|
ДАРОГА ПРАЗ КУРАПАТЫ |
Акцыя грамадзкага супраціву ў Курапатах — найбольш значная сёлетняя падзея. Восем месяцаў маладыя валанцёры абаранялі магілы продкаў ад вандалізму ўладаў. Сёлета ў Курапацкім лесе паўстаў Народны мэмарыял — крыжовая алея. Змаганьне за Курапаты ўжо называюць здабыткам найноўшай беларускай гісторыі. Сёньня наша карэспандэнтка і яе суразмоўцы Валянціна Трыгубовіч і Вячаслаў Сіўчык падсумоўваюць вынікі курапацкага чыну.
|
|
|
Ганна Соусь, Менск |
|
Я стаю на Курапацкім пагорку. Тут халодна й бязьлюдна. Зусім блізка на вялікай хуткасьці па новай кальцавой дарозе нясуцца машыны. Шэрагі крыжоў уздоўж прасекі белыя ад сьнегу. Сьнег прыкрыў у Курапатах многае. Пад белай коўдрай схаваныя сьляды падзеяў, што разгортваліся ў Курапатах летась і сёлета. Тых падзеяў, што закранулі й неяк зьмянілі лёсы соцень люзей.
Я накіроўваюся ўніз да Крыжа “Пакутнікам Беларусі” і капліцы Маці Божай Курапацкай усіх нявінна расстраляных. Тут на пляцоўцы калісьці стаяў вайсковы намёт з буржуйкай. Пра яго нагадваюць цяпер толькі абпаленыя сасновыя галінкі наверсе...
Але вернемся да самага пачатку й нагадаем, як разгортваліся падзеі, як прайшла дарога праз Курапаты.
Адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў пачылося пашырэньне Менскай кальцавой дарогі ля ўрочышча Курапаты — жалобнага месца, дзе ў 1930–40-я гады карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 30 да 200 тысяч бязьвінных людзей. Тады на шляху бульдозэраў і экскаватараў паўсталі крыжы — дзясяткі, сотні крыжоў. І людзі станавіліся перад тэхнікай, баронячы магілы сваіх продкаў.
У Курапацкім лесе паўстаў лягер абаронцаў нацыянальнага нэкропалю — валанцёраў, маладых людзей з Маладога Фронту, Беларускай партыі свабоды й руху “Зубр”. Больш за восем месяцаў доўжылася доўгатэрміновая вахта памяці ва ўрочышчы.
Дарога прайшла праз Курапаты, але нацыянальны нэкропаль ня быў разбураны. Апроч моладзі самыя розныя партыі, арганізацыі й проста людзі далучыліся да абароны Курапатаў. Намаганьнямі актывістаў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ ва ўрочышчы паўстаў народны мэмарыял — крыжовая алея. Прадстаўнікі грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” распрацавалі канцэпцыю мэмарыялізацыі Курапатаў і даслалі яе ва ўрад.
Але гэта толькі фактура, сканцэнтраваная кроніка падзеяў вакол Курапатаў. Цяпер праз пэўны час пры канцы году варта прааналізаваць усё тое, што адбылося ў Курапатах. Чаго насамрэч дасягнула грамадзкасьць, баронячы ўрочышча ад вандалізму ўладаў? Чым быў адметны гэты пэрыяд барацьбы за нацыянальны нэкропаль? Свой пункт гледжаньня прадстаўляе актывістка грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” мастацтвазнаўца Валянціна Трыгубовіч:
(Трыгубовіч: ) “Змаганьне за Курапаты, якое пачалося ў верасьні 2001 году разам з будаўніцтвам Менскай кальцавой дарогі, — гэта было іншае змаганьне, адрознае ад таго, як пачыналася змаганьне за Курапаты пры канцы 1980-х гадоў. Гэта было адкрыцьцё Курапатаў як тэмы, як зьявы для вельмі вялікай колькасьці беларускіх людзей. Мы тут, у Беларусі, адкрыўшы для сябе Курапаты, думалі, што далей справа пойдзе сама па сабе. Значыць, нехта павінен займацца мэмарыялізацый, нехта павінен даглядаць гэты лес.
Як высьветлілася, так не бывае. І вось усьведамленьне таго, што, тое, што ты агучыў, павінен сам даводзіць да лягічнага завяршэньня, было прынцыпова новым у другім этапе змаганьня за Курапаты, які пачаўся менавіта з будаўніцтвам кальцавой дарогі.
Грамадзкасьць паўстала супраць гэтага будаўніцтва, грамадзкасьць самага рознага ўзроўню й падрыхтаванасьці — ад людзей, якія ўключыліся ў гэтае змаганьне выключна на эмацыйнай ноце, да тых, што мелі нейкі гістарычны досьвед і глядзелі на ўсё гэтае шырэй. Магчыма, яны не стаялі перад бульдозэрам, але яны ішлі ў чыноўніцкія кабінэты і там змагаліся за Курапаты. Вось гэтая шырокая грамадзкасьць, якая ўключылася ў змаганьне за Курапаты, на маю думку, зьяўляецца прынцыпова новай зьявай”.
Іншы пункт гледжаньня мае Вячаслаў Сіўчык, вэтэран вулічнага супраціву, які правёў у Курапатах разам з маладымі валанцёрамі не адзін дзень і ноч. Ён лічыць, што рэканструкцыю кальцавой дарогі праз Курапаты магчыма было спыніць, і мажліва было дамагчыся, каб дарога прайшла ў абыход урочышча.
(Сіўчык: ) “Апошні этап, зьвязаны з наступам лукашэнкаўскага рэжыму на Курапаты, у прынцыпе, быў такім жа, як усё змаганьне за Курапаты. Адзінае, што я ўсё ж спадзяваўся, што ўдасца аб’яднаць усе апазыцыйныя сілы на абарону Курапатаў. Гэтага не адбылося, бо, калі б гэтае было б зроблена, я глыбока перакананы, што ўдалося спыніць бы й будаўніцтва кальцавой дарогі. Але ж нават тое, што было дасягнута, у асноўным, высілкамі маладых людзей, і тое, у пэўнай ступені, нечаканасьць.
Тое, што ўдалося ўсё ж спыніць зьнішчэньне Курапатаў, тое, што ў асноўным высілкамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ за апошні год там сапраўды ўзьнік Народны мэмарыял, гэтыя крыжы. Ахвярнасьць людзей, якія кідаліся літаральна пад колы, каб паспрабаваць спыніць вандалаў. Усё гэта, канечне, уражвае, гэта ўжо ёсьць здабыткам найноўшай гісторыі. Думаю, што ўсё гэта дазволіць беларускаму народу ўрэшце вызваліцца”.
(Карэспандэнтка: ) “Апошнім часам ад самых розных палітычных сілаў, арганізацыяў можна было чуць, што менавіта яны зьяўляліся галоўнымі змагарамі за Курапаты. Гучаць іншыя тэзы — змаганьне за Курапаты было адзінай пасьпяховай акцыяй беларускай апазыцыі за апошні час. Як Вы лічыце, ці паўсталі новыя палітычныя сілы на курапацкай глебе?”
(Сіўчык: ) “Паўсталі. Гэта яшчэ сёньня не зусім зразумела, але ўсё, што там адбывалася, урэшце выкрышталюе ў Беларусі новую нацыянальную сілу. Таму што сапраўды змаганьне за Курапаты было пасьпяховае. Але ж гэта ня быў посьпех апазыцыі, гэта быў ужо посьпех іншых людзей. На вялікі жаль, і рэжым ганебна сябе паводзіў у Курапатах, але й аб’яднаная апазыцыя праявіла не найлепшыя свае якасьці.
Вы маеце рацыю, цяпер усе кажуць, што гэта была пасьпяховая акцыя, бо за апошні год практычна больш нічога не было ў Беларусі. Але ж нягледзячы на такія дзеяньні аб’яднанай апазыцыі, у Курапатах пачаўся народны супраціў, які ажыцьцяўлялі ў асноўным незарэгістраваныя моладзевыя структуры. Прычым структуры розныя — і Малады Фронт, бо ініцыятарам курапацкай вахты быў Павал Севярынец, і Беларуская партыя свабоды, і частка новага руху “Зубр”.
І ўсё ж — які галоўны вынік барацьбы за Курапаты, якую ўжо называюць здабыткам найноўшай беларускай гісторыі? Ці былі выкананыя тыя задачы, якія ставіла грамадзкасьць спачатку? Працягвае Валянціна Трыгубовіч:
(Трыгубовіч: ) “Задача-максымум была не дапусьціць будаўніцтва дарогі, павесьці гэтую дарогу ў абыход Курапатаў. Гэтую задачу рэалізаваць не ўдалося. У сучасных умовах гэта было немагчыма. А задача-мінімум была захаваць тое, што ёсьць. І вось гэтая задача-мінімум была выкананая, я бы сказала, з плюсам. Таму што ўдалося захаваць ня толькі тое, што ёсьць на сёньняшні дзень, але й дапоўніць. Тыя крыжы, якія паўсталі стараньнямі самых розных людзей, самых розных партыяў, самых розных рухаў. Тое, што ўдалося гэтую мэмарыялізацыю працягнуць, бо пачатая яна была ў 1989 годзе, гэта вялікі плюс усяму змаганьню гэтага году”.
* * *
Пакуль ва ўрочышчы ціха. Курапацкія магілы засталіся некранутымі. Але побач з Курапацкім лесам ужо зь іншага боку ізноў вядзецца будаўніцтва — хутка тут паўстануць катэджы. Мажліва, пазьней зьявяцца й новыя аб’екты — зямля тут дарагая, і прэтэндэнтаў на яе хапае. Што далей? Ці не пачнецца змаганьне за Курапаты зноў? І хто тады будзе бараніць урочышча ад вандалаў? І якія намаганьні трэба прыкласьці зараз, каб засьцерагчыся ад новых наступаў на Курапаты? Вось меркаваньне Валянціны Трыгубовіч:
(Трыгубовіч: ) “Ініцыятыва “За ўратаваньне Курапатаў” пастанавіла прасунуць гэтую праблему, гэтую справу ад узроўню непасрэдна грамадзкасьці бліжэй да дзяржаўнага. Было шмат захадаў зроблена ў гэтым кірунку — але не дасягнутая пастаўленая мэта, Савет Міністраў не пайшоў на дыялёг з грамадзкасьцю. Мы разумеем сытуацыю, але мы будзем працягваць грукацца ў гэтыя зачыненыя дзьверы”.
А вось якім бачыць будучае курапацкага чыну Вячаслаў Сіўчык:
(Сіўчык: ) “Гэтыя крыжы, якія паўсталі ў Курапатах, мусяць і надалей ставіцца, і Курапаты сапраўды мусяць стаць лесам крыжоў. А што тычыцца тых аб’ектаў будаўніцтва, якімі можа быць разбураны гэты мэмарыял, то такая небясьпека сапраўды існуе, і калі гэтая небясьпека зноў паўстане, я глыбока перакананы, што цяпер будзе больш сілаў, каб абараніць гэты Народны мэмарыял”. |
|
|
|
|