|
Новая калядная батлейка ў Заслаўі |
“Мужык купіць мне маленькую машынку зь вялікім багажнікам. Я складу туды сваю батлейку і паеду са спэктаклямі па Беларусі” — вось мара Жэні Грынь, якая ўжо больш за год ладзіць батлейкі ў Заслаўі. Жэні актыўна дапамагае муж Васіль. Лялькавае сьвята Жэні Грынь — адзіная адметнасьць на сёлетнія Каляды ў Заслаўі.
|
|
|
Севярын Квяткоўскі, Заслаўе |
|
(Цар Ірад: ) “Я самы слаўны!
Сяду на свой трон дзяржаўны
Ой, вы ведаеце, я забыўся сказаць —
Я вялікі разумнік, бо ў царскім пурпуры,
І ніхто не насьмеліцца запярэчыць
Маёй царскай натуры”.
Маленькія сьмешныя лялькі жвава рухаюцца ў акенцы драўлянага дамка — батлейкі. Мы ў “хаце завозьнікаў” — сапраўднай старажытнай хаце, дзе яшчэ ў ХХ стагодзьдзі спыняліся мужыкі, што прывозілі жыта да млына. Апошні млынар старога веку спадар Шынко памёр за колькі тыдняў да Калядаў. І млын, і сьвіран, і кузьня — побач.
Пабудовы сапраўдныя і ў працоўным стане, але цяпер ня дзейныя, бо закансэрваваныя. Усе разам належаць да гісторыка-культурнага музэю-запаведніка “Заслаўе”. Толькі ў “хаце завозьнікаў” цепліцца жыцьцё: і ў простым, і ў пераносным сэнсе. Тут ёсьць печка, абкладзеная старадаўняй кафляй, тут ладзяць імпрэзы для турыстаў. Імпрэза завецца “Вечарына “Гасьціна”, у часе якой можна пакаштаваць боршч, смажанку, выпіць крупніка, станчыць кракавяк ды шмат іншага. Напрыклад, паглядзець батлейку.
Экскурсавод Жэня Грынь распавядае пра выпадак, калі ў якасьці экспэрымэнту раздала гасьцям пеўнікі-ледзянцы:
(Жэня: ) “Карціна — проста дзеці! Саракагадовыя дзеці такія. Глядзяць вельмі ўважліва, бо гэта новае, першы раз у жыцьці ў такім узросьце. І наярываюць гэтыя цукеркі, смокчуць. Яны яшчэ былі такія трохі выпілі. Я стрымлівалася, каб папросту не рагатаць. Вось гэта быў, канечне, кайф!”
Зрэшты, апошнім часам “хата завозьнікаў” ажыўляецца нячаста. Найвялікшы досьвед батлейніка Жэня атрымала, працуючы ўласна ў музэі. Так склалася, што на пачатку году два месяцы ў музэі экспанавалася выстава лялек. З уласнае інцыятывы Жэня кожную экскурсію завяршала батлейкавым спэктаклем — часам больш за дзесяць разоў на дзень. Паводле інфармацыі кіраўніцтва музэю, колькасьць наведнікаў павялічылася ў чатыры разы. Амаль усе экскурсанты — маленькія дзеткі.
(Жэня: ) “Тэлефануе экскурсавод, што некаторыя маленькія, як сядуць у аўтобус, так яны як рачоўку словы словы цара Ірада, словы Салдата, словы Чорта да Менску паўтараюць: “Аць-два, хе-хе-хе”. Гэта прыемна, вядома”.
Калі прыяжджалі дарослыя гледачы, рабіліся некаторыя адмыловыя ўстаўкі ў тэкст:
(Жэня: ) “Ну, напрыклад, цар Ірад заходзіць і гавора: “Я вялікі разумнік, чэсна-чэсна, я ня ўру”.
(Чорт: ) “Хе-хе-хе! Вой, цар-небарака! Ты тут сьпіш, гуляеш, пуза сабе наядаеш. А што ў тваім царстве новы цар зьявіўся, ня знаеш”.
Але найвялікшую радасьць Жэня атрымлівае ад працы для дзетак. Адчувае сябе й творцам, і асьветнікам:
(Жэня: ) “Дзеці цяпер маюць “Макдональдз”, тэатар, гэта ўсё добра. А тут яны бачаць батлейку, але ня ведаюць, што гэта іхнае. Яны нашчадкі таго, што было, агульнаэўрапейскай традыцыі”.
* * *
Традыцыя сьвяткаваньня Калядаў, а таксама Купальля аднавілася ў Заслаўі, яшчэ калі Жэня і Васіль Грыні самі былі дзецьмі. Ад пачатку 1980-х Заслаўе сталася месцам паломніцтва менскай адраджэнскай моладзі. Некаторыя, нацыяналістычныя, на меркаваньне савецкай улады, імпрэзы заканчваліся затрыманьнямі й цяганьнем на допыты ў КГБ. Напрыклад, сьпявачка Кася Камоцкая прыгадвае, што калі ў ейнага мужа Алеся ў КГБ запыталіся, ці ведае ён, што жонка сьпявае нацыяналістычныя песьні, Алесь Камоцкі адказаў: “Ведаю. А яшчэ яна танчыць нацыяналістычныя танцы”.
Нягледзячы на цкаваньні сталічных “органаў”, Заслаўе пераўтварылася ў адзін з цэнтраў нацыянальнага культурніцка-рамантычнага адраджэньня. У 1980-х у будынку Кальвінскага збору ўтварыўся музэй. Тагачасны кіраўнік гораду спадар Лісьнічук дамогся, каб 15-тысячнае мястэчка зацьвердзілі як горад абласнога падпарадкаваньня — да 1000-годзьдзя Беларусі.
Тады ж гарадзкія вуліцы аздобілі новымі платамі з выявамі “Пагонек”. Праўда, замест крыжа на тарчы была выява валошкі. Цяпер з адраджэнцаў 1980-х, якія гуртаваліся вакол музэю, у Заслаўі засталася толькі сям’я Сьвяты і Вінцэся Манькоў:
(Вінцэсь: ) “І зьбіраліся мы менавіта таму, каб прыкладам сваім жыцьцёвым паказаць, сьцьвердзіць Беларусь”.
(Сьвята: ) “У нас спадзяваньні былі аптымістычныя. У 1996 годзе прыйшла дырэктарка другая — Скрыпчанка, якая Посахаву дакладала: “Я эта націаналістіческае кубло разагнала”.
Два гады таму да Дня славянскага пісьменства мясцовыя ўлады замянілі ўсе шыльды з назвамі вуліцаў у цэнтры Заслаўя на расейскамоўныя.
Манькі пазнаёміліся з Грынямі не на вечарыне, не на мітынгу і не на фэсьце. Зусім выпадкова Васіль Грынь набыў дзялку пад пабудову катэджа побач з домам Манькоў.
(Вінцэсь: ) “Я б сказаў так, што яны людзі вельмі камунікабэльныя. Я вельмі зьдзівіўся, што ў такі малады век Васіль такі абазнаны. Такую кіпучую дзейнасьць разьвесьці — і ў Заслаўі, і ў Менску. На ўсё стае яму часу”.
(Сьвята: ) “Увогуле — такая асоба: хату будуе, машыны мяняе, кватэру здымае, гараж здымае...”
* * *
Васіль Грынь родам з Маладэчні, Жэня — зь Менску. Васіль гісторык, Жэня — філёляг. Маюць 29 і 28 гадоў ад нараджэньня. Жывуць у Заслаўі некалькі гадоў. Манькі — адзіныя суседзі й сябры Грынёў у Заслаўі. Калі Жэня працуе ў музэі, дык Васіль у Менску ў прыватнай турыстычнай фірме, якая спэцыялізуецца на зімовым адпачынку ў гарах Аўстрыі й Нямеччыны. А ўлетку Васіль ладзіць дзіцячыя летнікі ў Беларусі. Найперш для сыноў і дачок бізнэсоўцаў. Мэта — ня толькі заробак, але беларусізацыя будучай эліты грамадзтва.
Грыні маюць пяцігадовую дачку Дануту-Ганну. Дзяўчынка вучыцца ў музычнай школцы па клясе скрыпкі. Данута яшчэ ня ўмее добра пісаць, але складае вершы, якія натуе тата. Адмыслова для дачкі Васіль напісаў вершык:
(Данута: ) “Я заслаўская дзяўчына,
Беларусь — мая айчына,
Тату з мамай ушаную,
Словы ласкі гавару ім.
Недахоп адзіны маю —
Ем цукерачкі бяз краю.
Вам прадстаўлюся, сябры,
Я — Данута-Ганна Грынь!”
У суседзяў Грынёў Сьвяты й Вінцэся Манькоў — чатыры дачкі. Малодшую Караліну возяць у вясковую школу ля Радашкавічаў. У Заслаўі няма беларускамоўнай пачатковай клясы, і сярод бацькоў не знайшлося такіх, што жадалі б вучыць дзетак па-беларуску.
(Карэспандэнт: ) “Цяпер няма энтузіястаў?”
(Сьвята: ) “Ёсьць, ёсьць і зараз — вунь Жэня Грынь энтузіяст. Батлейку ствараюць яны, працуюць. Ёсьць, проста сытуацыя памянялася, калі ў нас у запаведніку адміністрацыя зьмянілася. Улады паставілі такіх людзей, якія ёй выгадныя. Таму цяжка”.
У энтузіязьме Жэні Грынь ёсьць ноткі, якіх не было ў адраджэнцаў канца 1980-х. Вось як Жэня аднаўляе вобраз сярэднявечных беларускіх батлейнікаў:
(Жэня: ) “Бацька майстраваў, дзіцёнак граў на скрыпцы, паказваў бацька. То бок, гэта бізнэс. Езьдзілі, паказвалі, карысталася гэта попытам, з гэтага грошы зараблялі. Я, натуральна, яе паказваю, таму што я хачу мець з гэтага нейкія дывідэнды сабе. Зарабляць з гэтага. Вось толькі што не хапае памочніка. Вось дзіцёнак вырасьце, на скрыпцы навучыцца граць”.
Жэня пакуль працуе ў музэі, але марыць пра самастойную дзейнасьць:
(Жэня: ) “Я бачу сваю дзейнасьць так, што мужык купляе мне маленькую машынку зь вялікім багажнікам. Я туды стаўлю сваю батлейку, бяру з сабой дзіцятка сваё і рулю. Куды рулю: у школы, у музэі, прапаноўваю паказ спэктакляў”.
Васіль Грынь для жонкі замовіў батлейку адмысловае канструкцыі — складанку. Каб можна было пакласьці ў багажнік легкавіка:
(Васіль: ) “Я стараюся па магчымасьці дапамагчы. Зараз атрымаецца свая — тым больш, адаптавалі яе для машыны. Калі будзе сваё, то значна лягчэй будзе распараджацца гэтым. Калі ў Жэні імпэт будзе ўсё большы й большы, яно, спадзяюся, прыжывецца — і ў сям’і, і ў яе. Дай Бог, каб у яе ўсё атрымлівалася”.
Васіль звазіў Жэню ў Чэхію й Баварыю, там, дзе ёсьць адмысловыя батлейкавыя цэнтры. Для Васіля вельмі важна, што батлейка ня толькі беларуская зьява, але агульнаэўрапейская.
* * *
Сьвята Манько верыць у посьпех Жэні Грынь:
(Сьвята: ) “Дзецям цікава, як монаспэктакль такі. Адзін чалавек выконвае шмат роляў. Выдатныя здольнасьці, каб так вось змагчы. Маніпуляваць гэтымі лялькамі й адначасова ролю выконваць іхную”.
Саракагадовы Вінцэсь Манько прыгадвае, што ў сьветлыя адраджэнскія часы канца 1980-х — пачатку 1990-х мала хто думаў пра бізнэс, пра неабходнасьць зарабляць грошы, безь якіх немагчыма рэалізоўваць якія-кольвек сур’ёзныя нацыянальныя праекты. Вінцэсь кажа, што незалежнасьць, нацыянальная сымболіка і мова ў якасьці дзяржаўных падаваліся далёкай недасяжнай будучыняй. На сваіх маладзейшых сяброў, якія спалучаюць справу душы й заробак, Вінцэсь глядзіць з захапленьнем.
(Вінцэсь: ) “У пэўным сэнсе я нават зайздрошчу. Таму што для іх прыйшоў іншы час, мы гэтага не зазналі. Калі мы пачыналі на новым, то яны ўсё ж сваё жыцьцё на нейкім, можа, нашым, падмурку будуюць”.
Яшчэ да нядаўняга часу ў Заслаўі ладзіліся вулічныя калядаваньні, адноўленыя ў канцы мінулага стагодзьдзя. Летась традыцыя прыпынілася. Сёлета на Каляды, бадай, адно батлейка сям’і Грынёў у каталіцкіх, пратэстанцкіх і праваслаўных грамадах гучыць сьвяточнай імпрэзай.
Малодшая Грынь — Данута — разьвіталася са мною ўласным вершыкам:
(Данута: ) “Хто зло мае, дабро не нажывае,
А хто ад Бога дабро мае,
Той дабро нажывае”. |
|
|
|
|