|
"Садам можа знайсьці прытулак у Беларусі"... |
Такі загаловак зьявіўся ў нядзельным выпуску канадзкай газэты “The Ottawa Citizen”. Паводле газэты, амэрыканскія ўлады робяць намёкі, што дазволяць ірацкаму лідэру Садаму Хусэйну пакінуць краіну. Такі варыянт нібыта магчымы, каб прадухіліць напад Злучаных Штатаў на Ірак.
|
|
|
Аляксей Знаткевіч, Менск |
|
Візыт беларускай дэлегацыі ў Багдад тыдзень таму супаў з заяваю міністра абароны ЗША Дональда Рамсфэльда пра тое, што Садам Хусэйн і ягоная сям’я маюць магчымасьць пакінуць Ірак. Рамсфэльд заявіў у тэлевізійным інтэрвію, што калі ірацкі лідэр не жадае адмаўляцца ад зброі масавага зьнішчэньня, ён мае варыянт — зьехаць з краіны.
Амэрыканскі міністар нядаўна назваў менавіта Беларусь адной зь нямногіх краінаў, якія маглі б прыняць ірацкага дыктатара, ягоную сям’ю і найбліжэйшае атачэньне. Выступаючы на слуханьнях у амэрыканскім Кангрэсе, Рамсфэльд заявіў: “Натуральна, адна з больш чым 180 краінаў прыняла б ягоны рэжым — магчыма, Беларусь”,— цытуе яго “The Ottawa Citizen”.
Інспэктары ААН, якія цяпер працуюць у Іраку, павінны да 27 студзеня даць справаздачу пра свае пошукі зброі масавага зьнішчэньня ў гэтай краіне. Паводле “The Ottawa Citizen”, у Багдадзе ходзяць чуткі, што ЗША плянуюць напасьці на Ірак хутка пасьля гэтай даты.
Апошнія заявы Рамсфэльда могуць быць проста псыхалягічным ціскам на ірацкае кіраўніцтва, піша газэта. Аднак візыт беларускай дэлегацыі ў Багдад узмацніў падазрэньні, што Садам Хусэйн рыхтуе пляны ўцёкаў зь Іраку. “The Ottawa Citizen” адзначае, што Беларусь пад дыктатарскім кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі зрабілася краінаю-ізгоем, і што беларускія ўлады падазраюцца ў парушэньні санкцыяў ААН супраць Іраку. Іншыя магчымыя кандыдаты на прытулак Садаму Хусэйну — Альжыр, Лібія і Сірыя — апошнім часам палепшылі адносіны з Захадам, і таму ірацкі лідэр можа там пачувацца няўтульна, піша газэта.
Я паспрабаваў атрымаць камэнтар наконт магчымых уцёкаў Садама Хусэйна ў Беларусь у Мікалая Іванчанкі — намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, які ўзначальваў беларускую дэлегацыю падчас апошняга візыту ў Ірак. Аднак у ягонай прыёмнай мяне адаслалі ў прэсавую службу, спаслаўшыся на занятасьць спадара Іванчанкі.
А вось як пракамэнтавала гэтую інфармацыю прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч...
(Пяткевіч: ) “Дэлегацыя знаходзілася там па гуманітарных пытаньнях — тое, што было абвешчана яшчэ падчас візыту ірацкай дэлегацыі сюды. Там праходзіла мэдычная выстава. Таму ніякія палітычныя пытаньні прэрагатыўна там не разглядаліся. Гэта выключна гуманітарны візыт, у межах усіх рэзылюцыяў Рады бясьпекі. Таму я думаю, што гэтыя дзьве абставіны зьвязваць абсалютна ня трэба”.
Я запытаўся ў Натальлі Пяткевіч, ці вяліся ўвогуле нейкія перамовы пра магчымы прытулак для Садама Хусэйна ў Беларусі...
“А гэта трэба пытаць — калі Вы гаворыце пра візыт беларускай дэлегацыі — у кіраўніка дэлегацыі. Я там не была”,— сказала прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Пяткевіч.
|
|
|
|
 |