|
Як беларусы гасьцей прымаюць і ў госьці ходзяць |
|
|
Рыгор Барадулін, Менск |
|
“Госьці ў хату — сьвіньні рады”, — жартуюць крывічы. Гэта значыць, што ўсяго будзе да адвалу. Для гасьцей крывічы нічога не шкадавалі. Не на чорны дзень, а для гасьцей заўсягды нешта прыпасалася. Нездарма ж кажуць: дай Бог гасьця, а каля гасьця й я.
Госьць у хату — Бог у хату. Мяноўна Бог пасылае гасьцей, каб праверыць на шчырую шчодрасьць гаспадара. Госьць заўсягды жаданы, заўсягды чаканы. Гэта нашыя ўсходнія суседзі пабойваюцца гасьцей, ці ад скупасьці, ці ад небагатасьці, гэта іхная прымаўка: незванный гость хуже татарина. Здавалася б, чым замінаюць татары, у якіх нашыя ўсходнія суседзі й прозьвішчы пабралі, і звычаі, нават славутая шапка Манамаха — цюрскага паходжаньня.
Госьцю ўсё лепшае. Госьцю — гусьцё, радабоць сабе. Гаспадар радуецца, калі панаедзе гасьцей з усіх валасьцей. Для гасьцей пякуць яечню ў калена. Гасьцей кормяць, як на ўбой. Кормяць так, каб госьць шкадаваў: душачка б прымала, ды скурачкі мала. За сталом у госьця лыжка гнецца, нос сьмяецца, душа радуецца. Крывічы разумеюць, што ўсе мы госьці на гэтым сьвеце.
За сталом хмурых і сярдзітых няма. Жарты, сьмелае пакепліваньне, песьні.
— Чым жа вас частаваць? — пытаецца гаспадар.
— Чым вароты падпіраць, — адказваюць задзірыста госьці.
Стол аж ломіцца ад страў, ад прысмакаў, а гаспадыня ў песьні пытаецца:
А чым жа вас частаваць,
А чым жа вас вельмаваць?
Качан капусты на лясе,
Верабеечка ў страсе.
Вераб’ёў, праўда, у Кітаі ядуць. Толькі не ў крывічоў.
Госьці йдуць у перапевы:
Дзень добры таму,
Хто ў гэтым даму!
Гаспадынечка, журавіначка,
Гаспадарочак, дому паночак.
А мы госьцікі нехаджалыя,
Нехаджалыя, небывалыя.
Ня часта ходзім,
Ня многа просім:
Кварту гарэлкі,
Сыр на талеркі.
Не забываюцца сказаць добрыя словы і пра чарку:
Ой, чарачка, сакатуха,
Ня йдзі міма,
А йдзі ў бруха.
З кілішэчка цячэць,
Каля сэрца пячэць.
Эпітэтаў для чаркі не шкадавалі самых пяшчотных:
Ой, чарачка каточак,
Пакаціся ў раточак
Ня стуча, ня груча,
Па костачках шчакача.
Гасьцей увесь час трэба было прымушаць, запрашаць піць і есьці, каб потым, крый Бог, не сказалі: піць-есьці было, толькі прымусаў не было. Ці: на стале ўсяго было, толькі прынукі не было. Трэба было піць, пакуль галава трымалася на плячох, бо душа, казалі, меру знаіць. Калі госьць куляў чарку, яму пад руку прыгаворвалі: мёдам на душу, мёдам на душу, патакай! Каб лепей пілося. Спачатку трэба было выпіць у красу, потым каб дома не журыліся. Адхадную пілі на пужку, каб пуга добра каня падганяла. Адыходзячы, госьці жадалі: каб у вас было ня сьпіта, ня зьета!
Невыпадкова добрая, уежджаная дарога называлася гасьцінцам. З гасьцей малым везьлі гасьцінцы ў хусьцінцы.
У госьці ішлі й ехалі таксама не з пустымі рукамі. Альбо хто з прыносам, а хто зь першым носам. Звычайна госьці дарылі гаспадарам падарункі. Жартам казалі, каб госьці ня селі косьцю.
Гасьцяваньне — гэта паразуменьне душаў, абмен радасьцю, каб скруха сабе галаву скруціла.
Гасьцяваньне — і сьвята, і праца. Злосьці ня ходзяць у госьці. Ягамосьці госьці — шчыруны весялосьці. |
|
|
|
|