|
ЛЯ КУРАПАТАЎ ХОЧУЦЬ БУДАВАЦЬ КАТЭДЖЫ |
Праект ахоўных зонаў Курапатаў пакуль ня будзе прыняты да разгляду на навуковай радзе Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі. Такі вынік сустрэчы кіраўніцтва дэпартамэнту з кіраўніцай Курапацкага мэмарыялу Маяй Кляшторнай і аўтаркамі праекту.
|
|
|
Ганна Соусь, Менск |
|
Сустрэча адбылася сёньня раніцай з ініцыятывы кіраўніцтва дэпартамэнту, але плёну ня мела. Мая Кляшторная выйшла з кабінэту старшыні дэпартамэнту Васіля Абламскага ў сьлязах і ўзгадала, як яны з маці каля дзесяці гадоў хадзілі па чыноўніцкіх кабінэтах і даказвалі, што Тодар Кляшторны — паэт.
Праект ахоўных зонаў Курапатаў уключае ў сябе сам помнік і тэрыторыі, якія прылягаюць да яго. Паводле закону, без праекту ахоўных зонаў нельга разглядаць у гэтым раёне ніводнай забудовы, якая падыходзіць блізка да Курапатаў. Як паведаміў Радыё Свабода намесьнік дэпартамэнту аховы гісторыка-культурнай спадчыны Ігар Чарняўскі, праект ахоўных зонаў яшчэ патрэбна ўзгадняць у розных інстанцыях, у тым ліку і зь мясцовымі органамі ўлады.
(Чарняўскі: ) “Таму што ёсьць парадак узгадненьня любой дакумэнтацыі, хоць праекту, хоць чаго”.
(Карэспандэнтка: ) “І калі гэтая працэдура будзе пройдзеная, як хутка дэпартамэнт прыме да разгляду праект?”
(Чарняўскі: ) “Ён будзе зацьвярджацца ў вызначаным парадку, як у законе, у 30-м артыкуле”.
Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная лічыць, што асноўная праблема цяпер палягае ў тым, што прадпрыемства “Вігэўрабуд” плянуе пабудаваць блізу Курапатаў катэджы, а калі праект ахоўных зонаў будзе зацьверджаны, то гэтае будаўніцтва будзе немагчымае. Гаворыць аўтарка праекту прадстаўніца прадпрыемства “Праектрэстаўрацыя” Тацяна Косьціч:
(Косьціч: ) “Вігэўрабуд” запраектаваў жылы раён, але ў нас іншае ўяўленьне пра гэтую тэрыторыю. Яны маюць дазвол выканкаму Менскага раёну на будаўніцтва, але без распрацоўкі зонаў аховы помніка, які знаходзіцца побач, у прынцыпе, гэткае рашэньне выканкаму незаконнае”.
Дарэчы, надоечы рашэньнем Камітэту архітэктуры менскага аблвыканкаму кіраўніцтва “Вігэўрабуду” было аштрафаванае на 55500 рублёў за тое, што гэтая фірма пачала блізу Курапатаў будаўніцтва катэджаў без належнага ўзгадненьня. Гэтае рашэньне было прынятае пасьля звароту Камітэту аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў аблвыканкам і пракуратуру.
Працягвае навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная:
(Кляшторная: ) “Гэта самая вялікая памылка горадабудаўніцтва, калі паміж прамысловай пляцоўкай “Аквабел” і курапацкімі магіламі ў межах хуткаснай трасы й дарогі “Заслаўе–Калодзішчы” месьціцца мікрараён. І людзей замыкаюць у нейкія рамкі, і для помніка вельмі кепскія ўмовы. Няма прасторы для агляду і ўвогуле жыцьцядзейнасьці”.
Цяпер Мая Кляшторная разам з аўтаркамі праекту пойдуць па чыноўніцкіх кабінэтах і будуць узгадняць праект ахоўных зонаў Курапатаў. |
|
|
|
|