


|

 |
19 Сьнежня 2001
|
МІСІЯ АБСЭ Ў ЛАТВІІ БУДЗЕ ЗАКРЫТАЯ |
Учора сталая рада арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе вырашыла зь першага студзеня наступнага году закрыць місыю АБСЭ ў Латвіі. Мандат місіі, якая дзейнічала ў краіне з 1993 году, палягаў у адстойваньні правоў нелатыскіх меншасьцяў краіны, у першаю чаргу расейскай меншасьці. Спыненьне працы місыі АБСЭ ў Латвіі адчыняе перад гэтай краінаю шлях да ўступленьня гэтай краіны ў НАТА і ў Эўразьвяз.
|
|
|
Юры Дракахруст, Прага |
|
Прэзыдэнт Латвіі Віка-Фрэйбэрга і прэм’ер-міністар Адндрыс Бэрзынс віталі рашэньне АБСЭ зачыніць місыю ў Латвіі. На думку лідэра народнай партыі, якая уваходзіць ува ўрадавую кааліцыю, Яніса Лагздінаса гэтае рашэньне было цалкам абгрунтаванае, бо парлямэнт і ўрад краіны зрабілі ўсё магчымае, каб прывесьці заканадаўства Латвіі да эўрапэйскіх стандартаў.
Варта адзначыць, што гучаць і іншыя галасы. Кіраўнік саюзу за правы чалавека Яніс Юрканс заявіў, што спыненьне працы місыі не азначае, што Латвія стала дасканалай краінай у пытаньні правоў чалавека. А адзін зь лідэраў расейскай грамады Латвіі, віцэ-мэр Рыгі Сяргей Далгаполаў наагул лічыць рашэньне АБСЭ заўчасным. Супраць спыненьня працы місыі ў Латвіі выступіла і МЗС Расеі, паводле меркаваньня Масквы Рыга не выканала свае абяцаньні датычна захаваньня правоў расейскай грамады.
Што ж на самой справе здолелі зрабіць улады Латвіі для абароны правоў нелатыскай меншасьці? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да рыскага карэспандэнта латыскай службы нашага радыё Занды Бэрзіны.
(Бэрзына: ) “За гэтыя 9 гадоў у Латвіі зроблена вялікая праца па стварэньні дэмакратычнага інтэграванага грамадзтва. Зараз спраўна ідзе працэс набыцьця грамадзянства, дзейнічае дзяржаўная праграма па вывучэньні латыскай мовы, ёсьць фонд інтэграцыі, прыняты закон пра інтэграцыю меншасьцяў у латвійскае грамадства. На мінулым тыдні наш прэзыдэнт Вікэ-Фрэйбэрга выступіла зь ініцыятывай зьмены закону аб выбарах. Яна прапануе зьняць патрабаваньне, каб асобы , што балятуюцца ў дэпутаты, дасканала ведалі латыскую мову. Праўда, гэтая прапанова мусіць яшчэ прайсьці праз парлямэнт. Апазыцыя мяркуе, што наўрад ці гэты закон пройдзе і таму, паводле меркаваньня апазыцыянэраў, працу місіі варта было б працягнуць”.
Дагэтуль істотная частка жыхароў Латвіі не зьяўляецца грамадзянамі краіны. Як ідзе працэс набыцьця імі грамадзянства?
(Бэрзына: ) “Кожны тыдзень грамадзянства атрымліваюць 500-700 чалавек. Я мяркую, шгто гэта досыць вялікая лічба. Зараз грамадзянамі Латвіі ўжо зьяўляюцца прыблізна 80% усіх жыхароў краіны. І заявы пра тое, што місію зачыняюць заўчасна, мне падаюцца неабгрунтаванымі”.
Ускосны паказчык незадаволенасьці той ці іншай меньшасьці сваім становішчам – гэта ўзровень эміграцыі. Ці шмат нелатышоў ад’яжджаюць з Латвіі – спытаўся я ў Занды Бэрзіны.
(Бэрзына: ) “Напачатку эміграцыя была вельмі значнаю. Прычынай яе быў закон пра мову. Зараз на тыдзень ад’яжджае прыкладна 7-8 сем’яў. Напачатку гэтыя лічбы былі вельмі высокімі – у месяц ад’яжджала з Латвіі па 20 тысячаў чалавек. Зараз эміграцыя значна зьменшылася”.
Варта дадаць, што тыдзень таму АБСЭ вырашыла зачыніць сваю місыю таксама і ў Эстоніі. |
|
|
|
 |
|
|