news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


20 Сьнежня 2003
 
Юбілеі-2004
Юбілейныя даты новага, 2004 году – у перадачы “Вострая Брама”. Мы ня можам перадвызначыць будучыню, але можам прынамсі даць ёй імя.
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Увогуле імя году кожны можа прыдумаць сам. Іншая рэч, калі такое імя афіцыйна абвяшчаецца для шырокае публікі – гэта лішні раз яднае ўсіх вакол свае нацыянальнае спадчыны. Да прыкладу, у Польшчы 2004-ты абвешчаны годам Вітальда Гамбровіча, а ў Расеі – годам Міхала Глінкі. Рашэньне сьвяткаваць такім чынам сотыя ўгодкі пісьменьніка-эмігранта Гамбровіча прыняў польскі Сэйм. Што да Глінкі, якому споўніцца 200 і які лічыцца заснавальнікам расейскай клясычнай музыкі, дык з ініцыятывай назваць ягоным імем год выступіў смаленскі губэрнатар. Дарэчы, у беларускай энцыкляпэдыі Глінка называецца не расейскім, а проста кампазытарам. Тут акцэнт зроблены на беларускім паходжаньні музыкі:

“Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду герба “Тшаска”. Ягоны продак Віктарын Уладзіслаў, які валодаў маёнткам у Смаленскім ваяводзтве... у 1650-я гады перайшоў у расейскае падданства і стаў заснавальнікам расейскай галіны роду”.

Зусім не абавязкова год называць імем гістарычнага дзеяча ці творцы. Вось у Бразыліі 2004-ты абвешчаны годам памяці Айртана Сены – акурат будуць дзясятыя ўгодкі гібелі гэтага бразыльскага гоншчыка “Формулы-1”... Урэшце, гэта можа быць і не чалавек, а напрыклад, мова ці толькі частка яе: у Карэліі новы год будзе годам карэльскай тапанімікі, а ў Маскве – годам Астанкінскай тэлевізійнай вежы. А яшчэ ААН абвесьціла наступны год годам рысу. Аказваецца, палова чалавецтва харчуецца амаль выключна рысам і рысу гэтага бракуе. Тут ужо відаць ня толькі духоўныя, але й прагматычныя падыходы. Трэба рамантаваць тэлевежу – прыдумляецца год вежы і адпаведная праграма пад яго. Тое самае з рысам.

* * *

Паводле пісьменьніка Ўладзімера Арлова і гісторыка Генадзя Сагановіча, налета споўніцца 975 гадоў ад нараджэньня самага славутага полацкага князя Ўсяслава Чарадзея:

“Таямніца ахутвае ўжо ягоны прыход на сьвет. Як занатавана ў летапісе, маці нарадзіла Ўсяслава «от волхвования», гэта значыць, пры ўдзеле паганскіх чарадзеяў. На галаве немаўля мела загадкавае «язвено», што вешчуны наказалі маці завязаць, каб сын насіў яго да сьмерці. Можа, гэта была нейкая язва, а мо вялікі радзімы знак, якім пазначае сваіх абраньнікаў неба? Калі верыць былінам, Усяслаў стаў князем у пятнаццаць гадоў. Такім чынам, вешчуны трымалі на руках немаўлятка зь «язьвенам» на галаве ў 1029 годзе”…

Клясычны юбілейны крок у 25 гадоў дазваляе кожнаму наступнаму пакаленьню шырэй зьвяртацца да асобаў і падзяў гісторыі, даючы ім новую, сваю ацэнку і выказваючы сваё, новае бачаньне іх.

Налета споўніцца 600 гадоў з моманту ўваходжаньня Смаленскага княства ў Вялікае Княства Літоўскае. І гэта нагода, каб успомніць, што крывіцкі горад Смаленск меў у сваёй гісторыі даволі працяглы беларускі пэрыяд, а яшчэ напачатку мінулага стагодзьдзя беларускія навукоўцы залічвалі Смаленшчыну ў беларускія этнаграфічныя межы.

475 гадоў споўніцца з моманту выданьня першага Статуту ВКЛ на старабеларускай мове. 375 гадоў таму пачнецца жыцьцё Сімяёна Полацкага, беларускага асьветніка ды інсьпіратара расейскай прафэсійнай паэзіі.

Налета споўніцца 350 гадоў ад пачатку самай страшнай у гісторыі Беларусі вайны, калі войскі расейскага цара Аляксея Міхайлавіча разам з казачымі палкамі рушылі на землі нашых продкаў. У выніку 12-гадовай вайны насельніцтва Беларусі зьменшылася напалову, загінуў кожны другі.

Як бачым, юбілеі здабыткаў перамежваюцца юбілеямі стратаў. Такі самы парадак захоўваўся і ў мінулым ХХ ст. 75 гадоў таму пачалася палітыка масавай калектывізацыі, якая пазбавіла беларускую вёску найлепшых працаўнікоў. У выніку так званага раскулачваньня, зь Беларусі былі высланыя сотні тысяч жыхароў. Засталіся найбяднейшыя і найменш схільныя да работы.

“Я калгасьніца маладая, жыву весела, ані дбаю”...

А 25 гадоў таму зьявілася Беларуская майстроўня – першае ў пасьляваеннай Беларусі арганізаванае адраджэнскае аб’яднаньне. Праз Майстроўню прайшлі дзясяткі людзей, якія ў большасьці сваёй сталі пасьля прафэсійнымі дзеячамі культуры або палітыкі.

* * *

Цяпер – перагледзем увесь наступны год, за месяцам месяц.

Ужо першага студзеня 2004 году споўніцца 75 гадоў Акадэміі Навук Беларусі. На першы погляд, гэта было фармальнае перайменаваньне Інстытуту Беларускай Культуры, які паўстаў яшчэ ў 1922-м. Аднак калі Інбелкульт існаваў у часе нядоўгай савецкай беларусізацыі і быў яе флагманам, дык Акадэмія Навук ад пачатку і да сёньняшняга дня ставілася да беларушчыны бюракратычна. Прынамсі ў параўнаньні з жывым і вельмі творчым Інбелкультам гэтая сталінская па духу ўстанова ніколі ня ставіла каштоўнасьці нацыянальнае культуры вышэй за ўстаноўкі кампартыі, а цяпер – першага прэзыдэнта. Парадаксальным чынам тут з глыбокіх савецкіх часоў усё яшчэ жывуць і пануюць антынавуковыя ды антыбеларускія тэорыі ў гістарычнай ды мовазнаўчай навуках. Словам, тое 75-гадовай даўніны перайменаваньне ператварыла Інбелкульт у арганізацыю, гуманітарныя інстытуты якой заўсёды служылі ня столькі навуцы, колькі абслугоўваньню ўлады – што ў самыя страшныя сталінскія часы, што ў гады брэжнеўскага застою, што пры цяперашнім аўтарытарызьме.

Вядома, было б дзіўна, калі б сярод соцень супрацоўнікаў АН не зьяўляліся сапраўдныя прафэсіяналы, паважаныя навукоўцы, а то й бунтаўнікі. Кожнаму з такіх даводзілася нямала сілаў траціць на змаганьне зь бюракратызмам.

12 студзеня споўніцца 75 гадоў Зьмітру Бугаёву – прызнанаму аўтарытэту ў беларускім літаратуразнаўстве, на сёньня – аднаму з галоўных прадстаўнікоў акадэмічнае плыні ў літаратурнай крытыцы. Ужо шмат гадоў студэнты вывучаюць беларускую літаратуру па кнігах прафэсара Бугаёва.

Наступны юбілей – якраз той, што мог бы даць імя ўсяму году. 25 студзеня споўніцца 200 гадоў ад нараджэньня Антона Адынца. Афіцыйная дэфініцыя – польскі паэт... Характэрны загаловак у нядаўняй “Gazecie Wyborczej” – “Паэт, а ня дзік”. Маецца на ўвазе – ня дзікі кабан, якіх у нас называюць адзінцамі. Вось што піша тая газэтная нататка:

“Антон Эдвард Адынец – гэта паэт, мэмуарыст, сябра таварыства філарэтаў і прыяцель Міцкевіча. Нарадзіўся ў 1804 годзе. У 1820-1823 гадах вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце. Тады напісаў “Песьню філарэтаў”, сёньня вядомую лепей, чым ён сам. Быў зьняволены царскімі ўладамі, пазьней жыў у Вільні і Варшаве. Зь Міцкевічам падарожнічаў па Эўропе. У Вільні рэдагаваў урадавы “Віленскі кур’ер”... Як паэт і драматург не атрымаў прызнаньня. Лічыцца аднак найцікавейшым польскім мэмуарыстам”.

Такім чынам папулярная польская газэта тлумачыць паспалітаму паляку, хто такі Антон Адынец. Для паспалітага беларуса гэтая постаць з 19-га стагодзьдзя цікавая тым, што колькі ні пішы пра яго (а матэрыялу столькі, што пісаць можна не адну кнігу), усё напісанае будзе пра тагачасную Беларусь.

Вось Гейстуны на Ашмяншчыне. Малюнак Напалеона Орды з подпісам аўтара: “Уласнасьць паэта Антона Эдварда Адынца. Тут ён нарадзіўся”.

А вось будынак базылянскага кляштару ў суседніх Барунах, дзе Адынец вучыўся ў школе.

А вось – перабудаваны, праўда – палац у Прылуках пад Менскам, якому Адынец прысьвяціў баляду.

А вось касьцёл у Крашыне пад Баранавічамі. Тут у 1884 годзе, вярнуўшыся з Чылі, слухаў імшу Ігнат Дамейка. Колішняга філамата, а пасьля славутага падарожніка суправаджаў у паездцы ягоны сябра са студэнцкіх гадоў Антон Адынец. Два старыя пасадзілі тут два дубкі. Каля дубкоў усталявалі памятны камень, на якім быў выбіты верш Адынца. Нібыта выбіваў той верш крашынскі каваль Паўлюк Багрым. Факты гісторыі сплятаюцца з фантазіяй і паўстаюць легенды...

Верагодна, Антон Адынец ня быў вялікім паэтам, хоць ягоны віленскі прыяцель Павал Кукальнік і называў яго Нестарам айчыннай паэзіі, першым паэтам у Вільні, пасьля якога толькі згадваў пра Ўладзіслава Сыракомлю.

У адрозьненьне ад Сыракомлі і многіх іншых сучасьнікаў не засталося ад Адынца і радкоў па-беларуску. Хоць Арцём Вярыга-Дарэўскі згадвае, што менавіта Адынец намаўляў яго пісаць на беларускай мове.

Трэба ўявіць сабе атмасфэру першае паловы 19 стагодзьдзя. Тады дзеці спалянізаванай шляхты, што вучыліся ў Віленскім унівэрсытэце, мелі ў душы адну праблему – як спалучыць сваю любоў да радзімы, што гаворыць па-беларуску, з уласнымі літаратурнымі амбіцыямі, якія пасьпяхова рэалізаваць можна толькі па-польску ці па-расейску. Пішучы па-беларуску, яны будуць маргіналамі ў сьвеце літаратуры, а пішучы па-польску – маргіналамі сярод уласнага народу. Урэшце яны вырашылі пісаць па-польску, але пра свой уласны край і народ. Так зрабілі Міцкевіч, Чачот, Адынец ды, бадай, усе астатнія. Будучыня расставіла іх у ерархію – хто геній, а хто так сабе. Праўда, нельга сказаць, што такім чынам яны пазбавіліся сваёй душэўнай дылемы. І вось Сыракомля ўсё ж такі не-не дый напіша верш па-беларуску, а Чачот урэшце аддасьць перавагу занатоўваньню беларускіх народных песень, а Адынец параіць Вярыгу-Дарэўскаму замяніць прадмоўку да паэмы з польскай на беларускую. Такія ваганьні будуць цягнуцца аж да пачатку наступнага, ХХ стагодзьдзя, калі цэлая пляяда новых літаратараў створыць асобную беларускую пляцоўку, на якой беларускамоўны аўтар ня будзе пачувацца літаратурным маргіналам.

Што да Адынца, дык 200 юбілей гэтага культурнага героя мог бы стаць у Беларусі прыгожай падзеяй. Калі б выйшлі па-беларуску ягоныя мэмуары ды зьявілася кніга пра яго самога.

* * *

Апошні студзеньскі юбілей прыпадае на апошні дзень месяца, 31-ы, калі споўніцца 75 гадоў гісторыку і грамадзкаму дзеячу Анатолю Грыцкевічу. Цікава, што скончыў доктар Грыцкевіч мэдынстытут і інстытут замежных моваў, а стаў гісторыкам.

І яшчэ адзін 75-гадовы юбілей. 4 лютага – дзень нараджэньня Лявона Баразны. Як сказана ў Кроніцы дэмакратычнае апазыцыі Беларусі, “Баразна трагічна загінуў у 1972 годзе. Абставіны ягонага забойства дагэтуль ня высьветленыя, але многае паказвае на дачыненьне да яго КГБ. Лявон Баразна – мастак, мастацтвазнаўца, адзін зь нефармальных лідэраў адраджэнскага руху Беларусі. У рознай ступені пад ягоным уплывам выхоўваліся такія дзеячы нацыянальнай культуры й палітыкі як Зянон Пазьняк, Алесь Марачкін, Яўген Кулік, Юры Хадыка ды шмат іншых. Непасрэдна перад забойствам рыхтаваў акцыі пратэсту беларускай інтэлігенцыі супраць разбурэньня Нямігі – гістарычнага раёну Менску”. Паведамляецца, што пахаваны Баразна на радзіме ў Талачыне. На ягонай магіле – помнік, створаны вядомым скульптарам Валяр’янам Янушкевічам.

Таксама ў лютым – 15-га, споўніцца 100 гадоў Ларысе Александроўскай. Калі параўноўваць гэтую постаць з папярэдняй, дык атрымаем тут два дыямэтральна адрозныя варыянты рэалізацыі таленту. Баразна быў шчырым нонканфармістам і па-над усім ставіў сваю любоў да Бацькаўшчыны. А Ларыса Пампееўна, верагодна, па-над Бацькаўшчынай ставіла добрыя дачыненьні з уладамі. Яе трыюмф прыпаў на гады сталінскага тэрору. Менавіта ёй выпала стаць увасабленьнем шчасьлівай савецкай Беларусі, якая не зважае на масавыя рэпрэсіі, прыватныя чалавечыя трагедыі і татальную русіфікацыю. Яна сьпявала Сталіну пра Беларусь. Яна сьпявала дэлегатам 16 зьезду КПБ: Чарвякову, які праз тыдзень скончыць жыцьцё самагубствам, Галадзеду, які таксама выкінецца з вакна будынку НКВД, Шаранговічу, якога расстраляюць, як і большую частку дэлегатаў таго зьезду... Яна сьпявала ім “Бывайце здаровы”. Гэта была прэм’ера песьні.

* * *

У сакавіку першага споўніцца 75 гадоў з дня нараджэньня паэткі Еўдакіі Лось. Міхась Скобла ў сваёй паэтычнай анталёгіі ХХ ст. піша пра яе: “Перакладала каўкаскіх джыгітаў, сярэднеазіяцкіх акынаў і сьвята верыла ў савецкі літаратурны інтэрнацыянал”. Іншымі словамі, баялася сваё любіць больш, чым чужое. Мабыць таму ў 1967 годзе Еўдакія Лось проста ў Саюзе пісьменьнікаў спаліла зборнік вершаў Ларысы Геніюш “Невадам зь Нёмана”. Вяршэнства інтэрнацыяналізму, а ў сапраўднасьці – самапрыніжэньне і сёньня дае сябе знаць у Беларусі, што ў літаратуры, што ў палітыцы.

14 сакавіка ў сьвеце будуць адзначацца 125 ўгодкі бацькі сучаснай фізыкі Альбэрта Эйнштэйна. А 25 сакавіка – у Дзень Волі – споўніцца 50 гадоў Уладзімеру Кур’яну, кампазытару, які напісаў музыку да знакамітых спэктакляў Купалаўскага тэатру “Тутэйшыя” і “Ідылія”.

У красавіку – два стогадовыя юбілеі, і зноў дзьве процілеглыя постаці беларускай культуры. 6 красавіка нарадзіўся паэт Мікола Хведаровіч, які 18 гадоў жыцьця правёў у сталінскіх лягерах. А 25 красавіка прыйшоў на сьвет Васіль Барысенка, які з 1937 году, акурат калі пасадзілі Хведаровіча, і амаль усё сваё жыцьцё ўзначальваў Інстытут літаратуры Акадэміі Навук БССР. Гэта пры Барысенку сотні беларускіх літаратараў былі расстраляныя і высланыя ў Сібір. Расстрэлу і ссылцы кожны раз папярэднічала кампанія шальмаваньня чалавека ў прэсе. Тут галоўнымі шальмавальнікамі выступалі літаратуразнаўцы, якія “падводзілі базу” пад кляймо “ворага народу”, што ставіла НКВД.

У часы перабудовы журналіст Аляксандар Лукашук надрукаваў артыкул пра Барысенкавы подзьвігі ў сталінскія часы. На абарону свайго былога патрона ўсталі літаратуразнаўцы з Акадэміі Навук. Усчалася дыскусія, якая цягнулася шмат гадоў. Я спытаўся ў Аляксандра Лукашука, чым яна скончылася. Ці, прынамсі, які пакінула сьлед?

(Лукашук: ) “Ў 1997 годзе я раптам заўважыў, што ўдзельнічаю ў палеміцы пра Васіля Барысенку дзесяць гадоў. Калі з самім героем ўсё стала ясна на самым пачатку, калі былі апублікаваныя ягоныя расстрэльныя рэцэнзіі, дык чым далей, тым меней зразумелымі рабіліся для мяне ягоныя сучасныя абаронцы – літаратуразнаўцы, дактары навук, якія ўяляліся элітай нацыянальнай інтэлігенцыі. Бянтэжыла як абарона ката, гэтак і абарона менавіта імі. Здавалася, яны як ніхто іншы ведалі пра расстраляную літаратуру, ім яна мусіла балець як нікому. Яны не аспрэчвалі факты – яны іх не прымалі, кроў з-пад крытычнага пяра Бырысенкі даўно высахла і ўспрымалася яго вучнямі як пабляклыя чарнілы.

Вынікам палемікі, наколькі я ведаю, стала тое, што ня выйшла перавыданьне твораў Барысенкі, не зьявілася мэмарыяльная дошка.

Мая апошняя публікацыя пра Барысенку выйшла гадоў сем таму, але мая зьбянтэжанасьць ад абаронцаў не прасьвятлілася з таго часу. Не памянялася з таго часу і самая, бадай, важкая выснова: насамрэч спрэчка ішла пра добрую памяць. Важная аказалася рэч, добрая памяць”.

(Дубавец: ) Добрую памяць заслужыў паэт і вязень ГУЛАГу Мікола Хведаровіч, які не забыў сваіх рэпрэсаваных калег і сяброў і пісаў пра іхныя трагедыі ў сваіх успамінах яшчэ ў тыя часы, калі на месцы “расстраляны” ў энцыкляпэдыях пісалі “памёр”.

Травень 2004 году адзначыцца трыма юбілеямі, кожны зь якіх мог бы даць імя ўсяму году. Шостага споўніцца сто гадоў Паўлюку Трусу – аднаму зь любімых беларускіх паэтаў, які памёр 25-гадовым і пахаваны на Вайсковых могілках у Менску. 11 траўня таксама 100 гадоў будзе каталонскаму мастаку Сальвадору Далі. А 24-га ізноў стогадовы юбілей – Адама Русака, які напісаў 300 песень, у тым ліку і згаданую “Бывайце здаровы”, якую выконвала Александроўская. Цікава, што пясьняр калгаснага шчасьця ды партызанскай рамантыкі Русак меў зусім не калгасную і непартызанскую адукацыю. Ён скончыў Ленінградзкую кансэрваторыю па клясе скрыпкі і валторны.

І яшчэ адна травеньская дата. Акурат 20 траўня 350 гадоў таму войскі расейскага цара Аляксея Міхайлавіча перайшлі мяжу Вялікага Княства Літоўскага. Пачалася тая самая страшная ў беларускай гісторыі вайна, пра якую мы гаварылі напачатку. Далей – ледзьве ня кожны дзень – зьвесткі пра спаленыя гарады, разбураныя замкі і цэлыя паселішчы забітых людзей...

Першага чэрвеня споўніцца 200 гадоў ад нараджэньня згаданага ўжо Міхала Глінкі. А 27-га адзначыць свае 50-я народзіны паэт Павал Марціновіч.

Ушануйма таго, хто йдзе
Напярэймы глухім навалам,
Не губляючы анідзе
Веры ў гулкі акорд фіналу.

Але тройчы ўшануйма тых,
Хто ступаў на сваю дарогу
Зь непахіснасьцю праваты,
Без надзеі на перамогу!

4 ліпеня споўніцца 100 гадоў з дня нараджэньня Анатоля Альшэўскага. Альшэўскі – заходнебеларускі камуніст з гаротным, але, на жаль, тыповым лёсам. У канцы дваццатых яго, як і сотні іншых камуністаў польскія ўлады садзяць у турму, тады абменьваюць на палітвязьняў з СССР – краіны, пра якую яны марылі, дзеля якой рызыкавалі ў падпольлі. А там іх папросту расстрэльваюць. Як польскіх шпіёнаў. Дарэчы, імем менавіта гэтага Альшэўскага названая ў Менску адна з прыкметных вуліц.

9 ліпеня адзначыць 50-я ўгодкі скульптарка Сьвятлана Гарбунова, найбольш вядомая праца якой – помнік Сымону Буднаму ў Нясьвіжы. Ейны юбілей папярэднічае стагодзьдзю адразу двух літаратараў – Нобэлеўскіх ляўрэатаў. 12 ліпеня нарадзіўся чыліец Пабла Нэруда, а 14-га – амэрыканец Ісак Башэвіс Зынгер, які прыйшоў на сьвет на вуліцы Крухмальнай у Варшаве.

15 ліпеня споўніцца 100 гадоў з дня сьмерці расейскага пісьменьніка Антона Чэхава, а 21-га – 75 гадоў беларускаму літаратуразнаўцу акадэміку Віктару Каваленку.

У жніўні – юбілеі адразу трох палітыкаў. Шостага – 100 гадоў Цімоху Гарбунову, які працяглы час быў старшынём Вярхоўнага Савету БССР, сёмага – 125 гадоў з дня нараджэньня Пётры Крэчэўскага, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, 30-га – 50 гадоў Аляксандру Лукашэнку. Тры кіраўнікі трох беларускіх дзяржаваў, якія, калі б і жылі ў адзін час і ў адным месцы, наўрад ці маглі б сабрацца за адным сталом. Краіна ў іх была адна, а дзяржавы зусім розныя.

10 жніўня споўніцца 75 гадоў паэту Алесю Ставеру. Яго самога даўно няма сярод жывых, ягонае імя патроху сьціраецца з энцыкляпэдыяў, а вершы – з анталёгіяў. Аднак застаюцца ягоныя песьні – “Жураўлі на палесьсе ляцяць”, “Беларусачка”...

28 жніўня мы адзначым 75-ю гадавіну так званага “Дня калектывізацыі”. Тады за адзін дзень быў рашуча зломлены хрыбет традыцыйнай беларускай сельскай гаспадарцы. За адзін дзень было створана амаль паўтары сотні калгасаў, а партыйныя кіраўнікі выступілі з ініцыятывай зрабіць усю савецкую Беларусь “зонай суцэльнай калектывізацыі”. Для нязгодных, а гэта значыць, заможных і гаспадарлівых сялян краіна сапраўды стала зонай.

* * *

І нарэшце апошні летні юбілей. 30 жніўня споўніцца 200 гадоў Аляксандру Ходзьку. Шмат чым ён падобны да Антона Адынца, пра якога гаварылася раней. Да таго ж і былі яны абодва філарэтамі і паэтамі, улюбёнымі ў свой край. Аляксандар Ходзька нарадзіўся ў 1804 годзе ў Крывічах Вялейскага павету. Пасьля вучобы патрапіў на расейскую дыпляматычную службу ў Пэрсію, дзе стаў прызнаным вучоным-усходазнаўцам. А калі выйшаў у адстаўку, падарожнічаў па ўсім сьвеце, пакуль урэшце не пасяліўся назаўсёды ў Парыжы. Аднак ягоная паэзія поўная беларускага (ці як тады казалі літоўскага) патрыятызму. Яшчэ адзін беларускі культурны герой.

Пасьпявай жа, вайдэлоце,
Штось зь літоўскіх нашых песьняў.
Як я сны б свае ў самоце
Мовай роднаю разьвесьніў!
Ты спявай, каб стылі жылы,
Пра багоў пра нашыў даўніх,
Пра князёў вялікіх слаўных,
Пра чароўны край наш мілы,
Пра лясы, палі і пашу,
Пра наш мёд, гасьціннасьць нашу,
Пра курганы, дзе ў спакоі
Сьпяць Альгердавыя воі,
Пра іх славу – зь сілай новай
Мне сьпявай айчыннай мовай.
Песьні памяць нам вяртаюць,
Даўніну ўсю ўваскрашаюць.
Помніш, гэту – на вясельлі
На маім ты пеў вясёла,
Гэту ж во – як мы пад хмелем
Трэсьлі хаты ляскіх сёлаў.
Нас вялі князі ў паходы --
Не зьлічыў бы нашых вояў.
Зьніклі ўсе ўжо назаўсёды,
Толькі мы ўцалелі двое.
Бы ад пушчы два старыя
Вязы-берасты сівыя,
Што стаяць адны ў самоце...
Засьпявай жа, вайдэлоце!

У верасьні мы адзначым 75-гадовыя юбілеі: дзясятага – кампазытара Яўгена Глебава і пятнаццатага – мастака Арлена Кашкурэвіча. 29 верасьня споўніцца 100 гадоў кінарэжысэра Льва Голуба. Родам ён з Днепрапятроўску, вучыўся ў Маскве, а ўсё жыцьцё працаваў на “Беларусьфільме”. Зьняў ці ня самыя вядомыя ды знакавыя беларускія фільмы савецкага часу “Анюціна дарога” “Паланэз Агінскага”, “Дзяўчынка шукае бацьку”. За “Дзяўчынку” Голуб нават атрымаў прызы на міжнародных кінафэстывалях у Аргентыне і Італіі.

У кастрычніку дзясятага дня будзе 75 гадоў Марату Казею, юнаму партызану, а 16 кастрычніка споўніцца 150 гадоў з дня нараджэньня Орскара Ўайльда, ангельскага пісьменьніка ірляндзкага паходжаньня, які напісаў “Партрэт Дарыяна Грэя”.

5 лістапада споўніцца 50 гадоў з дня сьмерці Міхася Клімковіча, яшчэ аднаго літаратурнага дырэктара ў самыя чорныя сталінскія гады. Цудоўна ведаючы, куды дзясяткамі зьнікаюць сябры падначаленай яму арганізацыі – Саюзу пісьменьнікаў – ён нават спрабаваў быў скончыць жыцьцё самагубствам. Але ў тыя гады нават такі крок зрабіць было няпроста...

Завершыцца наступны год юбілеем, які нібы падводзіць рысу сёньняшнім згадкам пра сталінскія часы і рэпрэсіі. 21 сьнежня споўніцца 125 гадоў самому Іосіфу Сталіну.

Праўда, юбілейны каляндар 2004 году ня дасьць нам скончыць на гэткай нясьветлай ноце. Мы згадаем яшчэ адну ахвяру сталінскіх расстрэлаў – таленавітага беларускага паэта Алеся Дудара, чыё стагодзьдзе прыпадзе на 24 сьнежня. Дудар справядліва лічыўся фаварытам маладой беларускай паэзіі і 37-га году не перажыў. Арыштавалі яго за верш “Пасеклі наш край”, з кожнага радка якога чуваць праўду, сугучную і нашаму сёньняшняму дню. Таму я наважваюся прывесьці гэты твор цалкам і скончыць ім сёньняшнюю гаворку, пакідаючы Вас сам-насам з Алесем Дударом і думкамі пра наступны 2004 год.

Пасеклі наш Край папалам,
Каб панскай вытаргаваць ласкі.
Вось гэта – вам, а гэта – нам,
Няма сумленьня ў душах рабскіх.

І цягнем мы на новы строй
Старую песьню і чужую,
Цыгане шумнаю талпой
Па Бесарабіі качуюць...

За ўсходнім дэспатам-царком
Мы бегаем на задніх лапах.
Нью-Ёрку грозім кулаком
І Чэмбэрлена лаем трапна.

Засыплем шапкамі яго,
Ура, ура – патопім ў соплях.
А нас тым часам з году ў год
Тут прадаюць ўраздроб і оптам.

Мы не шкадуем мазалёў.
Мы за чужых праклёны роім,
Але бяз торгу і бяз слоў
Мы аддаем сваіх герояў.

Ня сьмеем нават гаварыць
І думаць без крамлёўскай візы,
Бяз нас ўсё робяць махляры
Ды міжнародныя падлізы.

Распаўся б камень ад жальбы,
Калі б ён знаў, як торг над намі
Вядуць маскоўскія рабы
Зь вялікапольскімі панамі.

О, ганьба, ганьба! Ў нашы дні
Такі разлом, туга такая!
І баюць байкі баюны
Северо-Западногo края...

Плююць на сонца і на дзень.
О, дух наш вольны, дзе ты, дзе ты?
Ім мураўёўскі б гальштук ўзьдзець,
Нашчадкам мураўёўскім гэтым...

Але яшчэ глушыце кроў.
Гарыць душа і час настане,
Калі з-за поля, з-за бароў
Па-беларуску сонца гляне.

Тады мы ў шэрагах сваіх,
Быць можа, шмат каго ня ўбачым,
З тугою ў сэрцы ўспомнім іх,
Але ніколі не заплачам.

А дзень чырвоны зацьвіце,
І мы гукнем яму: “Дабрыдзень”.
І са шчытом ці на шчыце
Ў краіну нашу зноў мы прыйдзем.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.