|
Пуцін у сваім пасланьні Фэдэральнаму сходу ні разу не згадаў Беларусь |
У штогадовым пасланьні прэзыдэнта Расеі Фэдэральнаму сходу было заяўлена пра важнасьць будаўніцтва газаправоду, які абміне Беларусь, эканамічнага і духоўнага збліжэньня Расеі з Эўрапейскім Зьвязам, а таксама інтэграцыі ў рамках “саюзу чатырох” ды ЭўрАзЭС. Пра саюзную дзяржаву зь Беларусьсю ў прамове Ўладзімера Пуіна не было ніводнага слова, як летась і пазалетась.
|
|
|
Юры Сьвірко, Менск |
|
Закрануўшы ў пасланьні тэму газатранспартнай сыстэмы, Уладзімер Пуцін заявіў пра неабходнасьць разьвіваць яе найперш унутры Расеі, а што да экспарту, дык “найважнейшым ёсьць будаўніцтва Паўночна-Эўрапейскага газаправоду — ён дазволіць дывэрсыфікаваць экспартныя патокі”. Іншымі словамі, Масква ня хоча быць залежнай ад газвага транзыту празь Беларусь, бо менавіта празь беларускую тэрыторыю ідзе экспарт расейскага газу на поўнач Эўрапейскага Зьвязу.
Пазьней Уладзімер Пуцін, кажучы пра інтэграцыю ў Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў, зрабіў акцэнт на тых яе праявах, у якіх бярэ ўдзел ня толькі Беларусь, але таксама іншыя краіны СНД:
(Пуцін: ) “У рамках адзінай эканамічнай прасторы, Эўразійскай эканамічнай супольнасьці — гэта, безь перабольшваньня, адна з умоваў рэгіянальнай і міжнароднай стабільнасьці. Перакананы: Садружнасьць павінна плённа працаваць на грамадзян нашых дзяржаваў, працаваць праз забесьпячэньне максымальнай адкрытасьці эканомік, празь зьнішчэньне бар’ераў на шляху ўзаемнага гандлю ды інфармацыйных патокаў”.
Прэзыдэнт Расеі адразу пасьля гэтага сказаў, што ягоная краіна зацікаўленая ў далейшай інтэграцыі сваёй эканомікі ўва ўсясьветную гаспадарку, у тым ліку ў далучэньні на выгадных для Расеі ўмовах да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.
Хаця Расея мяжуе з Эўрапейскім Зьвязам з 1995 году, калі ў яго склад увайшла Фінляндыя, Уладзімер Пуцін заявіў:
(Пуцін: ) “Расея і Эўразьвяз ужо непасрэдна мяжуюць адно з адным. І трэба, каб пашырэньне Эўразьвязу збліжала нас ня толькі геаграфічна, але й эканамічна і духоўна. Перакананы: у гэтым залог посьпеху ня толькі расейскага, але й усяго эўрапейскага бізнэсу”.
Уладзімер Пуцін дадаў, што Расея будзе разьвіваць стасункі з такімі краінамі, як ЗША, Кітай, Індыя, Японія ды іншымі. Ён адзначыў неабходнасьць памежнага супрацоўніцтва, але Беларусь цягам усяго пасланьня не згадаў ніводнага разу, як і летась. Таксама спадар Пуцін нічога не сказаў пра саюзную дзяржаву Беларусі й Расеі, як і летась і пазалетась. Толькі ўвесну 2001 году, у сваім першым прэзыдэнцкім пасланьні Фэдэральнаму сходу і яшчэ да другіх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, Уладзімер Пуцін заявіў, што “сярод прыярытэтаў замежнай палітыкі — саюз зь Беларусьсю, партнэрства з Эўразьвязам”. А з 2002 году беларуская тэма зьнікла з пасланьняў расейскага прэзыдэнта.
Вядомы расейскі палітоляг Андрэй Піанткоўскі гэтак пракамэнтаваў новае пасланьне спадара Пуціна:
(Піанткоўскі: ) “Найбольш цікава ня тое, што ён сказаў, а тыя тэмы, якія ён прапусьціў. Так, ён ніводнага разу не вымавіў слова “Беларусь” і практычна нічога не казаў пра Чачэнію. Я думаю, гэта тлумачыцца тым, што ён цудоўна ўсьведамляе правал расейскай палітыкі якраз на двух гэтых напрамках. На першы-другі год свайго прэзыдэнцтва Пуцін канчаткова зразумеў, што Лукашэнка вёў з Масквою бліскучую гульню, цудоўна гуляючы на імпэрскіх комплексах расейскай эліты — ён падпісваў у свой час паперкі, якія нічога ня значылі, і атрымліваў вялізныя эканамічныя прэфэрэнцыі. Урэшце Пуціну гэта абрыдла, гэтая гульня скончылася. І што да Беларусі ў расейскай палітыцы поўны тупік. Таму расейская палітыка ў Беларусі цалкам паралізаваная”. |
|
|
|
|