news programs realaudio contact archive
      Выбары 2001
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны

      Палітычная геаграфія
    На доўгім шляху
    Выкраданьне
    Беларусі

    Мэдыі
    Ёнас, Яніс, Янка...
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    У сьвет на заробкі
    Карлаў мост

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Краіна М
    Залаты фонд

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Дазвол на выезд
    Здароўе
    Галерэя "Свабоды"

  


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints



31 Траўня 1998
 
Страчаная спадчына.
 
Аўтар Сяргей Дубавец, Вільня
 
Беларускiя спэцыялiсты ў ахове помнiкаў архiтэктуры ўсё менш схiляюцца да татальнага аднаўленьня ўсёй страчанай спадчыны i ўсё часьцей гавораць пра знос...

Новая кнiга выдавецтва "Полымя" "Страчаная спадчына" мае грунтоўны выгляд i распавядае пра зьнiшчаныя беларускiя замкi, бажнiцы, сядзiбы, гарады. Аўтары - спэцыялiсты ў гiсторыi архiтэктуры - ня толькi пералiчваюць факты, але й выказваюць свае думкi наконт аднаўленьня страчаных помнiкаў, наконт становiшча рэстаўрацыйнае справы ў краiне.

Прыгадваецца iншая публiкацыя на гэтую ж тэму - дыскусiя дзесяцiгадовае даўнiны на старонках часопiса "Нёман". Тады, у 1989-м, у рэдакцыi "Нёмана" сабралiся рэстаўратары-практыкi i культуролягi. Яны таксама пералiчвалi разбураныя шэдэўры i разважалi пра фiлязофiю аховы помнiкаў у Беларусi. Розьнiца памiж новай кнiгай i тым нёманскiм круглым сталом не ў пералiку зьнiшчанага, зразумела, а менавiта ў падыходах да культурнае спадчыны. У 89-м размова ўвесь час зводзiлася да таго, як зрабiць захаваньне спадчыны важнай для грамадзтва справай. Гучала шмат новых, "перастроечных" спадзеваў на заканадаўства, якое мусiць нарэшце запрацаваць i пакараць чыноўнiкаў, вiнаватых у зьнiшчэньнi помнiкаў.

У сёньняшняй Беларусi, як у даўнейшыя савецкiя гады, нiхто не спадзяецца на тое, што помнiкi абаронiць закон i суд. Затое ўжо першы сказ анатацыi ў "Страчанай спадчыне" ставiць зусiм iншыя акцэнты: "Незьлiчоныя ваенныя лiхалецьцi, а таксама (увага!) НЯДБАЙНАЕ СТАЎЛЕНЬНЕ ДА СВАЁЙ КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ пазбавiлi беларускi народ многiх каштоўных архiтэктурных збудаваньняў". Такое вытлумачэньне цяжка ўявiць сабе дзесяць гадоў таму i зусiм немагчыма ўявiць у кнiгах па архiтэктуры якой заўгодна iншай краiны i нацыi. Выходзiць, народ пазбавiў сябе сваiх каштоўнасьцяў сам?.. У такiм сьцьверджаньнi прыхаванае горкае расчараваньне спэцыялiстаў, якiм так i не ўдалося зрабiць адраджэньне справаю ўсёй нацыi.

Што яшчэ зьмянiлася ў поглядах на беларускую матэрыяльную спадчыну за мiнулыя дзесяць гадоў?

Гэтую тэму ў нашым абмеркаваньнi працягвае гiсторык архiтэктуры Сяргей Харэўскi:

(С.Харэўскі: ) "Зборнiк артыкулаў "Страчаная спадчына" пад рэдакцыяй Тамары
Габрусь - першае ў Беларусi выданьне, цалкам прысьвечанае менавiта зьнiшчаным помнiкам. Iмёны герастратаў не называюцца, але зразумела, што ўсе яны - прадстаўнiкi расейскiх i бальшавiцкiх акупацыйных уладаў, якiя панавалi ў Беларусi на працягу двух апошнiх стагодзьдзяў.

Яшчэ раней да iдэi "Белае кнiгi культуры" падступалiся многiя гiсторыкi, архiтэктары, мастацтвазнаўцы. Пра гэта пiсалi ў сваiх кнiгах i артыкулах Глiньнiк, Дзянiсаў, Калнiн, Пазьняк, Чарняўскi. Напрыканцы 80-х у iнстытуце "Белрэстаўрацыя" высьпеў праект мартыралёгу панiшчаных здабыткаў архiтэктуры. Мартыралёг помнiкаў прыроўнiваўся тады да мартыралёгу людзкiх ахвяраў. Але суд над камунiзмам не надыйшоў. Суд быў адкладзены на будучыню. Перапiс злачынстваў працягваецца i сёньня. Пра што сьведчыць i новая кнiга "Страчаная спадчына".

У кнiзе, на жаль, няма шмат якiх, на маю думку, абавязковых для гэтага выданьня помнiкаў. Напрыклад, няма сабора й кляштара кармэлiтаў у Бялынiчах альбо сабора Сьвятога Пятра ў Маляцiчах. Што праўда, сабраць у адной кнiзе ўсё, што зьнiшчана за апошнiя 200 гадоў, нерэальна. Ужо ў прадмове ўкладальнiца Тамара Габрусь пiша: "Безь перабольшаньня - пералiчыць усе ахвяры проста немагчыма. Таму намi прыведзеныя найбольш характэрныя, калi можна гэтак выказацца, "жыцii" помнiкаў сакральнага дойлiдзтва, "закатаваных" за апошнiя два стагодзьдзi".

Галоўны недахоп выданьня - брак дакумэнтальных зьвестак пра даты й абставiны зьнiшчэньня. За апошнiя гады назапашана дастаткова матэрыялаў, каб назваць многiх "герастратаў" пайменна. Намёкi, згадкi, недагаворкi зьнiжаюць дакумэнталiзм выданьня i ягоную навуковасьць. Каб гэткае зьявiлася дзесяць гадоў таму, нiхто не зьвярнуў бы ўвагi. Менавiта тады й была напiсаная большасьць тых артыкулаў, што ўвайшлi ў зборнiк. Але навука не стаяла на месцы. Ужо было даведзена археолягамi й архiвiстамi, напрыклад, што каплiца ў Кухцiчах - адзiн з найстарэйшых помнiкаў Беларусi, кальвiнскi збор, пабудаваны ў 60-70-я гады XVI ст. Але ў артыкуле паважанага сп. Кулагiна ён значыцца пад XIX ст. Гэткай састарэлай фактуры ў кнiзе шмат. Як i клясычных сэнтэнцыяў пра "буржуазна-памешчыцкi лад" i "контррэвалюцыянэраў".

Кнiга шчодра iлюстраваная, часьцяком рэдкiмi й малавядомымi здымкамi. Напрыклад, здымкам касьцёла кармэлiтаў у Гораднi, альбо iнтэр'ернымi здымкамi касьцёла ў Цiмкавiчах. У гэтым сэнсе таксама цiкавыя здымкi да артыкулаў сп. Чантурыя, зробленыя ў 70-я гады...

"Страчаная спадчына" сама стала цiкавым помнiкам эвалюцыi беларускай горадабудаўнiчай i дасьледчыцкай думкi. Некаторыя iдэi, выказаныя дасьледчыкамi шмат гадоў таму й да сёньня актуальныя. Напрыклад, Юры Чантурыя ў сваiх даўнiх артыкулах пiсаў, што нам не аднавiць сваёй гiстрычнай прасторы без карэкцыяў усяго ляндшафту й нават тапанiмiкi.

Першае пытаньне пасьля знаёмства з кнiгай "Страчаная спадчына" - а што далей? Мы апiсваем разбураныя помнiкi адно для гiсторыi цi таксама i з думкаю пра iх будучае аднаўленьне? Тады - аднаўленьне ў якiх аб'ёмах i чаго - у першую чаргу?"

Вось як на гэтыя пытаньнi адказваюць найбольш дасьведчаныя ў справе помнiкаў людзi. Валянцiн Калнiн, найстарэйшы ў Беларусi рэстаўратар-дасьледчык:

(В.Калнін: ) "Выказваньне аб тым, што трэба нанова аднаўляць страчаныя помнiкi - гэта сучасная тэндэнцыя i яна належыць да дзiцячай хваробы рэстаўрацыi. Такую хваробу заходнiя краiны перажылi яшчэ два стагодзьдзi таму назад. Там таксама быў рэстаўрацыйны сьверб - аднавiць усё, як выглядала. Але там гэтая практыка ўжо сыйшла. Беларусь жа яшчэ на гэтую хваробу не перахварэла. Два днi назад споўнiлася толькi трыццаць гадоў менавiта беларускай рэстаўрацыi. Таму мы яшчэ знаходзiмся ў дзiцячым стане разьвiцьця. Тым больш, што гэты стан быў перабiты перабудовай, калi раскiдалiся рэстаўрацыйныя сiлы i г.д.

Аўтары новай кнiгi - чыстыя тэарэтыкi па помнiках - i гэтая тэарэтычная тэндэнцыя, увогуле няшкодная, ужо пранiкае ў практычную рэстаўрацыю, на жывым помнiку аднаўляюцца страчаныя i не зусiм пэўныя рэчы. Увогуле такая практыка мае месца, але яна павiнна быць вельмi ўзважанай, напрыклад, як гэта рабiлася ў Варшаве - пасьля заканчэньня другой сусьветнай вайны было адноўленае Старое места. Там гэта было пытаньне нацыянальнага прэстыжу, трываласьцi народа. Магчыма, такая практыка магла б быць i ў нас у Беларусi. Са свайго погляду я б дапускаў такое аднаўленьне толькi ў Вiцебску, бо горад пацярпеў у часе вайны i яшчэ больш пасьля вайны, калi пабiтыя, але яшчэ цэлыя помнiкi разьбiралi. Гэты горад страцiў вельмi многа..."

(С.Харэўскі: ) Спадар Калнiн мае рацыю, калi кажа, што аднаўленьне ў правiнцыi - раскоша. Але мне цяжка зьмiрыцца з думкай, што аднаўленьне сабораў у Беразьвеччы цi Маляцiчах застанецца толькi летуценьнем... З другога боку, калi ўявiць, што нават у Вiцебску будуць наноў пастаўленыя копii тых 28 бажнiцаў i соцень дамоў, што зьнiшчылi камунiсты, - каму яны спатрэбяцца ў наступным стагодзьдзi?

Калi гаворка йдзе пра помнiкi, у беларуса ўзьнiкае банальны асацыятыўны шэраг: бажнiца, музэй, канцэртная заля, ну хiба яшчэ бiблiятэка. Навошта ж iснуюць самi помнiкi, дзеля чаго могуць спатрэбiцца руiны замкаў, закiнутыя палацы, тысячы проста старых лядашчых дамкоў? - гэтае пытаньне па-ранейшаму адкрытае. Тое, што дзесяць гадоў таму здавалася натуральным, сёньня часьцяком выглядае абсурдам. У адным з артыкулаў "Страчанае спадчыны" Юры Чантурыя пiша:

"Адной з задач далейшай рэканструкцыi горада павiнна стаць узнаўленьне страчаных культавых помнiкаў, якiя вызначалi ўнiкальнасьць Чачэрска для беларускай горадабудаўнiчай культуры, аднаўленьне iншых гiстарычных аб'ектаў..."

Дзеля каго аднаўляць, калi з забруджанага радыяцыяй Чачэрска варта адсялiць самiх людзей? Здараюцца парадоксы i iншага кшталту.

У Полацку замест таго, каб адбудаваць з руiнаў гiстарычныя касьцёлы, каталiкi перабудавалi пад касьцёл кiнатэатар. Калi вернiкам ня так iстотная традыцыя, як сам культ, дык для каго аднаўляць бажнiцы? Хiба што для прыстасаваньня iх пад кiнатэатры?..

Адам Глёбус, мастак i лiтаратар:

(А.Глёбус: ) "Аднаўленьне архiтэктурных помнiкаў у Беларусi - справа цяжкая, я ў ёй удзельнiчай i ведаю, наколькi яна цяжкая. I разам з тым я лiчу, што гэта справа неабходная. Але калi вярнуцца да пытаньня, што неабходна аднавiць - то гэта ўжо канцэптуальнае пытаньне. Канцэптуальным павiнен быць i адказ. Я вось сяджу ў Менску, гляджу на гэты вялiкi горад i разумею, што гэта не зусiм беларуская сталiца. I каб гэтую сытуацыю зьмянiць, я б перанес сталiцу зь Менску ў Наваградак. Адпаведна я б правёў рэстаўрацыю i рэканструкцыю наваградзкага замку. Гэта быў бы сымбаль нашай дзяржавы, гэта была б наша сталiца. Не адмiнiстрацыйная, як Менск (ён толькi адмiнiстрацыйная сталiца), не духоўная, як Вiльня, якая ўжо ня мае да нашае дзяржавы амаль што нiякага дачыненьня, а гэта была б наша нармальная невялiкая эўрапейская сталiца нармальнай дзяржавы.

(С.Харэўскі: ) Навагарадак, пра якi кажа Адам Глёбус, сапраўды зьбярогся амаль цалкам. I пераносы сталiцаў - справа ня новая ў сусьветнай практыцы. Менавiта дзеля сьцвярджэньня iдэалаў незалежнасьцi свае сталiцы вынесьлi з былых калянiяльных цэнтраў ЗША, Канада, Аўстралiя, Новая Зэляндыя, Бразiлiя, Iндыя, урэшце Казахстан. У Эўропе зьмянiлi свае сталiцы Галяндыя й Нямеччына. Сам факт пераносу сталiцы прыводзiў i будзе прыводзiць да радыкальных зьменаў культурнае й
палiтычнае сьведамасьцi.

Што да iдэi поўнага аднаўленьня, дык у нас яна нарадзiлася ў канцы 80-х. Тады пiсалi, што адна з прычынаў заняпаду нацыянальнае сьведамасьцi палягае ў адсутнасьцi гiстарычнага атачэньня, помнiкаў былое, нерасейскае, несавецкае культуры. Маўляў, акупанты наўмысна зьнiшчалi нашую спадчыну, каб пазбавiць нас памяцi i волi. А таму звышiдэяй бачылася поўнае аднаўленьне ўсiх помнiкаў, якiя непазнавальна зьменяць беларускi краявiд i беларускую сьведамасьць. Такiм чынам кадастар страчанага набываў зусiм рэальную, практычную аснову. У першую чаргу гэта тычылася Менску. Уяўлялася: сталiца дасьць прыклад, а там, на месцах, падхопяць.

З 1986 па 1992 год плянавалася адбудаваць наноў увесь менскi Верхнi Горад, нават ратушу, зьнесеную за царом Мiкалаем I, пра што паведамляла прэса. Неўзабаве ў прэсе загучаў i "голас народа": "Пэўна тыя, каму прыйшло ў галаву аднаўляць касьцёлы, жывуць у добрых кватэрах. А цi да помнiкаў тым, хто гiбее ў камуналках ды iнтэрнатах?" "Голас" быў пачуты, праца пакрысе згарнулася. Пытаньне: аднаўляць помнiкi цi не? - яшчэ вiсiць у менскiм паветры.

Уладзiмер Дзянiсаў, дасьледчык архiтэктуры Менску, гiсторык-рэстаўратар:

(Ул.Дзянісаў: ) "У справе аднаўленьня помнiкаў архiтэктуры ёсьць вялiкi досьвед у нашых суседзяў, якiя таксама пацярпелi ў першую i другую сусьветныя войны. Самы клясычны прыклад - Польшча, дзе былi адноўленыя нават не асобныя помнiкi, а цэлыя страчаныя горадабудаўнiчыя комплексы. Другi клясычны прыклад - Нямеччына, дзе таксама шмат выдатных помнiкаў было адноўлена. I яшчэ адзiн прыклад - Лiтва, дастаткова назваць славуты замак у Троках або ў Вiльнi, дзе цяпер аднаўляецца калясальны горадабудаўнiчы комплекс.

Што да Беларусi, дык, на вялiкi жаль, сама мэтодыка сучаснай рэстаўрацыi ў нас накiраваная не на захаваньне помнiкаў, а менавiта на разбурэньне з наступным iх аднаўленьнем. Што, дарэчы, замацавана i ў нашым заканадаўстве аб ахове гiстарычнай i культурнай спадчыны. У нас падчас рэстаўрацыi можна зруйнаваць помнiк, не пакiнуўшы ад яго нi цаглiнкi, потым аднавiць яго ў новых матэрыялах, як прапануе зараз старшыня дзяржаўнай iнспэкцыi аховы культурнай спадчыны спадар Бубноўскi.

Але аднаўленьне страчаных помнiкаў у Беларусi павiнна адбывацца не ў вялiкiх памерах. Найперш трэба аднаўляць тыя, якiя маюць вялiкае гiстарычнае, мэмарыяльнае, мастацкае значэньне. У Менску трэба было б найперш аднавiць ансамбаль Верхняга горада. Дарэчы, большасьць аўтэнтычных помнiкаў там ужо зараз зьнiшчана i на iх месцы збудаваныя звычайныя муляжы, якiя вельмi цяжка назваць помнiкамi гiсторыi i архiтэктуры. Найперш трэба было б аднавiць будынак Менскай ратушы. Гэта сымбаль горада, сымбаль гарадзкога самакiраваньня, магдэбурскага права. Канечне, трэба аднавiць будынак гарадзкога тэатра, якi быў зьнiшчаны ў 1984 годзе партыйнымi ўладамi. Неабходна таксама аднавiць унiкальны помнiк рэнэсансу - Менскую сьвятадухаўскую царкву".

(С.Харэўскі: ) Уладзiмер Дзянiсаў кажа пра спробы аднаўленьня фрагмэнтаў менскага гiстарычнага асяродзьдзя, якiя спарадзiлi крыху аптымiзму, але ненадоўга. Па-першае, аказалася, што для маштабнае аднаўленчае працы ў Беларусi бракуе кадраў. Традыцыйная савецкая халтура надта ж кiдаецца ў вочы на "гiстарычных аб'ектах". Па-другое, паўбэтонныя, крытыя дахоўкай "помнiкi" ня выклiкалi жаданага пiетэту. Акцыянэрнае таварыства "Стары Менск", якое зараз шчыруе на Верхнiм Горадзе, здолела за апошнiя гады зьнiшчыць аўтэнтычных элемэнтаў архiтэктуры больш, чым было зьнiшчана за савецкiм часам. Прыклад сталiцы фатальным чынам адбiўся на правiнцыi: сотнi помнiкаў бескантрольна "прыхарошваюцца".

Парадокс, але менавiта з крахам СССР i КПСС у Беларусi жалобныя мартыралёгi, якiя гэтак i засталiся недапiсанымi, страцiлi сваю актуальнасьць. Як грыбы пасьля дажджу пачалi аднаўляцца сотнi бажнiцаў. Аднаўляцца тымi ж па сутнасьцi ўладамi, якiя раней гэтыя бажнiцы руйнавалi. Бо суд так i не адбыўся...

Зянон Пазьняк, археоляг i мастацтвазнаўца:

(З.Пазьняк: ) "Рэстаўрацыя помнiкаў архiтэктуры мае клясычныя падыходы i агульныя правiлы. Напрыклад, аўтэнтычнасьць помнiка i дакумэнтальнасьць асновы. Калi ёсьць хоць мiнiмальная дакумэнтальная аснова, г.зн. падмуркi, сьцены, то рэканструкцыя апраўданая. Але небясспрэчная. Залежыць ад таго, якi быў разбураны помнiк. I залежыць ад сытуацыi ў краiне. Калi ў краiне ёсьць безьлiч архiтэктурных помнiкаў, як, скажам, замкаў у Францыi, то можна яшчэ выбiраць: цi рэканструкцыя, цi кансэрвацыя. Але ў Беларусi безьлiч здабыткаў архiтэктуры былi сьвядома i спэцыяльна зьнiшчаныя расейцамi з мэтай русiфiкацыi, таму ў нас поўная рэканструкцыя, нават без дакумэнтальнай асновы, павiнна лiчыцца цалкам апраўданым мэтадам. У 60-м годзе, напрыклад, бальшавiкi ўзарвалi ў Менску храм, дзе адбылася найвялiкшая падзея беларускага адраджэньня 20-га стагодзьдзя - аб'яўленьне ў 42-м годзе Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. На гэтым месцы пабудавалi гмах рэспублiканскай пракуратуры. Дык што мы павiнны будзем рабiць? Глядзець на пракуратуру? Не. Мы ўзарвем яе гэтак жа, як яны ў 60-м узарвалi храм i адбудуем гэты храм. Iм было трэба ўзрываць, дык вось нам трэба будзе адбудаваць.

Я лiчу, што гэтая канцэпцыя цалкам апраўданая менавiта для Беларусi. У Беларусi такiх помнiкаў можна было б узнавiць сотнi. Але ў першую чаргу гэта Наваградак - як старажытную сталiцу, зрабiць рэканструкцыю замка, тым больш што ёсьць дакумэнтальная аснова, потым Гарадзенскi фарны касьцёл Вiтаўта, потым Вiцебскую царкву Дабравешчаньня, потым Пiнскi езуiцкi касьцёл. У Менску: Сьвятадухаўскую царкву на Пляцы Волi, Менскую ратушу, Менскую гарадзкую вежу, Дамiнiканскi касьцёл, цэнтар Вiцебска i г.д. I ўвогуле, калi мы хочам i калi мы будзем мець такую магчымасьць - iсьцi ў Эўропу, то трэба пачынаць з прывядзеньня ў парадак нашага дому, нашага выгляду, нашай культуры i ў першую чаргу - зь вяртаньня нашаму краю эўрапейскага выгляду".

(С.Харэўскі: ) Дзеля таго, каб аднавiць архiтэктурны шэдэўр, як частку ўласнае духоўнасьцi, трэба перадусiм парваць са спадчынай тых самых акупантаў-вандалаў. Помнiкi ахвяраў i помнiкi катаў ня могуць стаяць разам. Колькi нi распавядай пра Навагарадак, а пашаны да спадчыны ня выклiчаш, пакуль у самым цэнтры стаiць цi ня самы сьмешны помнiк Ленiну, густа пафарбаваны бронзай.

Маральнага ачышчэньня без ачышчэньня краявiду быць ня можа, як ня можа быць рыбы ў каналiзацыi.

Уладзiмер Арлоў, пiсьменьнiк i гiсторык:

(Ул.Арлоў: ) "Як з разьбiтага збану выцякае вiно, так i з разбуранага архiтэктурнага помнiка выцякае ягоная аўра, тая энэргiя папярэднiх пакаленьняў, якая ёсьць аб'ектыўнай рэальнасьцю. Калi помнiк зруйнаваны дарэшты, дарэшты зьнiкае i ягоная аўра. Збудаваньне, што паўстане на гэтым месцы, якой бы высокапрафэсiйная нi была праца рэстаўратараў, гэта, на маю думку, усяго толькi дэкарацыi. Гэта вельмi добра адчуваецца ў зруйнаваным i адбудаваным нанова Варшаўскiм Старым месьце. Прысутнасьць гiсторыi ў Варшаве значна больш адчуваецца дзе-небудзь на Маршалкоўскай. I рэч ня ў тым, што я ведаю пра дэкарацыйнасьць Старога места, мой малодшы сын Багдан пра гэта, напрыклад, ня ведаў, але, ходзячы па пляцах i вулiцах Старога места ў Варшаве, у адрозьненьне ад аўтэнтычнага Старога места ў Празе Чэскай, ён заставаўся абыякавым".

(C.Харэўскі: ) Вядома, нiякая копiя не заменiць нам сапраўднае сьвятынi. Але як мы i нашыя дзецi будзем жыць сярод сьвятыняў Зла? Шмат хто кажа пра цалкам адноўленую з руiн пасьляваенную старую Варшаву. Але нiхто ня згадвае, што задоўга да другой сусьветнай вайны палякi зьнiшчылi сымбаль расейшчыны - вялiзны сабор у цэнтры Варшавы, ачысьцiўшы сябе ад чужынскага хлуду. Справа нават ня ў тым, наколькi магчымае нашае поўнае адраджэньне, а ў тым, што яно немагчымае ад пачатку без вынiшчэньня сьлядоў акупацыi".

(С.Дубавец: ) Апытаньне спэцыялiстаў у рэстаўрацыi, вельмi розных паводле поглядаў, характараў i свайго кола людзей, паказала шмат супольнага памiж iмi. Па-першае, нiхто зь iх не схiляецца сёньня да татальнага аднаўленьня страчанае спадчыны. Па-другое, яны ўсе так цi iнакш кажуць пра руйнаваньне. Перад пастаўленым пытаньнем - аднаўляць цi не аднаўляць усё зруйнаванае - зьявiлася яшчэ адно неадказанае пытаньне - пра папярэднi знос.

Цi магчыма паверыць у шчырасьць хрысьцiянскае бажнiцы, якая будуецца ўчорашнiмi сатанiстамi на пляцы, што носiць iмя антыхрыста?..



archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2001 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.