news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


21 Сьнежня 2002
 
ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ЯКІЯ ШАНЦЫ АБАРАНІЦЬ СЯБЕ ПРАЗ СУД МАЕ ПРАДПРЫМАЛЬНІК?
У чарговым выпуску праграмы, які прысьвечаны прававой абароне прадпрымальнікаў, бярэ ўдзел лідэр беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў Валеры Леванеўскі.
 
Алег Грузьдзіловіч, Менск
 
(Леванеўскі: ) “Мяне пакаралі за парушэньне, якога я не рабіў. Увесь таваразварот, які ў мяне быў, запісалі ў чысты прыбытак і сказалі, каб плаціў як за схаваны прыбытак. Мне выставілі санкцыяў на 20 тысяч рублёў, апісалі маёмасьць, у сям’і былі праблемы з харчаваньнем, а ў мяне ж чацьвёра дзетак. Канечне, з тых цяжкасьцяў я выбраўся, бо я сапраўдны прадпрымальнік, працую, але давер да дзяржавы канчаткова згубіў”.

Наш сёньняшні экспэрт — прадпрымальнік з Горадні Валеры Леванеўскі. Ён вядомая ў бізнэсе і ў палітычных колах краіны асоба, ён ёсьць ініцыятарам і арганізатарам шэрагу страйкаў прадпрымальнікаў у абарону сваіх правоў, у тым ліку страйку на гэтым тыдні, падчас якога патрабавалася таксама адстаўка Аляксандра Лукашэнкі й ягонага ўраду.

Дарэчы, гісторыя пра першы ў сваім жыцьці суд, якую распавёў нам Валеры Леванеўскі, адбылася яшчэ ў 1996 годзе, напачатку прэзыдэнцкай кар’еры Лукашэнкі. Гэтая гісторыя сапраўды мела істотны ўплыў на сьветапогляд і лёс прадпрымальніка. Дагэтуль ён застаецца прыхільнікам дамоваў з уладай праз пагрозы страйкаў ды іншыя акцыі пратэсту. Леванеўскі кажа, што ня супраць вырашаць праблемы і праз суд, толькі ўмовы дзеля гэтага ў краіне не сасьпелі.

(Леванеўскі: ) “Адцягнуць вырашэньне праблемы магчыма, магчыма прымусіць чыноўнікаў хадзіць па судах і нават даць нейкія часовыя паслабленьні, але не адмяніць абсурдныя рашэньні. Гэта немагчыма, бо суды цалкам залежныя ад структураў, якія збольшага незаконныя”.

Гэтак лічыць Валеры Леванеўскі з Горадні. Ён падмацоўвае сваю пазыцыю апошнімі зьвесткамі зь Віцебску, дзе прадпрымальнікі як ні спрабавалі праз суд дамагчыся адмены рашэньняў пра ўвядзеньне касавых апаратаў, у іх мала што атрымался. І цяпер, паводле Леванеўскага, шмат у каго там тавар проста канфіскоўваюць, калі не знаходзяць касавага апарату.

Аднак становішча ў рэгіёнах, відаць, усё ж рознае. Гомельскія прадпрымальнікі, прыкладам, менавіта праз суд дамагліся адмены пастановы пра абавязковасьць касавых апаратаў. Досьведам гандляроў цяпер вырашылі скарыстацца прадстаўнікі іншых сфэраў прыватнага бізнэсу Гомельшчыны. Распавядае наш мясцовы карэспандэнт Казімер Яноўскі:

(Яноўскі: ) “Сем месяцаў Свабодны прафсаюз прадпрымальнікаў Гомеля дамагаўся адмены двух рашэньняў аблвыканкаму. Яны датычылі ўвядзеньня на рынках вобласьці касавых апаратаў для продажу скураных вырабаў і шэрагу іншых тавараў. Чыноўнікі настолькі жадалі рэглямэнтаваць гандаль дробных бізнэсоўцаў, што запатрабавалі ўсталяваць касавыя апараты нават у разборных палатках, а таксама пад гандлёвымі навесамі на адкрытым паветры.

Распавядае юрыст Свабоднага прафсаюзу Віктар Ялфімаў:

(Ялфімаў: ) “Мы з дапамогаю Канстытуцыйнага суду, Вышэйшага гаспадарчага суду, Міністэрства эканомікі ўсё-такі пераканалі аблвыканкам, што ён прыняў рашэньне, якое пярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь. Аднак на гэтым барацьба за правы прадпрымальнікаў не спыняецца. У перагледжаным рашэньні №782 аблвыканкам, хаця і скасаваў патрабаваньне ўстанавіць касавыя апараты на рынках, аднак абавязаў мець іх у стацыянарных гандлёвых месцах. Гэта пярэчыць дэкрэту Лукашэнкі №12, аб чым Канстытуцыйны суд паведамляў яшчэ ў травені”.

Паводле ягоных словаў, калі абласныя ўлады і ў стацыянарных гандлёвых кропках будуць весці кантроль касавых апаратаў, прымушаць прадпрымальнікаў абавязкова здаваць выручку ў банк, Свабодны прафсаюз зноў зьвернецца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі. Аднак ня толькі аблвыканкам падпраўляе законы і дэкрэты.

У сваю чаргу гарадзкі выканаўчы камітэт насуперак антыманапольнаму заканадаўству абавязаў прадпрымальнікаў, што гандлююць расейскім хлебам, прадаваць 80% мясцовых хлебабулачных вырабаў.

Другім сваім рашэньнем гарвыканкам аднес прыватныя маршрутныя таксоўкі да экспрэсных транспартных сродкаў рэгулярных зносінаў. Цяпер таксістаў абавязваюць мець тыя ж касавыя апараты, штодзённа праходзіць тэхнічны і мэдычны кантроль у дзяржаўных прадпрыемствах”.


Як бачым, ягоны расповед супярэчыць досьведу нашага сёньняшняга экспэрта, лідэра беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага. Але я выклаў гэтыя розныя погляды ня дзеля таго, каб справакаваць непаразуменьні паміж рознымі арганізацыямі прадпрымальнікаў.

Падаецца, лепш карыстацца ўсімі магчымасьцямі дзеля абароны сваіх правоў, якія не супярэчаць закону, каб толькі ад гэтых дзеяньняў быў станоўчы вынік. І пры гэтым я цалкам згодны з Валерыем Леванеўскім, што трэба кардынальны мяняць стаўленьне дзяржавы да прадпрымальніка, бо пакуль ён часта вымушаны абіраць і ня шлях судовай абароны, і ня акцыю адкрытага пратэсту, а тое, што стаіць за межамі закону.

(Леванеўскі: ) “Прадпрымальнікі пакуль больш схільныя вырашаць свае праблемы грашыма — праз хабар. Хабар ідзе за ўсё: за месца, пажарніку, міліцыянту, падаткаваму інспэктару і гэтак далей. Прыкладна тыя ж грошы, што гандляр плаціць падаткаў, ён плаціць і хабару. Канечне, у такой сыстэме найперш зацікаўленыя чыноўнікі, добраахвотна яны самі яе ніколі ня зьменяць. А павінна быць гэтак, што гандляр заплаціў падаткі — і больш да яго ніхто месяц ня мае права падысьці. Толькі дзеля гэтага трэба мяняць усю сыстэму, мяняць заканадаўства”, — лічыць вядомы гарадзенскі прадпрымальнік Валеры Леванеўскі.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.