news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


20 Сьнежня 2002
 
"Ролю прафсаюзаў можна параўнаць з дрожджамі. Іх трэба няшмат, але бязь іх цеста не забродзіць"
Тэма сёньняшняга выпуску "Экспэртызы Свабоды" – працэсы, якія адбываюцца ў прафсаюзах. Чаму Леаніду Козіку пакуль не ўдалося адправіць у адстаўку старшынь галіновых прафсаюзаў Генадзя Фядыніча і Аляксандра Бухвостава? Як зьменіцца палітыка Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў пасьля абраньня ягоным прэзыдэнтам Аляксандра Ярашука?
 
Віталь Цыганкоў, Менск
 
Удзельнікі: старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларусі Генадзь Быкаў і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Канстантын Скуратовіч.

(Цыганкоў: ) "Апошнім часам у беларускіх прафсаюзах адбыліся значныя падзеі. Па-першае, прэзыдэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў быў абраны вядомы палітык Аляксандар Ярашук. Па-другое, старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Леаніду Козіку не ўдалося пазбавіцца ад апазыцыйных лідэраў галіновых прафсаюзаў. Прафсаюзы аўтасельгасмашу і радыёэлектроннай прамысловасьці здолелі адстаяць сваіх даўніх лідэраў Аляксандра Бухвостава і Генадзя Фядыніча. Многім здавалася, што пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка зьвярнуў сваю пэрсанальную ўвагу на Фэдэрацыю прафсаюзаў, Козіку ня будзе перашкодаў у ачыстцы Фэдэрацыі ад апазыцыйных лідэраў. Ці лічыце вы гэта часовай перамогай, ці ўдасца Бухвоставу і Фядынічу захавацца на чале сваіх прафсаюзаў?"

(Быкаў: ) "Вельмі добра, што так адбылося. Я быў трохі пэсымістам у гэтым пляне. Мне здавалася, што Козік "разьбярэцца" з Бухвоставым і Фядынічам. Але так ня здарылася, і ёсьць шанец (маленькі, праўда), што ФПБ усё ж стане прафсаюзам.

Для гэтага ёсьць наступныя падставы. Па-першае, вельмі дрэнная сытуацыя ў эканоміцы, а адказнасьць за гэта нясе Лукашэнка, а Козік ягоны стаўленьнік. Другое – асабістыя якасьці і Фядыніча, і Бухвостава, якія маюць аўтарытэт у прафсаюзах. І Козіку нахрапам зь першага разу не ўдалося зрабіць тое, што ён заплянаваў".

(Цыганкоў: ) "Зь першага разу не ўдалося, але напэўна гэтыя спробы будуць працягвацца. Наўрад ці Козік зьмірыцца з тым, што ў шэрагах Фэдэрацыі ёсьць такія два апазыцыйныя лідэры".

(Скуратовіч: ) "Уяўлялася, што ў краіне амаль абсалютнае бязьлюдзьдзе, а аказалася, што ёсьць яшчэ годныя і дасьведчаныя людзі. Мне даводзілася сустракацца з Бухвоставым і Фядынічам, слухаць іхнія прамовы, назіраць за дзеяньнямі. Гэта дасьведчаныя людзі, якія не марнавалі час, а вывучалі тэорыю ды эканамічную практыку нашай краіны ды іншых краінаў. Паводле свайго статусу яны мне нагадваць дзеячоў, якія былі ў сацыялістычнай Польшчы ў "Салідарнасьці". Нейкім чынам гэта дасьць свой плён. Гэтыя людзі разумеюць, што без рэформаў эканоміка загіне. Хаця яны закліканыя абараняць інтарэсы рабочых, але гэта азначае ня толькі выпрошваць у начальства льготы і пуцёўкі ў дамы адпачынку. Яны разумеюць, што трэба ладзіць сацыяльнае партнэрства, трэба, каб у краіне быў капітал, незалежны ад дзяржавы. Пажадана, каб гэты капітал меў айчынныя карані, каб дзяржава ня ўмешвалася ў эканоміку, толькі ўстанаўлівала "правілы гульні" і гэтак далей".

(Цыганкоў: ) "Варта паразважаць пра сувязь паміж прафсаюзамі і палітыкамі. Мы ведаем, што Аляксандар Бухвостаў вельмі актыўна бярэ ўдзел у розных палітычных канфігурацыях, ведаем, што сувязь паміж прафсаюзамі і палітыкай была вельмі моцная падчас прэзыдэнцкіх выбараў, калі адзіным кандыдатам ад апазыцыі быў Старшыня ФПБ Уладзімер Ганчарык. Ці прыйдзецца Бухвоставу прыбягаць да нейкай палітычнай дапамогі, прымыкаць да кааліцыяў, каб адстаяць свае пазыцыці як лідэра прафсаюзу, ці ён сканцэнтруецца толькі на прафсаюзнай працы? Увогуле, якая сёньня стратэгія паводзінаў павінна быць у тых прафсаюзаў, якія ня хочуць падпарадкоўвацца Козіку?"

(Быкаў: ) "Што да мяне, то ні прафсаюз, ні я па сваёй волі ня лезу ў палітыку. Гэта ўлада прымушае мяне займацца палітычнымі пытаньнямі. Што да Бухвостава, то я не бачу нічога благога ў тым, што ён працуе са сваёй Партыяй працы, хоча, каб людзі сьвядома нешта рабілі, кіраваліся ня толькі патрабаваньнямі страўніка, але і розуму. Аднак спадзявацца на тое, што Бухвостаў як прафсаюзны кіраўнік атрымае нейкую вялікую дапамогу ад палітыкаў, зараз ня варта. Яму трэба здабываць падтрымку ад сваіх першасных арганізацыяў, актыву свайго прафсаюзу. Калі партыі акажуць нейкую дапамогу, гэта добра, аднак вялікіх спадзяваньняў на гэта ўскладаць ня трэба".

(Цыганкоў: ) "Ці павінны быць прафсаюзы бліжэйшымі да палітыкі, ці далейшымі ад палітыкаў?"

(Скуратовіч: ) "Пры такіх рэжымах, які існуе зараз у Беларусі, амаль няма той сфэры дзейнасьці, якая не падпадала б пад палітычнае вызначэньне. Незалежныя прафсаюзы два гады таму вялі такую дыскусію і прыйшлі да высновы, што афіцыйна можна не казаць, што "мы займаемся палітыкай", але насамрэч любы страйк, кожны рух, які жадае стаць масавым, у нашых умовай непазьбежна становіцца палітычным. Нават такая працэдура, як вызначэньне сацыяльных парамэтраў эканомікі, што робіцца падчас перамоваў паміж прафсаюзамі і ўрадам, становіцца палітычнай справай. Нездарма ж гэтыя дамовы ніколі не выконваюцца па віне ўраду і прэзыдэнта. А прафсаюзы пакуль сваю ролю не адыгрываюць, яны тут вельмі пасіўныя".

(Цыганкоў: ) "Нядаўна прэзыдэнтам Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў быў абраны вядомы палітык Аляксандар Ярашук. Як зьменіцца ў гэтай сувязі палітыка незалежных прафсаюзных аб'яднаньняў?"

(Быкаў: ) "Ярашука мы абралі таму, што, па-першае, будучы з 1998 году на пасадзе ў самым слабым зьвяне прафсаюзаў – аграрным, ён паказаў сябе байцом. Ён не склаў лапкі, адстойваў сваю пазыцыю, ён ня кінуў прафсаюз, як Вітко, а адстойваў сваю пазыцыю і змагаўся да апошняга. Па-другое, Ярашук мае вялікі вопыт працы, партыйнай у тым ліку. Перад тым, як размаўляць з ім, каб ён даў дабро балятавацца на пасаду прэзыдэнта Кангрэсу, я гаварыў з многімі людзьмі, якія яго добра ведалі. Гэта сумленны чалавек.

Як прэзыдэнт Кангрэсу Ярашук два кірункі працы павінен рабіць вельмі добра. Гэта праца з уладай – ён многіх у гэтай уладзе ведае; і другое – міжнародная дзейнасьць. Мне здаеццца, і хацелася б верыць, што Ярашук апраўдае нашыя надзеі, і беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў стане блізкім часам адной зь вядучых сілаў прафсаюзнага руху Беларусі".

(Цыганкоў: ) "Канстантын, як вам бачыцца збоку – ці ўдасца ў гэты час, калі ў Беларусі агульная грамадзкая актыўнасьць вельмі нізкая і выбуху яе пакуль не відаць – ці ўдасца Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў актывізавацца і выйсьці на больш значныя ролі у прафсаюзным руху?"

(Скуратовіч: ) "Ведаецце, нам усім уласьцівыя стэрэатыпы савецкіх часоў. У прыватнасьці, маю на ўвазе так званую масавасьць прафсаюзаў. Заўсёды казалі пра 5 мільёнаў сяброў гэтай арганізацыі і гэтак далей. На самой справе гэта мае толькі фармальнае значэньне. Прафсаюзы незалежныя аб'ядноўваюць тых людзей, якія маюць ясную палітычную і грамадзянскую пазыцыю. Таму ролю прафсаюзаў можна параўнаць з дрожджамі. Іх трэба няшмат, але бязь іх цеста не забродзіць. Закваска.

Таму мне здаецца, што патрэбныя нестандартныя хады, як (калі мяне памяць не падводзіць) у 1998 годзе, калі Жыхар і Аліева правялі калёну рабочых ад Трактарнага заводу да Адміністрацыі прэзыдэнта і ўсё-ткі ўручылі пэтыцыю. І Лукашэнка не асьмеліўся разагнаць рабочых, паскідваць іх у Сьвіслач".


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.