


|

 |
4 Сьнежня 2001
|
МІЛІЦЫЯНТЫ НЯ ХОЧУЦЬ ВЯРТАЦЬ МАЙКІ З НАДПІСАМ “СКАЖАМ ДУРНЮ – НЕ” |
Суд Цэнтральнага раёну Магілёва адмовіўся задаволіць скаргу юрысконсульта Свабоднага прафсаюзу Аляксандра Каралёва на дзеяньні магілёўскай міліцыі. Спадар Каралёў патрабаваў, каб міліцыянты вярнулі яму сканфіскаваныя ў жніўні некалькі соцень маек з надпісам "Скажам дурню — не".
|
|
|
Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў |
|
Юрысконсульт Свабоднага прафсаюзу назваў дзеяньні міліцыянтаў звычайным рабаўніцтвам. На судзе ён заявіў, што гэтыя майкі яму падарылі, і таму яны зьяўляюцца ягонай уласнасьцю.
З гэтымі аргумэнтамі не пагадзілася судзьдзя Галіна Кужалева. Паводле ейнага меркаваньня, супрацоўнікі Цэнтральнага раённага аддзелу міліцыі, якія забралі майкі з камэры захоўваньня заводу "Зэніт", рабілі ўсё паводле закону.
Нагадаю, што 27 жніўня старшыня Свабоднага прафсаюзу заводу "Зэніт" Аляксандар Каралёў пакінуў у камэры захоўваньня прадпрыемства падораныя яму майкі. Пасьля ягонага ад'езду дадому завод наведалі міліцыянты. Яны паведамілі, што ў аддзяленьне паступіла ананімнае тэлефанаваньне пра вываз з прадпрыемства рабаванай прадукцыі.
Як сказала судзьдзя, у такім выпадку міліцыя мела поўнае права агледзець памяшканьне. Аднак знайшлі не прадукцыю, а толькі гэтыя майкі і зьвезлі іх разам з асабістай кайстрай Каралёва.
На працэсе раз-пораз згадвалі пра прэзыдэнцкія выбары і казалі пра агітацыйны характар маек. Але ніхто з адказчыкаў так і не адважыўся назваць прозьвішча чалавека, чые партрэты намаляваныя на іх. Яны толькі раілі спадару Каралёву паважаць выбар беларускага народу.
Адказчыкі лічаць, што майкі выкарыстоўвалі ў агітацыйных мэтах падчас прэзыдэнцкіх выбараў, і таму яны не маглі быць асабістымі рэчамі Каралёва. Менавіта таму суд адхіліў патрабаваньні спадара Каралёва.
Як адзначыў пасьля заканчэньня суда ініцыятар пазову, такога выраку ён не чакаў.
(Каралёў: ) "Я спадзяваўся, што мае патрабаваньні ўсё ж могуць быць вырашаныя ў судзе, але надзея была малая. Урэшце вырашылася так, што мае патрабаваньні суд адхіліў. Пасьля гэтага я за дзесяць дзён буду падаваць скаргу ў абласны суд, потым у Вярхоўны, калі спатрэбіцца — у суд ААН па правах чалавека".
|
|
|
|
 |
|
|