news programs realaudio contact archive
      Мясцовыя выбары
    Беларусь - Расея
    Праскі акцэнт
    Экспэртыза свабоды
    Эканоміка
    Правы чалавека
    Міжнародны аддзел
    Рэгіёны
    Вайна з тэрарызмам

      Курапаты
    Палітычная геаграфія
    Беларускі Iнтэрнэт
    Суайчыньнікі
    Цытаты мінулага

    Вострая брама
    Беларуская
    Aтлянтыда

    Вольная студыя
    Чытальная заля
    Жывая мова
    Мэлёдыя дня

      Сымбаль веры
    Агляд пошты
    Здароўе
    Партрэт на Свабодзе

  
   Пошук - Google


    Час і Хвалі
    Realaudio
    Аўдыё-архiў


    RFE/RL Newsline
    Weekday Magazine
    PBU Report
    RFE/RL Homepage
    Reprints


   Беларускі рэйтынг

   


24 Ліпеня 2003
 
Беларускія сынагогі
 
Вячаслаў Ракіцкі, Менск
 
Удзельнічае гісторык і археоляг Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Упершыню аселае насельніцтва зьявілася ў Беларусі ў канцы XIV ст., у часы Вітаўта. Першыя габрэйскія грамады ўзьніклі ў Берасьці й Горадні. Інтэнсіўная міграцыя габрэяў на Беларусь адбылася ў XVI ст. зь Нямеччны праз Польшчу і паступова пашырылася да ўсходніх межаў Вялікага Княства Літоўскага. У гэты час габрэйскія паселішчы ператварыліся ў юрыдычныя грамады з кагальнай арганізацыяй.

Першыя кагалы зьявіліся ў тых беларускіх гарадах, якія мелі магдэбурскае права. Кагал адказваў перад урадам і насельніцтвам за ўсіх сяброў габрэйскай грамады, ён плаціў падаткі, зьдзяйсьняў суд у спрэчках паміж габрэямі, адказваў за будаўніцтва сынагогаў і малітоўных дамоў, а таксама ўтрымліваў могілкі. Сынагогі — сёньня пра іх гаворка”.

(Алег Трусаў: ) “У перакладзе з грэцкай мовы, дакладна — “месца сходу”, гэта культавы будынак, дзе чытаюць Тору. Торай у габрэяў называюць сьвяты твор, які потым увойдзе ў склад Бібліі”.

(Ракіцкі: ) “Мой госьць — археоляг і гісторык Алег Трусаў. Спадар Алег, калі ўзьнікаюць першыя сынагогі ў Беларусі?”

(Трусаў: ) “У сьвеце яны ўзьніклі ў пачатку нашай эры, у Беларусь прыйшлі разам з габрэямі ў XІV–XV стст. Але масавае будаўніцтва пачынаецца з часоў Стэфана Баторыя (канец XVI ст.)”.

(Ракіцкі: ) “Якую ролю адыгрывалі сынагогі, што яны пачалі ўзьнікаць масава?”

(Трусаў: ) “У XVI ст. у Беларусь хлынула вялікая колькасьць зь Нямеччыны і Польшчы. У Беларусі яны атрымалі велізарныя прывілеі. Гэта дазволіла ім з простых малітоўных дамоў збудаваць шыкоўныя (спачатку драўляныя, потым — каменныя) будынкі, дзе яны маглі зьвяртацца непасрэдна да Бога”.

(Ракіцкі: ) “Можна сказаць, што габрэі, якія зьявіліся ў Беларусі, такім чынам афармлялі ня толькі сваё матэрыяльнае жыцьцё, але і духоўнае”.

(Трусаў: ) “Так. І да XVIII ст. Беларусь стала месцам духоўнага адраджэньня габрэяў. Менавіта ў нас узьніклі знакамітыя хасыды — вельмі артадаксальная і цікавая плынь у габрэйстве”.

(Ракіцкі: ) “Можна, напэўна, таксама дадаць, што акрамя сынагогаў габрэі ўтваралі духоўныя сэмінарыі, ешыботы, талмудзкія акадэміі... А наколькі арыгінальнымі былі самі будынкі сынагогаў? Яны паўтаралі нейкія старажытныя традыцыі, ці несьлі адбітак пэўнай выпадковасьці, адбітак часу і Эўропы?”

(Трусаў: ) “Вельмі цікавае пытаньне. Самымі першымі сынагогамі былі тыповыя рымскія базылікі. Галоўнае месца сынагогі — сьвяты каўчэг, у якім захоўваліся скруткі Торы. Звычайна ён знаходзіўся каля ўсходняй сьцяны будынку. Габрэі моляцца тварам на ўсход — у бок сьвятога гораду Ерусаліму, а Тору чыталі са спэцыяльнага ўзвышэньня, якая называецца біма. Таму на Беларусь прыйшлі ўжо адпрацаваныя тыпы будынкаў накшталт эўрапейскай базылікі, прычым галоўная алтарная сьцяна заўжды арыентавалася на ўсход. У самым цэнтры будынку была катэдра (біма), адкуль рабін чытаў Тору. У сыногах калі-нікалі сустракаліся арганы, алтары мелі разны дэкор, аздоблены кавальствам і ліцьцём, і нават былі фрэскі, як у хрысьціянскіх храмах”.

(Ракіцкі: ) “Сынагогі былі пераважна драўляныя ці мураваныя?”

(Трусаў: ) “Усе першыя сынагогі былі драўляныя, але ўжо з ХVI ст. будуюцца каменныя сынагогі ў Берасьці (1568 г.) і Горадні (1578 г.). У гэны час найбольш пашыраным тыпам сынагогі быў рэнэсансавы: прастакутны ў пляне зальны аб’ём, перакрыты цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі. У пачатку XVII ст. складваецца новы тып сынагогі, што спалучае рысы рэнэсансу і барока (Стары Быхаў, Пінск, Наваградак)”.

(Ракіцкі: ) “Вы сказалі пра XV, XVI стст. — гэты пэрыяд можна лічыць росквітам духоўнага жыцьця габрэяў?”

(Трусаў: ) “Гэта першая хваля росквіту, потым былі хвалі росквіту і пазьней”.

(Ракіцкі: ) “А якая сынагога ў гэты час лічылася галоўнай у Беларусі?”

(Трусаў: ) “Самай галоўнай сынагогай, несумненна, была віленская. У 1633 годзе кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў Чацьверты Ваза дазволіў габрэям пабудаваць новую, мураваную сынагогу ў сталіцы ВКЛ Вільні (першапачатковая драўляная бажніца была ўзьведзеная ў гэтым горадзе пасьля 1573 году). Гэта быў вялікі, амаль квадратны ў пляне будынак. Асноўны аб’ём бажніцы — мужчынская заля (22,3 на 25 мэтраў) — умяшчаў каля трох тысячаў чалавек.

З трох бакоў асноўная частка будынка была абкружаная двухпавярховымі галерэямі. Памяшканьні для жанчын знаходзіліся ў паўночна-заходняй і паўночна-ўсходняй галерэях. Фасады і інтэр’еры віленскай сынагогі былі аздобленыя ў рэнэсансавым стылі. Віленская бажніца атрымала назву Вялікая Сынагога”.

(Ракіцкі: ) “Якія функцыі выконвалі сынагогі — толькі дом, дзе маліліся?”

(Трусаў: ) “У Беларусі знаходзіцца адзіная ва ўсім сьвеце сынагога, якая выконвала і абарончую функцыю. Такім чынам, у нас былі ня толькі абарончыя цэрквы і касьцёлы, але маецца і абарончая сынагога пасярод Быхаўскага замку, якая дажыла да нашых дзён. Бажніца была ўзьведзеная ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя ў гістарычным цэнтры Быхава ў стылі архітэктуры позьняга рэнэсансу. Цэнтрычнае, амаль квадратнае памяшканьне сынагогі мае на паўночна-заходнім рагу круглую баявую вежу і дэкаратыўна-абарончы стык з байніцамі, якія пазьней замуравалі. Бажніца мае невысокі чатырохспадавы дах, што таксама прадыктавана ўмовай абарончага характару.

Вельмі прыгожая Слонімская сынагога, якая збудаваная ў 1642 г. у стылі барока: кампактны будынак у выглядзе базылікі з квадратным у пляне аб’ёмам, да якога прыбудаваныя больш нізкія дапаможныя памяшканьні; сама бажніца пакрытая двухспадавым дахам. І гэтая сынагога дайшла да нашых дзён”.

(Ракіцкі: ) “Вось калі зірнуць на мапу Беларусі (скажам, тое ж XVI, XVII, XVIII стст.) — якія гарады былі найбольш прывабнымі для пасяленьня габрэяў і дзе найбольш цікавыя сынагогі?”

(Трусаў: ) “Самыя цікавыя спачатку былі на захадзе (Берасьце, Наваградак, Слонім), а ўжо ў XVII ст. цэнтар габрэйства перамесьціўся на ўсход Беларусі. І ў XVIII — пачатку XX стcт. адным з цэнтраў габрэйскай культуры стаў горад Магілёў, дзе першая сынагога была збудаваная ў 1680 г. Цікавая мураваная сынагога ў Друі, здымкі якой абышлі ўсе энцыкляпэдыі сьвету. У стылі клясыцызму збудаваныя бажніцы ў Ашмянах і Століне, якія дайшлі да нашых дзён”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Алег, сынагога была толькі месцам, дзе маліліся, ці ўсё ж яна выконвала функцыю нейкага духоўнага цэнтру габрэйскай грамады?”

(Трусаў: ) “Я невыпадкова казаў пра розныя дапаможныя памяшканьні (прыкладам, бібліятэкі). Былі асобныя навучальныя будынкі: у мястэчку Мір захаваліся ўнікальныя будынкі талмудысцкай габрэйскай акадэміі — адзіныя ва Ўсходняй Эўропе, дзе ў пачатку ХХ ст.знаходзіўся цэнтар сусьветнага габрэйства і адкуль выйшлі самыя знакамітыя рабіны”.

(Ракіцкі: ) “Беларусь — краіна не аднаканфэсійная. Дзе будавалі габрэі свае сынагогі? Ці аддаляліся яны, скажам, ад хрысьціянскіх храмаў, ці былі дзесьці побач?”

(Трусаў: ) “Вельмі цікавае пытаньне. Калі браць беларускае мястэчка, то там кожная канфэсія мела вялікі храм, які выходзіў на плошчу. Таму побач з сынагогай магла стаяць праваслаўная, уніяцкая цэрквы і каталіцкі касьцёл. А калі браць вялікія гарады, то там былі спэцыяльныя раёны, дзе знаходзіўся кагал (у вялікіх гарадах габрэі жылі кампактна — толькі ў адным раёне) і, адпаведна, там стаялі сынагогі й малітоўныя дамы. Таму мястэчка й горад адрозьніваліся сваёй пляніроўкай”.

(Ракіцкі: ) “Што вы маглі б сказаць пра сынагогі менскія, там больш, што будынак адной сынагогі да сёньня зьяўляецца прадметам спрэчак (маю на ўвазе будынак сучаснага Рускага тэатру Беларусі)”.

(Трусаў: ) “Менск быў цэнтрам габрэйства з XVI–XVII стст. і заставаўся ім да апошняй вайны, бо колькасьць габрэяў у Менску, як і ў іншых беларускіх гарадах, складала, як мінімум, палову насельніцтва, а былі часы, калі й больш за палову. І таму самая старажытная сынагога — гэта сынагога на вуліцы Школьнай, якую разбурылі падчас зьнішчэньня гістарычнай Нямігі, а цяпер хочуць дабіць апошнія падмуркі гэтага будынку.

Менавіта ў Менску ўзьнікла самая вялікая сынагога на тэрыторыі сёньняшняй Беларусі, тая, пра якую сёньня ўжо казалі, гэта вялікая харальная сынагога, дзе пасьля кастрычніцкага перавароту спачатку быў Габрэйскі нацыянальны тэатар, які ў пачатку 50-х гадоў скасавалі й зрабілі расійскі тэатар. Перабудавалі галоўны фасад у стылі сталінскага ампіру, а бакавыя фасады па сёньняшні дзень — тыповая харальная сынагога. У пачатку 1990-х гадоў габрэі паставілі пытаньне аб вяртаньні гэтага будынку. На маю думку, яго павінны вярнуць (дарчы, Гарадзенскую сынагогу габрэйскай супольнасьці вярнулі), але ў Менску гэта пытаньне так і павісла да лепшых часоў”.

(Ракіцкі: ) “Мы з вамі закранулі пытаньне лёсу сынагогаў. Колькі слоў: калі спыняецца будаўніцтва сынагогаў у Беларусі й калі пачынаецца іх разбурэньне?”

(Трусаў: ) “Менш усяго пашанцавала Ўсходняй Беларусі, дзе ўзьнікла БССР. На гэтай тэрыторыі ўсе сынагогі былі зачыненыя ўжо ў пачатку 20-х гадоў. На тэрыторыі Заходняй Беларусі яны будаваліся і функцыянавалі да 1939 году і іх вельмі добра вывучыла Таварыства аматараў навукі, якое існавала ў Вільні, таму засталося вельмі шмат апісаньняў менавіта заходніх беларускіх сынагогаў.

Акрамя бальшавікоў, вялікія страты нанесла апошняя вайна, бо драўляныя сынагогі немцы сьвядома спальвалі — тое, што не дабілі бальшавікі, дабівалі фашысты. Таму засталіся толькі мураваныя (каля пяцідзесяці, можа болей) сынагогі. У Магілёве ў сынагозе школа боксу, у Століне — мэблевая крама, недзе — тэатар.

Але будынкі ёсьць, аднавіць іх можна. І я лічу, што прыйдзе неўзабаве час, калі ў адной з сынагог будзе зроблены цэнтар габрэйскай культуры — плянавалася зрабіць гэты цэнтар у Століне (быў такі праект у 1980–90-я гады). Я за тое, каб гэты праект зьдзейсьніўся, бо няма на сёньняшні дзень музэю габрэйскай культуры ў Беларусі, што зьяўляецца велізарным недахопам для нашай краіны”.


archive
  skip it
www.svaboda.org is © 2003 Radio Free Europe/Radio Liberty, Inc. All Rights Reserved.