news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Данчык выбірае

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе
    Прыватны дзёньнік

  
   Шукайце ў Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


15 Студзеня 2004
 
Беларускі фатум
 
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
Удзельнічае літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Фатум, лёс, рок, мойра, кон, доля… Чалавецтва прыдумала болей чым дастаткова словаў дзеля вызначэньня таемнай сілы, што стаіць над ім. Яна на варце чалавечых жаданьняў, яна кіруе будучыняй чалавека і нацыі, яна сьмяецца з чалавека і гуляе зь ім у незразумелыя гульні. А чалавек тым часам шукае для яе імёнаў і часам спрабуе зь ёю змагацца. Зрэшты, пра марнасьць гэтай барацьбы сьведчаць трагедыі і міты пра Арэста, Сызыфа, Эдыпа ды і шэрагу іншых. Напэўна, трагізм беларускае гісторыі мог спарадзіць безьліч айчынных эдыпаў, арэстаў, сызыфаў. Хто ён — беларус?”

(Пятро Васючэнка: ) “Пра трагізм беларускай гісторыі мне давялося прыгадаць яшчэ раз, калі я патрымаў у руках кнігу Алеся Петрашкевіча, у якой драматург распавядае пра беларускую гісторыю ад часоў Грунвальда да Чарнобылю. Трагедыя — драма, трагедыя — драма, трагедыя — трагедыя — трагедыя. У гэтым ланцугу трагедыяўйёсьць і свае эдыпы, і свае сызыфы. Трагедыяў столькі, што беларус ужо не павінен быў ацалець да пачатку 21 стагодзьдзя. Тым ня менш, насуперак лёсу і фатуму беларус жыве. І для гэтай зьявы ў яго ёсьць свае імёны”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем — літаратуразнаўца, пісьменьнік Пятро Васючэнка. Дык якое зь вядомых назоваў фатуму найбліжэй да ўспрыманьня беларуса?”

(Васючэнка: ) “Фатум — слова лацінскае і ў перакладзе азначае “лёс не пераадольны”, які цалкам скоўвае магчымасьці чалавека. У той жа час рок — гэта лёс, прадказаны, прыкладам, тым жа прарокам (беларуская аналёгія — “уракці”, “урачыць”). І па-беларуску “лёс” — тое, што кіруе сіламі чалавека, тое, што наканавана.

Калі верыць Вацлаву Ластоўскаму, у глыбокай старажытнасьці, калі беларусы яшчэ былі арыямі, якія прыйшлі з-за Гімалаяў, беларусы шанавалі кон. Паводле пісьменьніка, арыйская троіца, якая стала і славяна-гецкай троіцай, складалася з трох бостваў. На чале быў Найвельшы, якому падпарадкоўваліся Кон і Сіціўрат. Кона баяліся ўсе, таму што ад яго залежалі ўсе астатнія боствы пантэону. Кон даваў чалавеку закон і ўяўляўся ў выглядзе старога зь сівымі валасамі, з густымі бровамі, кожны волас у якіх быў даўжэйшы за найвялікшае дрэва на зямлі. Кон зрабіў сваю справу, даўшы законы, якім падпарадкоўваліся людзі й боствы, і недзе спачыў на краі сьвету. Калі ж ён прачнецца і падыме свае даўжэзныя бровы, то адным позіркам можа спаліць увесь сьвет…”

(Ракіцкі: ) “Вялікая даўніна сьведчыць пра вялікую пашану беларусаў да Кона. Але Кон спачыў. Што далей?”

(Васючэнка: ) “Беларусы абвяшчаюць Кона боствам. Ці ня ёсьць гэта спробай падкупіць яго? Беларусы прамушаюць Кона (які таксама падпарадкаваны часу), заснуць. Яго час сышоў, і на яго месца прыходзяць новыя боствы. Бізантыйскі гісторык Пракоп Кесарыйскі ў 6 ст. са зьдзіўленьнем адзначыў, што славяне зусім не шануюць Кона, а шануюць валадара маланак Перуна, якому надаюць уладу над чалавечым лёсам.

Разам з тым, славяне лічылі, што лёс можна падкупіць альбо задобрыць. У цяжкую хвіліну, калі пагражала небясьпека альбо цяжкая хвароба, людзі зьвярталіся да Перуна з абяцаньнем прынесьці яму ахвяру ў тым выпадку выратаваньня. І калі выратоўваліся, то лічылі, што заслужылі гэтую літасьць дзякуючы прынесенай ахвяры, а не таму, што так распарадзіўся лёс. Такія вось былі стасункі беларусаў з Конам”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, гэтыя стасункі са зьяўленьнем хрысьціянства зьнікаюць ці набываюць нейкую новую якасьць. Якія аналёгіі можна прасачыць у адносінах беларусаў з фатумам ужо за часамі хрысьціянства?”

(Васючэнка: ) “У гэты час адносіны з фатумам ператварыліся ў адносіны з хрысьціянскім Богам. Якому належаў у тым ліку і фатум. Тут ізноў праявілася размаітасьць беларускіх адносінаў да фатуму. Паводле раньнехрысьціянскіх уяўленьняў, Бог усемагутны, бяз волі якога ні адзін волас не ўпадзе з галавы чалавека, але зло ён памятае — заўсёды адзначыць ліхога чалавека. У фальклёрных запісах Уладзімера Васілевіча я заўважыў і гнуткасьць адносінаў беларусаў да хрысьціянскага Бога і да фатуму: беларусы лічылі, што лёс можна памяняць дзеля заступніцтва сьвятых, лічылі, што Бог з пугаю над чалавекам не стаіць і хрысьціянскі Бог любіць ня толькі моцных, але і гнуткіх людзей”.

(Ракіцкі: ) “І ў гэты час узьнікае і паняцьце долі. Калі зірнуць на беларускую літаратуру, можна ўбачыць, што словы “лёс”, “кон”, “фатум” замяняюцца на слова “доля”. Доля, напэўна, ад слова “дзяліць”?”

(Васючэнка: ) “Сапраўды, доля — новае найменьне для фатуму. Фатум падзелены, ён зьвязаны зь дзяльбой. Мы назіраем драбленьне фатуму, як гэта адбылося і ў грэцкай міталёгіі, дзе ролю долі выконвалі тры Мойры: адна кідае жэрабя, другая тчэ нітку чалавечага жыцьця, а трэцяя абразае гэтую нітку. У нашых апокрыфах і мітах менавіта Бог займаецца дзяльбою: дзеліць зямлю паміж людзьмі — надзяляе беларусаў сваім краем (апокрыф, які прыгадаў У.Караткевіч), дзеліць часткі цела (скажам, вочы) паміж жывёламі й людзьмі. Прыгадаем верш Ф.Багушэвіча “Бог няроўна дзеле”:

Чым то дзееца на сьвеце,
Што ня роўна дзеле Бог?

Адзін ходзе ў саеце,
У золаце зь плеч да ног,
А другому, каб прыкрыцца
Хоць анучай — велькі труд;
Весь, як рэшата, сьвіціцца,
Адны латы, адзін бруд!

Доля — паняцьце гнуткае. Долю можна здабыць, яе можна знайсьці, можна заваяваць. Індывідуальная чалавечая доля робіцца часткай калектыўнай альбо народнай долі. Інакш кажучы, беларусы вынайшлі больш гнуткія стасункі з фатумам, ператварыўшы яго ў долю”.

(Ракіцкі: ) “Згадаем і беларускі фальклёр, дзе мы можам сёньня адзначыць вобразы глябальнае дзяльбы: “Калі шчыра прасіць у Бога, то ён заўсёды дасьць тое, што просяць”, “Бог з пугаю не стаіць, кожын як захоча мажэ жыць”, “Ліхога Бог заўжды чым-небудзь адзначыць”, “Бог любіць моцных і дзейсных”. Ці не зьяўляецца доля нейкім больш мяккім варыянтам лёсу?”

(Васючэнка: ) “Заляцаньне чалавека праз больш гнуткую долю перанесьліся ў беларускую гісторыю. Самае трагічнае ў ёй (прыкладам, крывавы шлюб Рагнеды) пасьля драбленьня фатуму і для Рагнеды абярнуўся цяжкай, але ўдалай доляй, у выніку якой у Беларусі запачаткавалася хрысьціянства альбо ўзьнікла новая полацкая дынастыя. Лёс Усяслава Чарадзея паказвае, як далёка чалавек можа зайсьці ў сваёй гульні з фатумам праз долю. Прыкладам, Усяслаў Чарадзей пракняжыў 57 гадоў — столькі ў той час людзі нават не жылі. Былі моманты, калі фатум яго выкідаў зь сядла, а ён ізноў вяртаўся туды (прыкладам, тады, калі ён патрапіў у поруб у Кіеве). Ён ведаў, калі трэба саступіць, а калі трэба вярнуца”.

(Ракіцкі: ) “А ці не падаецца вам, спадар Васючэнка, што наша літаратура наскрозь прасякнутая матывам лёсу, матывам змаганьня зь ім, але на нейкім іншым узроўні — адрозным ад шэрагу іншых эўрапейскіх літаратураў”.

(Васючэнка: ) “Заходнеэўрапейскі рок цалкам падпарадкоўвае сабе чалавека. Нашыя ж літаратурныя героі разам з аўтарамі найшлі альбо шукалі таемных ходаў, каб нейкім чынам фатум абысьці, і сьведчаньне таму — творчасьць і лёс Янкі Купалы. Доля ў творах Купалы — паняцьце магістральнае, але ў яго намячаюцца прарывы на шляху да шчаснай долі — гэта Мужык з “Адвечнае тэмы”. Здаецца, што герой Купалы марыць пра несьмяротнасьць, імкнецца да яе. Сам Купала на сваім жыцьцёвым шляху некалькі разоў мог загінуць, памерці (прыкладам, у 1920-я гады падчас хваробы, і ў 1930 годзе, калі над ім навіс меч рэпрэсіяў), але кожны раз як бы гуляўся ў свой фатум”.

(Ракіцкі: ) “Наша літаратура поўніцца прыкладамі ўдалай і ня вельмі гульні беларусаў з фатумам. Хрэстаматыйны прыклад падману долі — пан Твардоўскі. Герасі Выліваха, які гуляе са сьмерцю ў шахматы. Лявон Бушмар так і не пераадолеў свайго фатуму спадчыннасьці, але падпаліў калгасную будыніну. Ці ня сьведчыць гэта, што беларусы вынайшлі свой адметны спосаб супрацьстаяньня фатуму?”

(Васючэнка: ) “Я вярну да пачатку нашу размову: хто ён — беларус? Завершаны фаталіст, цалкам пакорлівы волі фатуму Эдып, які імкнецца ўступіць у змаганьне з фатумам — ня наш варыянт. Сызыф, які ўсё жыцьцё хітраваў зь лёсам, імкнуўся пазьбегнуць сьмерці і быў пакараны ўзьняцьцем каменю на гару нагадвае нашага беларуса, але з агаворкамі. Беларус — гэта сызыф, які верыць у сваю долю, шукае спосабаў абысьці фатум нават тады, калі ўскочвае на гару гэты вялізны камень.

Прыгадаем Леапольда Гужку з “Бацькаўшчыны” Кузьмы Чорнага, які робіць сваю працу насуперак усяму, але мае пра гэтым спадзяваньне. Вось гэтае апошняе спадзяваньне і надзея на тое, што ўсё будзе ўрэшце добра — гэтым прасякнутая сьвядомасьць беларуса. Пра гэта сьведчыць і попыт нашых бясконцых адраджэньняў — гэта ўскочваньне каменю на нябачную гару. І з кожным адраджэньнем беларус верыць, што яно будзе апошняе, што нарэшце яно адбудзецца”.

(Ракіцкі: ) “Але ці не занадта зацягнулася беларуская гульня з фатумам? Наколькі яна ўсё ж небясьпечная?”

(Васючэнка: ) “Гульня рызыкоўная, але не без надзеі на выратаваньне. Мне думаецца, што беларуская гісторыя, такая змрочная, споўненая трагедыямі, усё ж дае беларусу нейкі шанец — шанец на антыфатум. Сучасныя прарокі прадказваюць беларусам пра хуткую асыміляцыю — духоўную пагібель (як прадказваў Глоба, праз 17–18 гадоў). Але я веру ў беларускі антыфатум. Веру ў тое, што беларусы не асымілююцца і ня згінуць зь сям’і народаў ні празь сямнаццаць, ні праз васямнаццаць тысяч гадоў, як сьведчыў пра гэта Багдановіч у сваім неўміручым санэце”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2004 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.