі й чаканьнямі. Бахман падкрэсьлівае, што ў адрозьненьне ад Літвы і Украіны толькі БНФ застаўся ад пачатку і да канца антыкамуністычнай арганізацыяй у Беларусі, дзе намэнклятура ўвогуле не далучалася да нацыянальных колаў. І гэта паўплывала на слабасьць дэмакратычных структураў у краіне”.

І ўсё ж, пэўныя аналёгіі ў нядаўняй гісторыі абодвух народаў напрошваюцца. Увядзеньне вайсковага стану ў Польшчы генэралам Ярузельскім фактычна азначала канец улады Польскай аб’яднанай рабочай партыі. Ярузельскі і ягоныя прыхільнікі дагэтуль кажуць, што ўвядзеньне вайсковага стану, нібыта, ўратавала Польшчу ад увядзеньня савецкіх войскаў. Але гэта немагчыма даказаць – таксама як і процілеглы тэзіс: што пераварот быў інспіраваны Масквой. У кожным выпадку уплыў суседняй вялікай дзяржавы на Варшаву быў відавочны. Але ўжо не вызначальны.

Той час узгадвае Войцэх Мазярскі:

(Мазярскі: ) “Было ўсё – і расчараваньне, і перакананьне, што ўрэшце рэшт мы пераможам. Я думаю, крыху інакш адчувалі сябе людзі ў вялікіх местах – такіх як Варшава, Гданск, Кракаў, дзе была моцная апазыцыя, і інакш -- у правінцыі, дзе асяродкі апазыцыі былі значна слабейшыя. Асабіста я, як памятаю, меў пераканьне, што гэта ня можа працягвацца вечна, і што камунізм наканаваны на паразу. Але калі дайшло да перамоваў за “круглым сталом” і з камунізмам было сапраўды скончана, я быў уражаны фактам, што гэта ўжо здарылася!”.

(Тарас: ) “Вы часта бывалі ў Беларусі. Ці маглі б Вы параўнаць стан беларускага грамадзтва – хаця б у нейкіх сэктарах, фрагмэнтах – з тым, што адбывалася ў польскім грамадзтве? І калі ёсьць такое падабенства, дык зь якім пэрыядам больш? З тым, што было ў 70-я –80-я гады, альбо ў пэрыяд вайсковага становішча ў Польшчы?”

(Мазярскі: ) “З аднаго боку, ёсьць падабенства з пэрыядам вайсковага стану, калі ўлада спрабавала усталяваць кантроль над жыцьцём грамадзтва і рэпрэсавала апазыцыю. Але безпасьпяхова. Апазыцыя, нягледзячы на рэпрэсыі, дзейнічала. У Беларусі ў цяперашні момант такая ж сытуацыя – насуперак кіраўніцтву Аляксандра Лукашэнкі, апазыцыя дзейнічае. Яна перажывае рэпрэсыі, людзі зьнікаюць, адбываюцца розныя парушэньні правоў чалавека і палітычных правоў. Але ж апазыцыя й незалежная прэса, таксама як і незалежная грамадзкая думка, нейкім чынаміснуюць і супраціўляюцца.

Істотная ж розьніца палягае на тым, што ў беларускім грамадзтве я адчуваю значна меншую ступень рашучасьці ды адзінства. Гэта адчуваецца ня толькі ў палітычнай і грамадзкай дзейнасьці, але таксама ў нізкай грамадзкай актыўнасьці ў іншых галінах – у эканоміцы, у стварэньні нейкіх мяйсцовых суполак. Я помню, ў нас у 80-я гады ўзьнік моцны мяйсцовы рух, ськіраваны на ўпарадкаваньне дамоў, сельскіх ваколіцаў і г.д. Ён быў зарганізаваны ў рамках лякальных грамадзкіх інтарэсаў. У Беларусі я такога ня бачу. Я ня бачу тут зачаткаў грамадзкай інтэграцыі”.

Сёньняшня Польшча, якая разьвіталася з камуністычным мінулым і рыхтуецца ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз, вырашае зусім новыя для сябе праблемы, зьвязаныя з глябалізацыяй усясьветнай эканомікі. Але ж усе рэформы ў Польшчы, а яны ідуць складана, адбываюцца з улікам нацыянальных асблівасьцей. Вось меркаваньне Ганны Сухоцкай – у нядаўнім мінулым прэмьер-міністра Польшчы, потым міністра юстыцыі і генэральнага пракурора.

(Сухоцка: ) “Цягам амаль 50-і гадоў мы былі часткай савецкай сытэмы. Гэта значыць, мы жылі ў вельмі зачыненым грамадзтве, ва ўсіх аспэктах. Апошнія дзесяць гадоў мы вучымся жыць у адкрытым грамадзтве. Адкрытае грамадзтвадля многіх азначае адсутнасьць каштоўнасьцей. А там, дзе новыя каштоўнасьці выразна ня вызначаныя, адбываецца зварот да старых каштоўнасьцяў.Нацыяналізм, нацыянальная дзяржава і нацыянальныя каштоўнасьці асабліва важныя для Польшчы, паколькі мы ўзгадаваныя на гэтай сыстэме каштоўнасьцяў. Напрыклад, у 19-мстагодзьдзі мы ня мелі сваёй дзяржавы і ў цяперашні час мусім дбаць пра тое, што завецца польскімі каштоўнасьцямі, польскім нацыянальны мэнталітэтам і гэтак далей”.

Выбітны ангельскі гісторык Тойнбі заўважыў, што ў расейскай імпэрыі (як і ў некаторых іншых) найбольш ахвотна пераймалі здабыткі заходняй цывілізацыі ў далёкіх краінах і амаль ніколі – у блізкіх суседзяў. Так Пётр 1-ы пераняў некалі эўрапейскую вопратку й стыль у галяндцаў. Да палякаў у царскай Расеі заўсёды ставіліся, прынамсі, грэбліва.

Будуючы ўласную гісторыю, беларусам, у якіх ёсьць свой рахунак да палякаў, няма патрэбы сьлепа капіяваць, альбо “выкрадаць” польскі вопыт. Але памятаць пра такія каштоўнасьці як нацыянальная дзяржава, нацыянальная салідарнасьць і традыцыі супраціву заўсёды варта.



archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.