|
ЧАРГОВЫ АКТ ВАНДАЛІЗМУ Ў КУРАПАТАХ |
У Курапатах невядомыя вандалы разбурылі некалькі дзясяткаў крыжоў і пашкодзілі мэмарыяльны знак “Ад народу Злучаных Штатаў Амэрыкі народу Беларусі дзеля памяці”.
|
|
|
Ганна Соусь, Менск |
|
Стоячы на Курапацкім пагорку, я налічыла каля дваццаці парушаных крыжоў. Сярод іх крыж ад архіепіскапа Юрыя Рыжага зь Беларускай Аўтакефальнай праваслаўнай царквы, крыж з Талачына, крыжы, якія былі ўсталяваныя на ямінах-магілах. Невядомыя вандалы пашкодзілі й мэмарыяльны знак, гэтак званую “лаву Клінтана”, твор скульптара Алеся Шатэрніка. Ад яго адарвалі мармуравую пліту, на якой была зьмешчаная інфармацыя пра тое, што гэты помнік быў усталяваны ў Курапатах амэрыканскім прэзыдэнтам Білам Клінтанам, што ў жніўні 2001 году пліту разбурылі невядомыя вандалы, а ў студзені 2002 году помнік быў адноўлены.
Мармуравая пліта была адкінутая на дзесяць мэтраў ад лавы. Яна прымерзла да зямлі. Усе сьляды вандалаў былі занесеныя сьнегам, аднак захаваліся сьляды ад колаў машынаў, якія заяжджалі на курапацкі пагорак.
Ва ўрочышчы я сустрэла Рацібора Бягуна, ён жыве недалёк і вельмі часта бывае ў Курапатах. Сёньня ён быў проста ў шоку ад убачаннага. Мы стаім разам зь ім ля “лавы Клінтана”.
(Бягун: ) “Гэтую пліту сарвалі вандалы, на жаль, невядомыя пакуль што. На месцы гэтай пліты яны пакінулі фартушкі, пазрываныя з крыжоў. Наколькі мне вядома, фартушкі гэтыя зрабілі дзеці. Яны ўпрыгожвалі крыжы ў Курапатах...
Учынены проста вялізны акт вандалізму. Вялікая колькасьць крыжоў зламаная, як каталіцкіх, гэтак і праваслаўных. Проста жудасна зараз... Нават няма словаў, каб выразіць увесь гэты боль!
Адчуваецца, што гэта добра сплянаваная акцыя, у якой удзельнічала вельмі шмат людзей, бо адзін чалавек наўрад ці такое мог зрабіць. Мабыць, упершыню такое разбурэньне тут”.
(Карэспандэнтка: ) “А з чым Вы гэтае зьвязваеце?”
(Бягун: ) “Я зьвязваю гэта з прэзэнтацыяй кнігі “Дарога праз Курапаты”. На ёй было вельмі шмат словаў сказана пра Курапаты, пра абаронцаў Курапатаў. Гаварылася, што вельмі шмат было дасягнута, што сапраўды абаранілі, сапраўды стварылі Народны мэмарыял. І вось гэта, мабыць, адказ”.
Рацібор Бягун мяркуе, што акт вандалізму адбыўся хутчэй за ўсё ўначы з 24 на 25 сьнежня — у Нараджэньне Хрыстовае. Бо сёньня ён сустрэў у Курапатах жанчыну, якая жыве ў доме паблізу, і тая паведаміла яму, што ўпершыню заўважыла разбурэньні ўранку 25 сьнежня. У зьвязку з тым, што адбылося ў Курапатах, Рацібор Бягун зьбіраецца зьвярнуцца ў міліцыю. |
|
|
|
|