news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



19 Сьнежня 2001
 
МІЛІЦЫЯНТЫ КАТАВАНЬНЕМ ДАБІВАЛІСЯ ПРЫЗНАНЬНЯ Ў ЧЫГІРА
Ужо на першым паседжаньні суда над Аляксандрам Чыгіром ягоныя саўдзельнікі заявілі, што міліцыянты катаваньнямі прымусілі іх агаварыць сябе і Аляксандра Чыгіра.
 
Алег Грузьдзіловіч, Менск
 
Cёньня ў Ленінскім судзе Менску пачаўся працэс над Аляксандрам Чыгіром і яшчэ двума маладымі менчукамі, якіх падазраюць у стварэньні злачыннай групоўкі, якая нібыта займалася крадзяжамі аўтамабіляў.

Нагадаю, Чыгір-малодшы быў затрыманы 10 лютага, і з таго часу знаходзіўся ў сьледчым ізалятары на Валадарцы. Паводле сьледзтва, групоўка Чыгіра скрала пяць аўтамабіляў, пераважна мікрааўтобусаў, сярод якіх і мікрааўтобус праграмы крымінальных навінаў "Зона Ікс " Беларускага тэлебачаньня.

Сьледзтва ў падмурак абвінавачаньня паклала прызнаньні Антона Яшына і Зьмітра Юскевіча, якія на наступны дзень пасьля затрыманьня прызналі сваю віну і заявілі, што гэта Чыгір-малодшы даваў ім злачынныя заданьні.

Але і Юскевіч, і Яшын сёньня ў судзе гэтыя паказаньні абверглі. Яны заявілі, што агаварыць сябе і Чыгіра-малодшага іх прымусілі супрацоўнікі Маскоўскага райаддзелу міліцыі. Юскевіч распавёў, што яго зьбівалі, пакуль ён не пагадзіўся падпісаць паперы, патрэбныя міліцыянтам.

Паводле Яшына, каб дамагчыся прызнаньня, яму зрабілі "ластаўку". Гэта даволі распаўсюджанае ў беларускіх турмах катаваньне шляхам падвешваньня чалавека, рукі й ногі якога злучаныя кайданкамі. "Праз паўтары гадзіны такога катаваньня я яшчэ паўгадзіны ня мог падняцца з падлогі й потым падпісаў усё, што ім было трэба. Наступным днём мяне прымусілі ўдакладніць тыя паказаньні, бо было шмат недакладнасьцяў. Калі б я гэтага не зрабіў, мяне зноў падвесілі б як "ластаўку", — сказаў сёньня на судзе Антон Яшын.

Дарэчы, 28-гадовы хлопец быў з марлевай павязкай на твары, бо ў турме захварэў на сухоты. Яшын сьцьвярджае, што кіраўніцтва ізалятара наўмысна пасадзіла яго ў камэру з хворымі рэцыдывістамі, каб адпомсьціць за тое, што ён адмовіўся далей паклёпнічаць на Чыгіра. Пра ўмовы ў гэтай камэры Антон Яшын распавёў больш падрабязна.

(Яшын: ) "Там было маленькае акно ў падвале, вельмі слабая лямпачка, было гэтак цёмна, што немагчыма нават пагаліцца. Дыхаць няма чым. Пра адносіны вартаўнікоў таксама ня трэба і казаць — адзін вязень цэлы тыдзень прасіў, каб яму далі дробку солі. Я правёў там тры месяцы, і гэтага хапіла, каб захварэць на сухоты. Цяпер я хаджу з гэтай павязкай на твары, бо магу заразіць людзей", — распавёў абвінавачаны Яшын.

Яшын і Юскевіч не прызналі сябе вінаватымі ў выкраданьні аўтамабіляў, аднак пагадзіліся з тым, што куплялі аўтамабілі без дакумэнтаў, як яны сказалі, у "нелегальным стане", а потым рыхтавалі іх на продаж пад іншымі дакумэнтамі альбо разьбіралі на запчасткі. Пэўная колькасьць гэтых запчастак магла трапіць і да малодшага Чыгіра, але ён заяўляе, што нічога ня ведаў пра іх крымінальнае паходжаньне.

У якой ступені да гэтай дзейнасьці сапраўды датычны Аляксандар Чыгір, суд пачне высьвятляць заўтра. З допыту сына экс-прэм'ера і адкрыецца заўтрашняе паседжаньне. А пакуль былы прэм'ер Міхаіл Чыгір гэтак камэнтуе дычыненьні свайго сына зь іншымі абвінавачанымі:

(Міхаіл Чыгір: ) "Юскевіча ён увогуле ня ведаў, ён быў знаёмы зь Яшыным. А ведаю адно, што у мяне была размова з сынам на гэтую тэму. Я яго папярэдзіў, што магчыма ўсё пасьля таго, як я вярнуўся і пачаў займацца палітыкай.

Сын мяне запэўніў, што нумарныя запчасткі без праверкі дакумэнтаў ніколі не купляе. А тое, што дах, ці крыло, ці фара могуць быць розныя... Дык на рынку гэта можа здарыцца, бо там часта чалавек купляе невядома што і прадае невядома што".

Дарэчы, судзьдзя Хрыпач задаволіў хадайніцтва Аляксандра Чыгіра аб допуску да абароны ягонай маці, Юліі Чыгір. Акрамя яе інтарэсы абвінавачанага Чыгіра-малодшага абараняе адвакат Аляксандар Пыльчанка.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.