news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


12 Сьнежня 2002
 
Урэчча
 
Міхал Стэльмак, Урэчча
 
Урэчча вядомае ў Беларусі найперш як вайсковае паселішча. На яго ўскраіне месьціцца вайсковы гарадок. Ужо ня першы год тут тлее сацыяльны канфлікт. Час ад часу ягонае рэха даносіцца да сталічных начальнікаў. Сёлета — не выключэньне. Жыхары ўрэцкага гарадку накіравалі ва ўладныя структуры лісты пратэсту супраць нецывілізанага быту:

(Нікіфарава: ) “Мяне завуць Нікіфарава Натальля Мікалаеўна”.

(Карэспандэнт: ) “Вы тут жывяце?”

(Нікіфарава: ) “Так. Я жонка вайскоўца нашай базы. Мой муж капітан. Няма ў гарадку ацяпленьня. Няма гарачай вады. У 137-м доме цячэ дах. Зараз пайшлі дажджы”.

Вайсковы гарадок хаваецца пад старымі хвоямі. Тут жыве каля тысячы чалавек — беларускія танкісты і іхныя сем’і. Самі танкісты асьцерагаюцца скардзіцца на лёс. Баяцца, каб ня зволілі. Трывогу б’юць дзеці і жонкі. Такія, як Натальля Нікіфарава:

(Нікіфарава: ) “Я сама з Украіны. З Кіева. Мяне сюды прывез муж. Ніколі дагэтуль ня бачыла і ня чула, што ў такіх вось гарадках такія ўмовы і можна тут жыць”.

Ва ўрэцкім гарадку жывуць прадстаўнікі многіх нацыянальнасьцяў. Пасьля распаду СССР яны засталіся служыць у беларускім войску:

(Рахімаў: ) “Я Рахімаў Шукурула. Не расеец. Але калі казаць па-расейску, то тут усё плоха”.

(Карэспандэнт: ) “Якое ў вас званьне?”

(Рахімаў: ) “Маёр. Афганец, чарнобылец. Прайшоў іншыя лякальныя войны. Лібія, Ангола”.

Маёру Рахімаву — узбэку па нацыянальнасьці — не пагражае звальненьне. Нядаўна ён выйшаў на пэнсію. Не асьцерагаецца зносінаў з журналістамі і яшчэ адзін вайсковы пэнсіянэр:

(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”

(Чумароў: ) “Віктар Іванавіч Чумароў. Я чыстакроўны беларус. У мяне цяжкасьці з палівам. Нам, вайскоўцам, няма куды зьвяртацца па дапамогу. Часткі нашы расфармаваныя”.

(Карэспандэнт: ) “Наагул усім тут цяжка з палівам альбо толькі вайскоўцам?”

(Чумароў: ) “Мне здаецца, усім”.

Кіруе жыльлёва-камунальнай гаспадаркай урэцкага гарадку Галіна Цярэшчанка. Ураджэнка Ўкраіны, жонка пэнсіянэра-вайскоўца. Яны аселі тут пасьля вываду савецкага войска з Чэхаславаччыны. Паводле словаў спадарыні Цярэшчанкі, цяперашнія беды гарадку — у безграшоўі:

(Цярэшчанка: ) “Калі б былі грошы ў камунальнай гаспадарцы, то пытаньні б вырашаліся. Ёсьць крыху вуглю, але толькі на два-два з паловаю месяца”.

У гарадку са страхам чакаюць зімы. Галіна Цярэшчанка не выключае, што зімою давядзецца секчы на дровы навакольны лес. Каб не замерзнуць.

Гарадок старэе з маланкавай хуткасьцю. Разбураецца. Ягоная пэрспэктыва невядомая. Жыхары асьцерагаюцца прагназаваць, што будзе тут празь пяць гадоў, празь дзесяць.

А між тым нейкіх паўвека таму Ўрэчча-2, як называюць гэтае вайсковае паселішча, не было і ў паміне. Існавала толькі цяперашняе Ўрэчча-1. Яго называлі мястэчкам Урэчча. Паводле архіўных крыніцаў, заснаваньне паселішча цягнецца ў глыбіню вякоў. Так, у прыватнасьці, сьцьвярджае краязнаўца Галіна Корбут:

(Корбут: ) “Урэчча вядомае як вёска 16 стагодзьдзя Слуцкага княства Вялікага Княства Літоўскага. Яна належала Алелькавічам, потым Радзівілам, потым Вінгельштэйнам. У 1737 годзе Ганна Радзівіл вырашыла пабудаваць тут шкляную мануфактуру. Сюды яна запрасіла 10 майстроў зь Нямеччыны. Прыехалі 10 саксонскіх майстроў, якія павінныя былі навучыць прыгонных сялян, абраных княгіняй, свайму майстэрству. Вырабы атрымаліся цудоўнымі й заваявалі славу ва ўсім сьвеце. Яны пастаўляліся ў Гданьск, Варшаву, Кракаў, Вільню, Кіеў, Смаленск, Чарнігаў”.

Паводле архіўных зьвестак, Нясьвіскі замак упрыгожвалі ў свой час каля тысячы ўрэцкіх люстраў. На жаль, гэты досьвед пазьней быў беззваротна страчаны. У цяперашнім Урэччы няма шкляных вытворчасьцяў. Тут не вырабляецца ніякай прадукцыі эўрапейскага попыту. Эканамічная дэградацыя, як мяркуе мясцовая жыхарка Натальля Бесман, назіраецца нават у параўнаньні з савецкім часам:

(Бесман: ) “Раней быў саўгас “Урэцкі”. Грымеў ня тое што на ўсю вобласьць, а на ўсю рэспубліку. Быў саўгас-мільянэр. А зараз у заняпадзе”.

Эканаміст гаспадаркі Людміла Іванова пацьвердзіла, што зараз былы саўгас-мільянэр у даўгах як у шаўках:

(Іванова: ) “На 1 кастрычніка было 600 мільёнаў рублёў”.

(Карэспандэнт: ) “У чым галоўная прычына заняпаду?”

(Іванова: ) “Прычынаў шмат. І нізкія заробкі, і ўзровень жыцьця ў вёсцы. І палітыка. Безь дзяржаўных датацыяў мы ня здолеем выкараскацца. Самаакупнасьць для вёскі — рэч нерэальная”.

Эканамічны крызыс сельгаспрадпрыемства адбіўся на рэгулярнасьці і ўзроўні заробкаў яго работнікаў. Зрэшты, местачкоўцы гатовыя працаваць нават за капейкі. Бо альтэрнатыва — зрабіцца беспрацоўным. Беспрацоўе — яшчэ адно сацыяльнае бедзтва Ўрэчча:

(Спадарыня: ) “Беспрацоўе. Сярэдні ўзрост — 40 гадоў”.

(Шаблюк: ) “Ёсьць многа беспрацоўных жанчын, якія стаяць на ўліку. А колькі тых, што не стаяць! Яны “бамжуюць”. Паглядзіце на жанчын ва Ўрэччы — яны алкашкі”.

Мая суразмоўца, паводле ейных словаў, у поўнай меры адчула цяжар беспрацоўя:

(Шаблюк: ) “Я Шаблюк Ганна Ўладзімераўна. Працавала 17 гадоў, але зараз выкінулі”.

(Карэспандэнт: ) “Дзе вы працавалі?”

(Шаблюк: ) “На хлебзаводзе”.

Як мяркуе спадарыня Шаблюк, пры скарачэньні былі парушаныя яе працоўныя правы. Але ва Ўрэччы, на яе думку, абараніць сябе немагчыма:

(Шаблюк: ) “Чаму мяне скарацілі?”

(Карэспандэнт: ) “Вы зьвярталіся ў пасялковы савет?”

(Шаблюк: ) “Зьвярталася. Неаднаразова. Кажуць, што няма працы”.

Прадстаўляе ўладу ва Ўрэччы Валянціна Хамякова. Яна старшыня пасялковага савету. Скарачэньне Ганны Шаблюк прадстаўніца мясцовай вэртыкалі патлумачыла наступным чынам:

(Хамякова: ) “Зараз хлеб пячэ Любанскі хлебзавод, а ў нас пякуць толькі печыва. Раней было 60 работнікаў, а зараз засталося дванаццаць”.

Ва Ўрэччы на сёньняшні дзень пражывае каля 4 тысяч чалавек. Паводле словаў спадарыні Хамяковай, мясцовая ўлада ня ў стане паўплываць на масавыя скарачэньні:

(Хамякова: ) “Становішча з працаўладкаваньнем у нас найскладанейшае”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі ўсяго беспрацоўных ва Ўрэччы?”

(Хамякова: ) “Я так мяркую, што каля 30%. Каля 1000 чалавек працуе па ўсіх арганізацыях. Астатнія 400–500 чалавек у нас беспрацоўныя”.

Парадаксальна, але факт: чым вышэйшае беспрацоўе, тым слабейшы пратэст супраць парадкаў. Сотні ўрэцкіх беспрацоўных ні разу не адважыліся на масавую акцыю. Яшчэ больш ціха паводзяць сябе тыя, хто мае працу. Гэткую зьяву патлумачыла мне лідэрка мясцовай філіі Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Натальля Духнік. Першыя, паводле ейных словаў, спадзяюцца атрымаць працу, і таму імкнуцца спадабацца начальству. Страх страціць кавалак хлеба кіруе паводзінамі прадстаўнікоў другой катэгорыі, і таму, як сьцьвярджае спадарыня Духнік, жанчыны Ўрэчча нясуць сёньня свой крыж моўчкі, са слязьмі на вачах.

(Духнік: ) “Што такое для жанчыны атрымаць 30 тысяч рублёў? Цягаюць жалеза — як на заводзе мэталаў. Я сама адпрацавала на гэтым заводзе 15 гадоў. Я ведаю, што гэта такое. І прыходзяць жанчыны, і плачуць”.

На думку мясцовых жыхароў, рысы цярплівасьі і пакорлівасьці яны атрымалі ў спадчыну ад мінулых пакаленьняў. Напрыклад, у сталінскія гады тут таксама не было сьмелых заступіцца за сябе і блізкіх. У поўнай меры гэта зьведаў ахвяра ГУЛАГу, вядомы беларускі літаратар Сяргей Грахоўскі, які калісьці настаўнічаў ва Ўрэччы. Вось што распавяла краязнаўца Корбут:

(Корбут: ) “Калі мы праводзілі канфэрэнцыю па аповесьці Сяргея Іванавіча Грахоўскага “З воўчым білетам”, дык мы запрасілі на сустрэчу Фрыд Анастасію Пятроўну. Яна сказала, што вельмі добра памятае тую раніцу, калі прыехалі забіраць Грахоўскага, кажа, што мы вось так стаім на ганку — вучні, настаўнікі, а яго туды ў машыну садзяць. І ніякай рэакцыі з боку натоўпу, які глядзеў на ўсё гэта. Моўчкі глядзелі. Выказаць пратэст нават не было думкі”.

Галіна Корбут — з тутэйшых. На яе памяці захаваўся ці не адзіны выпадак, калі мясцовы чалавек адважыўся на пратэст:

(Корбут: ) “Вось я доўгі час была ў камісіях па выбарах, дык на ўсё Ўрэчча была адна жанчына, якая ў тыя гады адмовілася галасаваць”.

Дарэчы, зараз ва Ўрэччы пачалі рыхтавацца да мясцовых выбараў 2003 году. Гаворыць старшыня пасялковага савету Валянціна Хамякова:

(Хамякова: ) “Рыхтуем насельніцтва, правяраем. Сфармавалі акругі па выбарах у раённы савет. Раней у нас было дзьве акругі , а зараз будзе тры — па 900 чалавек”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі ў вас дэпутатаў?”

(Хамякова: ) “Зараз 15 чалавек”.

Адзіны незалежны дэпутат ва Ўрэччы — Натальля Духнік. Яна не хавае сваіх апазыцыйных поглядаў. Аднак працягваць далей сваю дэпутацкую кар’еру не зьбіраецца:

(Духнік: ) “Вось зараз будуць выбары. Але я не хачу вылучаць сваю кандыдатуру. Таму што мне сорамна перад выбарцамі. Таму што гэта ўвод людзей у зман. Я дэпутат і нібыта ўладу маю, а насамрэч я нічога не магу зрабіць”.

Зрэшты, у яе аднадумцаў — сяброў арганізацыі працоўных жанчын, мясцовых “афганцаў” з вайсковага гарадку — іншыя меркаваньні. Яны раяць Натальлі Духнік не сьпяшацца з адмоўным рашэньнем. Дэпутацкія месцы ва Ўрэцкім савеце, на іх думку, нельга пакідаць толькі прадстаўнікам уладаў. Старшыня суполкі тутэйшых “афганцаў” Рыгор Бандурка ўжо прапанаваў свае агітацыйныя паслугі на карысьць лідэркі мясцовага жаночага руху ў новай выбарчай кампаніі.



archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.