news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


21 Сьнежня 2002
 
Якія дасягненьні беларускай мовы ў цэрквах Беларусі за 2002 год?
 
Сяргей Абламейка, Прага
 
Падыходзіць да канца 2002 год. Пры канцы году прынята падводзіць вынікі. І таму тэмай сёньняшняга выпуску “Сымбалю Веры” мы выбралі дасягненьні беларускай мовы і беларушчыны наогул у цэрквах Беларусі. Што новага было выдадзена, ці зьявіліся новыя беларускамоўныя парафіі і сьвятары, ці перакладаюцца новыя тэксты?

Гэтая тэма тым больш актуальная, што беларуская мова і культура зараз зноў перажываюць ня лепшыя часы пасьля кароткага пэрыяду адраджэньня ў 90-х гадах. Аднак, закладзеныя тады парасткі беларушчыны з рознай хуткасьцю, але прабіваюцца да сьвятла практычна ва ўсіх цэрквах. Ёсьць тут свае лідэры і свае аўтсайдэры. Вось пра гэта сёньня і пагаворым.

Напачатку, пагаворым пра самую вялікую царкву ў Беларусі – Беларускі эгзархат Рускай Праваслаўнай царквы. Якія посьпехі беларушчыны ў гэтай царкве, якая традыцыйна трымаецца кансэрватыўнай традыцыі – пераважная большасьць сьвятароў Праваслаўнай царквы ў Беларусі гаворыць па-расейску ў храмах і ў жыцьці, а службы ладзяцца на расейскім варыянце царкоўна-славянскай мовы. Але ёсьць і праваслаўныя беларускія арганізацыі. Адно зь іх Праваслаўнае брацтва Трох Віленскіх мучанікаў. Вось супрацоўніцу гэтага брацтва Надзею Чэркась мы і папрасілі падвесьці вынікі году ў Праваслаўнай царкве што да пашырэньня ў ёй беларушчыны.

(Чэркась: ) “Працэс беларусізацыі сёлета праходзіць вельмі марудна, няшмат выданьняў выйшла. Вось нядаўна выйшаў Беларускі праваслаўны каляндар, які апрача асноўнага зьместу ўключае ў сябе пераклад Вячэрні на беларускую мову і Жыцьцяпісы беларускіх сьвятых. Выйшаў часопіс “Праваслаўе”, які мае рубрыкі “Багаслоўе”, “Гісторыя прыходаў”, “Архівы і дакумэнты”, “Духоўная спадчына”, “Рэлігійная думка”. Таксама хутка павінна выйсьці Эвангельле паводле Лукі, падрыхтаванае Біблейнай камісіяй зь перакладам на грэцкую, рускую, царкоўна-славянскую і беларускую мовы. Чакаем таксма даведнік для навукоўцаў і студэнтаў, паломнікаў і ўсіх, хто цікавіцца духоўнай спадчынай Беларусі – “Духоўныя сьвятыні Беларусі”. Якія прычыны павольнага працэсу беларусізацыі? Гэта пасыўнасьць саміх прыхажанаў, і нежаданьне, а, часам, нават непрыняцьце беларускай мовы ў царкоўных набажэнствах і стаўленьне да царкоўна-славянскай мовы як да сакральнай. А заява на беларускую мову ў царкев ў свой час была пададзеная інтэлігенцыяй, якая зараз, на жаль, ня цэніць тыя маленькія посьпехі беларусізацыі ў царкве, якія існуюць, і не адгукаецца на іх. Гэтая інтэлігенцыя папросту не прыходзіць. Яна патрабуе мову, а царкоўнае жыцьцё весьці ня хоча”.

Як вы чулі са словаў спадарыні Надзеі Чэркась, такія-сякія посьпехі беларушчыны ў праваслаўных ёсьць – выйшаў Беларускі Праваслаўны каляндар з тэкстам вячэрні па-беларуску, выйшаў новы нумар часопісу “Праваслаўе ў Беларусі і сьвеце”, які выходзіць на беларускай мове. Заканчваецца праца па перакладзе Эвангельля паводле Лукі – гэта ўжо трэцяе Эвангельле пасьля выдадзеных паводле Мацьвея і Марка. Выходзяць яны, штопраўда, у кнігах з параллельнымі тэкстамі і на іншых мовах, што неяк абясцэньвае факт выхаду беларускага тэксту – ён папросту губляецца, выдаўцы як бы падкрэсьліваюць, што беларускі тэкст для іх ня важны. Ну а што да беларускіх набажэнстваў і беларускіх парафіяў, дык як вы чулі, Надзея Чэркась сказала, што беларушчыны ў Праваслаўнай царкве хацела найперш інтэлігенцыя, а зараз у храмы амаль ня ходзіць, простыя ж вернікі беларускамоўных набажэнстваў не жадаюць. Ці слушная такая пазыцыя праваслаўных сьвятароў – чакаць, пакуль іх папросяць аб беларускіх набажэнствах вернікі – хай мяркуюць самі слухачы. Я ж проста нагадаю, што такія аргумэнты заўсёды выказвалі і камуністычныя ўлады савецкай Беларусі, калі іх прасілі адчыніць беларускія клясы ў школах, маўляў, давайце заявы бацькоў... Тым больш на гэтым тле ўсялякага заахвочваньня ім павагі заслугоўваюць чатыры беларускія праваслаўныя парафіі у Менску, Віцебску, Горадні і Ратамцы, а таксама такія праваслаўныя сьвятары, як айцы Сяргей Гардун, Аляксандар і Міхаіл Велісейчыкі і некаторыя іншыя.

А зараз пагаворым пра посьпехі і няўдачы католікаў лацінскага абраду ў Беларусі. На нашыя пытаньні адказаў сябра літургічнай камісіі Менска-Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі Мікола Гракаў.

(Гракаў: ) “Першае, што трэба адзначыць, гэта тое, што 2002 год – гэта год, калі нармальна працавала Пінская духоўная сэмінарыя, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Гэта значны паказьнік. Гэты крок быў разьлічаны на пэрпэктыву – будучыню сваю Касьцёл бачыць менавіта зь беларускай мовай. Беларуская мова – гэта мова, якая будзе ўжывацца ў набажэнствах, і гэта сёньня, фактычна, адзіная мова справаводзтва Касьцёла. У Гарадзенскай дыяцэзіі пакуль што справаводзтва зьмяшанае, што выклікана тым, што там працуе яшчэ шмат сьвятароў-місіянэраў з Польшчы. Але калі казаць пра Менска-Магілёўскую архідыяцэзію, пра Віцебскую дыяцэзію, дзе, хіба, найбольшы працэнт мясцовага духавенства, дык там ужо даўно адбыўся гэты пераход, і гэта ўжо нармальная практыка, а ня нешта выключнае. Там гэта ўжо на працягу гадоў існуе і ні ў кога не выклікае зьдзіўленьня і нікім ня ставіцца пад сумнеў. Другой значнай падзеяй за гэты год было зьяўленьне каталіцкага парталу ў інтэрнэце, які таксама цалкам зьяўляецца беларускім. Электронныя вэрсіі каталіцкай прэсы зьяўляюцца часам раней у электронным варыянце, а пасьля выходзяць у друкаваным выглядзе. Яшчэ хацелася б адзначыць, гэта зьяўленьне цэлай сэрыі кніжак, якія ўваходзяць у бібліятэчку “Нашай веры” – гэта кнігі нашых мясцовых аўтараў: Данута Бічэль, Ірына Жарнасек і іншыя. Таксама зьяўляюцца і перакладныя кніжкі, якія разьлічаныя найперш на дзяцей. Што датычыць духавенства, то за апошні год ніводзін новы місіянэр у Беларусі не зьявіўся – папаўненьне адбываецца толькі за кошт тых, хто сканчвае сэмінарыі. Гэта мясцовае духавенства, выхаванае ў Беларусі. У яго стаўленьне да беларускай мовы як да мовы Каталіцкага Касьцёлу ў Беларусі”.

Такая вось інфармацыя сябра літургічнай камісіі Менска-Магілёўскай каталіцкай архідыяцэзіі Міколы Гракава. Посьпехі рыма-католікаў уражваюць. Справаводзтва ва ўсёй Каталіцкай царкве Беларусі цалкам пераведзенае ў 2002 годзе на беларускую мову! Толькі ў гарадзенскай дыяцэзіі справаводзтва пакуль застаецца зьмешаным, беларуска-польскім. Цалкам па-беларуску працуе і новаадкрытая Пінская вышэйшая духоўная сэмінарыя! У католікаў выходзіць па-беларуску шэраг часопісаў, такіх як “Нашая вера” і “Ave Maria”. У 2002 годзе выйшла шмат перакладных кніжак і кніжак беларускіх каталіцкіх аўтараў. Пачынаючы з 1991 году выйшла больш за 20 каталіцкіх малітоўнікаў на беларускай мове – для параўнаньня, у праваслаўных за гэты ж час выйшала толькі перавыданьне малітоўніка мітрапаліта Мікалая Мацукевіча. Да адносных няўдачаў католікаў можна аднесьці толькі прамаруджваньне з новым перакладам Бібліі з-за недахопу спэцыялістаў. Зрэшты сёлета адбылася і пастанова Біблейнага таварыства Беларусі выдаць пераклад усёй Бібліі памерлага ксяндза Ўладыслава Чарняўскага.

Наступная царква, пра якую пойдзе гаворка – Грэка-Каталіцкая. Пра дасягненьні беларушчыны ў гэтай царкве гаварыць даволі цяжка з тае прычыны, што іншай мовай ў гэтай царкве не карыстаюцца – усе парафіі, вернікі і сьвятары паслугоўваюцца мовай беларускай. Калі ж гаварыць пра падзеі, дык найбольшае дасягненьне ва уніятаў – выданьне малітоўніка “Госпаду памолімся”, які ўклаў і часткова пераклаў айцец Аляксандар Надсан. Выданьне ажыцьцявілі лёнданскае выдавецтва “Божым Шляхам” і полацкае грэка-каталіцкае выдавецтва “Сафія”. Гэта 800 старонак дыхтоўных беларускіх тэкстаў – наўрад ці ў беларускай гісторыі калі-небудзь выдаваўся больш якасны малітоўнік. Таму я і пазваніў у Лёндан айцу Аляксандру Надсану, каб запытацца над чым ён працаваў сёлета.

(Надсан: ) “Перакладаў цяпер раблю меней. Трэба было б ужо паправіць пераклады старыя. Прынамсі поўныя тэксты службаў на вялікія сьвяты і на нядзелі – Вячэрня, Ютрань, усе Каноны і так далей. Выданьне такіх кніжак вельмі шмат каштуе, дык ня ведаю, ці гэта ўдасца. Пакуль што працую над перакладам і выданьнем Псалтыра. Псалтыр будзе перакладзены не на аснове гэбрайскага тэксту, а грэцкага, які ўжываецца ва ўсходніх цэрквах. Я працаваў пару гадоў над ім сам, цяпер Караліна Мацкевіч, якая ўсё ж біблістка, правярае пераклад. Літургічныя тэксты практычна ўсе перакладзеныя. Калі Бог дасьць сілы і магчымасьці, я б хацеў таксама і Эвангельле зрабіць для карыстаньня ў царкве”.

Як вы чулі са словаў айца Аляксандра Надсана, сёлета ён працаваў над дапрацоўкай ранейшых і ўжо выдадзеных літургічных перакладаў, скончыў пераклад Псалтыра і рыхтуецца закончыць пераклад Эвангельля. Наогул жа грэка-католікі ў Беларусі штогод выдаюць беларускі царкоўны каляндар, выходзіць беларускамоўная газэта “Царква” і па-беларуску ж выходзяць парафіяльныя газэты ў Менску, Полацку і ў іншых гарадах. Цалкам на беларускай мове адбываюцца і шматлікія спатканьні, рэкалекцыі, сэмінары і канфэрэнцыі грэка-католікаў.

І апошні сёньняшні ўдзельнік “Сымбалю Веры” раскажа пра разьвіцьцё беларускай мовы ў пратэстанцкіх цэрквах Беларусі. Гэта прапаведнік Андрэй Дылюк.

(Дылюк: ) “Нельга не адзначыць выданьня Бібліі ў перакладзе Васіля Сёмухі – гэта калясальная падзея ў духоўным жыцьці, якая дала вялікі штуршок усім канфэсіям. У Беларусі актыўна дзейнічай беларуская плынь у пяцідзесятніцкім руху, пашыраючы беларускі ўплыў у гэтай канфэсіі. Разьвіваецца Менская рэфармацкая царква на чале з Аляксеем Фраловым. Сёлета зарэгістраваная пратэстанцкая царква “Новая Зямля”, ля вытокаў стварэньня якой стаяў наш вядомы грамадзкі дзяяч Артур Вольскі. У гэтай царкве ўсё цалкам вядзецца па-беларуску. Выданьне кнігі “Залаты век Беларусі”, правядзеньне шэрагу сэмінараў таксама паўплывала на рост цікавасьці сярод пратэстантаў да гісторыі Беларусі і гісторыі пратэстантызму ў Беларусі. Некаторыя хрысьціянскія музычныя гурты папоўнілі рэпэртуар беларускімі песьнямі, а некаторыя цалкам перайшлі на беларускія тэксты. Як прыклады, магу прывесьці гурты “Армагедон” і “Спадзяваньне”, які нядаўна выпусьціў альбом цалкам на беларускай мове “Зямля бацькоў”.
Але ёсьць і страты, напрыклад, улады зачынілі хрысьціянскую пяцідзесятніцкую місіі “Прамень надзеі” і зпабаранілі выхад яе газэты “Слова”. Гэта ўсё робіцца ў межах новага закону аб рэлігіі, які накіраваны найперш супраць пратэстанцкіх цэркваў”.

Гаварыў Андрэй Дылюк. Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі, пра якую ён сказаў напачатку, не пратэстанцкае выданьне, але яна дала вялікі штуршок разьвіцьцю беларушчыны ў пратэстанцкіх цэрквах. Яны цяпер маюць поўны тэкст Сьвятога Пісаньньня па-беларуску і могуць яго выкарыстоўваць пры біблейных занятках, якія адбываюцца пры кожнай грамадзе. Згаданая Андрэем Дылюком кніга “Залаты век Беларусі” была выдадзеная харызматычнай царквой Яна Хрысьціцеля і прысьвечана Рэфармацыі. Цікава і тое, што два пратэстанцкія музычныя гурты, “Армагедон” і “Спадзяваньне” перайшлі на беларускамоўны рэпэртуар. Дарэчы згаданы кампакт-дыск гурту “Спадзяваньне” “Зямля Бацькоў” быў дасланы і нашаму радыё ў Прагу, і мы калі-небудзь пазнаёмім зь ім слухачоў. Згаданая спадаром Дылюком газэта “Слова”, што была зачыненая ўладамі, была рускамоўная, але друкавала і беларускія старонкі.

Вось такія дасягненьні і няўдачы ў галіне беларушчыны маюць асноўныя цэрквы Беларусі сёлета.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.