


|

 |
29 Сьнежня 2001
|
НА 9 ДЗЁН ПА СЬМЕРЦІ АНДРЭЯ ЗАЙЦАВА ЯГО ПАПЛЕЧНІКІ ПРАВЯЛІ Ў ГОМЕЛІ ПІКЕТ |
Прайшло 9 дзён ад сьмерці гомельскага сябра незарэгістраванага руху супраціву “Зубр” Андрэя Зайцава. А 15-й гадзіне ягоныя паплечнікі правялі на гомельскай вуліцы Барыкіна, побач з кінатэатрам “Кастрычнік”, несанкцыянаваны пікет.
|
|
|
Казімер Яноўскі, Гомель |
|
Месца пікету каля кінатэатра “Кастрычнік” выбранае невыпадкова. Недалёк, на вуліцы Чкалава ў доме №51, жыў Андрэй Зайцаў, да сьмерці якога, як ведаюць слухачы Радыё Свабода, можа мець дачыненьне ўпраўленьне КГБ.
Каля двух дзясяткаў паплечнікаў спадара Зайцава сталі ў ланцуг зь ягонымі партрэтамі. На правым рагу гэтых партрэтаў — чорная жалобная паласа. Дзяўчына Віка трымала запаленую сьвечку. Мінакі, даведаўшыся пра загадкавую сьмерць Андрэя Зайцава, выказвалі “зубрам “ спачуваньне. Вось што, у прыватнасьці, распавяла сярэдняга веку жанчына:
(Спадарыня: ) “Я ня ведала наогул пра існаваньне гэтага хлопца. Але тое, пра што я даведалася, выклікае абурэньне. Мне проста кепска, мне проста плакаць, крычаць хочацца”.
Гомельскія “зубры” чулі, што КГБ вуснамі свайго прэсавага сакратара спрабуе выставіць Андрэя не зусім здаровым чалавекам, зь нейкімі адхіленьнямі. З гэтай нагоды сябар Зайцава Юрась, што таксама стаяў у пікеце з жалобным партрэтам, распавёў нашаму радыё наступнае:
(Юрась: ) “Я думаю, што гэта правакацыя КГБ. Я ведаў Андрэя, ён быў здаровы чалавек, вясёлы. Ён ніколі б ня скончыў жыцьцё самагубствам. На маю думку, яго забілі”.
Нягледзячы на мароз і завею, пікет доўжыўся цэлую гадзіну. Міліцыя пад’яжджала да пікетоўцаў, пыталася пра дазвол на пікет, але нікога не затрымала.
|
|
|
|
 |
|
|