|
|
24 Сьнежня 2001
|
Сайт беларускага Дзеда Мароза, старонка выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі, шматмоўе ў Інтэрнэт. |
|
|
Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага |
|
У сёньняшнім выпуску вы пачуеце пра афіцыйны сайт Дзеда Мароза ў Беларусі, пазнаёміцеся з інтэрнэт-старонкай “Аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі”, а таксама даведаецеся пра вынікі чарговага інтэрнэт-апытаньня беларускай службы радыё “Свабода”.
Напярэдадні Калядаў у Інтэрнэце зьявілася новая старонка – афіцыйны сайт Дзеда Мароза ў Беларусі. “Асучасьніваюцца мае мэтады працы,” – піша Дзед Мароз. – “Схэма распаўсюджаньня падарункаў працуе па-старому – з торбы за плячыма проста пад вашую елачку. Але ўводзіцца новая сыстэма загадваньня жаданьняў: праз Інтэрнэт. Пішыце мне, хваліце сябе і чакайце адказу”.
На старонцы, апрача сьвяточнага звароту Дзеда Мароза, зьмешчаныя тры вакенца формы. У адным вас просяць напісаць, якія добрыя справы вы зрабілі ў гэтым годзе, другое вакно – для пажаданьняў і просьбаў, а трэйцяе – для вашага электроннага адрасу.
Стваральнікі старонкі – супрацоўнікі вядомай студыі вэб-дызайну ў Менску, якая называецца Red Graphic. Калі казаць пра адмоўныя бакі гэтага інтэрнэтнага праекту, то іх хіба два. Па-першае, старонка створаная па-расейску, і па-другое, выява Дзеда Мароза на старонцы больш нагадвае маску Ўсамы бін Лядэна чым суродзіча Санты Кляўса. З намі на сувязі зь Менску капірайтар кампаніі Red Graphic Надзея Зелянкова.
(Сокалаў-Воюш: ) “Скажыце, калі ласка, Дзед Мароз атрымлівае лісты толькі ад дзяцей, ці і ад дарослых?”
(Зелянкова: ) “Дзед Мароз атрымлівае лісты часьцей за ўсё ад дарослых. Частка лістоў ад студэнтаў і вельмі шмат лістоў ад дзяцей. А, дарэчы, пішуць яшчэ бацькі, якія хочуць, каб Дзед Мароз павіншаваў іхных дзяцей, і яны пішуць ці ад імя дзяцей, ці пішуць, каб павіншавалі самое іхнае дзіця”.
(Сокалаў-Воюш: ) “А якія пажаданьні ці просьбы сустракаюцца найчасьцей?”
(Зелянкова: ) “Самае звычайнае – гэта шчасьця, здароўя. Нехта хоча здароўя сваім бацькам, сваёй маці. Ёсьць пажаданьні наконт тэхнікі – гэта кампутары, паказы банэраў, новыя сайты.
У раздзеле формы, дзе трэба запісваць пажаданьні, людзі часта пакідаюць падзяку за сайт ці падзяку Дзеду Марозу за тое, што ён ёсьць. Усе атрымліваюць адказы Дзеда Мароза і потым частка людзей ізноў піша яму і дзякуе за адказ”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Мае дзеці напісалі ліст, у якім папрасілі Дзеда Мароза зрабіць гэты сайт па-беларуску. Дзед Мароз адразу ж адказаў, што іхнае жаданьне сьціплае і прыемнае і яно абавязкова збудзецца ў 2002 годзе. Цяпер дзеці зь нецярплівасьцю чакаюць Новага году. На што ім можна спадзявацца?”
(Зелянкова: ) “Спадзявацца на тое, што ў 2002 годзе Дзед Мароз на нашым сайце можа загаварыць па-беларуску”.
Гэта была капірайтар кампаніі Red Graphic Надзея Зелянкова. Нагадаю, што афіцыйны сайт Дзеда Мароза ў Беларусі вы можаце знайсьці паводле кардынатаў: www.dedmoroz.info
Вы ведаеце, што каб засьцерагчы сьвяточную елку ад абсыпаньня ігліцы, трэба ад пачатку яе пару дзён патрымаць на вуліцы, а потым, ужо ў хаце, трымаць канец ствала ў вадзе, папярэдне распусьціўшы там дзьве-тры лыжкі гліцэрыну. А як зрабіць, каб елка не абсыпалася пару тыдняў? Як і якія цацкі на елку вы можаце зрабіць самі? Як выразаць сьняжынкі на вокны? Які парадк разьвешаньня елачных упрыгожаньняў?
Пра ўсё гэта – у яшчэ адной навінцы Інтэрнэту – старонцы “Аб’яднаньня выхадцаў зь Беларусі ў Ізраілі”. Але гэта толькі нязначная частка публікацыяў.
Сярод асноўных матэрыялаў інтэрнэт-выданьня: кароткая гісторыя габрэяў у Беларусі, матэрыялы па габрэйскай гісторыі часоў Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, зьвесткі пра вядомых прадстаўнікоў гэтага народу, чый лёс быў зьвязаны зь Беларускай зямлёй, мапы, навіны, інфармацыя пра само “Аб’яднаньне”, зь якой мы можам даведацца, што яшчэ ў 20-я гады, калі тэрыторыя цяперашняга Ізраілю называлася падмандатнай Палестынай, выхадцы зь Беларусі рэгуляна праводзілі тут свае сустрэчы.
Само Аб’яднаньне існуе ў Ізраілі з 1946 году. Ягоная інтэрнэт-старонка, напісаная па-расейску, зьявілася сёлета. Ці не было ідэі зрабіць яе і па-беларуску. Гаворыць рэдактар старонкі старшыня ерусалімскага аддзелу зямляцтва Генадзь Пекер:
(Пекер: ) “Я яшчэ да гэтага не дайшоў. Але гэта можа быць, калі ў мяне зьявяцца памочнікі, якія будуць дапамагаць”.
(Сокалаў-Воюш: ) “На вашай старонцы зьмешчаны сьцяг, які на палову ёсьць чырвона-зялёным сьцягам Лукашэнкі, а на палову – ізраільскім з шасьціканцовай зоркай. Чаму вы не ўжывалі бел-чырвона-белага сьцягу?”
(Пекер: ) “Ня мы гэта вырашалі. Мы зрабілі гэта на ўзор украінскай старонкі, дзе таксама зьмешчаныя выявы двух сьцягоў. Ізраільскага і афіцыйнага сьцягу Ўкраіны. На нашым форуме з гэтай нагоды была спрэчка, але апошнім часам яна крыху сьцішылася”.
(Сокалаў-Воюш: ) “І ўсё ж, на колькі рэальна зьмяніць на вашай старонцы чырвона-зялёны сьцяг на бел-чырвона-белы?”
(Пекер: ) “Я сам не дызайнэр і таму, калі нехта падасьць добрую прапанову, тады цалкам магчыма, што зьменім. Але, калі мы будзем мяняць, то неабавязкова пакідаць ідэю сьцягу. Мы можам ужыць які заўгодна іншы сымбаль, які пасуе Зямляцтву і назву “Аб’яднаньне выхадцаў зь Беларусі” напісаць на тле Сьцяны Плачу”.
(Сокалаў-Воюш: ) “Спадар Пекер паведаміў, што карыстальнікаў у ягонай старонкі шмат, бо толькі сёлета на зьезд Аб’яднаньня зьехалася з усяго Ізраілю 10 тысячаў чалавек, а ў ягоным ерусалімскім аддзяленьні адных актывістаў каля 150-ці. Дарэчы, Генадзь Пекер ахвотна зьмяшчае на старонцы зямляцтва і беларускамоўныя матэрыялы. Усё залежыць ад таго, на якой мове яны напісаныя”.
І на заканчэньне тэмы кулінарны рэцэпт да сьвяточнага стала ад беларускіх габрэяў: нарэзаць квадратамі фальгу. На кожны квадрат пакласьці палову абабранай бульбіны зрэзам наверх. Крышку пасаліць. На зрэз пакласьці як мага больш плаўленага сыру з часныком. Наверх пакласьці салёнай ці вэнджанай рыбы, загануць фальгу і пячы на блясе прыкладна з паў-гадзіны.
А цяпер да іншых навінаў Інтэрнэту.
Беларуская мова ў Інтэрнэце – адна з нашых заўсёдных тэмаў. Мы распавядалі і пра першы сайт падручніка беларускай мовы, і пра беларускі лацінізатар (www.knihi.com/lacinizatar) ды іншыя інтэрнэт-старонкі. У сувязі з гэтым, мне падалася цікавай навіна пра тое, што днямі ў Жэнэве прайшла канфэрэнцыя Ўсясьветнай арганізацыі ў справе абароны інтэлектуальнай уласнасьці і Міжнароднага тэлекамунікацыйнага саюзу, у часе якой найбольш разглядалася пытаньне інтэрнэтнага шматмоўя.
На думку аналітыкаў, да 2007 году самай распаўсюджанай мовай у інтэрнэце стане... кітайская. На сёньня ж, нязначную перавагу перад астатнімі мае ангельская, якая ўжо на лета пазбавіцца гэтай перавагі. Неўзабаве, кажуць аналітыкі Ўсясьветнай арганізацыі ў справе абароны інтэлектуальнай уласнасьці, зьявяцца мільёны сайтаў зь неангламоўнымі доменнымі імёнамі, то бок не ў лацінскай абэцэдзе. У гэтым накірунку працуюць буйныя кітайскія, японскія і арабскія кампаніі. Першыя крокі зрабіла і Расея, каб дазволіць кірылічныя дамэнныя імёны. У Беларусі пакуль актыўнасьці ў гэтым накірунку не назіраецца, адзінае, што наш Дзед Мароз быў зарэгістраваны ў новай дамэннай зоне .info.
І, нарэшце, Інтэрнэт-апытаньне на старонцы Беларускай службы Радыё “Свабода”. СССР распаўся 10 гадоў таму. Ці хацелі б вы жыць у СССР сёньня? – пытаемся мы ў сваіх слухачоў. Са 170 адказаў, якія мы атрымалі на момант падрыхтоўкі перадачы, бальшыня ўдзельнікаў – 157 чалавек – адказалі “не”. Тры чалавекі ня маюць на гэты конт свайго погляду і толькі 15 асобаў адказалі “так”. |
|
|
|
|
|
|