news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Сьвет за вакном

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Галерэя "Свабоды"

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


18 Сьнежня 2002
 
У розныя бакі па шляху насустрач: беларуска-расейскі канфлікт
Працяг адмысловай сэрыі перадач “Аблічча году”.
 
Юры Дракахруст, Прага
 
чытаць частку 1

Частка 2

Удзельнічаюць: Валерка Булгакаў, Уладзімер Дорахаў.

Назiральнiкi даўно ўжо заўважылi, што iнтэграцыя з Расеяй – чыньнiк ня столькi зьнешняй, колькi нутранай палiтыкi Беларусi. У якiх формах адбудзецца аб’яднаньне з усходнiм суседам i цi адбудзецца ўвогуле – пытаньне ня сёньняшняга дня, але яшчэ ўчора ярлык “ворагаў Расеi” быў каiнавай пячаткаю на апанэнтах улады, лёзунг адзiнства з Расеяй быў стрыжнем усёй афiцыйнай iдэалёгii, ня проста сродкам дойкi ўсходняга суседа, а гiстарычнай мiсіяй беларусаў – правiльная Беларусь мусiла вывесьцi на пуць iсьцiны вялiкую, але грэшную ўсходнюю сястру.

Дарэчы, яшчэ перарэгiстрацыя партыяў у 1998 годзе, ад якой шмат хто чакаў зьнiшчэньня нацыянальных палiтычных сiлаў, выканала зусiм адваротную задачу: у вынiку гэтай перарэгiстрацыi з палiтычнай мапы Беларусi зьнiклi якраз панславiсцкiя арганiзацыi кшталту “Славянскага Сабору”. Улада ўжо тады зразумела, што прарасейскiя настроi трэба трымаць пад жорсткiм кантролем, не дазваляючы тут анiякай самадзейнасьцi. I як у ваду глядзела.

Аднак пры ўсiм кантролi кожным артыкулам у абарону незалежнасьцi ад кепскага Пуцiна, кожнай тэлеперадачаю, кожнай палымянаю прамоваю правадыра беларуская ўлада, фiгуральна кажучы, пiлiла сук, на якiм сядзiць. Калi незалежнасьць – сьвятыня, то навошта была ўся шматгадовая iнтэграцыйная гульня, навошта было рваць нацыянальны сьцяг, навошта – сварыцца з Захадам?

Аднак крах iдэалёгii не прывеў да краху рэжыму. Тое, наколькi лёгка i без iстотных наступстваў улада перайшла ад iнтэграцыi да незалежнасьцi, прымушае задаць пытаньне: а цi на самой справе iнтэграцыя з Расеяй была такiм iстотным чыньнiкам iдэалёгii? Нездарма кiраўнiк Беларусi клапоцiцца не пра пасьлядоўнасьць у сваiх iдэалягiчных кiдках, а пра тое, каб не выглядаць слабым i залежным.

Палітоляг Валерка Булгакаў бачыць іншыя прычыны таго, што круты ідэалягічны паварот прайшоў для беларускай улады безь відавочнай шкоды.

(Булгакаў: ) “Стрыжань афіцыйнай беларускай ідэалёгіі палягаў не ў далучэньні Беларусі да Расеі на правох суб’екту РФ, а ў сымбалічнай інтэграцыі з гэтай дзяржаваю без акрэсьленага сэнсавага зьместу. Таму і не адбылося катастрофы, татальнага краху для беларускай афіцыйнай ідэалёгіі. Увогуле лукашэнкаўская ідэалёгія шмат у чым выступае канкурэнткай незалежніцкай (у клясычным сэнсе тэрміну) дзякуючы таму, што выкарыстоўвае так званы савецкі “сымбалічны капітал”.

Лiдэр БНФ Вiнцук Вячорка, камэнтуючы летнюю прапагандысцкую кампанiю ўлады, дасьцiпна заўважыў, што ў электарату Лукашэнкi ад гэтых цудаў запякаюцца мазгi: улюбёная ўлада зацята тлумачыць пра сьвятасьць i непахiснасьць беларускага сувэрэнiтэту.

Але ці сапраўды запякаюцца? Справа ў тым, што ў самім лукашэнкаўскім электараце за апошнія гады адбыліся даволі істотныя зьмены, прынамсі, у стаўленьні да незалежнасьці і да інтэграцыі. Гаворыць сацыёляг Уладзімер Дорахаў:

(Дорахаў: ) “Нашыя дасьледаваньні паказалі, што групы прыхільнікаў інтэграцыі і прыхільнікаў прэзыдэнта ў беларускім грамадзтве за апошнія гады няўхільна разыходзіліся. У 1999 годзе сярод перакананых "інтэграцыяністаў" амаль кожны другі быў зацятым лукашэнкаўцам. Зараз сярод тых, хто выступае за аб’яднаньне Беларусі з Расеяй, перакананых прыхільнікаў прэзыдэнта – толькі кожны пяты.

Разам з тым, зьнізілася доля тых, хто падтрымлівае Лукашэнку, і сярод пасьлядоўных незалежнікаў. Зараз апірышча кіраўніка дзяржавы – людзі з супярэчлівым стаўленьнем да дзяржаўнасьці Беларусі, яны і за аб’яднаньне з Расеяй, і за незалежнасьць. Ідэалягічны паворот Лукашэнкі іх не зьбянтэжыў – зразумела ж незалежнасьць, але пры аб’яднаньні. А вось на Пуціна, які заявіў, што іх мара недасягальная ў прынцыпе, цяперашнія прыхільнікі Лукашэнкі моцна пакрыўдзіліся”.

Сёлетнi крызыс у беларуска-расейскiх адносiнах абазначыў новыя плынi ў беларускiм грамадзкiм жыцьцi, якiя раней цi не iснавалi ўвогуле, цi iснавалi ў зусiм маргiнальным выглядзе. Да 2002 году палiтычная мапа краiны была фактычна лiнейнаю – нацыяналiсты-дэмакраты супраць прарасейцаў-аўтарытарнікаў. Сёлета спэктар пачаў рабiцца больш разнастайным. Думка пра тое, што цяперашняя ўлада, пры ўсёй яе брыдкасьцi, ёсьць абаронцам сувэрэнiтэту i таму зь ёю варта як мiнiмум узаемадзейнiчаць, з парадоксаў культуролягаў ператварылася ў праграму пэўных каляпалiтычных колаў.

З другога боку, сёлетнi жнiвень стаў сапраўдным сьвятам незалежнасьцi – калi з вуснаў Пуцiна прагучала прапанова Беларусi ўвайсьцi ў Расею, у саветызаванай, зрусiфiкаванай Беларусi не знайшлося лiтаральна нiводнай палiтычнай сiлы, якая б вiтала гэтую прапанову гаспадара Крамля. I нарэшце, так бы мовiць, з трэцяга боку, менавiта сёлета адна зь вядучых апазыцыйных парыяў краiны – Аб’яднаная грамадзянская – выразна абазначыла сваю прарасейскую скiраванасьць. Iзноў жа – шчыльнымi кантактамi з расейскiмi калегамi партыя вызначалася i раней, але зараз яна фактычна атаясамiла сябе з пэўнай альтэрнатыўнай мадэльлю iнтэграцыi. “Дэмакратыя з Расеяй”, “У Эўропу – разам з Расеяй” – гэтыя лёзунгi сталi цi не галоўнымi ў палiтыцы АГП.

На думку Валеркі Булгакава, гэты новы праект інтэграцыі тлумачыцца зьяўленьнем у Расеі і ў Беларусі новых групаў эканамічных інтарэсаў.

(Булгакаў: ) “Лукашэнка інтэграваўся з досыць структураванай часткаю Расейскай Фэдэрацыі, а менавіта, з часткаю яшчэ былога савецкага ВПК. Новыя павевы ў інтэграцыі сьведчаць пра тое, што цяпер інтэграцыя перастае быць здабыткам гэтага савецка-постсавецкага ВПК і яго палітычных лябістаў, а робіцца прадметам палітычнай гульні з боку больш-менш капіталістычных сілаў, я маю на ўвазе расейскую алігархію. І палітычна, і эканамічна, і праграмна яна ня бачыць гарантыяў свайго працьвітаньня ў Аляксандру Лукашэнку”.

Сапраўды, пры Ельцыне схема адносiнаў Лукашэнкi з расейскай элiтаю была да болю простая: апора на левых, якiя заўсёды мелi перавагу ў Думе, праклёны дэмакратам – ворагам iнтэграцыi i дзермакратам, паводле выразу кiраўнiка Беларусi, гульнi з вышэйшай расейскай уладаю з умелым выкарыстаньнем белавескага комплексу дзядулi-Ельцына i антызаходнiцкiх комплексаў расейскай элiты ўвогуле. А што зараз? Пуцiн – ён хто? – дэмакрат цi не? А камунiсты зараз хто? Раней праз iхнi рэй можна было ўплываць на Крэмль – зараз падобныя гульнi цi не сабе на шкоду.

Аднак, гледзячы па ўсім, Лукашэнка застаецца верным свайму крэда: лепшая абарона – напад. Пры канцы году, сустрэўшыся з Генадзем Зюганавым, ён ня толькі пахваліў правадыра расейскіх камуністаў за правільную пазыцыю ў канфлікце афіцыйнага Менску з Крамлём, але і публічна паабяцаў КПРФ падтрымку ў складанай сытуацыі.

Ня выключана, што наступны год стане апошнім інтэграцыйным змаганьнем беларускай ўлады. Гэта – пачатак двухгадовага выбарчага марафону ў Расеі.

чытаць частку 1


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2002 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.