news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



13 Сьнежня 2001
 
Клічаў
 
Міхал Стэльмак, Клічаў
 
Самае люднае месца ў Клічаве — кірмаш. Тутэйшае жыхарства ён вабіць ня толькі гандлёвымі шэрагамі. Кірмаш стаўся месцам, куды сьцякаюцца раённыя навіны. Тут можна пачуць пра ўсё, чым жыве сёньня Клічаў:

(Галасы вуліцы: ) "Не, пакуль нам горш жыць яшчэ ня стала". — "Абы толькі вайны не было". — "Адно кепска, што замярзаем. Ня топяць".

(Карэспандэнт: ) "А ці ёсьць у вас гарачая вада?"

(Галасы вуліцы: ) "Няма". — "У нас ніколі вады не было. Мы самі яе грэем". — "Першы год яшчэ неяк тапілі, а вось ужо гадоў дзесяць — не". — "І прэзыдэнт, што ён зробіць? Хіба ён за ўсімі прасочыць? Ён вось тут навёў парадак, адвярнуўся, а шкоднікі робяць тое ж самае".

Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, то Клічаў вызначаецца выключнай адданасьцю Аляксандру Лукашэнку. Тут на нядаўніх выбарах за ягоны палітычны курс прагаласавала 86% мясцовых жыхароў. Гэтая лічба значна пераўзыходзіць сярэднюю па краіне.

Між тым, шмат хто ў раёне не пагаджаецца з такой статыстыкай. Мяркуюць, шта насамрэч яна нібыта стала вынікам маніпуляцыяў раённай выбарчай камісіі. Вось што распавяла жыхарка вёскі Арэхаўка Сьвятлана Фрыгіна, якая падчас выбараў брала ўдзел у назіраньні:

(Фрыгіна: ) "Я не глыбокі палітык, аднак заўважыла вось што. Асноўная маса людзей выбірала, так бы мовіць, "на даму". І тое, што трэба было зрабіць, было зроблена "на даму".

(Карэспандэнт: ) "Што значыць "на даму"?"

(Фрыгіна: ) "На даму" мы не маглі пракантраляваць. Яны садзяцца ў аўтобус альбо машыну і едуць. У мяне вось было па Несеце 375 чалавек, якія галасавалі на месцы, 50 — папярэдне, і на даму — 300. А ў Арэхаўцы яшчэ болей. У іх папярэдне галасавала 215, а на даму — каля 350. Акурат палова атрымліваецца. У мяне ў суседняй вёсцы жыве кума, дык яна вось што распавядала: "Прыехалі да маіх бацькоў. Са скрыняй. І кажуць: "Галасуйце вось за гэтага". І тая бабулька падпісала, нібыта гэтак і трэба было".

З такім меркаваньнем не пагаджаюцца арганізатары выбараў. Старшынём раённай выбарчай камісіі ў Клічаве быў Канстанцін Харчанка. Спадар Харчанка — намесьнік старшыні Клічаўскага райвыканкаму. Пройгрыш на выбарах Уладзімера Ганчарыка ён лічыць заканамерным:

(Харчанка: ) "Дарэчы, за Ганчарыка ў раёне не зьбіралі подпісаў. І ніхто не забараняў. Зьбіралі подпісы за Зянона Станіслававіча, зьбіралі подпісы за Гайдукевіча, за Лукашэнку, за Домаша. За Ганчарыка ў раёне ніхто не зьбіраў. Вось і вынік".

У Клічаўскім раёне за Ўладзімера Ганчарыка прагаласавала, зноў жа паводле афіцыйнай статыстыкі, усяго каля 7% выбарцаў. Меркаваньняў на гэты конт шмат. Тая ж Сьвятлана Фрыгіна, апроч фальсыфікацыі вынікаў, бачыць наступную прычыну нізкага рэйтынгу адзінага кандыдата ад апазыцыі:

(Фрыгіна: ) "Я зьбірала галасы за Домаша. Ну чаму ж ён, гад, адмовіўся. І вельмі многія людзі пакрыўдзіліся, што ён зьняў сваю кандыдатуру. Што тычыцца таго, на чыю карысьць ён гэта зрабіў, дык многія людзі адкрыта казалі: "Чаго гэты пэнсіянэр лезе? Што ён можа?" Меркавалася, што прафсаюзы за ім пойдуць, аднак прафсаюзы за ім не пайшлі. Вось і ўсё".

Зрэшты, жыхары раёну мяркуюць, што параза ў Клічаве Ўладзімера Ганчарыка — наступства мясцовых прычынаў. На думку Канстанціна Харчанкі, адказнасьць за паразу кандыдата ад апазыцыі мусяць падзяліць і ейныя мясцовыя прыхільнікі:

(Харчанка: ) "А потым усе тыя, хто перабег ці перайшоў ад Домаша. Як яны працавалі зь людзьмі, так людзі й прагаласавалі. Гэты вынік аб'ектыўны. Так што тут варта абвінавачваць не раённую камісію, а тыя структуры, што займаліся падрыхтоўкай сяброў ініцыятыўнай групы Ганчарыка. Чаму яе тут не было?"

Са старшынём раённай выбарчай камісіі мясцовыя апазыцыянэры не пагаджаюцца. Дарэчы, спадара Харчанку яны лічаць адным з ініцыятараў жорсткага перасьледу падчас выбарчай кампаніі мясцовых апанэнтаў Лукашэнкі. У прыватнасьці, ахвярай такога перасьледу лічыць сябе прадстаўнік клічаўскай філіі Беларускага Гельсынскага камітэту Анатоль Белазерцаў:

(Белазерцаў: ) "Прыйшоў да мяне сябар Сілін Леанід — шафёр санэпідстанцыі. Была 21-я гадзіна. Я кажу: у мяне ёсьць газэты, давай пройдзем, каб мне было весялей. Хай людзі газэты пачытаюць. А ў гэты час маладым лейтэнантам, што прыйшлі са школы, далі ўказаньне назіраць за маім домам. І мы выйшлі, у сумку паклалі газэты ды й ідзём. Па Савецкай, у бок гораду. Мы выйшлі на Чырвонаармейскую вуліцу — сьвятло, ліхтары. І прылятаюць тры машыны — адзінаццаць чалавек, на чале зь дзяжурным маёрам міліцыі Матузавым. Яны акружылі й стаяць. Я кажу:"Госпадзі, якія выдаткі робяцца, знайшлі злачынцаў!.."

Між тым, пасьля выбараў перасьлед мясцовых апанэнтаў Лукашэнкі, на іх думку, ня скончыўся. Ніна Пагірская — камэндантка інтэрнату №2 Клічаўскага аграрна-тэхнічнага коледжу. У часе выбарчай кампаніі зьбірала подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты Сямёна Домаша. Нядаўна кіраўнітва каледжу зьменшыла ёй заробак, скасаваўшы грашовыя выплаты за выхаваньне студэнтаў:

(Пагірская: ) "Завуч наша — намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы Кацярына Сьцяпанаўна Харлап. Ярая камуністка, якой прэзыдэнт асабіста даслаў падзяку. Вы мяне выбачайце. Але за што яна атрымала падзяку? За тое, што ў мяне ў інтэрнаце я выхавала гэтак. Дык чыя гэта праца ? Нажыла за нашымі плячыма сабе славу. Дык за тое, што мы дзяцей выхавалі, прэзыдэнт даслаў ня нам агульную падзяку калектыўную, а ёй. Дык як гэта зразумець?! Яна дакалуплівалася, дакалуплівалася патрошкі. А пасьля ўжо ня мне яна сказала, а нашым работнікам: "Як гэта так яна пайшла за Домаша подпісы зьбіраць?!"

Яшчэ большы розгалас у Клічаве атрымала справа Людмілы Гушчы. Спадарыня Гушча падчас выбараў каардынавала ў раёне дзейнасьць прадстаўнікоў апазыцыі. Яна працавала выкладчыцай замежнай мовы ў тым жа самым аграрна-тэхнічным каледжы. Аднак літаральна на вачох студэнтаў кіраўніцтва навучальнай установы яе звольніла:

(Гушча: ) "Я не чакала такога бруду. Ён прынёс загад на маё звальненьне. Загад на звальненьне ад 5 верасьня — звальненьне за прагулы. Адзін раз я нібыта ня выйшла, калі быў пэдсавет. Мяне ніколі ніхто не запрашаў на пэдсавет, мне плацілі толькі за адпрацаваныя гадзіны. І яшчэ нібыта варта было прадаставіць пляны, але я іх не прадаставіла".

Як лічыць лідэрка мясцовай апазыцыі, яе звольнілі паводле ўказаньняў раённага начальства. У намесьніка старшыні райвыканкаму Канстанціна Харчанкі свае тлумачэньні нечаканага павароту ў лёсе Людмілы Гушчы:

(Харчанка: ) "Гэта вельмі цікавы чалавек для псыхіятра. Яна зьмяніла невядома колькі месцаў працы, яе не звальнялі, яна заўсёды піша "на ўласнае жаданьне". Яна працавала настаўніцай у Бёрдаўскай школе, а чаму зараз не працуе? Кепска — 5 кілямэтраў ад гораду, не падабаецца. Дзеці, як яна казала, дурныя, тупіцы і гэтак далей. Перавялі ў гарадзкую школу, выкладала замежную мову — маральна стамілася, ня можа працаваць. Дык хто ёй перашкаджае дзе працаваць?!"

Раённае начальства спрабуе пераканаць насельніцтва Клічава, што Людміла Гушча ня мае пэдагагічных здольнасьцяў. У былой выкладчыцы такая прапаганда выклікае пратэст:

(Гушча: ) "Гэта — намова, ім жа трэба нешта казаць. Для гэтага насамрэч варта, каб адбыўся нейкі інцыдэнт, каб было зафіксавана. Першая мая школа была Бёрдаўская школа. Я там чатыры гады адпрацавала. І калі мяне перавялі ў другую школу (а гэта было не паніжэньне, а павышэньне) дырэктар некалькі разоў падыходзіў і казаў, што навошта я ад яго зьбегла. Ён хваляваўся за мяне. І дзеці ведалі, што я даю магчымасьць рэалізавацца.

Так, я прынцыповы чалавек, але я ніколі дзяцей не зьняважыла. Я з патомнай сям'і пэдагогаў — у мяне маці пэдагог, у мяне дзьве сястры маці пэдагогі. І так казаць пра мяне — гэта браць грэх на душу".

Зараз у Клічаўскім раёне бракуе выкладчыкаў замежнай мовы. Аднак, як паведаміла мне загадчыца раённага аддзелу адукацыі Зоя Шыманская, Людмілу Гушчу ў навучальныя ўстановы на працу яны больш ня возьмуць. Маўляў, каб не пашкодзіць дзецям. Між тым, што дзіўна, ні самі дзеці, ні іхныя бацькі, паводле інфармацыі той жа спадарыні Шыманскай, ані разу ня скардзіліся на настаўніцу.

На думку Ніны Пагірскай, пазбаўленьне працы Людмілы Гушчы ня мае нічога агульнага з пэдагогікай:

(Пагірская: ) "Хто дзяцей тых пытаўся пра тое, ці ўмее яна працаваць ці не? Даступна яна тлумачыць ці не? Хіба яны прысутнічалі? Па-мойму так: калі чалавек ня ўмее працаваць, мусіць быць нейкі дакумэнт. Адзін адкрыты ўрок правесьці, другі... А потым указаць чалавеку, што сёньня ў цябе такая вось недапрацоўка. Я не выкладчыца, але гэтак на маю галаву. А то сёньня на яе сказалі, што яна ня ўмее працаваць, заўтра гэтак могуць сказаць на мяне".

Жыхары Клічава лічаць, што пасьля выбараў у Клічаве моцна павялічылася пагроза рэпрэсіяў. Захаваньне Лукашэнкам улады на новы прэзыдэнцкі тэрмін разьвязала рукі мясцоваму начальству. Звальненьне Людмілы Гушчы, паводле ейных словаў, мае на мэце запалохаць астатніх іншадумцаў. У сваю чаргу, намесьнік старшыні райвыканкаму Канстанцін Харчанка лічыць такія абвінавачаньні беспадстаўнымі:

(Харчанка: ) "Перасьлед? Які перасьлед? Якую партыю яна прадстаўляе ў раёне? Мы ня ведаем. Ды яна й сама ня ведае. Дарэчы, за ўвесь пэрыяд падрыхтоўкі й правядзеньня выбараў яна так і не змагла патлумачыць, каго яна прадстаўляе. І пры чым тут палітычны перасьлед?! Мы хіба яе з камісіі праганялі? Ніколі. Яна брала ўдзел у фармаваньні ўчастковых камісіяў. Што яна не зусім нармалёва тут сябе паводзіць, дык гэта так".

Для былой выкладчыцы Людмілы Гушчы насталі зараз у Клічаве цяжкія дні. З прычыны вымушанага беспрацоўя маладая жанчына фактычна засталася без кавалка хлеба. Зрэшты, перасьлед з боку ўладаў пакуль што не дасягнуў мэты. Ва ўсялякім разе павініцца за свае палітычныя погляды спадарыня Гушча пакуль не зьбіраецца:

(Гушча: ) "Я тут нарадзілася. Гэта мая радзіма, а Харчанка прыехаў сюды. Тут дастаткова аднаму чалавеку сказаць ды загадаць кіраўнікам прадпрыемстваў, і яны будуць нападаць. Пачынаюць плесьці вакол мяне плёткі. Зараз яны імкнуцца пасварыць нас, каманду гэтую. А за мной зараз каманда, якая сфармаваная, моцная".

Пляны клічаўскіх уладаў выкарчаваць у раёне іншадумства сутыкаюцца зь цяжкасьцямі яшчэ аднаго кшталту. А менавіта: пасьля выбараў тут прыкметна пагоршылася сацыяльна-эканамічнае становішча. Гаворыць актывістка мясцовага жаночага руху Людміла Яскевіч:

(Яскевіч: ) "Перад выбарамі ўсім бюджэтнікам выдалі і авансы, і заробкі. А зараз усе сядзяць на нулі. У раённым бюджэце грошай няма, і нікому грошы не выплачваюць. Многія бюджэтнікі зараз не задаволеныя. Вось быў Дзень культпрасьветработніка, дык вось — аніякай дапамогі да сьвята, каб людзі маглі яго адзначыць, не было.

Таксама ў нядзелю быў Дзень маці, але ў бюджэтных арганізацыях нідзе не было ніякай дапамогі жанчынам-маці. Хаця наш прэзыдэнт і кажа пра падтрымку дзяцінства і мацярынства, але нідзе ня бачна гэтай дапамогі".

У мясцовых жа "вэртыкальшчыкаў" сацыяльна-эканамічны стан раёну пакуль што не выклікае трывогі. Клічаў жыве на датацыях, і таму "вэртыкальшчыкі" спадзяюцца на фінансавую дапамогу з рэспубліканскага бюджэту. Гаворыць намесьнік старшыні райвыканкаму па эканамічных пытаньнях Сяргей Каўцэвіч:

(Каўцэвіч: ) "За 9 месяцаў году датацыі склалі 67%".

(Карэспандэнт: ) "На пэрспэктыву, на самую бліжэйшую пэрспэктыву ці зможа раён выплаціць заробкі бюджэтным установам? І як вы бачыце вырашэньне першачарговых праблемаў?"

(Каўцэвіч: ) "Што тычыцца пэрспэктываў, то я б хацеў прывесьці некалькі такіх лічбаў. Выкананьне раённага бюджэту за квартал складае 100,7%. Гэта азначае, што бюджэт выконваецца. Выкананьне бюджэту за 9 месяцаў складае 69%. Таму я думаю, што ў нас асаблівых цяжкасьцяў з выплатай заробкаў ня будзе. Як і з рашэньнем бягучых праблемаў".

(Карэспандэнт: ) "Вы як кіраўнік эканамічнай службы райвыканкаму — якія бачыце цяжкасьці?"

(Каўцэвіч: ) "Пра цяжкасьці, відаць, лепш гаварыць на макраэканамічным узроўні. Перад раёнам паставілі такія задачы: найперш, выкананьне прагнозных паказчыкаў. У адпаведнасьці з даручэньнямі прэзыдэнта мы мусім выконваць прагнозныя паказчыкі. Дык вось, за 9 месяцаў раён ня толькі выканаў свае паказчыкі, але й перавыканаў".

Гэткі аптымізм спадара Каўцэвіча, мякка кажучы, супярэчыць апошнім эканамічным тэндэнцыям у раёне. Напрыклад, ён выклікае зьдзіўленьне ў мясцовых настаўнікаў. Рэч у тым, што клічаўскія пэдагогі пасьля выбараў яшчэ не атрымлівалі заробкаў. Складанаестановішча з выплатай заробкаў і ў іншых працоўных калектывах. Напрыклад, паводле інфармацыі Людмілы Яскевіч, занепадае мясцовае прадпрыемства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі:

(Яскевіч: ) "Усе камунальныя паслугі мы аказваем насельніцтву і бюджэтным арганізацыям. А гэта — ніжэй сабекошту. Інакш кажучы, прадпрыемства працуе сабе на страты. Розьніцу нам мусіць вяртаць раённы бюджэт. Але нам горад ніколі нічога не аддае. Таму наша прадпрыемства ўвесь час мае даўгі. У нас вялікія запазычанасьці па электраэнэргіі, за прыродны газ. І няма чым пагасіць, няма грошай".

(Карэспандэнт: ) "Ці ёсьць у горадзе даходныя прадпрыемствы?"

(Яскевіч: ) "Наколькі я ведаю, няма. Вось лясгас. Раней было моцнае прадпрыемства, а зараз у яго даўгі, запазычанасьці. Таксама ў нас ёсьць замежнае прадпрыемства "Хастэ-Клічаў". Яно таксама ідзе "на дно". Хутка будзе банкрутам".

Хто вінаваты ў гэтым заняпадзе? Як лічаць мясцовыя жыхары, начальства. І найперш, клічаўскае:

(Галасы вуліцы: ) "Ай, папрыяжджаюць! Іх адтуль, відаць, павыганялі й сюды папрысылалі. Нібыта сваіх няма. Калі б свайго паставілі, дык можа й толк нейкі быў бы. І ад Харчанкі гэтага няма толку. Ён толькі бегае ды абы-што робіць".


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.