news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


7 Сьнежня 2002
 
Ня толькі жанчыны, але і мужчыны маюць свае складаныя дні і што робіць чыпсы шкоднымі
 
Сяргей Абламейка, Прага
 
Калі з вашым шэфам, мужам, настаўнікам ці калегам здараюцца дзіўныя мэтамарфозы і звычайна спакойны чалавек раптам бяз дай прычыны робіцца раздражнёны і агрэсіўны – не раздражняйцеся і вы. На гэта ёсьць прычыны. Зьмены настрою ў жанчын зьвязаныя пераважна зь іх месячным цыклам. Апошнім часам зьяўляецца ўсё больш паведамленьняў, што і мужчыны маюць свае “месячныя” – у іх таксама пэрыядычна падае ўзровень гармонаў у арганізме і ад гэтага псуецца настрой. Зьява атрымала і сваю назву – сындром мужчынскай раздражнёнасьці. Кіраўнік калектыву дасьледчыкаў з шатляндзкага гораду Эдынбург Геральд Лінкальн апублікаваў у адным з апошніх нумароў часопісу New Scientist вынікі сваіх дасьледаваньняў, якія сьведчаць аб гэтым.

Мэдыкі даўно заўважылі, што як і жанчыны, мужчыны таксама маюць клімакс, і называецца ён андрапаўза (у жанчын – менапаўза). Дасюль лічылася, што перамены настрою, зьвязаныя з гарманальным статусам, маюць мужчыны, якія старэюць – пераважна пасьля 50 гадоў. Лічылася таксама, што і без гармонаў старэючым мужчынам хапала падставаў для раздражненьня – аблысеньне, новыя штучныя зубы, падзеньне полавай функцыі. І вось доктар Лінкальн і яшчэ некалькі мэдыкаў на розных кантынэнтах сьцьвярджаюць, што сындром мужчынскай раздражнёнасьці, выкліканы падзеньнем узроўню тэстастэрону, можа праявіцца ў любога мужчыны ў любым узросьце. Дасюль лічылася, што чым большы ўзровень тэстастэрону ў крыві, тым больш агрэсіўным і раздражнёным робіцца мужчына. Сёньня мэдыкі сьцьвярджаюць, што ўсё наадварот.

Узровень тэстастэрону ў мужчынаў мае свае заканамэрнасьці. Ён, напрыклад, залежыць ад зьмены дня і ночы і ў ранішнія гадзіны заўсёды меншы, чым у вечаровыя. Але ёсьць больш глябальная заканамэрнасьць. Жанчыны маюць свой месячны цыкл і яго лёгка можна пазнаць праз кожныя 28 дзён. Дык вось цыкл мужчынаў зьяўляецца ТРОХМЕСЯЧНЫМ і залежыць ад актыўнасьці мужчынскіх семяньнікоў – ён проста зьнешне менш пазнавальны. Галоўная яго праява – сындром мужчынскай раздражнёнасьці.

Цікава, што адкрыцьцё мужчынскага цыклу і сындрому мужчынскай раздражнёнасьці пачалося з назіраньня за паводзінамі бараноў. Доктар Геральд Лінкальн заўважыў, што ўзровень полавага гармону ў бараноў падае пад восень і менавіта ў гэтую ж пару бараны робяцца больш агрэсіўныя. І хоць у чалавека перапады ўзроўню гармонаў меншыя, але гэтая заканамэрнасьць аказалася ўласьцівая і мужчынам.

Да высноваў лекараў з Шатляндыі далучаюцца і навукоўцы з Аўстраліі. Напрыклад доктар Кін-Хун Тай з Інстытуту дасьледаваньня раку ў Мэльбурне і доктар Дэвід Гандэльсман з унівэрсытэту ў Сыднэі пацьвердзілі высновы каманды Лінкальна. У Аўстраліі заўважылі, – піша часопіс New Scientist, – якія драматычныя зьмены настрою перажываюць пацыенты ў любым узросьце, калі ў выніку раку прастаты ім выдаляюць семяньнікі. Тое самае рабілася з пацыентамі, якія мелі дэфіцыт тэстастэрону і дзеля нейкіх прычынаў гвалтоўна спынялі курс замяшчальнай тэрапіі.

Гэтым, аднак, праблемы мужчынаў не вычэрпваюцца. Апрача натуральнай гарманальнай трохмесячнай нестабільнасьці ёсьць і яшчэ адзін чыньнік, які выклікае ў мужчынаў сындром мужчынскай раздражнёнасьці. Гэта – стрэс. Стрэс уплывае і на сам мужчынскі трохмесячны цыкл і можа яго зьбіваць.

Лекары неяк вывучалі гарманальны статус байцоў аддзелу спэцыяльнага прызначэньня. І высьветлілі, што перад атакай на тэрарыстаў, падчас яе і адразу пасьля яе ў байцоў драматычна падае ўзровень тэстастэрону ў крыві. Было праведзенае адмысловае дасьледаваньне і было высьветлена, што стрэс непасрэдна ўплывае на прадукцыйнасьць семяньнікоў. Прычым ня толькі стрэс надзвычайны, зьвязаны з крытычнай сытуацыяй, але і стрэс прывычны, напрыклад стрэс на працы, які доўжыцца месяцамі ці гадамі. Падчас крытычнай сытуацыі рэзка зьмяняецца бег крыві ў арганізме і мужчынскі полавыя ворганы застаюцца на кіслародным галаданьні. Таму лекары сьцьвярджаюць, што стрэс нават фізычна можа больш пашкодзіць мужчынам, чым жанчынам.

Сувязь настрою і ўзроўню тэстастэрону ў арганізме мужчыны ўжо настолькі відавочная, што часопіс New Scientist прыводзіць прыклад з працы амэрыканскага эндакрыноляга Дэвіда Абота. Гэты лекар у супрацоўніцтве з псыхатэрапэўтамі пасьпяхова лечыць дэпрэсію ў мужчынаў з дапамогай малых дозаў тэстастэрону!

***

4 сьнежня амэрыканская Адміністрацыя па кантролі за ежай і мэдыкамэнтамі апублікавала вынікі свайго дасьледаваньня аб шкоднасьці чыпсаў і бульбы фры. Шырока гэтая тэма стала абмяркоўвацца мінулай вясной, калі швэдзкія мэдыкі знайшлі ў смажаных вугляводных прадуктах акрыламід – рэчыва, высокія канцэнтрацыі якога могуць выклікаць рак.

Вынікі дасьледаваньня уносяць досыць спакойную ноту ў агулам панічныя паведамленьні апошняга году што да шкоднасьці любых смажаных прадуктаў, якія ўтрымліваюць вугляводы – найперш бульбы і хлебу. Найпершая выснова – ўзровень акрыламіду вельмі адрозьніваецца ў адных і тых жа прадуктах. Напрыклад, былі дасьледаваныя ўзоры смажанай бульбы з чатырох рэстарацыяў адной і той жа гандлёвай маркі і 25 пакетаў чыпсаў аднаго гатунку. Аказалася, што ўзроўні акрыламіду ў іх вельмі розьняцца – ад цалкам бяскрыўднага да вельм высокага і небясьпечнага.

Амэрыканскія мэдыкі падкрэсьліваюць, што сёньня яшчэ няма дастатковай яснасьці, што менавіта ўплывае на ўзровень акрыламіду ў прадуктах. Яны, аднак, падазраюць, што гэта залежыць ад глюкозы і амінакіслаты аспарагін – яе называюць злачынцам. Вельмі важная і працягласьць прыгатаваньня ежы. Лекары кажуць, што чым больш падсмажаны прадукт, інакш кажучы, чым больш цёмнага ён колеру, тым больш у ім канцэрагену акрыламіду. У якасьці прыкладу прыводзяць звычайны хлебны тост і раяць ня есьці перасмажанае.

Амэрыканская Адміністрацыі па кантролі за ежай і мэдыкамэнтамі асабліва зьвяртае ўвагу на тое, што вынікі дасьледаваньня яшчэ не канчатковыя. Мэдыкі таксама нагадваюць, што для здароўя чалавека вялікае значэньне мае здаровая дыета, багатая на садавіну і гародніну і неачышчанае зерне.

Вынікі гэтага дасьледаваньня апублікаваныя на інтэрнэт-вэрсіі часопісу Newsweek.

***

А зараз некалькі карысных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.

1. Агульнавядома, што зімой многія людзі маюць ня надта добры настрой. І вось адно нядаўняе дасьледаваньне паказала, што калі дарослыя людзі будуць дадаваць на працягу зімовых месяцаў да сваёй дыеты вітамін D, гэта можа рэзка падвышаць іх настрой. У гэтай сувязі RealAge сьведчыць, што актыўны клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.

2. Калі вы маеце праблемы са страваваньнем пасьля багатага сьвяточнага застольля, жуйце жавальную гуму. Жуйка можа зьмякчаць пякотку, стымулюючы выпрацоўку сьліны. Яна таксам скарачае адрэзак часу, які ваш стрававод кантактуе з кіслатой страўніка. Пры гэтым трэба выбіраць абавязкова ня мятную жуйку, бо мятная падвышае кіслату страўніка. RealAge сьведчыць, што актыўны клопат аб сваім здароўі можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 12 гадоў маладзейшым.

3. Калі вы будзеце на сьняданак есьці хлеб з атруб’ем, які багаты на фоліевую кіслату, вы можаце дадаткова ўмацаваць сваё сэрца. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што людзі, якія спажывалі шмат багатай на фоліевую кіслату расьліннай клятчаткі, мелі ў крыві паніжаны ўзровень так званага гомацыстэіну, які зьяўляецца паказьнікам рызыкі сардэчнай хваробы. RealAge сьведчыць, што сьняданак з буйназернявым хлебам можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост больш чым на 1 год маладзейшым.

4. Калі вы думаецуе, што закуска паміж асноўнымі прыёмамі ежы дапаможа вам менш есьці, вы памыляецеся. Людзі, што перакусваюць паміж сьняданкам і абедам, зьядаюць за абедам звычайную колькасьць прадуктаў. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што незалежна ад закускі паміж галоўнымі прыёмамі ежы, у часе абеду і вячэры людзі зьядаюць прывычныя для іх порцыі. RealAge сьведчыць, што нізкая ў калёрыях і багатая на пажыўныя рэчывы дыета можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.