news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


4 Траўня 2004
 
Брытанскія генэтыкі: “Мужчыны асуджаныя на выміраньне”
 
Кастусь Бандарук, Прага
 
“Мужчыны асуджаныя на выміраньне”, – гэты новы тэзыс брытанскіх генэтыкаў выклікаў сапраўдны землятрус сярод мэдыкаў.

“Мужчынскасьць мужчыны безупынна занікае як у сфэры біялёгіі, так і ў сфэры грамадзкіх дачыненьняў”, – піша Стыў Джонс, выкладчык генэтыкі ў лёнданскім Унівэрсытэцкім каледжы. Джонс зьяўляецца аўтарам кнігі “The Descent of Men”. Гэтую двухсэнсоўную назву можна перакласьці ня толькі як “Паходжаньне людзей”, а таксама як “Заняпад, сыход мужчын”.

У чым мужчыны горшыя за жанчын? Паводле Стыва Джонса, яны слабейшыя яшчэ перад нараджэньнем. У саракавым тыдні цяжарнасьці ненароджаны хлопчык запозьнены ў разьвіцьці ў параўнаньні зь дзяўчынкай на 4-6 тыдняў.

Хлопцы значна горш за дзяўчынак вучацца. На думку амэрыканскага псыхоляга Марка Робінса, у мужчын меншы псыхічны імунітэт. Яны горш спраўляюцца са стрэсам, часьцей перажываюць дэпрэсію. Мужчыны складаюць 70% усіх самагубцаў. З прычыны горшага рэфлексу і рухавой каардынацыі яны часьцей за жанчын гінуць у аўтакатастрофах. Мужчыны складаюць пераважную большасьць злачынцаў, пэдафілаў, злодзеяў і хуліганаў. Яны больш за жанчын кураць, п’юць, прымаюць наркотыкі і займаюцца азартнымі гульнямі.

Мужчыны па ўсім сьвеце жывуць карацей за жанчын, у краінах заходняй цывілізацыі ў сярэднім на 6 гадоў менш. Яны ў тры разы часьцей за жанчын хварэюць на сэрца і паміраюць ад інфаркту. Наагул, хваробы сэрца і крывяной сыстэмы зьяўляюцца прычынай амаль паловы сьмерцяў мужчын у перадпэнсійным узросьце.

Рэч у тым, што ў мужчынаў няма абарончага шчыта ў выглядзе эстрагену. Ён засьцерагае жаночыя сэрцы шляхам павялічанага эмісіі вокісу азоту, які пашырае вены.

А вінаватая ў гэтым храмасома Y, дзякуючы якой дзіцё атрымлівае мужчынскі пол. Жанчыны маюць у клетачным ядры дзьве амаль ідэнтычныя храмасомы X, адна зь іх зьяўляецца свайго кшталту рэзэрвовай копіяй на выпадак, калі адна зь іх будзе пашкоджаная.

А ў клетачным ядры мужчыны заміж другой копіі храмасомы X знаходзіцца маленькая самотная храмасома Y. Яна складае толькі адну пяцідзесятую частку ўсяго геному. Гэтая храмасома страціла здольнасьць да рэгенэрацыі і ўвесь час зьмяншаецца. Цяпер яна складае ўсяго траціну таго, што мела на пачатку эвалюцыі.

“Самцы Homo Sapiens асуджаныя на вымірае на шляху эвалюцыі віду”, – канстатуе прафэсар Стыў Джонс.

На думку іншага генэтыка, прафэсара Брайэна Сайкса з Оксфардзкага ўнівэрсытэту, носьбіты храмасомы Y нараджаюцца нібыта з прыроднай заганай. Апрача таго мужчыны становяцца штораз слабейшыя ў біялягічным сэнсе. У іх усё менш спэрматазоідаў. А тыя, што ёсьць, усё горшай якасьці.

Мужская храмасома назапасіла ў сабе мноства шкодных мутацыяў, якіх не было ў нашых дзядоў і прадзедаў. А кожнае наступнае пакаленьне будзе дабаўляць яшчэ больш генэтычнага сьмецьця да гэтай храмасомы. У выніку, на думку брытанскіх генэтыкаў, канец мужчыны наступіць прыблізна праз 5 тысячаў пакаленьняў, гэта значыць праз 125 тысяч гадоў.

Што канкрэтна зьяўляецца прычынай слабасьці мужчыны? Генэтыкі кажуць, што гэта тэстастэрон. Гармон, якім носьбіты так ганарацца, насамрэч нясе ім гібель.

Дасьледаваньні пацьвердзілі, што кастраваныя мужчыны жывуць у сярэднім на 13 гадоў даўжэй за астатніх. Дарэчы, у большасьці біялягічных відаў самцы жывуць карацей за самкі. На думку прафэсара Джонса ва ўсім вінаватыя яйцы. Іхны прадукт (тэстастэрон) адмоўна ўплывае на здароўе мужчыны. У сутыкненьні зь ім клеткі імуннай сыстэмы паміраюць, а мужчынскі арганізм няздольны вырабляць антыцелы. У выніку мужчынам цяжэй змагацца з ракам ды іншымі хваробамі.

Ці чалавецтва мае шанец выжыць без самцоў? Аказваецца, што канец мужчыны ня мусіць азначаць канца чалавечага роду. “Найлепшым выйсьцем было б клянаваньне, або заменьнік з жаночых тканак, і тады мы б абышліся без мужчынскай спэрмы. Яшчэ адзін спосаб – гэта вырошчваньне мужчынскіх спэрматазоідаў ў жывёльных ядрах”, – лічыць Кэрал Пэтэрсан з Гарвардзкага ўнівэрсытэту.

“Авечка Долі была зачатая бяз удзелу самца, што паказала палове чалавечага роду няпэўнасьць іх статусу,” – кажа прафэсар Джым Камінс. З тэхнічнага боку клянаваньне вельмі простае. Трэба ўзяць генэтычны матэрыял з арганізму жанчыны і ўкласьці яго ў пазбаўленую ядра яйцаклетку. Яшчэ два гады таму аўстралійская дасьледчыца Орлі Лахам-Каплан абвясьціла, што ў першай стадыі апладненьня непатрэбны спэрматазоід, бо можна паклікаць да жыцьця эмбрыён, які будзе мець дзьве маці. Ужо быў пасьпяхова праведзены экспэрымэнт на мышах.

“Магчыма ў недалёкай будучыні, дзякуючы навуцы, адбудзецца вяртаньне да першапачатковага жаночага стану і мужчыны зьнікнуць”, – кажуць генэтыкі. Паводле Брайэна Сайкса, існуе небясьпека, што разам з мужчынамі наступіць выміраньне ўсяго чалавечага роду. Шэраг відаў жывёлаў вымерлі з прычыны генэтычнай слабасьці самцоў, і зь людзьмі можа, хаця ня мусіць, адбыцца нешта падобнае.

Ці можна сабе ўявіць сьвет бяз мужчынаў? “Калі б існавала краіна кіраваная жанчынамі, я адразу перасяліўся б туды”, – кажа брытанскі рэжысэр Пэтэр Грінуэй. Свайго захапленьня жанчынамі не хавае Вуды Ален. “Я ўсё жыцьцё намагаўся вывучыць жаночую псыхіку, але бачу, што знаходжуся на пачатку дарогі. Сьвет, у якім былі б толькі жанчыны гэта была б ідылія: калі б жанчыны кіравалі сьветам, не было б войнаў, бандытызму і хуліганства”, – кажа культавы амэрыканскі рэжысэр. “Але гэта было б цудоўна толькі пад умовай, што ў ім знайшлося б месца і для мяне”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.