news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


19 Лютага 2004
 
Масьленка
 
Вячаслаў Ракіцкі, Прага
 
Удзельнічае: этнакультуроляг Тацяна Валодзіна.

(Ракіцкі: ) “Не навіна, што многія нашы веды пра беларускія сьвяты і звычаі паходзяць з газэтаў, радыё ці нават з гарадзкіх плошчаў. Калі на іх нешта сьвяткуюць, ці робяць выгляд, што сьвяткуюць, дык карыстаюцца расейскімі сцэнарамі, бо трэба ж па-руску… Тады і зьяўляюцца на плошчах стылізаваныя пад суседзкіх матрошак маладзіцы са стосамі бліноў, морам гарэлкі і таўкатні. Асабліва на Масьленіцу. Увогуле прынята лічыць, што Масьленіца – ўласна расейскае сьвята. Ці сапраўды яно так?”

(Валодзіна: ) “Адразу ж і катэгарычна запярэчу. Масьленка ёсьць і ў нас. Свая, беларуская. Ёсьць яна і ва ўсіх нашых суседзяў – украінцаў, палякаў, літоўцаў. Сьвяткуюць і далей на захад. Праўда, многія формы асабліва гарадзкіх сьвяткаваньняў, ды яшчэ спалучаныя са стылізаванымі так званымі “провадамі зімы”, зыходзяць са сцэнічных распрацовак суседзяў. А калісь, а ў нечым і зараз, Масьленку адзначала па-свойму кожная вёсачка, нярэдка сьвяткаваньне зводзілася да аднаго-двух сьціплых абрадавых дзеяў, але, сабраныя разам, яны дэманструюць нам архаічную, багатую, зьмястоўную ўрачыстасьць”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем – этнакультуроляг Тацяна Валодзіна. Паспрабуем і мы разабрацца, якой жа была на Беларусі гэтая Масьленка, што чыніў перад Велікодным постам тутэйшы люд”.

(Валодзіна: ) “Найперш адзначым, што Масьленка сьвяткуецца за сем тыдняў да Вялікдня і заканчваецца напярэдадні доўгага перадвелікоднага посту. Сама вядомая масьленкавая песьня ў беларусаў пачынаецца словамі: “А ў нас сёньня масьленіца, прыляцела ластавіца, // Села-пала на жэрдачку, шчабятала вестачку…”. Шчабятала аб тым, што зіма аддае нарэшце свае правы, што набліжаецца вясна, якую зь нецярплівасьцю чакае ўсё жывое на зямлі. Масленкавыя звычаі і накіраваныя на хутчэйшы надыход вясны і цяпла, на забесьпячэньне сялянскай працы ў полі, на ўрадлівасьць нівы, на здароўе і прыплод жывёлы, на лад і дабрабыт у сям’і”.

(Ракіцкі: ) І ўсё ж думка аб беднасьці, маргінальнасьці беларускай Масьленкі працягвае заставацца нават сярод навукоўцаў…”

(Валодзіна: ) “І ня дзіва… Яшчэ ў 19 стагодзьдзі зьбіральнік народнае творчасьці беларусаў напісаў: “Ціха, амаль бязгучна праходзяць дні шырокай Масьленіцы ў Беларусі. Можна назіраць толькі слабыя водгаласы ўсеагульнага разудалага баляваньня Русі”. Але ж ці толькі ў “разудалым баляваньні” багацьце? А можа ў разнастайнасьці формаў, багатай варыянтнасьці мінірытуалаў, няхай сабе ў межах адной вёскі. Глыбінны сэмантычны зьмест заставаўся адным і ў беларусаў, і ў расейцаў, і літоўцаў, і немцаў”.

(Ракіцкі: ) “Калі так, дык пойдзем па парадку. Усё ж для сучасьніка Масьленка найперш асацыюе з блінамі. Бліны – нашы ці не нашыя?”

(Валодзіна: ) “І нашы таксама:

“Спачатку мужычок скупіцца: першыя два-тры дні на Масьленічным тыдні яго гаспадыня пячэ бліны арханыя, аўсяныя ці ячныя, калі работа зусім спыніцца і настануць разьвітальныя дні, мужык есьць бліны пшанічныя ці з грэцкай мукі. Звычайна на стол падаецца цэлы стос бліноў. Гаспадар разразае гэты стос крыж-накрыж, а затым кожны ьз сямейнікаў бярэ чвэрць бліна, скручвае яго і макае…”

Але першы блін, яшчэ цёплы, клалі на акно супраць печы і казалі: “Вось вам, бацька і матка, блін”. Прызначалася гэта для продкаў, душы якіх наведвалі ў гэтыя дні свае хаты.

(Ракіцкі: ) “Значыць, адным зь першых масьленкавых прызначэньняў было шанаваньне і чаканьне продкаў. Толькі на бліны?”

(Валодзіна: ) “Амаль паўсюдна ў Беларусі вядомыя Масьленкавыя дзяды. Аднак у асобных раёнах абрады, зьвязаныя з ідэямі шанаваньня памерлых, набылі ўнікальныя формы. У шэрагу вёсак Полацкага, Шумілінскага, Гарадоцкага раёнаў зафіксаваныя масьленкавыя пахаваньні спэцыяльна вырабленых лялек Дзеда і Бабы. Пудзіла ў чалавечы рост з падкрэсьленымі мужчынскімі атрыбутамі клалі на лаве ў кут. Зьбіраліся жанчыны і аплаквалі Дзеда. Уласна для фігуры Дзеда ў прыгаворах і галашэньнях падкрэсьліваецца яго ўзрост (“сто гадоў жыў“), тое: што “ўсім быў дзед”, г. зн. зьяўляўся агульным продкам, і яго мнагажонства, нявернасьць. Надзвычай істотнае і імя Дзеда – Сідар, Сідорка. На думку дасьледчыкаў, Сідар — першы памерлы чалавек і нават апякун са сьвету продкаў. Яго пахаваньне і меркавала наступнае ўваскрэсеньне са стымуляцыяй урадлівасьці і вэгетацыі”.

(Ракіцкі: ) “Але пры чым да вобразу продка ягонае мнагажонства ды нявернасьць?”

(Валодзіна: ) “Падкрэсьленыя мужчынскія атрыбуты і здольнасьці ў бога пладавітасьці — усясьветная ўнівэрсалія. Для Дзеда Сідара ягоная гіпэрсэксуальнасьць ёсьць залогам урадлівасьці ды чалавечае плоднасьці. Прычым, такія здольнасьці падкрэсьліваліся і ў самім пудзіле: праз штаніну прадзявалася вяроўка з палкай-качалкай, якую час ад часу прыводзілі ў рух, што выклікала сьмех прысутных. Ну, а рэплікі жанчын, якія яго аплаквалі, гавораць самі за сябе:

— Асабліва жонак любіў ён: тры ў яго было ці чатыры.
— Не чатыры — шэсць: Мар'я шостая.
— Ой, з бабамі граў! Сто дваццать гадоў пражыў. Яму гора, з ім — гора. А тут у рот костка гэта памяшала. Зато нос: семярым рос, а аднаму прыляпіў.
—Сідарка, мой красавец, ты быў — шавяліў, а цяпер пра нас забыў. Спуталі табе ногі, каб ня убег ты.
— Штаны ў яго рваныя.
— Па бабам хадзіў — штаны разарваў.
— А куды ж ты сабраўся проціў цёмненькай ночкі?


“Хавалі” Дзеда, выносячы з хаты і кладучы ў сані. Завяршаўся тыдзень вырабам і пахаваньнем аналягічнай лялькі — Бабы, у вобразе якой, у сваю чаргу, важную ролю адыгрывала жаночая атрыбутыка – вялізныя грудзі. Сьмерць Бабы тлумачылі тым, што яна “падавілася сырніцай”. Як і Дзеда, Бабу аплаквалі, несьлі на вуліцу, там здымалі адзеньне і разьбіралі пудзіла”.

(Ракіцкі: ) “Зноў як рэзюмэ: для Масьленкі характэрны зваротак да тэмы шлюбных дачыненьняў. Аднак у пахаваньнях Дзеда і Бабы ўдзельнікі – сталыя ужо вяскоўцы. А моладзь?”

(Валодзіна: ) “Тэма шлюбаваньня – ці не цэнтральная ў масьленкавым цыкле. У залежнасьці ад рэгіёну абыходзілі хаты, дзе былі маладыя пары, жанчыны больш сталага ўзросту віталі маладую замужніцу, прымаючы яе ў свой жаноцкі саюз. У асобных раёнах гэты рытуал зваўся “трэсьці падушкі”. У той хаце, дзе маладая нявестка, кралі падушкі і вярталі толькі за добры і вясёлы пачастунак. А вось да нежанатай моладзі стаўленьне было рэзка крытычнае:

Зьбіраліся бабы, бралі пояс ці папругу, прывязвалі да аднаго яго канца тоўсты абрубак дрэва, які звалі калодкаю, і цягнулі па вуліцы. Як сустрэнуць хлопца, якому пара ужо было б і ажаніцца, а ён халясты, то прывязвалі тую калодку да нагі. Каб вызваліцца, мусіў ён ад баб адкупіцца.

Трэба заўважыць, што проста ўражвае разнастайнасьць мясцовых праяваў вось гэтага звычаю “качаньня ці цяганьня калодкі”. Але яшчэ больш адметным быў той рытуал, калі дзяўчаты выкрадалі доўбню, абносілі яе вакол вёскі і накіроўваліся ў суседнюю. Там яны гэтую доўбню хавалі. Рабілася гэта для таго, каб у суседняй вёсцы дзеўкі сядзелі як доўбні, а іх хутка ўзялі добрыя хлопцы”.

(Ракіцкі: ) “Не зусім зразумелае такое ўмяшальніцтва ў асабістую, я б сказаў, справу – браць альбо ня браць шлюб. Пры чым тут вяскоўцы?

(Валодзіна: ) “Грамада кантралявала сямейна-шлюбныя дачыненьні. І адступленьні ад нормы ўносілі дысбалянс ва ўсталяваную структуру соцыюму і парушалі яго соцыяўзроставую дынаміку. Аднак, валачэньне калодкі мела на мэце ня толькі заклінаньне будучых шлюбаў, але і правакаваньне вэгетацыі і ўрадлівасьці зямлі. Земляробчыя клопаты ў структуры Масьленкі выяўляліся ў самых розных формах рухаў – хаджэньні (хадзілі што далей у госці, каб лён быў доўгі), катаньні (каталіся на конях, на санках з гары, нават на прасьніцах), скокі, бег, качаньне на арэлях”.

(Ракіцкі: ) “Арэлях? Неяк гэтая папулярная і сёньня забава слаба ўвязваецца з магічнымі сэнсамі…”

(Валодзіна: ) Тым ня менш, верылі, чым вышэй узьляціш, тым усё вырасьце лепшым. А вучоныя бачаць сувязь стану палёту, дасягненьня вышэйшай кропкі ў спалучэньні з падзеньнем з ваганьнем соцыяўзроставага становішча дзяўчат, якія імкнуцца атрымаць статус нявест і як бы праходзяць праверку на “сьпеласьць”. Ня супярэчыць таму і эратычная афарбоўка ўласна калыханьня. У больш шырокім пляне калыханьне на арэлях сымбалічна узнаўляла акт стварэньня Сусьвету праз усталяваньне сувязі між небам і зямлёю, празь сьцісканьне-пашырэньне прасторы-часу. Для Масьленкі як сьвята памежнага між зімою і вясною гэта даволі актуальна”.

(Ракіцкі: ) “Пакуль у нас вымалёўваецца тая ж “разудалая” ідэя – усюды слаўленьне фізычнае моцы чалавека, нават пры пахаваньнях і арэлях. Наколькі гэта натуральна?”

(Валодзіна: ) “Больш чым натуральна. Ва ўсіх эўрапейскіх народаў цэнтральнай ідэяй Масьленкі стае ўзнаўленьне і прадукаваньне. Увесь абрадавы комплекс скіраваны перадусім на ініцыяваньне і актывізацыю біялягічнага жыцьця ў пачатку надыходзячага году. Увага да матэрыяльна-цялеснага нізу вылучае і эўрапейскі карнавал. Парубежнасьць Масьленкі вызначаюць элемэнты хаосу: візыты продкаў і разгул нячыстай сілы, гулянкі, пераяданьне і п’янства, эратычна-рытуальныя дзеі. А заканчвалася Масьленка ў беларусаў зусім у іншай танальнасьці:

Гаспадар садзіўся на кут. Да яго па чарзе і па ўзросту падыходзілі сыны, браты, дочкі і прасілі прабачэньня. “Прасьці, бацька родны, калі чым саграшыў перад табою, справай ці языком”. Затым бацька ўставаў, ішоў на сярэдзіну хаты і ў сваю чаргу нізка кланяўся да зямлі ўсяму сямейству і таксама прасіў прабачэньня за нядобрае слова або благі ўчынак.

(Ракіцкі: ) “Ці ня добрая гэта нагода і нам папрасіць адзін у аднаго прабачэньня, каб з чыстай душою разmвітацца з Масьленкаю і сустракаць вясну…”


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.