|
Бэльгійскія навукоўцы адшукалі ген, адказны за працягласьць жыцьця? |
|
|
Кастусь Бандарук, Прага |
|
Бэльгійскія вучоныя наблізіліся да адкрыцьця гену, адказнага за працягласьць жыцьця. Яны лічаць, што ўжо ў недалёкай будучыні мы будзем жыць на некалькі дзесяткаў гадоў даўжэй, і пры гэтым ў добрым здароўі і самаадчуваньні.
Зь ліку ўсіх жывых істотаў на Зямлі толькі чалавек усьведамляе, што яго чакае старасьць, а затым сьмерць, але ад гэтых ведаў яму не лягчэй. Вучоныя збольшага згодныя ў тым, што працэс старэньня пачынаецца ўжо са сьмерці першай клеткі ў арганізьме. Затым паступова назапашваюцца дэфэкты асноўных элемэнтаў клеткі, ДНК, бялкоў і тлушчоў. Урэшце нэгатыўныя зьмены становяцца нагэтулькі значнымі, што клеткі ня ў стане самавыпраўляцца і паступова зьяўляюцца відавочныя сымптомы старэньня арганізму: зьмяншаецца элястычнасьць скуры, маса цягліцаў і костак, падоўжваецца час рэакцыі, слабее імунная сыстэма.
Вучоныя лічаць, што мэханізмы старэньня запраграмаваны ў чалавека генэтычна гэтак сама, як колер вачэй або скуры.
Як выявілі дасьледчыкі, ген або гены, што адказныя за старэньне, верагодней за ўсё знаходзяцца на полавай храмасоме X і перадаюцца ад бацькоў дочкам і ад маці – сынам. (Нагадаем, што жанчыны маюць дзьве храмасомы X, а мужчыны – X i Y.)
Звузіць кола пошукаў гену доўгажыхарства ўдалося дасьледчыкам з бэльгійскага ўнівэрсытэту ў Лювэне. “Мы знайшлі магчымы генэтычны мэханізм, які ўплывае на старэньне і працягласьць жыцьця”, – адзначыў адзін з аўтараў дасьледаваньня доктар Ян Стэсэн у сваім артыкуле ў брытанскім навуковым часопісе The Lancet.
Бэльгійскія вучоныя абапіраліся на апублікаваную раней у ЗША навуковую працу, у якой сьцьвярджалася, што так званыя тэламэры маюць дачыненьне да працягласьці жыцьця. Слова тэламэр паходзіць з грэцкай мовы (“тэлас” – канец і “мэрос” – доля, частка). Як выявілі навукоўцы, тэламэры зьмяншаюцца разам з чарговым дзяленьнем клеткі. Такім чынам, чым большы іхны першапачатковы і абумоўлены генамі памер, тым даўжэй можа пражыць чалавек.
У часе дасьледаваньня вучоныя вымяралі велічыню тэламэраў у клетках добраахвотнікаў. Яны выявілі, што даўжыня тэламэраў перадаецца ў спадчыну паводле здаўна вядомага прынцыпу. Гэты прынцып можна патлумачыць лякалізацыяй гену ў храмасоме X.
Трэба памятаць, што гэтая храмасома перадаецца ад бацькі – дочкам і ад маці – дочкам і сынам. Вучоныя выявілі, што ў братоў і сёстраў, у бацькоў і дачок, а таксама ў маці і яе дзяцей даўжыня тэламэраў заўсёды амаль аднолькавая.
Такога падабенства не заўважана паміж мужам і жонкай, а таксама паміж бацькамі і сынамі. Гэта значыць, што чыньнік доўгажыхарства перадаецца ў спадчыну разам з храмасомай X, што дазваляе звузіць кола пошукаў гену, адказнага за старэньне, да гэтай храмасомы.
Вучоныя, аднак, папярэджваюць, што вынікі іхных дасьледаваньняў маюць першапачатковы характар і патрабуюць далейшай працы і праверкі. Акрамя таго, цалкам праўдападобна, што старэньне абумоўлена адразу некалькімі генамі, а выяўлены бэльгійскімі вучонымі зьяўляецца толькі адным зь іх.
Усьлед за адкрыцьцём бэльгійскіх вучоных, брытанскія вучоныя распрацавалі формулу леку, які на іхную думку, здольны прыпыняць працэс адміраньня клетак. Экспэрты мяркуюць, што гэты лек можа затрымліваць працэс разьвіцьця нявылечных хваробаў такіх, як рак. Доктар Мадалена Тарсунас (Madalena Tarsounas) з Інстытуту дасьледаваньня ракавых захворваньняў лічыць гэтае адкрыцьцё эпахальным. “Мы зможам зрабіць так, каб наша скура, унутраныя органы і ўсё цела цалкам не старэлі. Мы эфэктыўна прыпыняем наш біялягічны гадзіньнік, робячы клеткі бесьсьмяротнымі”.
Паводле навукоўцы ключом да адкрыцьця сталася малекула пад назвай RAD51D. Навінка, якая аднак яшчэ не прайшла клінічнага выпрабаваньня, можа быць уведзеная ў арганізм у выглядзе звычайнай ін’екцыі. Доктар Тарсунас адзначыла, што ўзорнымі клеткамі на шляху да гэтага адкрыцьця сталі ракавыя клеткі, якія па сутнасьці застаюцца вечна маладымі. Мадалена Тарсунас зазначае, што гэтае адкрыцьцё было вынікам некалькіх дзесяцігодзьдзяў дасьледаваньняў.
Пакуль канчаткова ня знойдзены эліксір маладосьці, а навукоўцы толькі працуюць над запавольваньнем працэсу старэньня, застаецца толькі суцяшаць сябе думкай, што і ў старасьці ёсьць свае плюсы і перавагі. Да такой высновы прыйшоў ужо ў старажытныя часы Цыцэрон. Ён дажыў да старога ўзросту і лічыў, што рэцэптам доўгажыхарства зьяўляецца ўсьведамленьне добра пражытага жыцьця ды інтэлектуальная актыўнасьць.
У сваім творы “Аб старасьці” Цыцэрон пісаў: “Ці ж ня ёсьць вялікім шчасьцем тое, што мы ўжо адслужылі нашыя гады, ідучы на павадку хцівасьці, амбіцыяў, спаборніцтва, спрэчак і ўсялякага кшталту жарсьцяў, і што нарэшце мы можам належаць самім сабе. І калі ў нас ёсьць яшчэ любоў да навукі і ведаў, якія зьяўляюцца нібыта стравай для розуму, дык што можа быць болей прыемным за свабодную ад прымусовых дзеяньняў старасьць”.
***
А зараз чарговыя парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі Real Age.
– Далейшая вучоба, атрыманьне дыплёму вышэйшай навучальнай установы зробіць Вас ня толькі разумнейшымі, але і здаравейшымі. Згодна дасьледаваньняў, вышэйшая адукацыя дае чалавеку больш пазытыўны погляд на жыцьцё і сваю будучыню, і разам з тым лепшае здароўе ў параўнаньні з тымі, хто адукацыю ня лічыць важнай. Сувязь паміж здароўем і адукацыяй не зусім ясная, але паводле статыстыкі людзі з вышэйшай асьветай жывуць даўжэй за малаадукаваных людзей. У якасьці адной з прычын навукоўцы адзначаюць той факт, што адукаваныя людзі лепш разьбіраюцца ва ўсім, што датычыць здароўя.
– Занадта вялікія або занадта малыя дозы вітаміну D павялічваюць рызыку хваробы прастаты. З дасьледаваньняў вынікае, што вітамін D адыгрывае важную ролю ў засвойваньні арганізмам кальцыю (мінэралу, які неабходны для костак). З дасьледаваньняў таксама вынікае, што вітамін D у значнай ступені засьцерагае ад некалькіх відаў раку. Багатымі крыніцамі гэтага вітаміну зьяўляецца малако, яйкі і атлянтычная трэска. Аптымальная колькасьць вітаміну D – 400 міліграмаў у дзень. |
|
|
|
|