|   | 
		
		
		
		
		| ВЫЙШАЎ ДРУГІ ТОМ “БЕЛАРУСКАГА ІНДЭКСУ РЭПРЭСАВАНЫХ” | 
		  
		
		
		
		
		
		| 
		Cёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя кнігі пад назваю “Расстраляныя ў Маскве й Ленінградзе”. Гэта другое выданьне з сэрыі “Беларускі індэкс рэпрэсаваных”, якое сёлета выпусьціла грамадзкае аб’яднаньне “Дыярыўш”.
		 |   
		 | 
		 
		
		
		| 
		 
		 | 
		 
		
		
		| Галіна Абакунчык, Менск                                                                                                                                                                                  | 
		 
		
		
		| 
		 
		 | 
		 
		
		
		Індэкс рэпрэсаваных — гэта пайменны сьпіс ураджэнцаў Беларусі, рэпрэсаваных на тэрыторыі Расеі з 1920 да 1950-х гадоў. У другім томе сэрыі прыведзеныя імёны 1300 нашых суайчыньнікаў, якія загінулі на тэрыторыі Маскоўскай вобласьці й 1600 — на тэрыторыі тагачаснай Ленінградзкай. Аднак гэта толькі траціна ад агульнай колькасьці, бо значная частка закатаваных нарадзіліся на той частцы тэрыторыі Беларусі, якая цяпер належаць іншым дзяржавам — Польшчы, Латвіі або Літве. Адшукаць нейкія зьвесткі пра іх цяпер вельмі складана. Ня проста гэта было рабіць і на тэрыторыі Беларусі, а таму даводзілася карыстацца паслугамі расейскіх спэцыялістаў, — кажа ўкладальнік кнігі Рыгор Карпілаў.
 
 (Карпілаў: ) “Кантакты зь беларускімі службамі не задавальнялі мяне аніяк. Кантактаваў я з расейкімі амаль увесь час. І дысыдэнты дапамагалі мне гэта рабіць”.
 
 Рыгор Карпілаў — настаўнік музыкі, працаваў над кнігай каля васьмі гадоў на памяць свайго дзеда, які пацярпеў ад рэпрэсіяў. Аднак гэта грунтоўная гістарычная й дасьледчая праца, — сказаў аўтар першага зборніка, гісторык Ігар Кузьняцоў. На жаль, гэтая тэматыка ня мае належнага рэзанансу ў грамадзтве, то ў выдаўцоў хапіла грошай толькі на 50 паасобнікаў, — кажа спадар Кузьняцоў.
 
 (Кузьняцоў: ) “Як правіла, не вітаецца, калі гэтым займаецца не спэцыяліст. Але я кажу, што калі спэцыялісты баяцца, то трэба вітаць любую ініцыятыву. Гэтая кніга — гэта памяць. Усё ж паўтараецца, хаця й у іншых маштабах: людзі зьнікаюць, атрымоўваюць тэрміны, зачыняюцца СМІ”.
 
 Паводле словаў Ігара Кузьняцова, незалежныя дасьледчыкі цяпер маюць больш зьвестак пра рэпрэсаваных беларусаў, чым дзяржаўныя органы. Так, у грамадзкім таварыстве “Дыярыўш” рыхтуецца да выданьня беларуска-польскі том індэксу рэпрэсаваных, а таксама кніга пра загіблых у Менску. Гаворыць кіраўнік таварыства Вацлаў Арэшка.
 
 (Арэшка: ) “Чаму памяць пра рэпрэсіі — тэма вельмі важная? Таму, што беларусаў шмат стагодзьдзяў рэпрэсавалі за тое, што яны беларусамі былі. У Беларусі рэпрэсіі засталіся актуальнай тэмаю. Беларуская дзяржава сёньня дэкляруе тое, што яна правапераемніца той дзяржавы, якая тварыла гэтыя рэпрэсіі, якая стварыла Курапаты, якая нішчыла й забівала свой народ”.
 
 Акрамя таго, “Дыярыўш” плянуе стварыць у інтэрнэце адмысловы сайт, а цяпер разам з прафэсійнымі гісторыкамі рыхтуе электронны варыянт “Беларускага індэксу рэпрэсаваных”. | 
		 
		
		
		
		
		
  
		 
		 | 
		 
		
		 
		 | 
		
		  | 
		
		  |