


|

 |
6 Сьнежня 2001
|
ЗАВОД МЭДЫЧНЫХ ПРЭПАРАТАЎ У ДРАГІЧЫНЕ ПАД ПАГРОЗАЙ ЗАКРЫЦЬЦЯ |
Прадпрыемства "Экзон" у Драгiчыне, якое займаецца вытворчасьцю лекавых прэпаратаў, iмклiва губляе расейскi рынак. Спэцыялiсты мяркуюць, што ў наступным годзе гэта прывядзе да масавых скарачэньняў пэрсаналу. Знайсьцi новую працу ў невялiкiм горадзе на Берасьцейшчыне амаль немагчыма.
|
|
|
Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць |
|
Напрыканцы 1980-х гадоў у Драгiчыне плянавалі пабудаваць буйны бiяхiмiчны завод. Ягоную прадукцыю, хiмiчнае рэчыва тылазiн, збiралicя выкарыстоўваць у межах усяго былога Саюзу. Дзеля гэтых патрэбаў заводу аддалi зямлю плошчай 35 гектараў.
Пасьля абвяшчэньня незалежнасьцi Беларусi пляны будаўнiцтва заводу саюзнага прызначэньня былi пахаваныя. Паколькi гэты праект ня выклiкаў цiкавасьцi ў замежных iнвэстараў, вырашылі зьмянiць профiль прамысловага аб'екту. На створаным неўзабаве прадпрыемстве "Экзон" распачалi выпуск лекавых прэпаратаў — гематагену i сiропу шыпшыны. Прадукцыя карысталася вялiкiм попытам i пераважна рэалiзоўвалася ў Расеi.
Некалькi гадоў запар беларускiя ўлады з задавальненьнем узгадвалi "Экзон" як прыклад стварэньня новай вытворчасьцi без прыцягненьня замежных iнвэстыцыяў.
Але ў гэтым годзе фiнансавае становiшча драгiчынскага прадпрыемства "Экзон" рэзка пагоршылася. Аб'ём вытворчасьцi скарацiўся на 20%, а складзкiя памяшканьнi перапоўненыя гатовай прадукцыяй. Дырэктар "Экзону" Мiкалай Дудзiн гаворыць, што галоўныя праблемы ўзьнiклi ў Расеi. Мясцовыя фiрмы ўспрымаюць беларускае прадпрыемства як канкурэнта, i таму зрабiлi ўcё, каб лiцэнзiя на продаж прадукцыi "Экзону" ў Расеi не была адноўленая.
Пэўныя спадзяваньнi кiраўнiцтва прадпрыемства зьвязвала з вырабам крышталiзаванай глюкозы. Але зараз высьветлiлася, што амэрыканская кампанiя "Каруэл" распачала ў Расеi аналягiчную дзейнасьць. Канкураваць па кошце i якасьцi гэтага прадукту беларусы ня змогуць.
Гэта азначае, што ў наступным годзе "Экзону" ня варта спадзявацца на зьмены да лепшага. Спэцыялiсты прагназуюць далейшае скарачэньне вытворчасьцi й звальненьнi рабочых. Гэтая акалiчнасьць найбольш хвалюе мясцовых жыхароў, бо зараз знайсьцi працу ў Драгiчыне вельмi складана. |
|
|
|
 |
|
|