|
|
19 Сьнежня 2001
|
У КУРАПАТАХ ВАЛАНЦЁРАМ НЕ ХАПАЕ ДРОВАЎ ДЛЯ АЦЯПЛЕНЬНЯ НАМЁТУ |
Рэканструкцыю Менскай кальцавой дарогі ля ўрочышча Курапаты сёньня не вялі. Будаўнікі працавалі блізу аўтобуснай станцыі "Зялёны Луг-6". Калі я раніцай прыйшла ў Курапаты, то засьпела толькі аднаго валанцёра — Аляксея "Капэляна". Уначы ў лягеры заставаліся 4 чалавекі.
|
|
|
Ганна Соусь, Менск |
|
"Капэлян" спрабаваў распаліць буржуйку пры дапамозе саляркі, бо дровы былі сырыя. Паводле Аляксея, праблемы з ацяпленьнем намёту могуць быць сур'ёзныя.
(Аляксей: ) "Будаўнікі мне абяцалі, што зробяць дровы. Яны парэзалі, і можна будзе забраць. Але ж яны сырыя, будуць шыпець, кіпець, а цяпла ня будзе. Нам на суткі патэбны адзін кубамэтар дроваў. Трэба ісьці шукаць сухастой, валіць яго, але ж яго застаецца ўсё менш і менш. Ужо і так эканомім гэтыя дровы. Сёньня ўначы тры разы тушылі буржуйку дзеля эканоміі. Ня зьмерзьлі. Я зьвяртаюся да людзей: мы былі б вельмі ўдзячныя, каб нам дапамаглі з палівам".
Увесь час у Курапатах валанцёраў пільнуе міліцыя. Адна машына з абласным АМОНам стаіць непадалёк ад ляснога масыву, а другая, з гарадзкім — з боку мікрараёну. Звычайна раніцай амонаўцы заходзяць у намёт, каб пералічыць валанцёраў. Апошнім часам Аляксей заўважыў пэўныя перамены ў міліцэйскім дзяжурстве.
(Аляксей: ) "Ужо тыдзень, як гарадзкія стаяць без машыны. Прывозяць двух чалавек, выкідваюць — і мерзьніце поўны дзень. Яны й лазяць вакол Курапатаў".
(Карэспандэнтка: ) "А да вас не заходзяць пагрэцца?"
(Аляксей: ) "Абласныя хай заходзяць, а гарадзкім сюды дарога закрытая".
(Карэспандэнтка: ) "А чым абласныя лепшыя за гарадзкіх?"
(Аляксей: ) "Абласныя душой і сэрцам з намі. Але ж ёсьць загад, і яны нічога зрабіць ня могуць. Яны разумеюць, што гэта трэба ня толькі нам адным, а гэта патрэбна многім — нават і ім, так яны кажуць".
Паводле Аляксей, розьніца паміж гарадзкімі й абласнымі амонаўцамі была бачная яшчэ 8 і 9 лістапада, у часе затрыманьняў.
(Аляксей: ) "У асноўным затрымлівалі адны гарадзкія. Абласныя затрымалі двух ці трох чалавек. Ёсьць у іх такі начальнік Папоў, ён аддаваў некалькі загадаў, ён крычаў на іх і ледзь насільна ня гнаў, толькі тады яны пайшлі. А так стаялі й нават нікога не кранулі. І не зьбівалі, так як зьбівалі гарадзкія".
Размаўляючы з Аляксеем, я заўважаю, што полымя ў буржуйцы амаль гасьне — сырыя дровы ня хочуць гарэць. Аляксей спадзяецца, што неўзабаве нехта прыйдзе ў Курапаты, тады яны разам пойдуць у лес шукаць сухія дровы. |
|
|
|
|
|
|