news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


5 Сьнежня 2002
 
ЦІ ПЛЮРАЛІСТЫЧНЫ СКЛАД ТЭРЫТАРЫЯЛЬНЫХ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ?
Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.
 
Валер Карбалевіч, Менск
 
Удзельнікі: экспэрт Беларускага цэнтру канстытуцыяналізму і параўнальна-прававых дасьледаваньняў Сяргей Альфер і старшыня Гомельскага абласнога аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” Віктар Карніенка

(Валер Карбалевіч: ) “Заканчваецца першы этап кампаніі па выбарах у мясцовыя саветы — стварэньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. У значнай ступені менавіта ад іх складу залежыць вынік выбараў, залежыць тое, наколькі выбары будуць свабоднымі й дэмактратычнымі. Як вядома, з 1996 году ўсім галасаваньням у краіне спадарожнічалі грубыя парушэньні дэмакратычных нормаў, масавыя фальсыфікацыі.

Заканамерна, што найважнейшай перадумовай патрэбных уладам вынікаў выбараў быў поўны кантроль выканаўчай вэртыкалі над складам выбарчых камісіяў. Прадстаўнікоў апазыцыі туды проста не дапускалі. Таму склад выбарчых камісіяў — гэта нейкі папярэдні тэст на дэмакратычнасьць саміх выбараў.

І вось тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі створаныя амаль ва ўсіх рэгіёнах. Па той няпоўнай інфармацыі, якую мы цяпер маем, асноўны склад камісіяў — гэта людзі, падкантрольныя ўладзе. З прадстаўнікоў апазыцыі ў некаторыя камісіі ўключаюць толькі сяброў Партыі камуністаў беларускай (ПКБ) на чале з Калякіным і Лібэральна-дэмакратычнай партыі (ЛДП) на чале з Гайдукевічам. Як вядома, апазыцыйнасьць гэтых партыяў даволі своеасаблівая. Толькі ў Менскую гарадзкую выбарчую камісію ўключылі прадстаўніка Партыі БНФ.

Ці ёсьць нейкія адрозьненьні складу выбарчых камісіяў, якія створаныя цяпер, ад тых камісіяў, якія фармаваліся ў мінулым, падчас выбараў прэзыдэнта альбо Палаты прадстаўнікоў?”

(Сяргей Альфер: ) “Я ня думаю, што ёсьць нейкая розьніца паміж цяперашнімі камісіямі і тымі, якія ствараліся падчас мясцовых выбараў 1999 году, выбараў у Палату прадстаўнікоў 2000 году і (у меншай ступені) прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году. Падчас тых выбараў у некаторых выбарчых камісіях таксама прысутнічалі прадстаўнікі ПКБ і ЛДП.

Але хацеў бы адзначыць вось што. Не тэрытарыяльныя, акруговыя выбарчыя камісіі аказваюць вырашальны ўплыў на вынікі выбараў. Значна большую ролю тут адыгрываць участковыя камісіі, якія будуць фармавацца за 48 дзён да выбараў. І вось па складзе гэтых камісіяў у большай ступені можна рабіць высновы аб ступені дэмакратычнасьці будучых выбараў.

А цяпер пры стварэньні тэрытарыяльных камісіяў у большасьці захоўваецца іх ранейшы склад. Новых людзей нямнога, і яны мала што будуць вырашаць”.

(Віктар Карніенка: ) “Не для таго гадамі стваралася сыстэма дасягненьня патрэбных уладзе вынікаў, фальсыфікацыяў падчас выбараў, каб зараз ад яе адмовіцца. Па вялікім рахунку, усё засталося па-старому. Магчыма, крыху зьмянілася тактыка ўладаў падчас фармаваньня камісіяў. Магу здагадвацца, што зараз выканаўчая вэртыкаль праводзіць індывідуальную працу з тымі грамадзянамі, якія вылучаюцца ў выбарчыя камісіі. І з улікам такой працы і яе аналізу адбываецца фармаваньне камісіяў.

У якасьці прыкладу разгледзім сытуацыю на Гомельшчыне. Зь лета ў нас працуе круглы стол, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партыяў і некаторых грамадзкіх аб’яднаньняў. У тым ліку ў круглым стале ўдельнічала ПКБ. Былі дамовы аб кансалідаваным вылучэньні прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчыя камісіі. І якраз напярэдадні вылучэньня ПКБ парушыла ўсе дамоўленасьці й пачала весьці ўласную сэпаратную палітычную лінію. Лічу, што такая палітыка ідзе на карысьць уладзе і сьведчыць аб умоўнасьці апазіцыйнага статусу гэтай партыі.

Факт уключэньня прадстаўніка БНФ у Менскую гарадзкую выбарчую камісію зьяўляецца выключэньнем з агульнага правіла. Магчыма, улады вырашылі, што будзе зусім непрыстойна адмаўляць усім. Ідзе імітацыя дэмакратычнага працэсу.

Калі б напярэдадні гэтай выбарчай кампаніі сярод апазыцыйных партыяў было адзінства, кансалідаванае вылучэньне ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі па адным узгодненым прадстаўніку, то ў такім выпадку адмовіць было б вельмі цяжка”.

(Карбалевіч: ) “Вы, Віктар, прапанавалі вельмі цікавую формулу: “імітацыя дэмакратычнага працэсу”. Сутнасьць такой палітыкі якраз добра бачная на прыкладзе Гомельскай вобласьці. Калі б улады наагул нікога з прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў не ўключылі ў склад абласной выбарчай камісіі, было б усё зразумела. А тут уключылі сябра ПКБ, дырэктара хлебзаводу з Рагачова. Відавочна, што дырэктар хлебзаводу вельмі залежны ад вэртыкалі. Такім чынам, фармальна прадстаўнік апазыцыі як бы ўключаны ў склад камісіі. Але ў рэальнасьці гэта і ёсьць імітацыяй дэмакратыі”.

(Карніенка: ) “Кансалідаваным рашэньнем усіх апазыцыйных партыяў у склад абласной выбарчай камісіі была накіраваная былая старшыня Гомельскага гарадзкога савету Сьвятлана Гальдадзэ. І зараз улады ужо ня могуць сказаць, як падчас адной зь мінулых выбарчых кампаніяў казала старшыня Цэнтарвыбаркаму Ярмошына, што апазыцыя вылучае непадрыхтаваных людей. Але тым ня менш, Гальдадзэ не ўключылі”.

(Карбалевіч: ) “Якія высновы пра сцэнар будучых выбараў можна зрабіць на падставе складу тэрытарыяльных выбарчых камісіяў?”

(Альфер: ) “Я лічу, што ня столькі найвышэйшая ўлада, колькі мясцовая вэртыкаль зацікаўленая ў тым, каб мець паслухмяныя саветы. Хачу адзначыць, што нават калі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі будуць уключаныя 1–2 прадстаўнікі апазыцыйных партыяў у якасьці толькі шараговых сяброў камісіі, якія ня будуць займаць там кіроўных пасадаў, падпісваць папераў, ня змогуць цалкам прасачыць іх працу, то перашкодзіць фальсыфікацыям ім будзе даволі цяжка.

Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2000 годзе я быў назіральнікам на выбарчай акрузе №100. У акруговай выбарчай камісіі былі тры прадстаўнікі апазыцыйных партыяў (адзін ад ЛДП і два ад ПКБ), што не перашкодзіла гэтай выбарчай камісіі сфальсыфікаваць вынікі выбараў. Усе тры апазыцыянэры падпісалі выніковы пратакол, у якім былі сфальсыфікаваныя вынікі выбараў. Таму што яны ня мелі ніякай іншай інфармацыі, акрамя пратаколаў участковых выбарчых камісіяў, якія былі сфальшаваныя”.

(Карніенка: ) “На падставе таго, як зараз фармуюцца тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі, магу прагназаваць, што выбіраць дэпутатаў будуць менавіта выбарчыя камісіі, а не насельніцтва. Мы ведаем, якімі крытэрамі Лукашэнка ацэньвае працу мясцовай улады. Можна узгадаць, як пасьля давыбараў у Палату прадстаўнікоў Лукашэнка публічна сказаў кіраўніку Берасьцейскай вобласьці Даўгалёву: “Пасьля выбараў я вам веру”. Прыгадаем скандальна славутыя “Мэрсэдэсы”, якія атрымалі кіраўнікі вэртыкалі пасля прэзыдэнцкіх выбараў.

Мне здаецца, што нічога нечаканага, новага ў параўнаньні зь мінулымі выбарамі ня будзе. Лукашэнка падчас нарады па правядзеньні выбараў вызначыў, што жанчыны і моладзь павінныя складаць ня менш як 40% дэпутатаў. Можа нейкіх там 2–3% выдзеляць і пад апазыцыю — каб абвесьціць, што вось столькі адсоткаў падтрымлівае апазыцыю. Але нават калі асобныя апазыцыянэры і зьявяцца ў саветах, гэта зусім не азначае, што ў нейкіх асобных рэгіёнах палітычная ініцыятыва перайшла да апазыцыі. Гэта ня так. Выбары пройдуць па сцэнару ўлады”.

(Карбалевіч: ) “Існуе інфармацыя, што ў выканкамах ужо ляжаць сьпісы будучых дэпутатаў, падпісаныя асобамі, якія займаюць кіроўныя пасады. Таму ўзьнікае натуральнае пытаньне: якая ў гэтых умовах можа быць стратэгія і тактыка апазыцыі?”

(Альфер: ) “Я ня думаю, што ўладамі будуць закрытыя ўсе выбарчыя акругі, нават у Менску будзе шанец пазмагацца за дэпутацкі мандат. Не абавязкова кандыдаты, якія вылучаныя ўладамі, паўсюль стануць дэпутатамі. І для ўлады тут існуе многа праблемаў, і ўладны сцэнар можа даць збой. У такім раскладзе для прадстаўнікоў апазыцыі ёсьць поле дзейнасьці, ёсьць пэўныя пэрспэктывы”.

(Карніенка: ) “Па першае, я абсалютна ўпэўнены, што працэс выбараў ня выйдзе з-пад кантролю ўладаў. Безумоўна, у некаторых саветах зьявяцца людзі, накшталт генэрала Фралова, якія стыхійна стануць на шлях апазыцыі да палітыкі вэртыкалі. Але гэта будуць адзінкі, і адносіць такія зьявы да перамогаў апазыцыі я б ня стаў.

Па-другое, я лічу, што апазыцыя ня вызначыла месца выбараў у саветы ў агульнастратэгічным пляне. Мне здаецца, што пры правільнай тактыцы падчас гэтых выбараў мы маглі б дасягнуць пэўнай лібэралізацыі ў краіне. Калі б апазыцыя па ўсёй краіне правяла арганізаванае і кансалідаванае вылучэньне ў выбарчыя камісіі, уладам было б значна цяжэй рэалізоўваць свой сцэнар выбараў.

Мы маглі б арганізавана вылучыць нават не ва ўсе камісіі, а, напрыклад, у 20% выбарчых камісіяў сваіх прафэсійна падрыхтаваных прадстаўнікоў, сьпісы зь іх прозьвішчамі надрукавалі бы ў прэсе, давялі да АБСЭ, Рады Эўропы, замежных амбасадаў. Мы б усім сказалі, што мы не “адмарозкі”, як нас называе Лукашэнка, мы гатовыя да супрацоўніцтва з уладамі. І калі іх не ўключаюць у выбарчыя камісіі, то ўся міжнародная грамадзкасьць магла б задаць пытаньне: чаму?

Але яшчэ ня позна гэта зрабіць. Наперадзе вылучэньне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Абавязковая умова — узгодненыя дзеяньні ўсіх апазыцыйных сілаў”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, першы тэст на дэмакратычнасьць будучых выбараў у мясцовыя саветы ўлады ня вытрымалі. Гэта дае падставу меркаваць, што сцэнар гэтых выбараў будзе вельмі падобны на той, які мы назіралі падчас мінулых выбараў, якія міжнародныя структуры прызналі выбарамі, што не адпавядаюць дэмакратычным стандартам”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.