news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


19 Траўня 2004
 
Ці аўтэнтычная Турынская плашчаніца?
Новая перадача сэрыі “Сымбаль Веры”. Італьянскія навукоўцы наблізіліся на разгадкі таямніцы славутай Турынскай плашчаніцы. Некаторыя лічаць яе аўтэнтычным палатном, у якое было загорнутае цела Ісуса Хрыста, а іншыя – сярэднявечнай падробкай.
 
Кастусь Бандарук, Прага
 
Італьянскія навукоўцы Джуліё Фанці і Робэрто Маджола з унівэрсытэту ў Падуі неспадзявана выявілі яшчэ адзін адбітак мужчынскага твару на другім баку Турынскай плашчаніцы. Аб гэтым яны паведамілі на старонках навуковага брытанскага часопісу “Journal of Optics”. Выглядае, што гэтае адкрыцьцё выкліча новую хвалю спрэчак што да аўтэнтычнасьці Плашчаніцы, якую адныя лічаць сярэднявечнай фальшыўкай, а другія – сапраўдным пахавальным палатном, пра якое гаворыцца ў Эвангельлі: “І ўзяўшы цела Язэп абгарнуў яго чыстым палатном і паклаў яго ў новай магіле” (Мац.27,59)

Наша даведка: Турынская плашчаніца – гэта кавалак ільнянога палатна 436 на 112 сантымэтраў. Першыя згадкі пра яе паходзяць з 1357 году, калі яна была паказаная публічна ў касьцёле ў Лірэй. Палатно належала рыцару Жафрэю дэ Шарны, удзельніку крыжовых паходаў на Блізкі Ўсход. Мясцовы біскуп прызнаў плашчаніцу падробкай і забараніў яе паказваць, аднак вернікі лічылі палатно вялікай сьвятыняй і верылі ў яе цудадзейную моц. У 1506 годзе Папа Юлій І афіцыйна прызнаў плашчаніцу аўтэнтычнай. У 1532 годзе палатно, якое захоўвалася ў Шамбэры, моцна пацярпела ў выніку пажару. У 1694 годзе плашчаніца была ўрачыста перанесеная ў Турын і захоўвалася ў спэцыяльна пабудаванай капліцы. У траўні 1898 году, з нагоды 50-годзьдзя Каралеўства Італіі, упершыню адбыўся публічны паказ Плашчаніцы. У 1970-я гады Плашчаніца сталася ўласнасьцю Ватыкану і з таго часу пачаліся яе інтэнсіўныя навуковыя дасьледаваньні. Спрэчкі вакол Турынскай плашчаніцы спрычыніліся нават да ўзьнікненьня новай галіны навукі – сынданалёгіі, ад грэцкага слова “сындан” – кавалак палатна. Фэномэн плашчаніцы вывучаюць спэцыялісты 35 галінаў навукі”.

Першы здымак Турынскай плашчаніцы выканаў у 1898 годзе італьянскі адвакат Сэконда Пія. У часе апрацоўкі нэгатыву ён убачыў выразны контур чалавечага цела са шматлікімі сьлядамі катаваньня. Самую вядомую фатаграфію Плашчаніцы выканаў у 1931 годзе прафэсійны фатограф Джузэпэ Энры. Аднак дагэтуль усе здымкі плашчаніцы паказвалі толькі адзін бок палатна. Рэч у тым, што пасьля пажару ў 1532 годзе плашчаніца значна пацярпела, і манашкі нашылі на яе другі бок іншы кавалак ільнянога палатна. Толькі два гады таму ў часе адмысловай рэстаўрацыі ўсе латы і нашыўкі былі зьнятыя, і тады можна было сфатаграфаваць палатно з другога боку. Дзякуючы кампутарнай апрацоўцы, італьянскія навукоўцы ўбачылі на другім баку палатна элемэнты твару і рук, якія амаль поўнасьцю пакрываюцца з выявай на пярэднім баку плашчаніцы. Фанці і Маджола цьвердзяць, што гэта сьведчыць аб аўтэнтычнасьці палатна.

На працягу ста гадоў Плашчаніца была публічна паказаная ўсяго пяць разоў. Яе ўбачылі некалькі мільёнаў чалавек, хаця ў адрозьненьне ад нэгатыву фатаграфіі, простым вокам на палатне амаль нічога не відаць. Больш грунтоўна прыглядзецца да Плашчаніцы мелі магчымасьць навукоўцы. Да іх належыць сябра Міжнароднага цэнтру сынданалёгіі, аўтар шэрагу працаў на тэму Плашчаніцы, прафэсар Папскай тэалягічнай акадэміі ў Кракаве Ежы Хмель. Ён пацьвердзіў, што на ўласныя вочы бачыў Плашчаніцу.

(Хмель: ) “Зразумела, і нават некалькі разоў. Я ўдзельнічаў у трох міжнародных Кангрэсах у Турыне і бачыў плашчаніцу. Яна робіць неверагоднае ўражаньне. З другога боку, важна ўлічваць і навуковыя аргумэнты. На пачатку цяжка нешта ўбачыць, але калі ўважліва ўглядацца, то ў адпаведнасьці з прынцыпамі оптыкі і фотаапарату, выява становіцца ўсё больш выразнай. Нельга сказаць, што нічога не відаць. Трэба стаць у пэўнай адлегласьці ад палатна. Ня надта блізка і ня надта далёка, каб мець пэўную пэрспэктыву”.

Паводле эвангелістаў, плашчаніцу купіў Язэп з Арыматэі, які загарнуў у яе цела ўкрыжаванага Хрыста і паклаў у магілу. Паводле традыцыі, Плашчаніца перадавалася з рук у рукі з апостальскіх часоў. Ёсьць зьвесткі, што ў 436 годзе імпэратрыца Пульхэрыя памясьціла яе ў храме Багародзіцы ў Улахэрне каля Канстантынопаля. З другога боку, блаславёны Аўгустын у 5 стагодзьдзі скардзіўся, што не захавалася ніякая выява Ісуса Хрыста. Потым Плашчаніца нібыта апынулася ў Ерусаліме. У апісаньні сваёй пілігрымкі ў Сьвятую Зямлю ў 640 годзе пра палатно згадвае эпіскап гальскі Арнульф. Пасьля гэтага Плашчаніца ізноў трапіла ў Канстантынопаль. Захаваўся летапіс Мікалая Мазарыта, які нібыта ў 1201 годзе выратаваў Плашчаніцу ад агню ў часе бунту імпэратарскай гвардыі. Існуе тэорыя, што вэнэцыяне вывезьлі Плашчаніцу пасьля захопу крыжаносцамі Канстантынопаля ў 1204 годзе. З другога боку, аўтар папулярных кніжак пра паранармальныя зьявы Ян Вільсан лічыць, што Плашчаніца – гэта той жа славуты “Маныльён”, так званы “нерукатворны абраз”.

На пытаньне, ці ён асабіста верыць у тое, што Турынская плашчаніца сапраўднае пахавальнае палатно, у якое быў загорнуты менавіта Ісус Хрыстос, прафэсар Ежы Хмель адказаў:

(Хмель: ) “Я асабіста перакананы, хаця і з пэўнымі засьцярогамі, што гэта аўтэнтычнае палатно. Усе дасьледаваньні, праведзеныя цягам апошніх 100 гадоў, з часу першага здымку і да апошняга адкрыцьця Фанці і Маджолы паказваюць, што Турынская плашчаніца не зьяўляецца фальсыфікатам, падробкай. Што вельмі важна, гэта ня твор чалавечых рук, не малюнак і не адбіцьцё, бо з дапамогай сёньняшніх тэхналёгіяў гэта лёгка даказаць. Затое застаецца пытаньне– якім чынам зьявілася гэтая выява. Некаторыя навукоўцы кажуць, што гэта першая ў сьвеце фатаграфія, што плашчаніца, гэта своеасаблівы нэгатыў. Існуе шэраг тэорыяў: хімічная, фізычная, энэргетычная. Паводле некаторых, няма ўпэўненасьці, што гэта адбітак цела Ісуса Хрыста. Аднак з усяго выглядае, што так. Хіба, што некага замучыць на сьмерць, як гэта зрабілі з Хрыстом, але зноў жа застаецца праблема, як выканаць гэткі адбітак. Тым болей, што ёсьць падрабязнасьці, пра якія раней ніхто ня ведаў. Калі нехта кажа, што Плашчаніца была выкананая ў Сярэднявеччы, дык хто тады ведаў правілы кровазвароту, якія навукова былі апісаныя толькі ў 16-17 стагодзьдзях. На Плашчаніцы няма ніякай анатамічнай, паталягічнай недакладнасьці”.

У 1971 годзе фрагмэнты палатна былі падвергнутыя фізыка-хімічным, мікраскопным і кампутарным аналізам. На падставе аналізу матэрыялу ільну было ўстаноўлена, што палатно паходзіць са старажытнай Палестыны. Сьляды крыві дазволілі сьцьвярджаць, што загорнуты ў Плашчаніцу чалавек раней быў жорстка зьбіты бічамі, ягоны бок прабіты рымскім кап’ём, рукі праткнутыя цьвікамі каля кісьцяў, а на вочніцах былі пакладзеныя манэты з часоў Понцкага Пілата, праўдападобна з 29 году нашай эры.

У пачатку 1970-х гадоў было праведзенае адмысловае дасьледаваньне з радыяактыўным вуглём С-14. Паводле аналізу, палатно датуецца першым стагодзьдзем нашай эры. Аднак і гэты аналіз не задаволіў скептыкаў. Тады архіепіскап Турыну Кардынал Бэлестрэра загадаў выразаць 8 квадратных сантымэтраў палатна і даручыў ацаніць ягоны ўзрост тром навуковым асяродкам у Цурыху, Оксфардзе і Туксане шляхам ацэнкі ўзроўню розных ізатопаў вугля. У 1988 годзе яны абвясьцілі, што акрэсьліваюць узрост палатна прыкладна 1260-1390 гадамі. Тады прыхільнікі аўтэнтычнасьці Плашчаніцы высунулі аргумэнты, што гэты мэтад ацэнкі ўзросту прадмету– недакладны, і яго можна праігнараваць. Вось што на гэты конт лічыць прафэсар Хмель.

(Хмель: ) “Не, іх нельга ігнараваць, бо гэта вынік дасьледаваньняў. Проста дасьледаваньне не ўдалося. Цяпер сынданалёгі кажуць, што яно не атрымалася, бо быў абсьледаваны маленькі кавалак палатна, пры тым найболей забруджаны, і гэта зьмяніла ўзровень радыяактыўнага вугля. Турынская плашчаніца гарэла, пасьля чаго засталіся дзіры. Палатно было замочанае, выстаўленае на сонца, і таму гэты мэтад датаваньня ня мог быць дакладным. Адзін зь фізыкаў казаў мне, што калі б у наш час дасьледаваць нешта, што калі выставіць на адкрытае паветра нейкі стары аб’ект, то ў ім зьменіцца і колькасьць вугля”.

У 1995 годзе расейскі вучоны Дзьмітры Кузьняцоў навукова даказаў, што пажар у 16 стагодзьдзі мог мадыфікаваць радыяактыўны вугаль, і гэткім чынам датаваньне з дапамогай гэтага мэтаду ня ёсьць дакладным. Зразумела, што гэта толькі адно зь безьлічы супрацьлеглых меркаваньняў. З другога боку, афіцыйна Царква не прызнае Плашчаніцу рэліквіяй, а толькі прадметам, які можа прыводзіць людзей да веры. Выглядае, што для веруючага чалавека не абавязкова быць упэўненым, што Плашчаніца аўтэнтычная. У выпадку веры ўсе навуковыя аргумэнты і контраргумэнты ня маюць значэньня, яны другарадныя. Вось што на гэты конт думае прафэсар Хмель.

(Хмель: ) “Справа ня ў тым, што спрэчкі – другарадныя. Яны важныя. Справа ў тым, што мая вера не абапіраецца на гэтае палатно. Што да пытаньня веры і Плашчаніцы я цалкам згодны з тым, што гэтак цудоўна выказаў Папа Ян Павал ІІ у Турыне ў траўні 1998 году: “Плашчаніца мне не патрэбная для веры. Я веру ў Хрыста, Сына Божага і ягоныя Словы, Ягоную прысутнасьць у Царкве, у словах Сьвятога Пісьма, у сакрамэнтах, у іншым чалавеку. Калі б аказалася, што Плашчаніца несапраўдная, я ўсё роўна верыў бы”. Для мяне Плашчаніца – гэта знак, ікона, анамнэза, гэта значыць напамін пра пакуты, сьмерць і ўваскрэсеньне Хрыста. Яна мяне падахвочвае да пакаяньня і лепшага жыцьця. Плашчаніца наагул вучыць нас спагадзе, салідарнасьці і пакорліваму маўчаньню. Здымак выявы Хрыста з Плашчаніцы ахвяраваў мне Кардынал Вайтыла ў 1978 годзе, калі ехаў у Рым, дзе быў абраны Папам. Ён ведаў, што я цікаўлюся Плашчаніцай. З таго часу гэты здымак вісіць у маім пакоі. Ён мяне нейкім асаблівым чынам прыцягвае. Некалі вялікага дацкага фізыка Нільса Бора спыталі, ці ён верыць, што падкова над ягонымі дзьвярыма сапраўды прыносіць яму шчасьце. “Зразумела, што не, але я чуў, што яна дзейнічае нават тады, калі нехта ня верыць”, – адказаў Бор. Твар з Плашчаніцы, гэта не падкова. У гадзіну маёй сьмерці я хачу распазнаць гэты Твар. У гэтым мая надзея. Перад абліччам плашчаніцы трэба замоўкнуць. Зашмат гаворым, зашмат гандлюем, а патрэба болей ўнутранай дысцыпліны”.

Гэта быў дасьледчык Турынскай плашчаніцы, прафэсар Ежы Хмель. Выглядае, што адкрыцьцё Фанці і Маджолы нічога канчаткова не вырашае. Гэта толькі працяг спрэчак паміж прыхільнікамі і праціўнікамі аўтэнтычнасьці Плашчаніцы, канца якіх не відаць. Царква дазваляе навукоўцам працаваць над Плашчаніцай, але за вынікі гэтых дасьледаваньняў не хвалюецца, бо вера абыходзіцца без навуковых і матэрыяльных доказаў.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.