news programs realaudio contact archive
      Курапаты
    Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



7 Сьнежня 2001
 
Валожын
 
Ягор Маёрчык, Валожын
 
На першы погляд, Валожын ня мае мясцовай спэцыфікі. Гэта за часам Вялікага Княства Літоўскага ён знаходзіўся на шляху зь Менску ў Вільню і быў буйным гандлёвым і адукацыйным цэнтрам.

А цяпер — раённы цэнтар, кропка на мапе з 12 тысячамі насельніцтва. Колькі дробных прамысловых прадпрыемстваў, вайсковая частка, мэтэастанцыя, ПТВ, школы. Клясычны "набор" для шараговага раённага гораду Беларусі пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Але так толькі здаецца, што мясцовай спэцыфікі няма. Яна ёсьць. Гэта — страх. Насьцярожанасьць адчуваецца паўсюль. "Маўчы, выглядай дурнейшым", — гавораць тут.

Пасьля 9 верасьня ў Валожыне баяцца адкрыта выказваць свае думкі нават актывісты прэзыдэнцкай кампаніі й незалежнага назіраньня. Дзіўна, што тут, у заходняй частцы Беларусі, якая гістарычна настроеная да менскіх уладаў апазыцыйна, не было выбарчага штабу адзінага кандыдата ад шырокай грамадзянскай кааліцыі.

Лічаныя энтузіясты ўначы расклейвалі агітацыйныя ўлёткі. Афіцыйна ж працавала толькі адна асоба. Гэтая спадарыня падчас кампаніі 1994 году, якую некаторыя людзі тут называюць "выбарамі Пазьняка", была ў камандзе будучага першага прэзыдэнта. Пасьля апынулася ў апазыцыі, а цяпер баіцца назваць сваё імя.

(Спадарыня: ) "Я баюся не за сябе. Я баюся за сваіх дзяцей. Я там у штабе сказала, што калі вы раскрыеце маё імя, я вам больш дапамагчы не змагу. Мне ў любым разе "сядуць на хвост". Ведаеце, што мне сказаў старшыня райвыканкаму? Ён сказаў: а ты ня думаеш, што калі цябе ў хаце ня будзе, да цябе бомба праз акно ўляціць? А ў цябе двое дзяцей. Мне наўпрост гэта сказаў старшыня райвыканкаму".

У Валожыне ахвярай выбараў можна лічыць толькі аднаго чалавека. Афіцэра часткі стратэгічнага прызначэньня, якая дысьлякуецца тут, зьнялі з пасады за тое, што ён спрабаваў распавесьці жаўнерам, што кандыдатаў на прэзыдэнта насамрэч больш як адзін. Я сустрэўся зь ім у сутоньні непадалёк ад месца службы. Першае, што ён папрасіў, — не называць ягонага імя.

(Вайсковец: ) "Па меншай меры гайкі закручваць яшчэ не пачалі, але ўсё да гэтага ідзе. Ціснуць. Але я ўсім сказаў: мне на вас начхаць. Як хочаце, але я надалей служыць не зьбіраюся ў гэтым бардаку. Канечне, быў бы рады і надалей служыць Айчыне, але не пры гэтым чалавеку і не пры гэтых умовах.

Жыць на жабрацкі заробак 120 тысяч, служыць гэтаму ідыёту, крычаць, што ў нас усё добра — ды ні за што ў жыцьці! Ды й чаго тут хацець, калі ў некаторых частках запасаў ежы, каб жаўнераў карміць, — на 2–3 дні максымум? Калі дзяржава павінна афіцэрам і прапаршчыкам за форму па тры, пяць а то і дзесяць гадоў!!

Вось глядзі: гэта пайшоў афіцэр — прыгажосьць і гонар нашай дзяржавы. Зачуханы, брудны, абношаны, бо мае адзін камплект формы на цэлы год. Гэты чалавек ля стырна займае не сваё месца. Ягонае месца — намесьнік старшыні кагласу. І ня больш!"

(Карэспандэнт: ) "Чым займацца будзеце?"

(Вайсковец: ) "Ёсьць чым заняцца! Галава ёсьць, мазгі ёсьць".

(Карэспандэнт: ) "У апазыцыйную дзейнасьць пойдзеш?"

(Вайсковец: ) "А ці не знаходжуся я ў ёй?"

"Калі ласка, не называйце майго імя, — сказала адна валожынская настаўніца. — Ведаеце, мне вельмі сорамна. У школе я вучу дзяцей быць шчырымі, адкрытымі, казаць тое, што думаюць. А сама баюся".

Размова з ёй пачалася не з пытаньня пра стан беларускай мовы, з навучаньня на якой пераводзяць цэлыя школы, а пра жыцьцё да выбараў і пасьля.

(Карэспандэнт: ) "Як жывецца настаўнікам?"

(Настаўніца: ) "А як і жылося! Заробкі малыя. І цяпер вось павінны былі мы атрымаць аванс, але авансу не далі, і сказалі, што атрымаем разам з заробкам. Да выбараў неяк у пару было. А цяпер так атрымліваецца, што спазьняюцца на месяц ці нават на паўтара. Можна ўявіць, якая сытуацыя, якое становішча настаўнікаў".

(Карэспандэнт: ) "Пасьля выбараў стала жыць лепей? Ці больш складана?"

(Настаўніца: ) "Вядома, тут пытаньняў быць ня можа — горай. Затрымка заробкаў, рост цэнаў. І неяк наагул няма пэрспэктывы, пэрспэктывы няма добрай. Я не магу сказаць, што ўвесь Валожын сьпіваецца, але п'яных шмат. Штодзённа. Ды й ня толькі ў нас, але і ва ўсёй Беларусі. Амаль у кожнай сям'і, напэўна, ёсьць праблема. Нават мне, удаве, зайздросьцяць. Разумееце? Выходзіць, мая сытуацыя лепшая, як у іх з мужамі. Так што можаце ўявіць".

Дарэчы, самагон у нейкім сэнсе стаў тормазам дэмакратычнага руху ў Валожыне. Былі людзі, якія хацелі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, але пасьля адмовіліся ад сваіх намераў. Кажуць: каб выжыць, мы гонім самагон напродаж. Усе пра гэта ведаюць — суседзі, міліцыя, мясцовыя ўлады. А зоймемся палітыкай, да нас прыйдуць, складуць пратакол, аштрафуюць і, самае галоўнае, забяруць апарат. Так што выбачайце.

Пра злоўжываньне алькаголем ішла гаворка і зь лекарам мясцовага шпіталю. І зноў ананімна. Прызнаецца, што сам ня ведае, чаму перасьцерагаецца. Так, на ўсялякі выпадак.

(Лекар: ) "Наш біч — гэта алькагалізацыя насельніцтва. Па-мойму, апошні год значна болей сталі піць. 50 адсоткаў і траўмаў, і захворваньняў непасрэдна зьвязаныя з ужываньнем алькаголю. Я проста дзіўлюся, як цяперашнія калгасьнікі выжываюць.

Я бачу, у якім стане да нас у шпіталь прывозяць гэтых людзей. Што яны не харчуюцца дастаткова — дык гэта дакладна. Што яны не харчуюцца паўнавартасна — гэта сто адсоткаў. Прэзыдэнт сказаў, што зараз непасрэдна зоймецца мэдыцынай. Ну вось паглядзім, чым гэта скончыцца".

(Карэспандэнт: ) "А як вы думаеце, чым гэта скончыцца?"

(Лекар: ) "Пры цяперашнім стане эканомікі гэта ўсё скончыцца тым, што ёсьць у цяперашні момант. Самыя неабходныя мэдыкамэнты набываюцца ў час. Нават часам выплату заробку могуць зьмясьціць. Але на рамонты — вельмі вялікае напружаньне зь фінансамі. З набыцьцём нейкага складанага абсталяваньня — тут зусім беспэрспэктыўна. Пакуль матэрыяльнай забясьпечанасьці мы не адчуваем.

Па-мойму, і ў краіне гістэрыя, і ў мэдыцыне таксама гістэрыя. Вось такі стыль і кіраўніцтва, і дачыненьняў між людзьмі".

Высьвятліць, як жывуць людзі і колькі атрымліваюць, было няпроста. Нават вяскоўцы, традыцыйна больш шчырыя і адкрытыя за гараджанаў, не адказвалі на пытаньне пра стан сельскай гаспадаркі і прамысловасьці. Што ж тады казаць пра чыноўнікаў?..

"Пяць хвілінаў інтэрвію для Радыё Свабода, і я згублю ўсё", — казаў адзін зь іх, праціраючы на пляцоўцы перад будынкам раённай адміністрацыі шкло новенькага джыпу.

Другі функцыянэр позьнім вечарам сам прыйшоў да мяне ў гатэль. Не называючы свайго прозьвішча, а толькі месца працы і пасаду, распавёў:

(Чыноўнік: ) "Рэч у тым, што з нас узялі падпіску, што мы ня маем права даваць зьвесткі, якія тычацца вытворчай і гаспадарчай дзейнасьці. Тая інфармацыя, якая да нас ідзе, яна закрытая. Мы сёньня ўсе баімся. Мабыць больш ня тое, што фактар страху, а вельмі вялікая напружанасьць у людзей, каб выжыць".

Людзі з гіроніяй згадваюць перадвыбарчыя абяцаньні. Мізэрныя заробкі (20–30 тысяч) у калгасах затрымліваюць па некалькі месяцаў. Да таго ж дзяржава не заплаціла грошай за зерне, што ёй здалі. Усё гэта распавядалі мне агульнымі словамі: ніякіх канкрэтных лічбаў і фактаў. Сьмелы чыноўнік баіцца, што яго могуць вылічыць.

Калі людзі запалоханыя да такой ступені, значыць, ёсьць на тое прычына. У выпадку з Валожынам усе трымаюцца за свае працоўныя месцы. Любое крамольнае выказваньне — нагода для звальненьня. Жадаючых заняць вакансію зь невялікім заробкам знойдзецца шмат.

Альтэрнатываў у працы тут нямнога — зь дзясятак дробных прыватных фірмаў. Валожынскія ўлады іх песьцяць — усё-такі асноўныя фундатары мясцовых сьвятаў, добраахвотна-прымусова і ў час пералічваюць на іх грошы.

Я сустрэўся зь Ігарам Гладчанкам, які мае сваю справу — гандлюе аўтазапчасткамі, каб задаць толькі адно пытаньне:

(Карэспандэнт: ) "Лукашэнка сказаў, што пасьля выбараў будзе лібэралізацыя ў эканоміцы. У гэта можна паверыць?"

(Гладчанка: ) "Цяжка. Усё адно яна будзе. Проста выйсьця іншага няма. Гэта ўсё роўна прыйдзецца рабіць Таму што душыць прыватны бізнэс таксама няма ніякага сэнсу".

Восеньскія выбары падзялілі жыцьцё людзей на дзьве часткі: да і пасьля.

Герой і антыгерой для жыхароў Валожыну ўвасабляюцца ў адным чалавеку — Аляксандры Лукашэнку. Нават тыя, хто галасаваў за яго, не задаволеныя цяперашнім жыцьцём і ня ўпэўненыя, ці палепшыцца яно. Пра Ўладзімера Ганчарыка кажуць, што ён прайграў і таму, што "яго ніхто ня ведаў".

Напрыканцы свайго побыту ў Валожыне я сустрэўся з Алесем Курбацкім. Падчас выбараў ён быў каардынатарам назіральнікаў. А таму мае маральнае права падводзіць вынікі й рабіць высновы з прэзыдэнцкай кампаніі.

(Курбацкі: ) "Я асабіста для сябе вынес з гэтых выбараў тое, што сыстэма вельмі моцная. Сыстэму мы не перамаглі. Перамагла сыстэма. Яна выйграла выбары для Лукашэнкі, а не Лукашэнка.

У Валожыне, напэўна, толькі 6 ці 7 асобнікаў "Народнай волі" выпісваюць. Людзі баяцца нават падпісацца на "Народную волю", таму што сыстэма адсочвае, хто падпісваецца. Гэта нашыя рэаліі.

Вось гэтага асэнсаваньня нашага жыцьця, таго, што павінна быць зь Беларусьсю — гэтага яшчэ не прыйшло. Людзі, якія жывуць у Беларусі, не прыйшлі да высновы, чаго яны хочуць.

Сто даляраў заробак будзе тады, калі пачне працаваць прамысловасьць. А прамысловасьць будзе працаваць тады, калі мы будзем уваходзіць у супольнасьць эўрапейскіх краінаў. Падрасьце моладзь, яна ўсьвядоміць, хто мы такія ёсьць, тады нешта зрушыцца.

Добры прыклад ёсьць у Бібліі, як Маісей вёў сваіх габрэяў з Эгіпту. 40 гадоў вёў. Вось гэта вельмі па-філязофску: зьмянілася пакаленьне, і ён прывёў ужо свабодных людзей, сьвядомых".

Генэрацыі маладых барацьбітоў пакуль яшчэ няма. А насьценныя надпісы "Зубр" і налепка "Лукашэнка — гэта вайна" на вітрыне адной з крамаў па вуліцы Партызанскай, мабыць адзіныя помнікі мінулай кампаніі, што захаваліся. І гэта, відаць, справа менскіх чальцоў гэтай арганізацыі.

А пакуль Алесь Курбацкі вырашыў стварыць суполку апазыцыйнай палітычнай партыі. Праўда, ён яшчэ ня ведае, якой. Гаворыць, што параіцца зь людзьмі і разам вырашаць.

(Курбацкі: ) "Мяне да гэтага гуртаваньня падштурхнула не прэзыдэнцкая кампанія, а сыстэма, якая паказала, што яна дзеяздольная. Трэба яе расшатваць. Гэтая сыстэма пачне скора перамолваць і ў нас людзей. Але пад гэтыя жорны трапяць простыя людзі. І гэта трэба неяк данесьці да людзей, каб яны зразумелі, што 1937-ы год не павінен паўтарыцца. Гэта не самамэта стварэньня суполкі, а самамэта тая, каб людзей неяк актывізаваць".

Падман выбаршчыкаў. Мізэрныя заробкі. Здань беспрацоўя. І страх.

"У нас тут балота. Кінь камень... Кругі нават разыходзіцца ня будуць", — кажуць у Валожыне. Гэта тым больш дзіўна, калі ўлічыць, што побач знаходзіцца мястэчка Івянец. З моцнымі тамтэйшымі суполкамі апазыцыйных партыяў і дэмакратычных недзяржаўных арганізацыяў.

"Дык чаму ж Валожын да такой ступені адрозьніваецца ад Івянца?" — пытаюся я ў кіраўніка івянецкай суполкі Беларускага Народнага Фронту Вінцэся Солтана:

(Солтан: ) "Можа, таму што больш прамысловы цэнтар, большы нагляд. Хаця сам лад жыцьця тут нейкі не такі. Тут людзі іншыя. Больш запалоханыя. Больш кансэрватыўныя. А ў Івянцы ад старажытнасьці захоўваліся шляхетныя традыцыі. Пэўна, і гэта робіць нейкі ўплыў".

Зрэшты, жыцьцёвыя пэрспэктывы і ў Валожыне выглядаюць не зусім безнадзейна. Усё пакрысе рухаецца наперад. За апошнія 10 год супольнымі намаганьнямі грамада аднавіла касьцёл Сьвятога Юзафа. Там, дзе за савецкім часам месьціўся цэх плястмасавага заводу, цяпер моляцца вернікі.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.