|
|
24 Сьнежня 2001
|
У КУРАПАТАХ АДБЫЛАСЯ ПРЭСАВАЯ КАНФЭРЭНЦЫЯ |
Споўнілася тры месяцы, як у Курапатах нясуць варту валанцёры. З гэтай нагоды ў Курапатах адбылася прэсавая канфэрэнцыя, у выніку міліцыя ледзь не затрымала ейных удзельнікаў.
|
|
|
Ганна Соусь, Менск |
|
Прэсавая канфэрэнцыя адбывалася ў вайсковым намёце пад гукі будаўнічай тэхнікі — рэканструкцыя кальцавой дарогі вядзецца і ў сьвяты, і ў будні. Падсумоўваючы вынікі трохмесячнай акцыі ў Курапатах, лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец зазначыў:
(Севяпынец: ) "Па вялікім рахунку тут усё проста. Мы будзем стаяць, будзем назіраць за працай будаўнікоў столькі, колькі спатрэбіцца. Да таго часу, пакуль будаўнікі не сыдуць. Калі гэта будзе некалькі месяцаў, мы застанемся на некалькі месяцаў".
А паводле прадстаўніка руху "Зубр" Яўгена Афнагеля, верагодна, што моладзь працягне дзяжурства ў Курапатах і пасьля заканчэньня будаўніцтва, і будзе знаходзіцца тут, пакуль не пабудуюць мэмарыял.
У часе прэсавай канфэрэнцыі ўсе выступоўцы шмат гаварылі пра тое, што ў Курапатах фармуюцца новыя палітычныя сілы Беларусі. Яўген Афнагель узгадаў запіс, зроблены надоечы ў адмысловым курапацкім дзёньніку дацкім журналістам:
(Афнагель: ) "Ён напісаў, што можа ў гэтым лягеры нараджаецца новая Беларусь. Сапраўды, Курапаты прымірылі ўсе моладзевыя арганізацыі. Усе знаходзяцца разам, усе робяць адну справу. І я вельмі спадзяюся, што прыклад моладзі пакажа, што трэба рабіць дарослым палітыкам, якія ня могуць ніяк пазбавіцца сваіх амбіцыяў, каб аб'яднацца дзеля асноўнай справы — вызваленьня нашай краіны".
У зьвязку з падзеямі ў Курапатах лідэр Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі згадаў трагічны лёс Андрэя Зайцава з Гомеля.
(Высоцкі: ) "Нельга не сказаць пра трагічную гібель Андрэя Зайцава, аднаго з абаронцаў Курапатаў, які прыяжджаў сюды з Гомеля й працягваў тут варту некалькі дзён. Гэты чалавек апынуўся пад вельмі сур'ёзным ціскам уладаў. Хто ён, як не чарговая ахвяра расейска-камуністычнай сыстэмы? Злодзеі, якія тут раней забівалі людзей, працягваюць і далей забіваць. І гэтая ахвяра — ахвяра Курапатаў таксама".
Што да канкрэтных вынікаў трохмесячнай варты ў Курапатах, то Павал Севярынец акрэсьліў іх наступным чынам:
(Севярынец: ) "Удалося абараніць ня вельмі, можа, глябальныя — лякальныя — але вельмі важныя дэталі. Куды пацячэ вада са сьцёкаў, якім чынам будзе фармавацца адхон, ці крануць крыжы, усталяваныя грамадзтвам, — гэта ўсё адстойвалі абаронцы Курапатаў. Мы ўзьнялі тэму пабудовы мэмарыялу, і тая ж самая грамадзкая ініцыятыва "За выратаваньне Курапатаў" нарэшце зразумела вартасьць гэтай тэмы, і цяпер там пачалі працу".
У часе прэсавай канфэрэнцыі ў Курапатах паболела міліцыі. Прыехаў нават адмысловы мікрааўтобус — "варанок". У намёт зайшоў маёр міліцыі й, не назваўшы сябе, пачаў распытваць, хто тут галоўны, хто наладзіў прэсавую канфэрэнцыю. Далей запрасіў усіх выступоўцаў (як, дарэчы, і мяне) прайсьці разам зь ім у машыну, але потым зьмяніў сваё рашэньне й пакінуў урочышча. |
|
|
|
|
|
|