


|

 |
6 Сьнежня 2001
|
ПАЎТАРА МІЛЬЁНА РУБЛЁЎ ШТРАФУ ДАСТАЎ МАСТАК ЗЬМІЦЕР ІВАНОЎСКІ |
Паўтара мільёна рублёў штрафу — такі прысуд атрымаў мастак Зьміцер Іваноўскі. Суд палічыў яго арганізатарам несанкцыянаванага мітынгу ў Горадні, які прайшлоў 29 лістапада.
|
|
|
Сяргей Астраўцоў, Горадня |
|
Гараджане сабраліся на месцы, дзе 40 гадоў таму ўлады зруйнавалі сярэднявечны касьцёл Вітаўта. Гарвыканкам мітынг забараніў. Зьміцер Іваноўскі паведаміў пра гэта прысутным і выказаў сваё стаўленьне да рашэньня ўладаў. У судзе ён папрасіў судзьдзю Сяргея Ярашэвіча, што калі той вырашыць яго пакараць, дык лепей арыштам, а ня штрафам. Мастак ня мае сталай працы, у сям'і двое дзяцей.
Судзьдзя, аднак, пакараў яго штрафам. У рашэньні запісана, што Іваноўскі "фактычна выканаў арганізатарскія функцыі". Рашэньне нельга абскардзіць. Гаворыць Зьміцер Іваноўскі:
(Іваноўскі: ) "Штраф на 150 мінімальных заробкаў — гэта вельмі вялікая сума, каб я, беспрацоўны мастак, мог яе выплаціць. Тым больш, калі мне забаронена праводзіць любыя выставы — паказаць і мець магчымасьць прадаць тыя творы, якія я раблю. Ад сёньняшняй улады я іншага прысуду не чакаў".
Зьміцер Іваноўскі гаворыць, што ўлады, якія забаранілі мітынг-рэквіем "Без гісторыі няма будучыні", самі гэтай будучыні ня маюць. Ён верыць, што некалі касьцёл усё ж адновяць. У мастака ёсьць карціна з назвай "Выбух Фары Вітаўта". Лёс сьвятыні яго вельмі хвалюе.
|
|
|
|
 |
|
|