news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


25 Сьнежня 2003
 
Як зь беларусамі калядныя цуды здараюцца
 
Андрэй Хадановіч, Менск
 
Якую падзею ў жыцьці чалавека можна лічыць сапраўды важнаю? Разумныя людзі, ад старажытнагрэцкіх філёзафаў да беларускага паэта Ўладзімера Някляева ўключна, ня раз выказвалі такую гіпотэзу. Так, напраўду чалавек бывае свабодны толькі два разы, зьдзяйсьняючы два вялікія падарожжы, пярэбары туды й назад, з таго сьвету на гэты й з гэтага на той. Але, на шчасьце, паміж гэтымі дзьвюма архіважнымі падзеямі ў нашым жыцьці надараюцца й драбнейшыя, “звычайнейшыя” цуды, дзівоснасьць якіх нібыта намякае на нешта большае, чым яны самі.

Так, пазалетась адзін журналіст і мой добры знаёмы праводзіў апытаньне, дазнаючыся ў рэспандэнтаў, ці здараліся зь імі цуды на Каляды. Быць сярод апытаных пашчасьціла й мне. І мне згадалася адно здарэньне, якое пры жаданьні можна кваліфікаваць як самы сапраўдны цуд.

Я тады быў яшчэ дзіцём дашкольнага веку і, як пераважная бальшыня сваіх савецкіх раўналеткаў, ня ведаў, што такое Каляды, і таму адзначаў выключна Новы год. Не гаворачы па-беларуску, я шчэ ня ведаў, што хваёвае дрэва, сьсечанае ў лесе й аздобленае сьвяточнымі цацкамі, перастае быць “елкаю” й становіцца ўжо “ёлкаю”. Але я адчуваў магічную мэтамарфозу, бо ніколі не шукаў навагодніх прэзэнтаў пад звыклымі вулічнымі ялінамі. А вось у сябе дома, пад вечназялёнай і вечна пахучай расьлінаю ў зыркіх шарыках і яскравых лямпачках, я быў бясспрэчным чэмпіёнам па атрыманьні — а калі-нікалі й выкраданьні — падарункаў. І мне ў гэтым зусім не заміналі дзьве лялечныя постаці, што несьлі пад ялінкай сваю варту, — прычым Дзед Мароз быў тоўсты і ўдвая ніжэйшы ад высокай і зграбнай Сьнягуркі, так што выглядаў побач зь ёю нібы стары модны кутур’е каля ўлюбёнай топ-мадэлькі, пра існаваньне якіх я, зрэшты, таксама тады ня ведаў.

Таксама як нічагусенькі ня знаў я і пра біблійных магаў — Каспара, Бальтазара й Мэльхіёра. Апошняе імя асацыявалася ў мяне адно з сталовымі прыборамі. Ня ведаў і пра іхныя дары — золата, ладан… А “сьмірна” была для мяне хіба што вайсковай камандаю з тэлеперадачы “Служу Савецкаму Саюзу”. Затое я напэўна ведаў, што калі першага студзеня ўстану раней за сяброўку, якая прыехала сьвяткаваць Новы год да нас, то знайду пад елкаю-ёлкаю ня толькі свой, але і ейны прэзэнт, і толькі цуд зможа ўратаваць яе ад гэтага.

Але я ўзяўся апавядаць пра іншы цуд. Вось жа аднойчы бацька прывёў мяне на сьвяткаваньне Новага году ў Дом літаратара. Апускаю апісаньне сьвятая сьвятых беларускага пісьменства. Згадаю адно пра тамтэйшы бар, які ўразіў мяне багатым выбарам шакалядных выбараў. Магчыма, я адзіны беларускі паэт, для якога славуты бар Дому літаратара асацыюецца сёньня ня з моцнымі напоямі, а зь нявіннай шакаляднаю пліткай. Менавіта ейны смак дазволіў мне крыху суняць хваляваньне перад архіадказнаю аўдыенцыяй.

А рэч у тым, што юныя наведнікі Дому літаратара сустракаліся ў гэты дзень зь мясцовым Дзедам Марозам, расказвалі яму вершыкі й сьпявалі песенькі, за што й атрымлівалі са шчодрых рук навагоднія падарункі — свае першыя літаратурныя ўзнагароды. Наконадні сьвяточнай падзеі бацька прапанаваў мне вывучыць напамяць навагодні вершык. Калі не памыляюся, гэта быў першы тэкст на беларускай мове, што трапіў у поле маёй увагі. Я старанна вывучыў твор, хоць мова мяне крыху зьдзівіла. У мяне былі сур’ёзныя падазрэньні, што жывыя людзі так не гавораць. І напраўду, выявілася, што я быў адзіным на імпрэзе дзіцём, што чытала верш на гэтай “дзіўнаватай” мове. Але ж знайшлася істота, што падтрымала мой высакародны парыў. Сівабароды Дзед Мароз гаварыў па-беларуску.

Мая тэорыя спраўджвалася. Звычайныя людзі так не гавораць, але ж Дзед Мароз быў стварэньнем казачным, незямным. Я быў узрушаны й перакананы: беларуская мова — мова Дзядоў Марозаў… З часам гэтая калядна-шакалядная магія часткова разьвеялася, але вершык я ведаю на памяць дагэтуль.

Прайшлі гады. Беларусь атрымала незалежнасьць. Атрымала, як калядны падарунак, па-дзівоснаму раптоўна і, як бывае з падарункамі, не да канца заслужана. Беларуская мова — прынамсі, фармальна — на некалькі год зрабілася адзінаю дзяржаўнаю мовай. А беларускія дзеці дазналіся, што апроч Новага году, ёсьць яшчэ й Каляды, а па-за Дзедам Марозам, існуе й Сьвяты Мікола. Як сьцьвярджае тэлебачаньне, ён цяпер працуе кіроўцам вялізарнай чырвонай фуры, на якой развозіць дзеткам “Кока-колу” — на зайздрасьць незваротна пасталеламу пакаленьню “Пэпсі”.

І раптам выявілася, што ў Менску, як і наагул у Беларусі, ня так ужо й мала моладзі майго пакаленьня, што валодае беларускаю нічым ня горай, а мо й лепей за таго “літаратурнага” Дзеда Мароза. Моладзі, для якой “кола” — гэта ня толькі калядны напой, але й прадмет круглай формы, шчасьліва прыдуманы чалавекам; моладзі, што сама стварае вершы й песенькі, якія ня сорамна было б выканаць перад навагоднім дзядунем з вуліцы Фрунзэ, 5.

Час ад часу нехта з гэтых мальцаў зьбіраецца на якім-небудзь школьным стадыёне, каб пагуляць у футбол. І тады пацаны з навакольных дамоў, што далучаюцца да іх, чуюць дзіўныя словы, якіх не пачуеш ад футбольных камэнтатараў на беларускім тэлебачаньні: “апука”, “брамнік”, “нападнік”, “кутні” (ці нават “рагавы”). Хто ведае, мо ў гэтых дваровых падлеткаў складаецца ўражаньне, што беларуская мова — гэта мова, на якой гавораць футбалісты, калі вырастаюць. (Ці не таму, адзначым у дужках, прэзыдэнт аддае перавагу не футболу, а хакею, будуючы паўсюль лядовыя палацы?)

Прыходзячы заўзець на стадыён “Дынама”, гэтая моладзь прыносіць з сабою нашыя сьцягі забароненыя колераў, за што яе тутсама арыштоўваюць футбольныя заўзятары ў цывільным. Гэтыя заўзятары ў цывільным добра ведаюць у твар шмат каго з арыштаваных, бо бачылі іх ня толькі на стадыёнах.

Афіцыйная прапаганда называе гэтых мальцаў са сьцягамі “адмарозкамі”. Ці не таму, — думаю я часам, — што ў дзяцінстве кожнага зь іх адбылася сустрэча са сваім беларускім Дзедам Марозам, адбыўся свой цуд на Каляды? Можа, менавіта таму, будучы арыштаваныя й трапляючы пасьля ў суд, яны не жадаюць адказваць на пытаньні па-расейску і ўпарта патрабуюць беларускага перакладніка? Што імі рухае? З пэўнасьцю ня тая патрыятычная рыторыка, да якой схільныя іх перастарэлыя калегі. Магчыма, яны таксама прыйшлі да формулы, што па-сапраўднаму свабодным чалавек бывае двойчы: зьяўляючыся ў гэтым сьвеце й сыходзячы зь яго? Можа, у беларускім Дзеду Марозу ім пабачыўся найсапраўднейшы Сьвяты Мікола?

А гэта значыць, што, акрамя дзіцячага пакою міліцыі, ёсьць яшчэ й яна, нябёсная канцылярыя, дзе памятаюць пра малалетніх вісусаў, якія блытаюць Каляды з Новым годам, але таксама патрабуюць сваіх падарункаў. А таму ёсьць надзея, што некалі, — у апошні раз адказваючы за свае дрэнныя паводзіны, — яны змогуць адказваць, як думаюць, не патрабуючы беларускага перакладніка.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.