|
|
29 Сьнежня 2001
|
Ці прыносяць карысьць арганізму нізкакалярыйная дыета і сэкс? |
Герой старажытнага грэцкага міту Тыфоніўс, закаханы ў багіню Аўрору, выпрасіў у Багоў несьмяротнасьць, але ён забыўся папрасіць іх аб самым важным – аб вечнай маладосьці. І ў старасьці жыцьцё ператварылася для яго ў пакуты. Як жа можна жыць доўга, але захаваць добрае здароў’е да старасьці?
|
|
|
Мікола Іваноў, Прага |
|
Амэрыканскі лекар з Каліфорніі Рой Вальфард ужо амаль 20 гадоў праводзіць мэдычны экспэрымэнт на самім сабе. Ужо два дзесяцігодзьдзі ён абмяжоўвае сваё харчаваньне 1200 калёрыямі ў дзень. Паводле дадзеных Усясьветнай Арганізацыі аховы здароў’я, гэта ўсяго траціна таго, што патрэбна чалавечаму арганізму для нармальнага функцыянаваньня.
Але сёньня, у сваё 77 гадоў, Рой Вальфард выглядае на 60 і сьцьвярджае, што зьбіраецца прытрымлівацца падобнай дыеты да 120 гадоў. Вынікі ягонага экспэрымэнту сьведчаць, што гэткая нізкакалярыйная дыета дазваляе ня толькі запаволіць працэсы старэньня, але і захаваць касьцявую масу, элястычнасьць скуры, працаздольнасьць мозгу і спраўнасьць імуннай сыстэмы.
Дыета Роя Вальфарда – гэта, аднак, ня простае абмежаваньне колькасьці калёрыяў. Ён адмаўляецца перадусім ад так званых пустых калёрыяў, якія ня маюць у сабе вітамінаў, мінэральных соляў і іншых карысных для арганізму рэчываў. У ягоным мэню пераважае садавіна і гародніна, якія маюць мінімальную колькасьць калёрыяў, затое багатыя на вітаміны і мінэралы.
Некаторыя навукоўцы, якія вывучаюць ход экспэрымэнту доктара Роя Вальфарда, лічаць, што падобнае абмежаваньне харчаваньня вельмі карыснае для здароў’я чалавека галоўным чынам таму, што запавольваюцца працэсы абмену рэчываў, ліквідуецца непатрэбны арганізму тлушч.
Нізкакалярыйная дыета мабілізуе абарончыя сыстэмы арганізму і змушае іх больш актыўна супрацьдзейнічаць усім хваробатворчым працэсам. Людзі, якія ўжываюць нізкакалярыйную дыету, мала хварэюць прастуднымі захворваньнямі, яны больш устойлівыя да хранічных хваробаў.
Нізкакалярыйная дыета таксама абараняе клеткі арганізму ад зьнішчальнага ўзьдзеяньня глюкозы, якая трапляе ў крывяную сыстэму з хачовым цукрам. Звычайна наш арганізм рэагуе на кожнае падвышэньне цукру ў крыві выдзяленьнем інсуліну, які расшчапляе цукар на тлушч, які адкладаецца пазьней у арганізме. Але з гадамі працэсы выдзеленьня інсуліну затрымліваюцца, і тады глюкоза ў крыві можа ўступаць у рэакцыю з галягенамі і іншымі пратэінамі, і такім чынам нэгатыўна ўплываць на сасуды, нэрвы і іншыя ворганы. Нізкакалярыйная дыета – добры сродак, каб пазьбегнуць гэтага.
Другі спосаб падоўжаньня жыцьця чалавека, які цяпер актыўна вывучаюць навукоўцы, – гарманальная тэрапія. Пакуль няма неабвержных доказаў таго, што ўзьдзеяньне на мэханізм рэпрадукцыі гармонаў можа падоўжыць жыцьцё, але ёсьць шмат сымптомаў таго, што гэта магчыма.
У сярэдзіне 80-х гадоў амэрыканскі фізіёляг Эндру Бартке правеў экспэрымэнт. Ён перанасыціў цела лябараторных мышаў гармонамі росту. У выніку мышы расьлі ў некалькі разоў хутчэй і дасягнулі ў 2-3 разы большых памераў свайго цела, чымся нармальныя мышы. Але жылі яны вельмі мала ў параўнаньні з нармальнымі.
У 1996 годзе Бартке правёў адваротны экспэрымэнт. Кантрольная група мышэй атрымлівала значна меншую, чымся неабходна, колькасьць гармонаў росту. У выніку яны дасягнулі ўсяго толькі траціны масы цела ў праўнаньні з нармальнымі мышамі. Але жылі яны на палову даўжэй.
Гармон росту – толькі адзін з гармонаў, выдзяленьне якога арганізмам зьмяншаецца з узростам. Полавыя гармоны (эстраген у жанчынаў і тэстастэрон у мужчынаў) адыгрываюць вельмі важную ролю ў функцыянаваньні арганізму. Іх прыём у якасьці лекаў можа амалоджваць скуру, умацоўваць косьці і мышцы. Але ці могуць яны падоўжыць жыцьцё чалавека?
Амаль ва ўсёй жывой прыродзе назіраецца такое агульнае правіла: высокая плоднасьць амаль ніколі не спрыяе доўгавечнасьці. Некаторыя рыбы (напрыклад, ласось) паміраюць адразу пасьля нерэсту. Аднак, тыя рыбы і жывёлы, які маюць невысокую плоднасьць, жывуць доўга.
Ці падобнае правіла распаўсюджваецца на людзей?
Вынікі некаторых дасьледваньняў даюць магчымасьць станоўча адказаць на гэтае пытаньне. У 1998 годзе бытанскія навукоўцы з Манчэстарскага ўнівэрсытэту правялі генэалягіянае дасьледаваньне групы 32 тысячаў брытанскіх арыстакратаў за пэрыяд 1135 гадоў.
Як сярод мужчынаў, так і сярод жанчынаў назіралася адна цікавая заканамэрнасьць. Да ўзросту 60 гадоў дажывалі звычайны тыя, хто меў мала дзяцей, альбо ня меў іх зусім. А палова жанчынаў, якія дажылі да 81 году, былі бязьдзетныя.
Еўнухі, як сьведчаць гістарычныя крыніцы, жылі, як правіла, даўжэй, чымся нармальныя мужчыны. Вучоныя таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што ў адным з псыхіятрычных шпіталяў у амэрыканскім штаце Канзас кастрырваныя з мэдычных прычынаў пацыенты-мужчыны жылі на 10-12 гадоў даўжэй, чымся іншыя хворыя.
Гэтыя факты зьяўляюцца цяпер аб’ектам дэталёвых даследаваньняў спэцыялістаў у галіне працягласьці чалавечага жыцьця. Але адзін вывад, зь якім згаджаюцца амаль усе навкоўцы, бясспрэчны:
“Жыцьцё чалавека – катэгорыя, якая мае свой пачатак і сваё заканчэньне. І шмат рэчаў, якія дастаўляюць нам прыемнасьць, робяць гэтае заканчэньне больш блізкім. Сапраўды ўстрыманьне ад сэксу, ад піцьця алкаголю, напоўгалодная дыета можа дадаць нам некалькі дадатковых гадоў жыцьця. Але бальшыня з нас аддаюць перавагу больш актыўнаму і прыемнаму жыцьцю ў маладыя гады і сярэднім узросьце перад некалькімі дадатковымі гадамі спакойнай старасьці”.
І таму сёньня галоўная заданьне мэдыцыны – як зрабіць старасьць такім самым прыемным і плённым пэрыядам жыцьця, як і маладосьць…
А цяпер некаторыя парады амэрыканскай арганізацыі Realage: як жыць доўга і ў добрым здароў’і?
1. Ведаеце, якая самая багатая на антыаксыданты садавіна?
Экспэрты Realage лічаць, што гэта сьлівы, асабліва чырвоныя. Вынікі аднаго з дасьледаваньняў сьведчаць, што сьлівы маюць у сабе ня толькі высокую канцэнтрацыю вітамінаў С і А, але і могуць быць добрым сродкам дастаўкі ў арганізм калію. Дастатковая колькасьць антыаксыдантаў у вашым штодзённым мэню, як лічаць экспэрты Realage, можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшы.
2. Калі вы хочаце мець дадатковую гарантыю супроць
ракавых захворваньняў, паспрабуйце ўключыць у вашае штодзённае мэню цыбулю-парэй. У яе склад уваходзіць аніцылін, які можа перашкаджаць росту некаторых відаў ракавых глетак. Гэта перш за ўсё датычыць раку грудзяў і страўніку. Цыбуля-парэй таксама мае ў сабе такія карысныя рэчывы, як кальцый, жалеза і вітамін С. Realage сьцьвярджае, што багатая вітамінамі штодзённая дыета можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшы.
3. Калі вы зьбіраецеся пачаць альбо аднавіць рэгулярныя заняткі спортам, Realage рэкамэндуе спартовую хадзьбу. Апошнія дасьледаваньні сьцьвярджаюць, што падчас хадзьбы арганізм можа спажываць такую самую колькасьць калёрыяў, як і падчас джогінгу з такой самай хуткасьцю. Падчас аднаго экспэрмэнту амэрыканскіх навукоўцаў высьветлілася, што некаторыя жанчыны спажываюць падчас хадзьбы нават больш калёрыяў, чымся падчас бегу з такой самай хуткасьцю. Realage сьцьвярджае, што рэгулярныя заняткі спортам могуць зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 12 гадоў маладзейшы.
4. У некаторых складаных жыцьцёвых сытуацыях чалавек патрабуе падзяліцца сваімі праблемамі з блізкім чалавекам. Realage сьцьвярджае, што найлепей падыходзіць на гэтую ролю не сваяк, а добры стары сябра. Размова зь ім, нават па тэлефоне, найлепшы сродак пераадоленьня стрэсавых сытуацыяў. На думку экспэртаў Realage, трывалае і шчырае, доўгагадовае сяброўства можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост ажно на 20 гадоў маладзейшы.
|
|
|
|
|
|
|