|
Гомельская кватэра Паўлюка Труса. Да 100-годзьдзя паэта |
|
|
Сяргей Дубавец, Вільня |
|
Паўлюк Трус пражыў усяго 25 гадоў і цалкам зьмясьціўся ў свой гістарычны пэрыяд. Таксама як да яго – Максім Багдановіч. Гэта абумовіла чысьціню сьветапогляду і творчага даробку першага і другога, а можа быць і самую першародную шчырасьць іхнай паэзіі – пэўны эталён для ўсіх астатніх. Багдановіч пачаў пісаць вершы, калі ўжо была “Наша Ніва” – асяродак нацыянальнага адраджэньня, і памёр, калі яшчэ не адбылася рэвалюцыя і зьвязаная зь ёю ломка традыцыйнага сьвету. Трус пачаў, калі ўжо рэвалюцыя адбылася і ў краіне панавала палітыка беларусізацыі – увасабленьня ў савецкіх умовах тых нашаніўскіх ідэалаў, і памёр, калі беларусізацыя яшчэ ня скончылася, не абярнулася масавымі рэпрэсіямі і поўнай прафанацыяй.
Падобна як Багдановіч стаў паэтам “Нашае Нівы”, так Трус стаў паэтам беларусізацыі. Магчыма, вяршыняй ягонага лёсу быў адзін год жыцьця, праведзены ў Гомелі, дзе пасьля нядоўгага знаходжаньня гораду ў складзе Расеі патрабавалася вялікая праца дзеля зьбеларушваньня ўсіх сфэраў жыцьця. Гэтым і займаўся Паўлюк Трус, працуючы ў гомельскіх газэтах. У сёньняшняй перадачы мы паспрабуем адшукаць ягоны адрас. Дзеля гэтага ў Гомель адправіўся Зьміцер Бартосік.
(Бартосік: ) “У вялікай беларускай паэзіі ёсьць безьліч радкоў, якія запамінаюцца імгненна і назаўжды. Упершыню пачутыя ці прачытаныя, яны адразу застаюцца ў памяці, і пры адпаведным выпадку прамаўляюцца намі не як зазубраныя ў школе цытаты, а як прыгожыя і трапныя экспромты. Ня дзіва, што шмат якія радкі сталіся пазьней песьнямі. “Няма таго, што раньш было”, “Мой родны кут, як ты мне мілы”, “Запяі мне песьню, нашу не чужую”, “Трэба дома бываць ня госьцем”. Да гэтай самай катэгорыі належаць і радкі Паўлюка Труса:
Падаюць сьняжынкі —
дыямэнты-росы,
Падаюць бялюткі
за маім вакном...
Расчасалі вішні
шоўкавыя косы
І ўранілі долу сьнегавы вянок…
Упершыню пачуўшы іх годзе ў 1992-м на нейкай беларускай вечарынцы ў Гомелі, я, памятаю, каторы раз зьдзівіўся. Наколькі яно простае – усё геніяльнае і прыгожае. Празь некаторы час я зьдзівіўся яшчэ больш, даведаўшыся, што гэта зусім не пэйзажны верш, а пачатак паэмы, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю Савецкай Беларусі. Але сёлета мяне чакаў новы сюрпрыз. Гартаючы эпісталярную спадчыну Труса, я з хваляваньнем знайшоў ягоны гомельскі адрас. У лісьце да Пятра Глебкі:
“Кватэрка мая невялічкая, але зацішная – можна працаваць, хоць, праўда, вельмі і вельмі мала часу. У 9 гадзін прыходзім у рэдакцыю і пакідаем яе ў 4 гадзіны дня. Так што сам бачыш, які ў мяне час. А тут прыйдзеш дадому, адпачыць патрэбна абавязкова, бо да таго задураць галаву карэспандэнцыі, што сам сябе не пазнаеш. Ну, але гэта нічога”.
4-ты Рэвалюцыйны завулак, дом нумар чатыры. Гэты адрас можна лічыць забытым, але толькі ня зьніклым. Гомель – горад па-свойму ўнікальны. Тут да сёньняшняга дня захаваліся, ці лепей сказаць, схаваліся за фасадамі галоўных вуліц, тыя раёны, якія яшчэ зусім нядаўна не называліся інакш, як трушчобамі. Маладыя гомельцы наўрад ці скажуць, як прайсьці на Амэрыку, дзе знаходзіцца Каўказ, ці далёка дабірацца да Забегу, і што такое Сьвісток. Назвы пакрысе паміраюць разам са старажыламі. Дамы мяняюць гаспадароў. Але пры ўсім тым застаецца дух тых Амэрыкаў ды Каўказаў.
Паўлюк Трус у 1927-м годзе жыў на Забегу.
…Я стаю ў падземным пераходзе ля ўнівэрмагу “Гомель”. Сёньня гэта цэнтар гораду. Вымытыя тратуары, адкрытыя кавярні, карпусы ўнівэрсытэту, удалечыні вежа новага касьцёлу. Нічога не нагадвае таго гораду, які быў далучаны да БССР ў 1926-м годзе. І ў які са сталіцы прыехаў малады, поўны энэргіі і імпэту паэт. Каб напоўніць новадалучаныя землі беларушчынай”.
(Дубавец: ) “Далучэньне Гомеля да БССР насамрэч было вяртаньнем гораду пасьля кароткага знаходжаньня яго ў складзе РСФСР. Гомель і Гомельшчына ніколі не былі расейскімі горадам і зямлёю. Спакон вякоў гэтыя мясьціны дрыгавічоў ня толькі ўваходзілі ў беларускія этнаграфічныя межы, але й складалі аснову Беларусі. Тое, што цяпер называюць спрэчнымі тэрыторыямі, мясьцілася далей за Гомель – ладныя часткі Чарнігаўшчыны, Браншчыны, Смаленшчыны. Гомель быў безумоўнай складовай часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гістарычны казус здарыўся пасьля абвяшчэньня БССР. Яна была абвешчана бальшавікамі ў Смаленску, а ўжо праз тыдзень паступіў загад з Масквы сталіцу БССР перанесьці ў Менск, а ўсю Смаленшчыну, Віцебшчыну, Магілёўшчыну і Гомельшчыну адлучыць ад БССР і далучыць да Расеі.
Сказана – зроблена. Новаствораная БССР пачынае складацца з цэнтральных і галоўным чынам заходніх земляў цяперашняй Беларусі. Але тут прысьпявае новая махінацыя Крамля. На перамовах у Рызе паміж Масквою і Варшавай, куды прадстаўнікоў БССР не дапусьцілі, пастаноўлена Заходнюю Беларусь аддаць Польшчы. Такім чынам, у 1920-я гады мінулага стагодзьдзя БССР уваходзіць вузкай палоскай – без Заходняй і Ўсходняй Беларусі.
Натуральна, з прыходам у Менску да ўлады нацыянал-камуністаў, якія і праводзілі тую палітыку беларусізацыі (за што ў 1930-я гады іх усіх да аднаго расстраляюць ці змусяць да самагубства), пачынаюцца захады аб вяртаньні беларускіх земляў, далучаных да Расеі. Напэўна, разумеючы надта ж “небратэрскі” характар сваіх паводзінаў у дачыненьні да БССР, Масква ідзе на вяртаньне Беларусі Гомеля. 18 лістапада 1926 году адбылося так званае ўзбуйненьне БССР. А праз год у Гомелі зьяўляецца Паўлюк Трус. Дзе менавіта? Паслухаем працяг расповеду Зьмітра Бартосіка”.
(Бартосік: ) “Калі мы зьвернем з галоўнай вуліцы Савецкай направа, і пойдзем уздоўж кандытарскай фабрыкі “Спартак” па вуліцы Хатаевіча, дык празь якія хвілін пяць, збочыўшы ў першы левы паварот за “Спартаком”, апынёмся ў велізарным масіве прыватнага сэктару, якому, здаецца, няма канца-краю. Доўгія-доўгія, да далягляду вуліцы, з настолькі разнастайнымі дамамі… Сьвежыя двухпавярховыя камяніцы новых нэпманаў суседзяць з такімі лядашчымі помнікамі архітэктуры, дакладна не дваццатага стагодзьдзя. Разныя ды пафарбаваныя налічнікі некаторых хатак адбіваюцца ў запыленых і нямытых вокнах дамоў, калі не бамжоў, дык патомных алькаголікаў дакладна. Такая разнастайнасьць і кантрастнасьць у побыце і ладзе жыцьця красамоўней за ўсё сьведчыць, што людзі тут жывуць вельмі даўно. Называецца раён Забегам.
Калі мы зьвярнулі ад “Спартака” налева, дык першы, караценькі завулак, паралельны вуліцы Хатаевіча, гэта і ёсьць той самы 4-ты Рэвалюцыйны. Дзіўныя, скажу вам, пэрспэктывы адкрываюцца зь яго. Адзін канец упіраецца ў старыя склады “Спартака”, другі – у неба. Бо там круты схіл. Сказваецца блізкае суседзтва поймы Сожа. І пастаяўшы каля таго самага, чацьвертага дому, я ледзь не фізычна адчуў сябе ў тых дваццатых. Тут нішто не замінае воку. Дом выглядае як новы. Новая бляха, сьцены пафарбаваныя, здаецца, нядаўна. Але вось, чамусьці, здалося мне, што не будуюць так сёньня. У тры вялікія акны. Маю здагадку пацьвердзіў сёньняшні гаспадар дому, дзядзя Саша”.
(Дзядзя Саша: ) “Тут жылы дом быў. Вялікая ліпа тут стаяла. Бэз, глог. Калі мы купілі, у дом зойдзеш, як у падзямельлі было. Ліпа ўсё закрывала. Кал ліпу сьпілавалі, дык людзі – “а калі ты ўжо дах пасьпеў накрыць?” Даху ня бачылі з-за дрэваў. Падлога ляжала проста на зямлі. Зразумела, згніўшы. Дах абваліўся”.
(Бартосік: ) “Дзядзя Саша – былы пажарнік. Дом купіў у 1986-м годзе ў старой бабулі, якой было на той час 96 гадоў. Сам завулак вельмі зьмяніўся пасьля Чарнобыльскай аварыі. Бо паклалі асфальт. А раней была суцэльная гразь. І дзядзя Саша пераходзіў завулачак у ботах, якія пакідаў у суседа насупраць, ужо там надзеўшы чаравікі. Я паспрабаваў уявіць маладога, прыгожага, крыху нават самаўпэўненага чалавека зь вядомага фотаздымку. Які можа выйсьці з-за рога дому, ці вызірнуць з вакна. Дарэчы, ці не за гэтым самым вакном падалі тыя “дыямэнты-росы”? Так. На Забегу ўявіць паэта зусім нескладана. Асабліва пасьля наступнага паведамленьня дзядзі Сашы”.
(Дзядзя Саша: ) “Дарэчы, домік у двары стаіць, вунь бачыце. Танцы там рабілі. Каторыя ўбіралі вуліцы, сабачнікі гэтыя, яны тут пераапраналіся. Пакойчык быў. А па вечарах танцы. Чаму і называецца Забег. Усе сюды, моладзь, бегала на танцы. Пад гармонік, пад бубны. Гэта цёшчына маці мне распавядала. Там усё гэта адбывалася…”
(Бартосік: ) “А вось што мне распавёў гомельскі гісторык, дасьледчык савецкага пэрыяду, Юры Глушакоў”.
(Глушакоў: ) “Забег – гэта вельмі цікавы гістарычны раён Гомеля і я ведаю гэты раён, і як навуковы супрацоўнік Гомельскага краязнаўчага музэя, і як чалавек, які правёў сваё дзяцінства на гэтым раёне. І яшчэ як дэпутат Гомельскага гарадзкога Савету, гэта мая выбарчая акруга зараз. Раён цікавы з розных пунктаў погляду. Але ж калі мы гаворым зараз пра нацыянальнае пытаньне, дык хачу зьвярнуць увагу на тое, што гэта быў шматнацыянальны раён. І разам зь беларусамі, украінцамі, палякамі, яўрэямі жыла тут і такая цікавая нацыянальная меншасьць як асырыйцы. Ці айсоры. Яны зьявіліся тут прыкладна ў пачатку дваццатых гадоў, уцякаючы з тых раёнаў, якія закранула першая сусьветная вайна і турэцкі генацыд. Цікава, што яны мелі свае клясы ў сярэдняй школе №16. І вывучалі там сваю родную асырыйскую мову. Займаліся рознымі саматужнымі працамі, у тым ліку, выраблялі абутак на гумовай падэшве, што было для таго часу прагрэсіўнай тэхналёгіяй. І гэтая меншасьць існавала супольна да пачатку 1960-х гадоў у Гомелі. Яны перажылі акупацыю. І цяпер таксама, я ведаю, ёсьць асобныя прадстаўнікі гэтай цікавай нацыянальнай меншасьці.
Сама назва, сам тапонім Забег да сёньняшняга часу дакладна не дасьледваны. Але ж ёсьць некалькі тлумачэньняў паходжаньня гэтага тапоніму. У тым ліку можна зрабіць такое меркаваньне… Аб тым, што гэтая назва паходзіць ад імя курда ці асырыйца Заа Бега. Ёсьць такое імя Заа ў курдзкай мове. Курды таксама жылі ў гэтым раёне побач з айсорамі. І адна з вуліц, вуліца Крылова, насіла назву Азія. Курды, па адной з вэрсіяў, іх мог прывезьці з сабой са сваіх захопніцкіх паходаў з Закаўказьзя Іван Фёдаравіч Паскевіч. Адзін з уладальнікаў Гомеля”.
(Бартосік: ) “Разьвітваючыся з Забегам, я з паўгадзіны блукаў, спадзеючыся натрапіць калі не на аднагодка Труса, дык хаця б на чалавека, чыя дзіцячая памяць што-небудзь захавала з таго беларускага Гомеля. Забег мне падарыў сустрэчу з чалавекам, старэйшым за Паўлюка Труса. Ігнат Фядотавіч Раманенка, згорблены стары гамяльчук, сустракае 104-ты год нараджэньня. У сваёй старой, таксама крыху прыгорбленай хаце”.
(Раманенка: ) “Цэрквы стаялі. Палкавая, Троіцкая. Многа цэркваў было”.
(Бартосік: ) “А Вы якога года нараджэньня?”
(Раманенка: ) “Дзевяцісотага. Тут у Гомелі я нарадзіўся. Гэтаму дому больш за сто гадоў. Гэта Забег. Так што ўжо канец гораду быў. Тут дарога была на пашу. Вуліца нашая Новапрудкоўская. Каровы на луг спускаліся, і паша была. А горад чысты быў у 1920-я гады. Транспарту не было, як цяпер гэтыя машыны. Тут луг быў. І кароў ганялі. Прудкоўскае поле было. Луг Валатоўскі. Памешчык быў Гайдальман. Тут усё забудавана цяпер гэтымі высокімі дамамі. Фаэтоны былі. Дваццаць капеек, дзесяць капеек праехаць”.
(Бартосік: ) “Пасьля ў хату зайшла маладая жонка Ігната Фёдаравіча, спадарыні Ніне ўсяго 86. Калі яна спыталася пра мэту майго візыту, я назваў імя: Паўлюк Трус”.
(Жонка: ) “Помню. Паўлюк Трус, я помню. Быў такі пісацель. Можа ў 28-м, можа ў 29-м. Помню”.
(Бартосік: ) “Гэтая вясковая кабета з Брагіншчыны ў трыццатыя гады зьехала ў Гомель. Сваім цьвёрдым “помню” яна дала мне зразумець і адчуць, якая тады ў Труса была слава. Яе цьвёрдае “помню” – гэта рэха той славы. У тыя цудоўныя часы, калі не было ніякіх расейскіх тэлеканалаў. А былі беларускія газэты, беларускае радыё, і беларускія вершы. І здавалася, што так будзе заўжды. Да самай сьмерці…”
(Дубавец: ) “Калі паэт праходзіць увесь свой чалавечы шлях, тады ягоная творчасьць зьмяшчаецца ў межы ягонага лёсу і чалавечага вобразу. Калі ж ён памірае маладым, ягоныя вершы будуць вечна гаварыць з адкрытай прасторай і шукаць свайго чалавечага прытулку ў вобразах іншых людзей – чытачоў.
Мы ня ведаем, як мог скласьціся лёс Багдановіча, калі б не ягоная раньняя сьмерць. Мяркуючы зь лёсаў іншых паэтаў-сучасьнікаў, варыянтаў у Багдановіча магло быць мноства. Што да Паўлюка Труса, дык і тут нязьдзейсьненая будучыня стала ягонай галоўнай загадкай. Хоць у ягонымі выпадку варыянтаў зусім няшмат. Ён памёр у 1929-м. Акурат напярэдадні першых арыштаў, ссылак і расстрэлаў. З соцень ягоных калег-паэтаў рэпрэсіі перажыў хіба дзясятак чалавек. Дый тое – якім коштам! Коштам крывадушных дыфірамбаў таталітарнаму рэжыму. Трус да ўсяго гэтага не дажыў. Яму пашчасьціла не крывіць душою. Хоць тыя закалоты, якія ўжо пачыналіся напрыканцы ягонага жыцьця, абяцалі яму неласкавы лёс.
Так ці інакш, а біяграфія паэта зрабіла поўны круг – за некалькі гадоў ён пасьпеў пабыць і ўзьнёслым юнаком-аптымістам і – пад канец – прызнаным клясыкам роднае літаратуры, у якога адпадае ахвота пісаць. Не раўнуючы, як у Купалы, якога ўлада змушала на дыфірамбы. І хоць было Трусу ўсяго 25, яны паводле настрою цалкам могуць быць параўнаныя з тагачаснымі Купалавымі 50-цю. Быццам усякі лёс перадвызначаны і мае свой узыход і свой захад. Зэніт жыцьця Паўлюка Труса прыпаў на Гомель.
Гэты наднёманскі хлопец не пачуваўся ў Гомелі ані чужым, ані прыбышом, ані місіянэрам. Яго надта добра прымала моладзь, бо ягоны настрой і аптымізм, бачаньне новае Беларусі, якая так хораша пачынае будаваць свой заўтрашні дзень, вылазячы зь невуцтва, прымітывізму і русыфікацыі, былі такія самыя, што і ў маладых гамельчукоў. У тагачасным Гомелі старэйшыя людзі паводзіліся пераважна абыякава да грамадзкага жыцьця. Новая ўлада прапанавала ім мноства магчымасьцяў для гаспадараньня і бізнэсу. Што да грамадзкіх працэсаў, дык іх узначальвала якраз моладзь. Усё выглядала вельмі аптымістычна акурат да 1929 году, да пачатку разгортваньня так званай клясавай барацьбы. Але акурат у 1929-м Паўлюка Труса ня стала.
І пайшоў я ў сьвет,
Ў агняцьветны прасьцяг, --
Ў залатыя прасторы прадвесьня,
Каб душою гарэць
Ў бурным моры жыцьця,
Беларусі дарыць свае песьні!.. |
|
|
|
|