|
Ігар Дабралюбаў: “Я прыніжацца перад уладай ня ўмею” |
|
|
Міхась Скобла, Менск |
|
Да Ігара Дабралюбава музы, у адрозьненьне ад уладаў, заўсёды былі прыхільныя. Ня кожнаму ўдаецца ў трыццаць зь лішкам гадоў браць прызы на міжнародным кінафэстывалі ў Вэнэцыі, альбо зьняць любімы многімі пакаленьнямі савецкіх людзей фільм накшталт “Белых росаў”. На жаль, апошнім часам рэжысэр зусім не здымае, а ўсе ягоныя творчыя ідэі не знаходзяць падтрымкі ў Міністэрстве культуры. Сёньня народны артыст Беларусі Ігар Дабралюбаў — госьць “Вольнай студыі”.
(Міхась Скобла: ) “Ігар Міхайлавіч, сёлета роўна сорак гадоў, як вы прыйшлі працаваць на “Беларусьфільм”. Зразумела, што за гэты час кінастудыя перажыла розныя этапы: і час няўдачаў, і пэрыяд росквіту, зьвязаны, у тым ліку, і з вашымі фільмамі. Як бы вы ацанілі сёньняшнюю сытуацыю на “Беларусьфільме”?”
(Ігар Дабралюбаў: ) “Калі я ўпершыню зьявіўся на “Беларусьфільме”, там панавала вельмі творчая атмасфэра. Пад крыло да карыфэяў беларускага кіно Ўладзімера Корш-Сабліна ды Юрыя Тарыча прыехалі многія выпускнікі маскоўскага Ўсесаюзнага інстытуту кінэматаграфіі.
Адносіны да маладых былі вельмі цёплыя, старэйшыя майстры ведалі, што маладыя рэжысэры — гэта саджанцы. А каб саджанцы добра расьлі, іх трэба доўга даглядаць — паліваць, падкармліваць і нават калготкамі абвязваць, каб драпежнікі розныя кару не паелі. Маладым давалі працу, ім дапамагалі стаць на ногі. І было нямала карцінаў, зьнятых пачаткоўцамі, якія рабіліся пераможцамі на міжнародных кінафэстывалях.
Скажам, мой фільм “Іван Макаравіч” у 1970 годзе атрымаў “Срэбную Мінэрву” ў Вэнэцыі. Праўда, я ня змог паехаць на той фэстываль, гэта даволі забаўная гісторыя. Я толькі сабраўся ехаць, як з Масквы далі каманду зрабіць Дабралюбаву і ўсім, хто ехаў, прышчэпку ад халеры, бо ў Італіі быццам бы эпідэмія. Я пайшоў зрабіў укол, а доктар патрабуе прыйсьці яшчэ раз празь некалькі дзён, бо аднаго ўколу мала… Так я і застаўся дома бяз “Срэбнай Мінэрвы”.
(Скобла: ) “Затое ад халеры ўратаваліся”.
(Дабралюбаў: ) “Ага, Бог мілаваў. А сёньня сытуацыя на “Беларусьфільме” проста трагічная. Памятаю, галоўным рэдактарам на студыі працаваў паэт Аркадзь Куляшоў, гэта ж была асоба — інтэлект, талент і любоў да нас усіх. А сёньня там увогуле няма ні мастацкага кіраўніка, ні галоўнага рэдактара, ні мастацкай рады! Пры Міністэрстве культуры ёсьць нейкая рада, экспэртная, але я ня ведаю там ніводнага экспэрта! У вытворчасьць запускаецца невядома што. Маладым не даюць працаваць. Вось запусьцілі нядаўна “Настасьсю Слуцкую” — ну гэта ж Сярэднявечча, гэта ж дорага. За гэтыя грошы можна было б зьняць дзьве, а то і тры сучасныя карціны!”
(Скобла: ) “Дык “Настасьсяй Слуцкай” апякуецца асабіста Аляксандар Лукашэнка. Увогуле, калі паглядзець збоку, беларускі прэзыдэнт зацікаўлены праблемамі кіно, нават на здымачнай пляцоўцы паказвае сваю заклапочанасьць. Ці гэта гульня на публіку?”
(Дабралюбаў: ) “Лукашэнку, відаць, вельмі хочацца прайсьці па чырвонай дарожцы дзе-небудзь у Канах. Але туды трэба атрымаць запрашэньне, сам не паедзеш. Ды і з выездам за мяжу ў яго праблемы. Але, і гэта важна, прэзыдэнт наведваў не кінастудыю, а кінафабрыку — гэта розныя рэчы, хоць і пад адной страхой. Студыя — гэта творчыя людзі, сустракацца зь імі ў яго няма асаблівай ахвоты. А калі каго і запрасілі, то сваіх, правераных, па адмысловым сьпіску. Я ня быў на ніводнай сустрэчы. А калі б пайшоў, то не прамаўчаў бы… Таму і не запрашаюць”.
(Скобла: ) “Вы ўжо 10 гадоў не здымаеце. Што рабіць беспрацоўнаму рэжысэру, каб не памерці з голаду?”
(Дабралюбаў: ) “Не паміраць. Я жыву на сваю пэнсію плюс дзеці дапамагаюць”.
(Скобла: ) “А якая пэнсія ў народнага артыста Беларусі, калі не сакрэт?”
(Дабралюбаў: ) “Ажно 134 тысячы ды яшчэ 30 тысячаў за званьне даплачваюць. Але я не хачу скардзіцца. Горш тое, што працаваць не даюць. Я чыноўнікам зь Мінкульту сказаў: “Вы ставіцеся да мяне так, быццам прачыталі мой нэкралёг. Так пакажыце яго мне, можа я і праўда памёр?!” Любому мастаку прыемна, калі яго карціна вісіць у Люўры, але яму ўдвая прыемней, калі яго паважаюць дома”.
(Скобла: ) “А вось днямі паказвалі па тэлебачаньні адзін з вашых фільмаў. Ці атрымліваеце вы нейкія аўтарскія за дэманстрацыю свайго твору?”
(Дабралюбаў: ) “Пра што ты гаворыш?! Ніхто ў мяне не пытае ніякага дазволу і ніякіх аўтарскіх я не атрымліваю! Пра тое, што паказваюць мой фільм, я выпадкова даведваюся з тэлепраграмы. Такая дробязь як аўтарскае права ў нашай краіне нікога не цікавіць!”
(Скобла: ) “Вы народны артыст Беларусі. І ў той жа час — праблемны рэжысэр, праблемны, я маю на ўвазе, для чыноўнікаў. Колькі фільмаў вам не ўдалося зьняць з прычынаў зусім ня творчых?”
(Дабралюбаў: ) “Мне вельмі цяжка гаварыць пра гэта, паколькі ты кранаеш мае інфаркты і шрамы на сэрцы. Тут цяжка адназначна адказаць. Раней усё зацьвярджалася ў адпаведных інстанцыях, а ўжо творчыя прычыны для адмовы былі ці нятворчыя — сёньня меркаваць цяжка.
Разам са мной у Менск з Масквы прыехаў Уладзімер Караткевіч, ён там заканчваў Вышэйшыя сцэнарныя курсы. Валодзя паказаў мне выдатны сцэнар “Белае сонца пякучае”. Пра чалавека і пачуцьцё страху, бо ў розным узросьце чалавек баіцца па-рознаму. Сцэнар не прайшоў. Гэта мяне выбіла з каляіны. Дзякуй Богу, дапамог мой настаўнік Міхаіл Ільліч Ром, які пераслаў мне сцэнар пра канструктара ракетаў Каралёва, я зьняў, усё нармальна. Празь некаторы час задумаў экранізаваць быкаўскага “Сотнікава” — Васіль сам напісаў сцэнар. Так шмат было надзеяў на гэтую работу! Але нічога зрабіць не ўдалося, не прапусьцілі”.
(Скобла: ) “Я ведаю, што вы зьбіраліся экранізаваць апавяданьне Васіля Быкава "Жоўты пясочак". Беручыся за гэты матэрыял, ці ведалі вы, што ўжо зьняты паводле быкаўскага апавяданьня “На Чорных лядах” фільм пакладзены на паліцу?”
(Дабралюбаў: ) “Ведаў, вядома ж. Толькі не магу ўцяміць — чаму? За што гэты фільм — пад сукно?! Шкада рэжысэра Панамарова, ён вельмі перажываў з-за гэтага, ды і цяпер яшчэ, мабыць, не супакоіўся. Чалавеку зь незразумелых прычынаў паламалі творчы лёс — хіба ж так можна?!
А “Жоўты пясочак” — апавяданьне біблейскага ўзроўню, ды і затраты на яго патрэбны невялікія. Што трэба — “варанок”, у якім возяць зьняволеных, ды лясная палянка, за якую ўвогуле плаціць ня трэба. Я ня вытрымаў і пайшоў да міністра культуры Гулякі — расказаць пра тэму, пра сюжэт. А ён ня слухае! Адразу гаворыць, што грошай няма! Я яму “Народную Волю” з “Жоўтым пясочкам” паказваю, а ён мне старшыняваць на Берасьцейскім кінафэстывалі прапаноўвае! Я пра адно, а ён пра другое, як більярдны шар качаецца, няма за што зачапіцца.
Гэта ў іх цяпер такі стыль працы, у чыноўнікаў. Не даюць гаварыць — як быццам у Беларусі 1000 дабралюбавых, якія штодня дураць галаву міністру. Я разумею, у чым тут справа. Усе чыноўнікі баяцца Лукашэнкі, які, як вядома, “вырас на вершах” Васіля Быкава. Быкаў — гордасьць беларускага народу, геніяльны пісьменьнік. Дакрануцца да яго творчасьці, зразумець яе — усім карысна было б — і міністру, і капіталісту, і ўсяму народу. Мне некаторыя раяць — схадзі да Лукашэнкі і папрасі грошай. Не пайду, я прыніжацца перад уладай ня ўмею”.
(Скобла: ) “Сёньня беларускія акторы, за невялікім выняткам, працуюць толькі ў тэатрах. Вы родам з Расеі, нарадзіліся ў Навасыбірску. Але заўсёды здымалі на беларускім матэрыяле, зь беларускімі акторамі. А чым адрозьніваецца беларускі актор ад расейскага, калі зірнуць уважлівым рэжысэрскім вокам?”
(Дабралюбаў: ) “Школай, талентам сваім адрозьніваецца. Ніхто ў Расеі не заменіць нашага Віктара Тарасава. А якімі непаўторнымі былі Паша Дубашынскі, Валеры Філатаў! У мяне ў фільме “Плач перапёлкі” (у дзевяці сэрыях!) здымаліся 150 беларускіх актораў, ніводнага збоку не запрашалі. У маіх фільмах здымаліся і Галіна Макарава, і Генадзь Гарбук, і Фёдар Шмакаў, і Валянцін Белахвосьцік, і Генадзь Аўсянікаў. Праўда, у “Белыя росы” давялося запрасіць Новікава з Санаевым — бо ў беларускіх тэатрах не засталося старых, не зьбераглі”.
(Скобла: ) “А ці можна сёньня ўвогуле казаць пра беларускую кінэматаграфічную школу? Старыя акторы адыходзяць, рэжысэрам працаваць не даюць…”
(Дабралюбаў: ) “Нядаўна мы з Генадзем Бураўкіным былі ў журы на дзіцячым конкурсе. Дзеці ў звычайным гуртку здымаюць свой двор, сваё дрэва, старое вядро, якое валяецца. І зроблена гэта з такой любоўю! А безь любові нічога ня будзе. І кіно здымаць трэба доўга вучыцца. Цяпер фільмы здымаюць людзі без адукацыі, апэратары парабіліся рэжысэрамі. А гэта ня тое самае. Вось вазьмі Мікіту Міхалкова — выдатны актор, але калі задумаў фільмы здымаць, пайшоў вучыцца дадаткова на рэжысэра!
А наш Алесь Адамовіч — ён жа доктарам навук быў, а спэцыяльна навучаўся кіно! Днём вучыўся, а вечарам выкладаў у Маскоўскім унівэрсытэце літаратуру. І вывучыўся, каб зьняць свае стужкі “Сыны ідуць у бой” і “Вайну пад стрэхамі”. Мне горка пра гэта гаварыць, але я ніколі ня думаў, што дажыву да таго часу, калі будзе развальвацца “Беларусьфільм”.
(Скобла: ) “Зрэдку па Беларускім тэлебачаньні паказваюць мастацкія фільмы, агучаныя па-беларуску. І то ўсё больш замежныя. Ігар Міхайлавіч, а ад каго гэта залежыць — на якой мове павінен паказвацца фільм?”
(Дабралюбаў: ) “Ад тэлебачаньня і залежыць. Ня ведаю, як цяпер, а раней усе фільмы дубляваліся на беларускую мову. На “Беларусьфільме” працавала перакладчыкам дачка Кузьмы Чорнага Рагнеда Аляхновіч. Так было прынята. Дарэчы, мой фільм “Іван Макаравіч” днямі ішоў па-беларуску. З мовай беларускай увогуле невядома што творыцца.
Калі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы — дык давайце ўсё папалам: і па-беларуску, і па-расейску. Мова ж у нас старажытная, прыгожая. І ў беларускіх кінатэатрах паказваць трэба не стрыптыз-шоў, не амэрыканскія баевікі круціць, а фільмы свае, напрыклад: “Я — Францыск Скарына” альбо “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”. Дзе яны, чаму пыляцца ў сховішчах?! Дайце мне “рафік”, я зьбяру каманду і праеду па ўсёй Беларусі — пакажу народу сапраўднае беларускае кіно!”
(Скобла: ) “У беларускім кіно пакуль што расьпісаная адна роля. Гэта роля мэцэната. І гуляць яе хочацца Лукашэнку. Памятаецца, як ён даваў мільён даляраў на фільм “У жніўні 44-га”. Цяпер гаворыць пра такую ж суму, паляпваючы па плячы рэжысэра “Настасьсі Слуцкай”. А што б зьнялі вы, каб мільён даляраў быў выдзелены вам?”
(Дабралюбаў: ) “Я зьняў бы “Жоўты пясочак” за трэць гэтай сумы. Экранізаваць гэтае апавяданьне Васіля Быкава — мой грамадзянскі абавязак. І я абавязкова зраблю гэты фільм!” |
|
|
|
|