news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Мая Свабода
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


14 Траўня 2004
 
Прыватны дзёньнік: Міхась Булавацкі
Michas Bulavacki, Mahilou Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе беспрацоўны настаўнік матэматыкі з Магілёва Міхась Булавацкі.
 
Міхась Булавацкі, Магілёў
 
Нядзеля 9 траўня, ранак

Сьвята перамогі. Учора сябрук выказаў шкадаваньне, што сьвяточны дзень супаў зь нядзелькай. А мне дык усё адно, я ўжо шосты год беспрацоўны. І ўсе дні для мяне аднолькавыя тым, што менавіта я сам запаўняю іх тымі ці іншымі справамі.

Маё беспрацоўе для дзяржавы — вялікая раскоша, бо я — настаўнік з найбагацейшым досьведам, які шмат разоў пацьвярджаў сваё ўменьне навучаць матэматыцы на самым высокім узроўні, і нармальная дзяржава напоўніцу скарыстоўвала бы гэтае маё ўменьне. Але сёньняшнім беларускім уладам, мабыць, такія спэцыялісты не патрэбныя. Што ж, мае таленты мяне пракормяць. Хаця, канечне, шкада, што яны скарыстоўваюцца ў вельмі мізэрным памеры. Адукацыйныя ўлады пужае мая беларуская мова. Баяцца (і небеспадстаўна), што я буду пераконваць дзяцей і бацькоў перайсьці на беларускамоўнае навучаньне.

Сёньня, як і заўжды ў такі дзень, па тэлебачаньні будуць паказваць найлепшыя з дазволеных Палітбюро КПСС фільмы пра вайну, па радыё будуць гучаць песьні вайны, таленавіта напісаныя расейскімі аўтарамі... Вось цікава, чаму ў нашай песеннай творчасьці песьняў пра тую вайну амаль няма? Ці не таму, што беларусы інтуітыўна адчувалі яе чужароднасьць? Ці проста ў нас вайна — тэма ня песенная?.. Будуць казаць узьнёслыя словы пра вайну, а вэтэранаў, якія дажылі да гэтага дня, будуць віншаваць зь перамогай і нават нешта ім абяцаць. А самі пераможцы ў стаптаных чаравіках і пацёртых джынсах “ад унука”, адшчыкнуўшы ад сваёй сьціплай пэнсіі на пляшку “франтавой”, будуць адзначаць сьвята традыцыйнай чаркай са шкваркай (гэтую традыцыю ўчора Пуцін узьвёў на Чырвоную плошчу, пад сьцены Крамля) і будуць употайкі перабіраць мэдалі, баючыся зь імі выйсьці на вуліцу, каб ня ўбачыў сусед-п’яніца і ня скраў дзеля шчасьця адзін раз напіцца “да ўсрачкі”. Ды яшчэ будуць звыкла праклінаць “бэнээф”, які не дае іх абраньніку збудаваць правільнага жыцьця.

Калі б мне давялося сказаць слова на гэты дзень, я б казаў не пра народны вычын і перамогу, а памянуў бы найперш тых, каго паглынула вайна — ад абаронцаў Берасьцейскай крэпасьці, якім не пакінулі іншага выбару, як стаць героямі, да тых, хто забіты сьмершаўцамі. Памянуў бы сваіх сястрычак — Марыю шасьці год і Раю чатырох год, якіх фашысты спалілі разам з усёй вёскай Восы, ператворанай партызанамі ў свой лягер, і шаснаццацігадовую дзяўчыну Ліду Жлобіч з суседняй вёскі Масты, якую застрэліў п’яны партызан за тое, што не схацела аддацца яму, герою.

Гаварыць пра вайну ўрачыста і ўзьнёсла, на мой погляд, ненатуральна. Нават пра перамогу, калі яна даецца такім коштам. “Мы за ценой не постоим!..” За кожнага забітага гітлераўца пераможцы заплацілі пятнаццацю душамі сваіх людзей. Што ж, краіна была вялікая і людзкога мяса было там шмат.

Ня дбаць аб кошце перамогі — гэта менавіта расейская адметнасьць. У Расеі ніколі не цанілася жыцьцё чалавека звычайнага, чалавека “з народу”. Гэтым змушаным камікадзтвам і перамагалі. Так перамог Сувораў туркаў, абышоўшы іх з тылу празь непраходныя Альпы і пакінуўшы ў горных кручах ці не палову свайго войска (“за цаной не пастаім!”), так перамог і нашага Касьцюшку, бо Тадэвуш думаў пра людзкі кошт магчымай перамогі і ня кідаў сваіх войскаў у небясьпеку вялікіх стратаў.

З той жа сэрыі перамога расейскіх спэцвойскаў над тэрарысткамі ў тэатральнай залі мюзыклу “Норд-Ост”. Аддаць сотню сваіх, каб зьнішчыць паўтара дзясятка бандытаў — якая драбяза! Галоўнае — перамога. “Мы за ценой не постоим!” Супраць лому няма прыёму, акрамя... Чачэнцы знайшлі гэты лом, яны змагаюцца з Расеяй той жа мэтодай з тым жа лёзунгам. І таму яны непераможныя...


Вечар таго ж дня

Толькі што па расейскім тэлебачаньні пачуў пра забойства Ахмада Кадырава. Подлае забойства. Але ж забойства Дудаева ці Ендарбіева было ня менш подлае. Вайна і подласьць — рэчы сумяшчальныя... Вайна подласьцю корміцца… Паўгоду прэзыдэнцтва... Колькі прасядзіць наступны?.. І дзе яго знойдзе Пуцін?..


Панядзелак 10 траўня

Абдумваю чарговы ліст да гарадзкіх адукацыйных уладаў аб сваім працаўладкаваньні ў школе. Усё ж пры канцы траўня ўдакладняецца кадравая сытуацыя ў школах, і трэба аб сабе нагадаць. На леташнія мае заявы ні Цэнтральны, ні Кастрычніцкі выканкамы не адказвалі нават пасьля некалькіх напамінаў. У Кастрычніцкага выканкаму выбіла адказ абласная арганізацыя ТБМ: маўляў, не працаўладкавалі Булавацкага, бо няма вакансіяў. З Цэнтральнага выканкаму адказ (натуральна, аналягічны) выбівала пракуратура. Там інспэктарцы па кадрах нават вымову аб’явілі за затрымку адказу. Вынік новай маёй заявы будзе такім жа, у сэнсе — вакансіяў няма. Але працягваць гэтую гульню трэба.

Сустрэў Сяргея, знаёмага. Той паскардзіўся, што сын, чатырохклясьнік, баіцца матэматыкі і ня хоча разьвязваць задачаў з падручніка. Ён ня першы, ад каго я чую пра такі клопат. Падручнікі матэматыкі, створаныя маім калегам па катэдры, па якіх цяпер вучацца ці ня ўсе беларускія дзеці, атрымаліся няўдалымі. Катэдра магла рэкамэндаваць у друк толькі адзін падручнік, і спрэчкі паміж мной і загадчыкам апошняму былі непатрэбныя. Я ня стаў супраціўляцца і пакінуў катэдру. Цяпер вось пікантная сытуацыя: мае крытычныя выступленьні выглядалі б у нейкім сэнсе як помста пакрыўджанага. Шэсьць гадоў маўчаў. Але ўсё часьцей да мяне сталі зьвяртацца бацькі з просьбай дапамагчы іх дзецям разьвязаць задачу з падручніка, і калі адна зь дзяўчынак не змагла нават прачытаць умоваў задачы, перанасычанай кітайскімі назвамі (Цьзяліньцьзянь, Гхагхра...), не стрымаўся. Мой арыкул, падрыхтаваны да друку, ужо два месяцы ляжыць у рэдакцыі “Звязды”.


Аўторак 11 траўня

Раніцай зазірнуў у більярдны клюб. Шыкоўны клюб зрабілі ў Магілёве, аж на дванаццаць сталоў. Тут нават чэмпіянаты рэспублікі праводзяць. А на пачатку дня дазваляюць вэтэранам більярднага спорту паўтары гадзіны пагуляць бясплатна. Мабыць, з гэтага клюб мае падатковую палёгку. Я таксама пры магчымасьці ахвотна карыстаюся такой нагодай разам зь іншымі дзядамі-пэнсіянэрамі. Сярод дзядоў — былыя настаўнікі, чыноўнікі, таксіст, некалькі спартовых трэнэраў, адзін нават заслужаны, адстаўны падпалкоўнік КГБ, а большасьць — звычайныя “рабацягі”, мова якіх густа перасыпаная расейскім матам.

Пры першым маім зьяўленьні ў клюбе, пачуўшы маю беларускую мову, натапырыліся: ты што, бэнээфавец? Пазьняковец? Ня можаш па-нармальнаму размаўляць? “Магу, — кажу, — я й размаўляю па-нармальнаму. Гэта вы, беларусы перасьпелыя, нармальную беларускую мову забылі, а з расейскай толькі мацюкі вывучылі”. Калі пераканаліся, што я стукаю па шарах ня горш за іх, запаважалі і ў размове са мной раз-пораз сталі скарыстоўваць беларускія словы. (Вось жа, успамінаюцца-ткі! Ды яшчэ якія сакавітыя! Нібыта з куфэрка дастаюць, дзе захоўваецца самае каштоўнае.) А мне далі мянушку “Бэнээф”.

Прапанаваў старшыні Магілёўскай філіі БНФ Рыгору Костусеву пашукаць невялікія сродкі на турнір вэтэранаў па більярдзе. Турнір вэтэранаў на прызы Беларускага Народнага Фронту — файная ідэя. Няўжо каторы з-за нялюбасьці да БНФ адмовіцца ад магчымасьці атрымаць невялікі дадатак да сваёй пэнсіі?


Серада 12 траўня

Зайшоў у Кастрычніцкі райвыканкам да загадчыка аддзелу адукацыі. Малады хлопец, яшчэ не зьбюракратызаваны, сядзіць у гэтым крэсьле крыху больш за паўгоду. Можа, ня ведае пра маю заяву? Выявілася, ведае. Але вакансіяў не прадбачыцца. Наадварот, кагосьці звальняць прыйдзецца, бо колькасьць клясаў скарачаецца. “Што ж, — кажу, — буду чакаць. Але вось яшчэ пытаньне. У вашым раёне ёсьць нацыянальная гімназія. Пра якую нацыянальнасьць гаворка?” Усьміхаецца: “Думаю, што калі называлі так, то мелі на ўвазе беларускую. Але цяпер… Ды вы ня першы нагадваеце, мы думаем пра гэта”.


Чацьвер 13 траўня

“Звязда” прыслала ганарар, дзесяць тысяч (у народзе на тысячы не зважаюць, кажуць: дзесяць рублёў). Некалі адзін мой малады сваяк зь вёскі патэлефанаваў, што прыедзе здаваць тэсты па матэматыцы. Я падумаў пра магчымыя праблемы зь яго мовай і напісаў у Міністэрства адукацыі ліст з прапановай падаваць тэставыя заданьні на дзьвюх мовах. Адказ начальніка ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі У.Шчэрбы ўсьцешыў. “Мы падзяляем ваш клопат, — пісаў ён, — тэсты будуць друкавацца на дзьвюх мовах”. Сваёй радасьцю я падзяліўся зь “Звяздой”. Цяпер выявілася, што Шчэрба падмануў, тэставыя заданьні беларускім школьнікам даваліся не на роднай мове. Затое — вось ганарар. Як кажуць, зь няўдалай авечкі — хоць поўсьці касмыль.

Сёньня ж “Наша слова” надрукавала тлумачэньне дырэктара Інстытуту кантролю ведаў М.Фяськова на тую ж тэму. Фяськоў ёрнічае: для цэнтралізаванага тэставаньня выбраная адна зь дзяржаўных моваў Рэспублікі Беларусь, што не супярэчыць Канстытуцыі і Закону “Аб адукацыі”. Канстытуцыя тут ні пры чым. Важней, што гэта не супярэчыць зьнявечанаму фяськоўскаму сумленьню.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.