|
|
28 Сьнежня 2001
|
НЕКАТОРЫЯ БУДАЎНІКІ Ў КУРАПАТАХ ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ АБАРОНЦАЎ |
Сёньня ў Курапатах апошні дзень у гэтым годзе вяліся будаўнічыя работы. Рабочыя едуць дахаты на навагоднія вакацыі й вернуцца на працу толькі 3 студзеня. Напярэдадні ад'езду адзін з будаўнікоў даў інтэрвію нашай карэспандэнтцы.
|
|
|
Ганна Соусь, Менск |
|
Звычайна будаўнікі, якія працуюць на рэканструкцыі Менскай кальцавой дарогі ля ўрочышча Курапаты, ня вельмі ахвотна размаўляюць з журналістамі. Але Ігар Шылягаў з Магілёву сёньня сам захацеў даць інтэрвію Радыё Свабода. Ён кажа, што наша радыё найбольш аб'ектыўна даносіць да слухачоў інфармацыю пра падзеі ў Курапатах.
Ігар Шылягаў працаваў 8 і 9 лістапада, укатваў пясок. Пазьней у адной газэце Ігар прачытаў, што рабочыя ягонай брыгады адразу пасьля падзеяў тых дзён звольніліся з працы, і быў гэтым вельмі абураны.
(Шылягаў: ) “Ніхто не звальняўся, проста зьмянілася вахта. Кожны выконвае тут сваю работу. Не пакутуем мы ад кашмараў. Але ж прыйшлі да кампрамісу пазьней, а адразу не маглі. Па-першае, звузілі дарогу і больш сюды не заходзім. Па-другое, знайшлі агульную мову з тымі, хто бароніць гэтае месца. Дык няўжо нельга было гэтага адразу зрабіць, а не даводзіць да таго, што адбывалася 8 і 9 лістапада”.
Ігар Шылягаў раней нічога ня ведаў пра Курапаты.
(Шылягаў: ) “Ніхто нам нічога не тлумачыў. Прыехалі валіць лес, і тады даведаліся. Атрымлівалі інфармацыю больш па чутках, нехта штосьці распавёў — ды ўсё. Начальства нас папярэдзіла, каб мы дужа сюды ня лезьлі пры працы, і каб не задзіраліся. А пра тое, што тут адбывалася, ніхто нічога не казаў. Інструктавалі так: працуйце, глядзіце пільна, бо, можа, нехта кінецца, клемы перакрые, і каб самі ня лезьлі ў той бок”.
Ігар Шылягаў працуе на вібракатку й экскаватары. Будуе дарогі ўжо каля 15 гадоў, і яму вельмі крыўдна, што цяперашняя будоўля сталася праблемнай. На пытаньне, хто ў гэтым вінаваты, Ігар адказвае:
(Шылягаў: ) “Вышэйшае кіраўніцтва вінаватае... Што нашае, што мясцовыя ўлады. А вінаваціць рабочых... Прыходзяць некаторыя старыя й кажуць: "Што вы робіце?" Пры чым тут рабочыя? У мяне такая ж сям'я, мне яе карміць трэба”.
Апошнім часам Ігар Шылягаў шмат дапамагае абаронцам Курапатаў. Учора навазіў сюды пяску, каб зрабіць пляцоўку пад капліцу. Дарэчы, ягонае кіраўніцтва ведае пра гэта і ня чыніць перашкодаў.
(Карэспандэнтка: ) “Неаднойчы і ад будаўнікоў, і ад міліцыянтаў я чула: "Што тут людзі сядзяць, яны грошы за гэта атрымліваюць — па 20 даляраў штодзень”.
(Шылягаў: ) “Я чуў таксама, ходзяць чуткі. Але ж мы ня першы раз тут бываем, так што ведаем. Ня верыцца нешта, каб атрымлівалі такія грошы й жылі ў такіх умовах”.
Ігар Шылягаў сёньня ад'яжджае ў Магілёў, і на разьвітаньне ён захацеў у эфіры нашага радыё павіншаваць з Новым годам і Калядамі ўсіх валанцёраў:
(Шылягаў: ) “Што тычыцца абаронцаў Курапатаў, то жадаю ім перамогі ў іхнай справе. Правільна робяць, што дамагаюцца. Нават у нас у Магілёве ёсьць пахаваньні, дзе расстрэльвалі, там ўсё агароджана, культурна зроблена. А тут у самой сталіцы , у лесе, і ніхто нічога ня ведае пра гэта — гэта ўжо задужа... Даўно маглі гэта зрабіць, агарадзіць нейкай простай маленькай агароджай, каб людзі ведалі. А ня так, што, даруйце, як на сьметніку ўсё".
|
|
|
|
|
|
|