|
|
18 Сьнежня 2001
|
Віктар Cкорабагатаў: "за беларускую мову на вуліцах арыштоўваюць — гэта проста жах!" |
|
|
Міхась Скобла, Менск |
|
Віктар Скорабагатаў з гледзішча партыйнасьці — чалавек непасьлядоўны. Бо за сваё творчае жыцьцё зьмяніў гэтых самых партый — безьліч. Тут і партыя Фігара ў "Сэвільскім цырульніку" Расіні, і партыя Ніклаўса ў "Казках Гофмана" Афэнбаха, і партыя Альмавіва ў "Вясельлі Фігара" Моцарта.
Вось і нядаўна, на сваім бэнэфісе (а ў лістападзе сьпявак адзначыў сваё 50-годзьдзе) ён выканаў партыю Беларэцкага ў "Дзікім паляваньні караля Стаха" Ўладзімера Солтана.
Як вы ўжо здагадаліся, партыі ў Віктара Скорабагатава — опэрныя. Хоць і запозьнена, я хацеў бы павіншаваць яго з прамінулым юбілеем і найперш запытацца вось пра што.
(Скобла: ) "Спадар Віктар, вы нарадзіліся ў Менску, тысячы вашых прыхільнікаў успрымаюць вас як самага сапраўднага беларуса, але Арыяднава нітка вашага роду цягнецца ў Расею — ці ня так?"
(Скорабагатаў: ) "Дзякуй за віншаваньне. У культуралягічным сэнсе я — стопрацэнтовы беларус. Што тычыцца этнічнага паходжаньня, то я сапраўды рускі. Род наш вядзе свой пачатак з XVII-га стагодзьдзя, ён ці не баярскі, і мае продкі былі Мілавідавы.
Адзін з маіх прашчураў узяў удзел у бунце Хаванскага, а Пётар І быў тады яшчэ маладзенькі й пабаяўся той бунт задушыць з такой жорсткасьцю, як гэта ён зрабіў з другім. І мой прашчур, на шчасьце, ня быў закатаваны. Яго саслалі на мяжу Маскоўскага й Вялікага Літоўскага княстваў. Цяпер гэта мястэчка Сеўск на мяжы Гомельшчыны, Чарнігаўшчыны й Браншчыны.
Там нарадзіліся мае бацькі, а прозьвішча "Мілавідаў" у "Скорабагатаў" пераўтварылася так. За маім прадзедам у Сеўску ішла слава гулякі, і аднойчы ён выйграў у карты шынок. Гэта неістотна, што ён той шынок праз паўгода прайграў. А вось тое, што ён раптоўна стаў заможным, і спрычынілася да таго, што за ім замацавалася мянушка — Скорабагаты.
Пасьля адмены прыгоннага права пачалі даваць пашпарты, найперш вольным людзям. А прадзед мой быў стралец і меў права на атрыманьне пашпарту. Калі ён прыйшоў запісвацца і назваў сваё прозьвішча, чыноўнік спытаўся: "Ты які Мілавідаў? Мілавідавых тут шмат". І тут нехта падказаў: "Гэта той, які Скорабагаты". Так і запісалі. Так што прозьвішча Скорабагатаў усяго некалькі каленаў мае".
(Скобла: ) "На пачатку 1990-х гадоў Беларусь перажыла кароткачасовы рэнэсанс нацыянальнай культуры, у тым ліку й культуры музычнай. Вы ў 1992 годзе заснавалі "Беларускую капэлю", нязьменным мастацкім кіраўніком якое зьяўляецеся да гэтай пары. І вось "Беларуская капэля" існуе ўжо 9 гадоў. Чаго было больш за гэты час — хвілінаў трыюмфу ці гадзінаў расчараваньня?"
(Скорабагатаў: ) "Гадзінаў расчараваньня не было ўвогуле. Я тут з вамі мушу не пагадзіцца, што пэрыяд рэнэсансу быў кароткачасовым. На мой погляд, ён як пачаўся тады, так і квітнее да гэтай пары.
І тут я вось што хацеў бы заўважыць. На працягу апошніх гадоў 500–600 па Беларусі ходзяць і ходзяць чужацкія нашэсьці й зьнішчаюць гэты бедны народ. Прычым зьнішчаюць ня горшых, а лепшых. Але як толькі надарылася мажлівасьць свабоднага існаваньня — адкуль толькі ўсё ўзялося! Разумовая рэгенэрацыя беларускага народу — гэта проста нейкі фэномэн у гісторыі Эўропы!
Сапраўды, быў страшны гвалтоўны ўціск за саветамі — асабліва 1950-я, 1960-ыя, 1970-я гады. Але як толькі зьявілася магчымасьць сваю інтэлектуальную працу зафіксаваць... Паглядзіце, колькі ўсяго зроблена, колькі выдадзена матэрыялаў па музычнай культуры! І на маё перакананьне, гэта ўсё нарастае, як сьнежны ком".
(Скобла: ) "Вы мастацкі кіраўнік "Беларускай капэлі", першы барытон нацыянальнай опэрнай сцэны. Але ж вы можаце і дырыгаваць аркестрам. Кажуць, што аднойчы на замежных гастролях нават падмянілі маэстра Анісімава..."
(Скорабагатаў: ) "Ну, гэта так і ня так. (Сьмяецца.) Гэта было на гастролях у Ірляндыі, у Дубліне. Проста паводле сюжэту той опэры, маецца на ўвазе інтэрмэцца італьянскага кампазытара Дамініка Чымароза "Іl maestro di kapella", сам сьпявак зьяўляецца дырыжорам. Дырыгаваць прыходзіцца паводле сюжэту. А я, паверце, чалавек адказны ў адносінах да сваёй прафэсіі, і я навучыўся гэта рабіць. І ўсё атрымалася — мяне вітала й публіка, і прэса.
Пасьля спэктакля да мяне падыходзілі аркестранты і гаварылі, што дырыжор быў проста выдатны. Мне, безумоўна, было прыемна. Але й дома, бывае так, што дырыжор на рэпэтыцыю ня прыйдзе, а ідзе аркестравая сцэна, складаная. Прыходзіцца стаць за пульт і падырыгаваць. Так здараецца. Але гэта свавольства, балаўство".
(Скобла: ) "Сярод вашых шматлікіх талентаў не выпадае не ўзгадаць яшчэ адзін: вы знаны дасьледчык гісторыі музычнага мастацтва, аўтар чатырох кніг. Вось і сёлета пабачыла сьвет кніга "Абышоўся бяз славы" — пра дарэшты забытага кампазытара Яна Тарасевіча.
Шчыра прызнаюся, што ў маім уяўленьні неяк ня вельмі сумяшчаюцца опэрны сьпявак і дасьледчык, залітая сьвятлом сцэна й архіўны зацішак. Дзе ж вам працуецца з большым імпэтам?"
(Скорабагатаў: ) "На жаль, такое ўспрыманьне сьпевакоў даволі распаўсюджанае. Што такое гук? Гук — гэта рэзананс, а рэзананс утвараецца ў пустотах. Значыць, чым менш мазгоў, тым лепшы голас. (Сьмяецца.)
Лічыцца, што сьпявак павінен найперш займацца сваім голасам. І сапраўды, наша прафэсія вельмі складаная, патрабуе шмат часу менавіта на ўдасканальваньне голасу. Далей — музыканты граюць па нотах, мы ж сьпяваем усё напамяць, трэба ж і гэтым займацца. Але сярод сьпевакоў таксама бываюць разумныя людзі.
Напрыклад, нямецкага сьпявака Дытрыха Фішэра Дыскаў Сьвятаслаў Рыхтэр назваў найлепшым музычным інтэлектуалам ХХ-га стагодзьдзя. І ніхто яму не запярэчыў. А Рыхтэр ведаў, што казаў, ён меў стасункі з самымі выдатнымі людзьмі свайго часу. Дыскаў — ня проста добры сьпявак, ён піша кнігі, выкладае фартэпіяна ў музычнай акадэміі, уваходзіць у эліту дырыжораў сьвету!"
(Скобла: ) "На сваім бэнэфісе вы выканалі партыю Беларэцкага ў опэры "Дзікае паляваньне караля Стаха". Герой аднайменнай аповесьці Ўладзімера Караткевіча, паводле якой і пастаўленая опэра, Андрэй Беларэцкі, гаворыць пры канцы твора: "Я прачынаюся й думаю, што не прайшоў час дзікага паляваньня караля Стаха".
Ці не здаецца вам, што яно, гэтае паляваньне, працягваецца і ў наш час, у сёньняшняй Беларусі? Нашы людзі, нібы насельнікі маёнтка Балотныя Яліны, працягваюць жыць у страху..."
(Скорабагатаў: ) "Дзікае паляваньне караля Стаха" належыць да клясычных опэраў. А клясычны твор мастацтва ніколі не бывае музэйнай рэдкасьцю, ён заўсёды адпавядае пачуцьцям і настроям грамадзтва. І гэта вялікая бяда, калі сёньня ў Беларусі "Дзікае паляваньне..." так успрымаецца. Што тут можна параіць? Прыслухацца да Антона Чэхава й выціснуць па кроплі зь сябе раба. І тады ніякае паляваньне нас не дагоніць".
(Скобла: ) "Вам належыць, можна сказаць, афарыстычнае выслоўе: "Мастацтва — гэта нацыянальна-вызвольны рух у дзеяньні". Я ведаю, што калі вы аднойчы ішлі ў першых шэрагах гэтага руху, вас арыштавалі й завезьлі ў пастарунак. Як гэта адбылося?"
(Скорабагатаў: ) "На той момант я ня ўдзельнічаў у тым руху, я быў ягоным сьведкам. Гэта было ў 1996 годзе, незадоўга да рэфэрэндуму. У Менску праходзіла вялікая дэманстрацыя пратэсту, і я, едучы на працу, апынуўся ў пастцы на праспэкце Скарыны каля Галоўпаштамту.
АМОН цалкам заблякаваў праспэкт, быў спынены рух транспарту. Мы зь сябрам Валодзем Неўдахам вылезьлі з тралейбуса ды ішлі, гутарачы, па праспэкце. На Кастрычніцкай плошчы разышліся кожны ў свой бок. На пляцы Волі, паблізу кансэрваторыі, мяне схапілі й кінулі ў варанок. Аказваецца, за намі сачылі, бо мы міжсобку размаўлялі па-беларуску.
За тое, што ў Беларусі чалавек карыстаецца роднай мовай, яго могуць забраць у пастарунак. Толькі за гэта! Гэта ж проста жах!"
(Скобла: ) "Наўрад ці амонаўцы наведвалі спэктаклі ў Опэрным тэатры й ведалі, каго затрымалі..."
(Скорабагатаў: ) "Так, у мяне забралі пашпарт, але ў пастарунку я сядзеў гадзіны тры. Потым мне далі пачытаць пратакол — там была розная лухта напісаная, што я некага крыў матам, некага да нечага заклікаў. А я ўвогуле не карыстаюся нецэнзурнай лексыкай — так выхаваны.
Я кажу маёру: "Я сьпявак, як я магу крычаць на вуліцы такім халодным надвор'ем? Я ж назаўтра бяз працы застануся!" — "Сьпявак?" — у вачах маёра нешта замільгацела, падобнае на роздум. Ён пачаў некуды тэлефанаваць, пра нешта даведвацца. І ўрэшце адпусьціў мяне — з умовай, каб я ў цэнтры гораду ў той дзень не зьяўляўся, бо зноў буду затрыманы. Я, праўда, праігнараваў яго пажаданьне й адразу ж паехаў у цэнтар. І ніхто мяне ўжо не затрымліваў". |
|
|
|
|
|
|