news programs realaudio contact archive
      Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Дадатковы Пошук


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


1 Сьнежня 2002
 
Песьні старога Менску
 
Сяргей Дубавец, Вільня
 
Сёньня першы дзень зімы. Мабыць, як для культуралягічнай перадачы ня надта сур'ёзная тэма. Нездарма кожнага разу ў такі дзень згадваюцца тыя часы, калі яна, гэткая тэма і нагода была самай важнай і па-сапраўднаму сьвяточнай. А было так у дзяцінстве, у зусім іншыя часы і ў зусім іншым горадзе Менску спаміж зусім іншых парадкаў і настрояў. У дзяцінстве яно, тое сьвята і засталося. І засталося, відаць, нязьменным. Гэта мы з гадамі сышлі адтуль – з таго ўзросту, з тых настрояў і таго гораду.

Сёньня мы паспрабуем вярнуцца. У Беларусь пяцідзясятых і шасьцідзясятых, у тыя колішнія першыя дні зімы, у той першы сьнег. Гэта заўсёды карысна, каб адтуль паглядзець на сваё ўласнае сёньняшняе аблічча. А каб нашае вяртаньне было ўдалым, мы ўзялі з сабой цэлую фанатэку тагачаснай музыкі – той, што ў дзяцінстве гучала з радыёкропкі, і запрасілі з сабой выдатнага суразмоўцу і распавядальніка. Зладзіў сёньняшняе сьвята першага дня зімы мой калега Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) "Зіма – найлепшая пара для настальгіі па мінулых часах. Доўгія вечары, сьнег за вакном, цяпло ў хаце... Хочацца пагартаць старыя фотаальбомы, завесьці забытую кружэлку, якую слухалі яшчэ твае дзяды, ці проста паблукаць па вуліцах, асьвечаных перадкаляднай ілюмінацыяй.

Шпацыруючы па засьнежаным праспэкце Скарыны, сярод рэклям заежджых маскоўскіх поп-гуртоў, паміж вітрынаў усялякіх "Лакомок" ды "Криниц", у моры расейскай гаманы, мне як нідзе марыцца ці сумуецца аб тым горадзе, дзе я ніколі ня быў. Дзе большасьць школаў – беларускія, і ні ў кога гэта не выклікае зьдзіўленьня. Дзе няма дзьвюхмоўных газэт. Дзе ў Вялікім тэатры адбываюцца прэм'еры беларускіх опэраў. Дзе песьні на беларускай мове гучаць у этэры не пад гітару, а пад аркестар. Дзе ніводзін чыноўнік не рызыкне ўслых сказаць што-небудзь абразьлівае пра беларускую мову. Горад, дзе Ўручча й Малінаўка яшчэ толькі далёкія вёскі. Дзе няма мэтро, але жыве Няміга, на якой яшчэ можна сустрэць жывога аўтара "Новай зямлі".

Менск пасьляваенны. Ці быў ён сапраўднай беларускай сталіцай? І ці мог ёю застацца? У ролі правадніка па Менску 50-х і 60-х гадоў ласкава пагадзіўся выступіць пісьменьнік Міхась Герчык".

(Герчык: ) "Цэнтрам жыцьця ў той час быў Дом друку. Там былі ўсе рэдакцыі, і там ашываліся ўсе пачаткоўцы. А паўз Дом друку, па Савецкай праходзіў трамвай, чамусьці яго называлі "жалезкай". А за "жалезкай" былі тыя "Блакітныя Дунаі". Вось там і зьбіраліся. Журналісты, маладыя хлопцы, маладыя літаратары. Тыя, пра каго нехта пажартаваў, што пішуць як пачаткоўцы, а п'юць як клясыкі.

Не скажу, каб мы дужа багата пілі, няпраўда гэта. Па-першае, і грошай не было. Проста зьбіраліся, бралі там па куфлю піва, нехта браў 50 грам гарэлкі. Па-другое, галоўнае было слухаць. Слухаць старэйшых, паэтаў, пісьменьнікаў. Гэта як клюб быў. Я помню нават тую буфэтчыцу, яна вельмі паважала нас, суседзяў сваіх, журналістаў, маладых паэтаў. Ёй прыемна было, што мы сюды заходзім. Даходзіла да таго, што яна нам адпускала нават у крэдыт. Калі затрымлівалі ганарар ці зарплату. Прозьвішчаў яна ня ведала. Тоўсты ў яе быў сшытак такі, і яна запісвала па прыкметах. "Сівы, крывы, кульгавы". Калі зьнесьлі гэты шалман, Дзіма Мілашэўскі, цудоўны журналіст, вельмі харошы чалавек, ён знайшоў фанерыну, на якой губной памадай было напісана: "кр. н. 12 р.". Гэта – крывы нос 12 рублёў. 12 рублёў ён ёй запазычыў. Ён выразаў гэтую фанерчыну і ў сябе ў кабінеце над сталом у рамачцы павесіў. Наагул жыцьцё было вясёлае, сьмешнае. Усё сьпісвалася на маладосьць".

(Барстосік: ) "А страху не было? Усё ж быў яшчэ жывы Сталін, яшчэ не настала адліга".

(Герчык: ) "Не-не. Мы ж былі выхаваныя гэтай уладай. Мы верылі ў яе. Мы жылі тым, чым нам дурылі галовы. Мазгі ж у нас былі прамытыя да стэрыльнасьці. Мае вершы – "Слава радному Сталіну", "Любімый Сталін – наш атец радной"... Я ўпершыню практычна пачуў пра тую жахлівую эпоху, калі пачалі вяртацца беларускія пісьменьнікі. Я пачуў ад Сяргея Грахоўскага, ад Алеся Пальчэўскага, ад Звонака, ад людзей, якія адсядзелі дзясяткі гадоў... Для мяне гэта было адкрыцьцё, адкрыцьцё маёй уласнай краіны. Гэтай жорсткай, сьляпой, бяздушнай машыны, якая перамалола лепшую частку ўсёй нашай інтэлігенцыі".

(Бартосік: ) "А Вы памятаеце сакавік 53-га году?"

(Гурчык: ) "Памятаю, надзвычай памятаю. 5-га сакавіка, калі паведамілі пра сьмерць Сталіна, ужо на плошчы – я ішоў, быў такі вясеньні хліпкі дзень, пад нагамі сьнег ужо таяў, слота, туман, – і каля помніка Сталіну (стаяў вялізны помнік на Цэнтральнай плошчы) – чарга. Міліцыянэры выроўнівалі гэтую чаргу... Вялізная чарга людзей, якія ўскладалі кветкі. Да гэтага ідала бронзавага. Я добра помню старую, такога інтэлігентнага выгляду старую, яна несла вазончык і ўсё гаварыла, што сабе на сьмерць гэтую кветачку берагла, так во яна Сталіну роднаму нясе яе. Вечарам, у пэдвучылішчы, у вэстыбюлі паставілі вялізны партрэт Сталіна, і мы стаялі ў пачэснай гэтай варце. Я, Гілевіч, Калесьнік, Ставер. Па-мойму, я проста сьвядомасьць страціў. Там рухнуў каля гэтага партрэта ад гора, такога, што ўжо не перадаць.

Пазьней, у 60-я я стаў працаваць у рэдыкцыі дзіцячай літаратуры выдавецтва "Беларусь". У нас была вельмі харошая рэдакцыя, не было ніводнага камуніста, ніводнай жанчыны. Шахавец страшэнна ганарыўся гэтым, гэта была адзіная рэдакцыя. Ён сам быў беспартыйны, загадчык рэдакцыі, Уладзімер Міхайлавіч Шахавец, ён заўсёды гаварыў: "Не, у нас ні камуністаў, ні жанчын ня будзе". Але нам прыслалі на ўмацаваньне камуніста. Гэта быў Валяр'ян Дзеружынскі. У першы ж вечар мы пасадзілі яго з сабой, і, трошкі падпіўшы, ён цэлую ноч цягаў мяне па горадзе і сьпяваў свае песьні. Аказалася, што ў яго сто песень напісана, на яго словы. Я таксама быў ня вельмі цьвярозы, і я паспрачаўся зь ім. Ну ня можа быць, каб сто. Ну дужа ж багата. Мы заклаліся на бутэльку, і потым ён цягаў мяне па ўсім горадзе, ужо цьвярозага. Я ўжо маліўся, што прайграў, я аддам табе гэтую бутэльку. "Не, – ён гаварыў, – лічы, сорак другая!" І сьпяваў, казьліным голасам, ноччу на ўвесь сонны Менск. Як нас міліцыя не забрала, ня ведаю, але гэтыя песьні, яны ў мяне да гэтага часу ў вушах гучаць.

У нас тэлефон у рэдакцыі на адну нейкую лічбу адрозьніваўся ад тэлефона завода безалкагольных напояў. Ну што ў рэдакцыі, хлопцы любілі чарку, так сказаць, не бяз гэтага. Але кожны раз, як толькі мы пасьля работы зьбіраліся за сталом, званіў тэлефон і хто-небудзь пытаў: "Гэта завод безалкагольных напояў?" І мы гаварылі "не". І нам гэта так надакучыла – якраз у тых і пытаюць, у каго трэба... Так што аднойчы Мікола Ваданосаў сказаў: "Так. Гэта завод безалкагольных напояў". "Пазавіце Анну Іванаўну". "Яе няма". "А дзе яна?" "У бальніцы". "А што зь ёю?" "Апэрацыя апэндэцыту". За два дні ён улажыў з апэрацыяй апэндэцыту ўвесь гэты завод безалкагольных напояў. Пасьля гэтага яны зразумелі і памянялі тэлефоны".

(Барстосік: ) "Ці можна было назваць Менск тады больш беларускім за сёньняшні? Усё ж быў "Вячэрні Мінск" беларускамоўны, "ЛІМ" два разы на тыдзень..."

(Герчык: ) "Вячэрні Мінск" значна пазьней. Ён адразу пачаў выдавацца на дзьвюх мовах. Больш гаворкі было. На вуліцах гаварылі па-беларуску. У трамваях можна было пачуць беларускую мову. Многа было ўжо трасянкі ў той час. Але ж былі беларускія школы. Іх было куды больш, чым пазьней. Пры Хрушчове яны пачалі зьнікаць, калі прынялі гэтую дурную пастанову, што "па жаданьні бацькоў". А што бацькам? Што ім дзяцей перагружаць? Вось тады пачалі закрывацца беларускія школы. А вядома, гэта быў больш беларускі горад. Я ўжо не кажу пра Саюз пісьменьнікаў, дзе гучала толькі беларуская мова. Усе гаварылі па-беларуску, акрамя Хаіма Мальцінскага і Рэлеса. Яны гаварылі на ідыш, і нікога гэта не шакавала".

(Бартосік: ) "А тады ў 50-я, 60-я ці можна было пачуць ідыш на вуліцы?"

(Герчык: ) "Не. Асабліва ў 50-я. Што вы, жартуеце? Гэта "справа лекараў", гэты жах, які мы перажылі. У мяне ёсьць у новым рамане, які я скончыў, "Зброя для забойцы"... Там ёсьць эпізод, калі ў студзені 53-га года, у самы разгар гэтай кампаніі супраць "лекараў-забойцаў", таленавітага скрыпача, надзею музычнай культуры таго часу, дваццацігадовага хлопца выкінулі басякі, менская шпана, выкінулі з трамвайнай пляцоўкі проста пад колы машыны. Яго скалечыла, і скрыпачу ампутавалі руку. І скончылася тым, што пазьней ён захварэў на шызафрэнію, не перажыўшы гэтага гора... На ідыш калі размаўлялі, толькі дома. На людзях стараліся не гаварыць.

Добра памятаю, як у час гэтай шасьцідзённай вайны, калі праходзілі гэтыя мітынгі, калі кляймілі сіяністаў, адзін з маіх аднакурсьнікаў зарагатаў і сказаў: "Хлопцы, а ці не павесіць нам у знак салідарнасьці з арабскімі сваіх жыдоў? І атрымаў па мордзе. Ад беларуса. Ад беларуса..."

(Бартосік: ) "А Вы яшчэ засьпелі палонных немцаў?"

(Герчык: ) "Так, палонныя будавалі Менск. У Менску яны будавалі будынак КГБ і дамы насупраць, дзе ўрэшце жыло ўсё начальства, кагэбэшнае і партыйнае. Я помню, у Бабруйску па першым часе іх закідвалі камянямі. А пасьля сталі разумнейшымі трошкі. І хлебам часам дзяліліся, у саміх не хапала. Проста шкада было людзей. Неяк, вы знаеце, адпускае ад душы. Вось, здавалася напачатку, у мяне ж загінуў бацька, у гета загінула мая цётка з двумя дзецьмі, мой дзед. Загінуў мамін брат родны. Дзядзькі, цёткі, цэлая сям'я вялізная. Здавалася, што ніколі не забудзеш. Ну а потым што ж? Жыцьцё ёсьць жыцьцё".

(Бартосік: ) "А якое ўражаньне стваралася ад Менску, які будуецца, які наноў нараджаецца на вачах?"

(Герчык: ) "Самае лепшае. Мы ж пазьней сталі задумвацца над тым, што варта было б захаваць хоць тое, што захавала вайна. А тады што? Шырачэзны праспэкт, прыгожыя дамы з гэтымі сьвечкамі на фасадах. Палац прафсаюзаў, такі шыкоўны, падобны на сьлівачны торт. Ну што мы тады разумелі ў гэтым? Будаваўся прыгожы горад. Камароўка... Я ж помню гэтыя балаты. Акрамя тых шалманаў, любімым месцам была Камароўка. Камароўскі базар, дзе малдаване гандлявалі віном. Яны прывозілі вялізныя бочкі, літраў па 400. За рубель можна было ўпіцца да парасячага віску. І там можна было ўбачыць каго толькі хочаш, з раніцы. І паэта, і мастака, і літаратара... Камароўка – гэта жахлівы бруд, гэтыя баракі, суцэльныя баракі. І раптам усё гэта пачалі зносіць, пачалі будаваць паліграфкамбінат. Пачалі будаваць завод электронных машын. Гэта здорава сапраўды, проста шкада таго, што згубілі. Бо горад без гісторыі. Адноўленае Траецкае прадмесьце – гэта мана, гэта "ліпа".

Дзе цяпер Палац спорту, там было месца, якое называлі Татарскімі гародамі. Там сапраўды многа татар жыло і я помню нейкі гарод быў агароджаны сьпінкамі ад жалезных ложкаў. Дзе гаспадар панацягаў гэтых ложкаў, я ня ведаю, былі там і нікіляваныя, і проста жалезныя. Во такая была агароджа ад коз".

(Барстосік: ) "Менск выглядаў пустынным без машын?"

(Герчык: ) "Машын было вельмі мала, канечне. Вуліцы былі пустыя. Цяпер нават цяжка ўявіць, калі па праспэкце коцяць некалькі лічаных машын. Машыны былі ў начальства, былі ўжо "Победы", было некалькі трафейных машын. А так балаголы былі. На Нямізе памятаю балаголаў пасьля вайны. Коні, і такія пляцоўкі на колах, колы на гумавай хадзе..."

(Бартосік: ) "Колас. Якуб Колас. Жывы патрыярх, хадзілі пра яго нейкія чуткі?.."

(Герчык: ) "Мы яго любілі, і скланялі перад ім галовы і ніякіх жартаў з гэтай нагоды і быць не магло. Я яго блізка бачыў некалькі разоў. У першы раз, там за "жалезкай", у тым "Блакітным Дунаі". Ён жа непадалёк там жыў, і раптам зайшлі ў гэты шалман, дзе мы сядзелі, пілі нейкае піва, зайшоў дзядзька Якуб з Антонам Бялевічам. Мы проста ўсталі і вачэй не маглі адарваць. Што Вы, жартуеце? Адна "Новая Зямля" была для нас і пачаткам, і канцом усяго нашага жыцьця. Я помню, якая жалоба была, калі ён памёр. Сапраўды ўсе адчувалі, што гэта вялізная страта для беларускай, для сусьветнай культуры. Я помню, як мы стаялі ў гэтай жалобнай чарзе таксама на той жа плошчы Цэнтральнай, перад Домам прафсаюзаў, дзе паставілі труну, з кветкамі, як гэта было горка і цяжка..."

(Бартосік: ) "Ці не са сьмерцю Якуба Коласа ў БССР дзяржаўная беларушчына пачала здаваць свае пазыцыі? Адліга ў Беларусь прыйшла ў выглядзе агрэсіўнай русіфікацыі, з разбурэньнем той архітэктурнай спадчыны, якую не дабілі ў трыццатыя, з урбанізацыяй сталіцы, якая пачала імкліва пажыраць навакольныя вёскі і пераварваць у сваім чэраве колішніх вяскоўцаў. Зрэшты, а ці магло быць інакш?"

(Дубавец: ) “Ці магло быць інакш?.. Гісторыя, кажуць, ня ведае ўмоўнага ладу. З краінаю і народам адбываецца прыблізна тое самае, што з чалавекам. Дарослы ня можа натуральным чынам назад стаць дзіцёнкам. Іншая рэч, што ў кожным нармальна разьвітым дарослым абавязкова жыве памяць пра той час, калі першы дзень зімы ўяўляўся найважнейшай нагодай для сьвята. Інакш немагчыма рухацца далей, захоўваючы набытую некалі ў малыя гады цікавасьць да жыцьця. Тое самае з народам і ягонай супольнай памяцьцю пра ўласныя дзіцячыя гады. Ды ён і становіцца нармальна разьвітым народам, калі зьяўляецца такая памяць, што адрозьнівае яго ад проста насельніцтва або натоўпу.

Сёньняшнюю перадачу мы назвалі "Песьні старога Менску". У нас сапраўды не назіраецца супольнае народнае памяці пра даўнейшыя часы, калі ў горадзе выступалі паўстанцы Каліноўскага або чытаў са сцэны свае вершы Янка Лучына. Таму муляжы Траецкага прадмесьця нічым ня больш набрынялыя памяцьцю за той шматпавярховы паркінг, які неўзабаве зьявіцца на найстарэйшай менскай вуліцы і будзе выглядам імітаваць кварталы ХІХ стагодзьдзя. Гэта не ўспрымаецца як дзяцінства. Што да пасьляваеннага сталінскага Менску, збудаванага рукамі палонных немцаў, дык гэта і ёсьць наш сапраўдны Стары горад, ужо дастаткова напоўнены ўсялякімі легендамі, байкамі, сваімі героямі, жывой памяцьцю менчукоў і гэтымі вось песьнямі – песьнямі старога Менску.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.