news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


3 Траўня 2004
 
Малеч
 
Ягор Маёрчык, Малеч
 
(Сакаруша: ) “Дарогі тут — праблема №1. Хто тут выдумаў гэты ямачны рамонт? Вы ехалі й бачылі, якія тут ямы. Нам зробяць рамонт: у бруд, у ваду накладуць асфальту. Было трыста ямаў, а стала трыста бугроў, калі зрабілі гэты ямачны рамонт. Раней ты скакаў па гэтых ямах — цяпер на буграх”.

Гэтыя словы я пачуў з вуснаў Анатоля Сакарушы, жыхара мястэчка Малеч, што ў Бярозаўскім раёне Берасьцейшчыны. На сустрэчу зь ім я ехаў асфальтаванымі вуліцамі й адчуваў, як нашую машыну літаральна матляе з боку ў бок. Спадар Скаруша самаходу ня мае і толькі з ходнікаў назірае на пакуты кіроўцаў. Ён працуе зварнікам у суседняе гаспадарцы, і на ўсё паселішча зьяўляецца бадай што самым актыўным апазыцыянэрам. На леташніх мясцовых выбарах нават балятаваўся ў раённы савет, але не прайшоў.

(Карэспандэнт: ) “А наконт дарогаў зьвярталіся ў сельскі савет?”

(Сакаруша: ) “Тут заўсёды адзін адказ: няма грошай! Няма грошай і ўсё! Як улады вырашаюць праблемы? А хто тут гэтую ўладу бачыць?”

Насамрэч Віктар Жуковіч, а не раздаўбаныя дарогі, зьяўляецца сапраўднай знакамітасьцю Малеча. На пасадзе старшыні ён знаходзіцца ўжо амаль 39 гадоў. Анатоль Сакаруша на поўным сур’ёзе падумвае адаслаць заяву ў Кнігу рэкордаў Гінэса. А пакуль спадар Жуковіч не атрымаў ніякай праэміі за сваё палітычнае доўгажыхарства, ён гутарыць са мною:

(Жуковіч: ) “Праект па дарозе ўжо складзены. Вясною пачынаем асфальтаваць, класіць па Малечу новае пакрыцьцё. Дарога клалася ў нас яшчэ ў 1967 годзе. Столькі часу прайшло! Тэхніка ўжо ня тая. Таму яе ўжо разьбілі”.

(Карэспандэнт: ) “Кажуць, што вы 39 гадоў узначальваеце сельскі савет”.

(Жуковіч: ) “Яшчэ не 39, але хутка будзе”.

(Карэспандэнт: ) “А ў чым сакрэт такога нязьменнага лідэрства?”

(Жуковіч: ) “Пра сябе я не магу казаць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы карыстаецеся павагаю і аўтарытэтам?”

(Жуковіч: ) “Я ня ведаю”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі да вас ідуць?”

(Жуковіч: ) “Ну, а як жа! А куды ж людзі пойдуць, апрача як сюды”.

Каб уведаць — а куды, сапраўды, могуць пайсьці людзі, апрача сельскага савету, я напрасіўся на гарбату да дзеда Леаніда. Ён яшчэ ваяваў часам другой усясьветнай вайны і ўжо даўно на пэнсіі. Вэтэранства і сталы ўзрост разам складаюць павагу ў вачах месьцічаў. Ён не залежыць ні ад сельсавету, ні ад райвыканкаму. І гэта дае яму магчымасьць казаць вэртыкальнікам праўду ў вочы.

(Леанід: ) “У нас жа не Амэрыка, і самі выдатна ведаеце, як у нас людзі жывуць. Нам абяцаюць, што ў 2004 годзе заробак будзе 180 даляраў. Гэта хлусьня! Гэта хлусьня!”

І тут, паводле усіх канонаў жанру, на кухні зьяўляецца жонка спадара Леаніда. І я чарговым разам станаўлюся сьведкам эмацыйных спрэчак: адказваць на пытаньні журналіста ці не — што разумней.

(Жонка: ) “Лёнька, не гавары чаго ня трэба! Яны ўсё запісваюць, што ты гаворыш!”

(Леанід: ) “Я гавару так, як яно ёсьць! Мяне пытаюць — і я адказваю”.

(Жонка: ) “Яшчэ пасадзяць к чортавай мацеры!”

(Леанід: ) “Я сядзеў, і я ведаю, што гэта такое!”

(Жонка: ) “Дурань ты! Стары, а дурань. Лезеш, куды ня трэба”.

Спадарыня бразгае дзьвярыма і сыходзіць. А я працягваю слухаць дзеда Леаніда:

(Леанід: ) “Пройдзе 9 траўня, і на гэтым усё. Забудуцца на вэтэранаў. Падымуць пэнсію на пару рублёў, а цэны ў крамах — як грыбы пасьля дажджу. Для таго, каб нечага дамагчыся, абыдзеш парогі, ходзячы ў той канторы. І няма ў каго запытацца. Няма каму пайсьці ды паскардзіцца. Колькі я хаджу ў сельсавет, ніхто ўвагі не зьвяртае. У гэтым сельсавеце ўжо 39 гадоў адзін старшыня. Яго адсюль калёным жалезам ня выганіш. Зрабілі выбары, як хацелі, каб зноў яго паставіць. Яго тут трымае раён. А калі раён яго трымае, яго зараз не праб’еш”.

У пакоях дому я адшукаў жонку дзеда Леаніда, каб задаць адное толькі пытаньне:

(Карэспандэнт: ) “А чаму вы так баяліся, што я буду гутарыць з вашым мужам?”

(Жонка: ) “У яго пасьля могуць быць праблемы. Вы хоць прозьвішча ягонае не называйце”.

(Карэспандэнт: ) “Дамовіліся. Ня буду”.

(Жонка: ) “Дзякуй!”

(Спадарыня: ) “Ведаеце, цяпер нас гэты прэзыдэнт нечага расчараваў. Я настолькі за яго заступалася, а зараз мяне злосьць на яго бярэ. Ён узяў і сказаў, што грошы за той газ возьмем з Чарнобылю, з рацэптаў, і ад тых, хто гніў у акопах. А чаму ён ня ўзяў грошай са сваёй каппілкі? Чаму ён адтуль не ўзяў? Я яшчэ не зусім дурная. Праўда! Мазгі мае яшчэ не зусім адпалі! Набыў нейкіх машынаў, каб яго абаранялі. Ведаеце, з кім не сустрэнуся, усе кажуць: “Бачыш ты! Мы за яго галасавалі, а яго цяпер машынамі ахоўваюць”.

Гэта — голас з народу.

Я крочыў вуліцамі Малеча. Маю ўвагу прыцягнула старая. Кожны ейны крок адгукаўся звонам торбаў. У іх яна цягнула бутэлькі.

(Карэспандэнт: ) “Пабачыў, што вы з бутэлькамі…”

(Спадарыня: ) “У краму нясу здаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта вы самі столькі выпілі?”

(Спадарыня: ) “Ага! А што, па мне не відаць, што п’ю? То там бутэлька, то там бутэлька — можа, дзесяць бутэлек за дзень знойдзеш, а можа, пяць. Асабліва добра ў нядзелю. Я іх пазьбіраю, памыю і занясу”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі можа зарабіць на бутэльках?”

(Спадарыня: ) “Можа, дзе тысячу якую і заробіш за дзень”.

(Карэспандэнт: ) “Ці хапае пэнсіі на жыцьцё пэнсіянэраў?”

(Спадарыня: ) “А грошы ў нас не заканчваюцца!”

(Карэспандэнт: ) “Ух ты! А як такое можа быць?”

(Спадарыня: ) “На сына накрычу, каб трошку грошай прыберагаў, а ў мужыка вырву альбо ўкраду”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ў свайго мужа грошы крадзяце?”

(Спадарыня: ) “Так. Ён хоча выпіць, а я яму: “Дай на хлеб! Дай мне на таблеткі! Дай унучкам што-небудзь куплю!” І таму ў нас грошы не заканчваюцца”.

Разабрацца ў алькагольнай сытуацыі ў Малечы мне дапамог супрацоўнік тутэйшага кароўніку. Вось толькі размовы пра стан гаспадаркі не атрымалася. Агульныя словы пра тое, што раней саўгас быў мільянэрам, а цяпер на ім вісіць вялікі доўг; заробкі малыя й плацяць іх зь невялікім спазьненьнем. А пра ўжываньне моцных напояў — гэта калі ласка:

(Спадар: ) “Ёсьць рэстарацыя і начныя пункты”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі туды ходзяць?”

(Спадар: ) “Ходзяць. А чаму ім туды не хадзіць? Залаты запас для гэтага патрэбны. Моладзь туды на танцы ходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, у іх ёсьць залаты запас?”

(Спадар: ) “Восьмая і дзявятая клясы. Бацька з маці дасьць на танцы ды на білет. А ён туды ня пойдзе, а складуцца — і паехала”.

(Карэспандэнт: ) “У такім узросьце ўжо наведваюць рэстарацыю і кавярні?”

(Спадар: ) “Так. Гэта само сабой!”

(Карэспандэнт: ) “І што яны там п’юць?”

(Спадар: ) “Усё. Там ёсьць віны, піва, гарэлка”.

(Карэспандэнт: ) “І падлеткам прадаюць?”

(Спадар: ) “Гэта ж такая справа, што давай грошы — і бяры”.

(Карэспандэнт: ) “Вы яшчэ ў Савецкім Саюзе ў школу хадзілі, я яшчэ ў Савецкім Саюзе ў школу хадзіў. Памятаеце, былі рознага кшталту камсамольскія і піянэрскія рэйды, якія сачылі за дысцыплінай. Цяпер такое ёсьць?”

(Спадар: ) “Не. Няма такога”.

(Карэспандэнт: ) “А вось гэты Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі неяк сочыць за школьнікамі?”

(Спадар: ) “Няма такога. Няма!”

Пасьля надзвычайнага здарэньня ў Баранавічах, калі суполка БРСМ поўным складам спрычынілася за руху супраціву “Зубр”, прадстаўнікі гэтай афіцыйнай моладзевай арганізацыі не гараць вялікім жаданьнем кантактаваць з журналістамі. І я, як кажуць вайскоўцы, вырашыў зайсьці з тылу — сустрэўся не з актывістамі гэтак званага новага камсамолу, а з маладою настаўніцаю адзінай сярэдняй школы Малеча.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у вашае ўстанове суполка Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі?”

(Настаўніца: ) “Чым яны займаюцца? А я ня ведаю, чым яны займаюцца. Шчыра кажучы, я ня ведаю, ці ёсьць яна насамрэч. Але ўступаць туды прымушаюць. І некаторыя зь ліку тых, хто баіцца, яны туды ўступаюць. Вучняў уступіла ў БРСМ шмат. Яны яшчэ дзеці, яны яшчэ добра не разумеюць усяго. Загадчыца па выхаваўчай працы сказала, клясныя кіраўнікі сказалі — значыць, так трэба. Ня думаю, што яны насамрэч разумеюць усё, што датычнае гэтага саюзу. Казалі, што туды павінны ўступаць настаўнікі да 30 гадоў. Адна настаўніца не хацела туды ўступаць, але прыйшлося пад націскам загадчыцы па выхаваўчай працы. Яны нібыта зьяўляецца сакратаром суполкі ў нашае школе. Яна павінна праводзіць працу з астатнімі настаўнікамі, агітаваць іх уступаць у гэтую суполку. Але я пакуль што такой працы ня бачу. Да мяне яна не падыходзіла. Я далёкая ад гэтага БРСМу, бо ня хочу туды ўступаць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы чаму ня хочаце ўступіць у БРСМ?”

(Настаўніца: ) “Бо гэта лукашэнкаўская моладзь. А я ягонай палітыкі не падтрымліваю”.

У санаторнай-курортнай школе, якая так сама знаходзіцца ў Малечы, сваёй суполкі БРСМу няма. Тут лечацца дзеці з чарнобыльскіх раёнаў. Прыяжджаюць яны ўсяго толькі на адну чвэрць і ў вольны час забаўляюцца рознымі конкурсамі й гурткамі. Як і любое больш-меньш буйное паселішча, у Малечы ёсьць свой даўгабуд. У дадзеным выпадку — новыя карпусы гэтай самай санаторна-курортнай школы. Пры мікрафоне дырэктар установы Пятро Крупскі:

(Крупскі: ) “Сёлета ўрад заплянаваў вялікія грошы на тое, каб скончыць нашую будоўлю. І ўжо будаўнікі прыступілі да працы. І калі адбудзецца так, як напісана ў паперах, да канца наступнага году будоўля будзе скончаная. У нас цяпер у пакоях жывуць чатыры чалавекі. Мы павінны ставіць дадатковыя ложкі, каб прыняць дадатковых дзяцей. У нас няма праточнай гарачай вады. У нас стаяць награвальнікі. А там будуць сучасныя ўмовы”.

Тое, што санаторна-курортная школа хутка пераедзе ў новыя карпусы, і ёсьць ці не адзінай станоўчай прыкметай жыцьця Малеча. Бо нават старшыня сельсавету Віктар Жуковіч не спрабаў пераканаць мяне, што на падуладнай яму тэрыторыі ўсё добра.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.